Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ БУДАЎНІКІ ПАРУШАЮЦЬ РАНЕЙШЫЯ ДАМОЎЛЕНАСЬЦІ. У НЯДЗЕЛЮ ЎРОЧЫШЧА НАВЕДАЛА ЗДЫМАЧНАЯ ГРУПА ПАЎЛА ШАРАМЕТА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Будаўнікі пачалі высякаць прылеглыя да дарогі з боку мікрараёну Зялёны луг дрэвы а 8 гадзіне раніцы, калі ў лягеры валанцёраў знаходзілася ўсяго некалькі чалавек. Астатнія ж абаронцы Курапатаў, што правялі там мінулую ноч, паехалі адпачываць дахаты.

Будаўнікі рэзалі дрэвы бензапіламі і адмаўляліся тлумачыць, дзеля чаго яны гэта робяць. Аднак, група валанцёраў на чале зь лідэрам Партыі свабоды Сяржуком Высоцкім патрабавала ад начальніка будаўніцтва гэтага ўчастку дарогі спадара Задарожнага адказаць, навошта ягоныя падначаленыя паглыбляюцца ў лес, рэжуць дрэвы й парушаюць усе дамоўленасьці. Урэшце начальнікі адказаў, што, маўляў, чысьцяць месца для пракладкі новага вадаправоду ад возера Цна ў Зялёны луг.

Пры гэтым спадар Задарожны заявіў, што ні пра якія дамоўленасьці з грамадзкасьцю ён ня чуў і выконываць іх не зьбіраецца. Увогуле маўляў ідзіце й не перашкаджайце працаваць. Гаворыць Сяргей Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Будаўнікам абазначылі новую мяжу вырубкі, і сёньня яны паглыбіліся далей у лясны масіў. Як вядома, пахаваньні тут з абодвух бакоў – і з правага, і зь левага. Вось сёньня яны ўлезлі ў левы бок. Вось пачалі размаўляць з рабочымі – яны гавораць нас паслалі, мы ня ведалі. Улады шукаюць правакацыю, шукаюць як нас растаптаць".

Неўзабаве, у Курапаты прыехаў супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі Мікола Крывальцэвіч ды іншыя грамадзкія назіральнікі за ходам будаўнічых работаў. Пачалі разьбірацца, хто дазволіў высякаць прыдарожныя дрэвы.

Начальнік участку прызнаўся, што ніякага праекту ў яго няма, аднак спыняць работы ён ня будзе, маўляў можаце скардзіцца начальству, якое зьявіцца на аб'екце заўтра. Пры гэтым да назіральнікаў падыйшоў падпалкоўнік, камандзір роты АМОНу й заявіў:

(Падпалкоўнік: ) " Вы маеце паўнамоцтвы... а я маю паўнамоцтвы забясьпечыць ахову работам. Калі трэба будзе, то я прывяду сюды яшчэ два ўзводы, але працу забясьпечу".

Тым ня менш высечка леса была такі будаўнікамі спыненая.
Сёньня й учора Курапаты наведала здымачная група расейскага тэлеканалу ОРТ пад кіраўніцтвам Паўла Шарамета, якая здымае фільм прысьвечаны 10 годзьдзю распаду Савецкага саюзу. На думку спадара Шарамета, улады ў Беларусі зусім не зьмяніліся, і пра гэта трэба пастаянна нагадваць сьвету. Гаворыць Павал Шарамет:

(Шарамет: ) "Мы вырашылі засьняць тое, што зараз адбываецца ў Курапатах, бо я лічу, што неабходна фіксаваць усё грамадзка значнае, што цяпер адбываецца ў Беларусі. І я лічу, што падзеі ў Курапатах, гэта адзін з такіх актуальных сюжэтаў сёньняшняй Беларусі. І з аднаго боку вандалізм у Курапатах, гэта чарговае злачынства рэжыму, а з другога тое, што людзі спрабуюць абараніць магілы – сьведчыць пра тое, што грамадзянская супольнасьць такі йснуе ў Беларусі".

Сёньня ж у Курапатах адбыўся малебен у якім брала ўдзел каля 50 чалавек, а мінулай ноччу валанцёры ўсталявалі ва ўрочышчы 8 новых крыжоў.

XS
SM
MD
LG