Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ НЕ ЗЬЯЎЛЯЮЦЦА НА СУДЫ НАД АБАРОНЦАМІ КУРАПАТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Амаль два тыдні судзяць затрыманых удзельнікаў акцыі ў Курапатах. Судзьдзі менскага савецкага суду разьлічвалі скончыць разгляд справаў чатырнаццаці чалавек на мінулым тыдні, але з-за адсутнасьці сьведкаў з боку міліцыі суды перанесьлі на іншы тэрмін.

Судзьдзі Руслан Казадаеў, Іна Шэйко і Аксана Рэлява штодня тэлефануюць ва ўпраўленьне ўнутраных справаў Cавецкага раёна, але амаль безвынікова. Большасьць супрацоўнікаў міліцыі ігнаруе судовыя позвы.

Cёньня замест шасьці адміністрацыйных справаў разгледзілі толькі дзьве, дый тыя толькі напрыканцы працоўнага дня. Судзьдзя Руслан Казадаеў за абарону Курапатаў аштрафаваў Міколу Ткачэнку на 37,5 тысячаў рублёў, а паводле судовага прысуду Аксаны Рэлявы Яўген Афнагель павінен заплаціць 45 тысячаў рублёў.

(Афнагель: ) "Напрыканцы працэсу я спадзяваўся, што мяне апраўдаюць. Паказаньні супрацоўнікаў міліцыі мала таго, што супярэчылі адно другому, дык яны былі яшчэ й папросту сьмешныя. Міліцыянтам прапанавалі намаляваць месца майго затрыманьня. Адзін намаляваў крыжык на вуліцы Мірашнічэнкі, а другі, магу нават працытаваць: "Каля елачак, побач з прыступкамі на кальцавой дарозе".

Суды над астатнімі затрыманымі абаронцамі Курапатаў перанесьлі на іншыя тэрміны. Сярод іх і семнаццацігадовы Мікіта Сасім:

(Сасім: ) "Урэшце рэшт, мне надакучыла хадзіць у суд амаль кожны дзень. Я свае абавязкі выконваю, а супрацоўнікі міліцыі чамусьці не зьяўляюцца ў суд. Як затрымліваць, дык яны затрымліваюць, а як у суд прыйсьці — дык яны ня могуць. Можа супрацоўнікам міліцыі сорамна прыходзіць у суд? Можа яны папросту не жадаюць хлусіць?"

Сёньня судзьдзя Іна Шэйко цягам дня чакала супрацоўнікаў міліцыі. Напрыканцы дня яна напісала адпаведнае прадстаўленьне на іх дзеяньні ў гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG