Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПОШНІЯ ЗЬВЕСТКІ З КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Калі я раніцай прыйшла ў Курапаты, валанцёры пілавалі дрэвы.

(Карэспандэнтка: ) "Колькі дроваў патрэбна штодзень?"

(Дзяніс: ) "Бачылі, дзе дровы ў нас ляжаць? Вышынёй дзесьці па бядро, даўжынёй – мэтры два..."

(Васіль: ) "Гэта на дзень. І на ноч столькі ж патрэбна."

(Карэспандэнтка: )"А дзе цяпер дровы бярэце?"

(Васіль: ) "На гэтым баку сухастой..."

(Дзяніс: ) "Мы не валім нічога, збіраем зь зямлі. Ачышчаем лес..."

Мае суразмоўцы Дзяніс і Васіль ужо ня першы дзень і нават ня першы месяц вартуюць Курапаты. 18-гадовы Васіль прыйшоў сюды 9 лістапада. За дзень да таго ён пабачыў па тэлебачаньні, як амонаўцы разганялі абаронцаў Курапатаў. Адразу хацеў бегчы на дапамогу, але бацькі не дазволілі. Прыйшоў у Курапаты толькі раніцай 9 лістапада, тады ж яго й затрымалі амонаўцы. За абарону ўрочышчы судзьдзя пакараў Васіля штрафам памерам у 20 мінімальных заробкаў. Працуе Васіль у 7-мым аўтобусным аўтапарку сьлесарам.

(Васіль: ) "З ночы сюды. Адсюль – у ноч, на працу. Вось так і жывем".

(Карэспандэнтка)"А калі сьпіце?"

(Васіль: )"Сплю ўдзень".

Нядаўна Васілю на працу прыйшла "папера" зь міліцыі з прычыны ягонага ўдзелу ў абароне Курапатаў 9 лістапада.

(Васіль: ) "Начальнік мяне таксама падтрымлівае, але ён кажа:"Я нічога не магу зрабіць, трэба прымаць меры". За падзеі 9-ага лістапада прэмію з мяне зьнялі."
(Карэспандэнтка: ) "Вялікая прэмія?"

(Васіль: ) "Можа, тысячаў пяцьдзесят".

Васіль яшчэ ў школьныя гады пачаў браць удзел у масавых акцыях. Узгадвае, як разам з бацькам хадзіў на "Марш Свабоды-1", як штогод на Дзяды ішоў у Курапаты.

Другі мой суразмоўца Дзяніс у свае 19 гадоў ужо мае досьвед палітычных рэпрэсіяў. Пасьля "Маршу Свабоды-1" яго выключылі з унівэрсітэту. У Курапатах Дзяніс амаль з першага дня, калі пачалося дзяжурства.

(Дзяніс: ) "Калі я лічу сябе беларусам, то трэба бараніць Беларусь".

На мае пытаньне, чаго ён баіцца, Дзяніс адказаў наступным чынам.

(Дзяніс: ) "Больш за ўсё я баюся спалохацца. Я імкнуся нічога не баяцца. Канешне, Бога трэба баяцца".

Дарэчы, паводле Дзяніса, гэтая жыццёвая формула й адрозьнівае валанцёраў ад тых людзей, што назіраюць за падзеямі ў Курапатах з боку.

Сёньня ў Курапаты прывезьлі ўцяпляльныя шчыты з адной менскай вайсковай часткі. Адметна, што дапамаглі валанцёрам ў гэтым будаўнікі. Распавядае Аляксей "Капэлян".

(Аляксей: ) "Машына – будаўнікоў. Я дамовіўся з галоўным інжэнэрам узяць машыну. Я паехаў на вайсковыя склады й забраў... Раней гэта былі шчытавыя домікі, якія сабіраліся. Цяпер яны пойдуць на уцяпленьне намёту".

Я зьврнулася да кіроўцы машыны.

(Карэспандэнтка: ) “Вы вырашылі пэўным чынам дапамагчы валанцёрам?"

(Кіроўца: ) "Папрасілі – мы й прывезьлі. Мы сябруем зь імі, добрыя хлопцы".

Гэтак мяркуе 25-гадовы Андрэй, будаўнік з Магілёву.

Што да рэканструкцыі кальцавой дарогі, то сёньня ля Курапатаў працягваліся земляныя работы. Паводле геадэзістаў, узровень дарогі ля ўрочышча трэба будзе падвысіць прыкладна на адзін мэтар.
XS
SM
MD
LG