Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСК ЗАСЫПАЛА СЬНЕГАМ. АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ НЕ ПАКІДАЮЦЬ


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах усе засыпана сьнегам — крыжы, дарога, будаўнічая тэхніка. На вайсковым намёце ледзяшы. Над буржуйкай сьцелецца дымок. Сьнег пачынае троху таяць, зьмешваецца са жвірам і ўтварае бруднае месіва, таму трапіць цяпер у лягер валанцёраў досыць складана. Сёньня будаўнічых работ ля Курапатаў не вялі. Не прыехалі на свой звычайны пост ля лягеру й раённыя амонаўцы. Толькі блізу мікрараёну стаяла адная машына з гарадзкім АМОНам.

Начавалі ў Курапатах 10 чалавек — сябры Беларускай партыі Свабоды, Маладога Фронту й "Зубра". Удзень валанцёраў паменела, бо многія зь іх пайшлі вучыцца ды працаваць. Я засьпела сёньня ў Курапатах 6 чалавек. Гаворыць сябара Беларускай партыі Свабоды Зьміцер:

(Зьміцер: ) "Шчыра кажучы, зараз ужо больш ідзе справа гонару. Мне падаецца, што калі ўзімку гэтыя працы не праводзяцца, то, мажліва, і ня трэба марозіць людзей, якія тут знаходзяцца. Таму што ўзімку, зразумела, будоўлі не вядуцца. Асноўная наша задача зараз — давесьці гэтую справу да лягічнага завяршэньня: ня даць будаўнікам і надалей працягваць гэтую дарогу, не дазволіць на месцы крыжоў разьмяшчаць будаўнічыя машыны".

Валанцёры ўвесь час адчуваюць увагу да сябе — і ня толькі звычайных грамадзянаў, што прыходзяць штодня ў Курапаты, але, як яны мяркуюць, пэўных структураў. Распавядае музыкант Хведар Жыбулеўскі:

(Жыбулеўскі: ) "Уначы, недзе а шостай гадзіне, я выходзіў з намёту й убачыў, як з боку леса ішоў чалавек. Так атрымалася, што я нібыта ішоў на яго. Ён пасьпяшаўся забрацца на дарогу й пачаў неяк ненатуральна кашляць, нібыта нейкія знакі падаваў. Потым, калі я падняўся на дарогу, то ўбачыў, што ён пабег у бок аўтобуснай станцыі. Потым я чуў нейкі крык, я не разабраў дакладна, адно слова ў загадным тоне".

У часе нашай размовы Хведар трымае ў руках маленькага чорнага шчанюка. Гэта ўжо ня першы сабака, што прыбіўся да лягеру валанцёраў. Аднаго зь іх абаронцы Курапатаў нядаўна ўладкавалі ў сям'ю. Дарэчы, сёньня Хведар Жыбулеўскі адразу з Курапатаў паехаў на плошчу Бангалор, дзе адбываўся пікет у абарону бадзяжных жывёлаў. Мы ідзем рахзам з Хведарам да аўтобуснай станцыі, і ён чытае мне ўрыўкі зь вершаў і казак, якія ён напісаў у Курапатах.

(Жыбулеўскі: ) "Самая галоўная фраза, якая была напісаная ў Курапатах: "У цябе за сьпіной выраслі крылы — увесь час замінаюць хадзіць церазь дзьверы." Гэта ўсё намёткі для будучых вершаў й песень".

Ідзе сьнег, ён усё больш засыпае будаўнічую тэхніку, горы жвіру, і здалёк падаецца, што ва ўрочышчы нічога не зьмянілася — толькі ўзвышаюцца крыжы як напамін пра двухмесячнае змаганьне за Курапаты.


XS
SM
MD
LG