Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАВЯРШАЮЦЦА СУДЫ НАД АБАРОНЦАМІ КУРАПАТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргея Папкова судзьдзя Руслан Казадаеў пакараў штрафам на 50 тысяч рублёў. Чатыры разы вынясеньне прысуду адкладалі, бо сьведкі-міліцыянты не прыходзілі ў суд.

Сяргей Папкоў пракамэнтаваў прысуд Радыё Свабода:

(Папкоў: ) "Тое, што мне далі штраф за абарону Курапатаў, за абарону гэтага сьвятога месца, за тое, што мы настойваем, каб дарога ішла не праз Курапаты, а мінуючы Курапаты (існуе такі праект) — гэта сьведчыць на тое, што сёньняшні рэжым па ўказцы Масквы, працуючы на ўваход ці продаж Беларусі ў склад Расеі, хоча, каб не было такіх месцаў, якія б нагадвалі пра злачынствы Масквы. Яны імкнуцца зьнішчыць Курапаты, каб там не зьбіраліся беларусы. Гэта іхная мэта. Але я думаю, што ў іх гэта не атрымаецца".

Судзьдзя Аксана Рэлява завочна пакарала штрафам сябра моладзевага руху "Зубр" Яраслава Сьцешыка на 45 тысяч рублёў.

Прысуду ня вынесьлі яшчэ двум абаронцам Курапатаў — Уладзімеру Раманцову і Яўгену Плотнікаву. Судзьдзі накіравалі іхныя справы ў міліцыю, каб там перарабілі пратаколы.

Такім чынам, амаль за тры тыдні асудзілі каля трыццаці затрыманых удзельнікаў акцыі ў Курапатах. У выніку двое — лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і сябра гэтай арганізацыі Хведар Жывалеўскі — правялі некалькі сутак арышту ў ізалятары на Старабарысаўскім тракце.

Штрафамі пакаралі Яўгена Афнагеля, Андрэя Ягорава, Міколу Ткачэнку, Юрася Фабішэўскага, Яраслава Сьцешыка, Рамана Казакевіча, 17-гадовага Мікіту Сасіма, Уладзіслава Валадзька, Алеся Цялегіна, Генадзя Дранковіча, Яўгена Клімава, Вераніку Купчанку, Уладзімера Юхо, Леаніда Садоўскага, Віктара Кавешнікава, Цімафея Сугака, Андрэя Будзька і Ўладзімера Кійка.

Справы на Вячаслава Сіўчыка і Ірыну Кашталян спынілі ў судзе.

На чатырох міліцыянтаў судзьдзі напісалі прадстаўленьне ў гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных справаў за сыстэматычны зрыў судовых паседжаньняў. Ігнараваньне судовых позваў судзьдзі расцанілі як непавагу да суду.
XS
SM
MD
LG