Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ БУДАЎНІКІ ЗАСЫПАЮЦЬ ПЯСКОМ КРЫЖЫ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня за некалькі гадзінаў я налічыла ля ўрочышча каля 20 самазвалаў з пяском. Будаўнікі падвышаюць узровень дарогі, пры гэтым прысыпаюць пяском крыжы. Як распавёў мне сёньня адзін з майстраў будоўлі, хутка давядзецца прыбіраць усе крыжы, што ўсталяваныя на адлегласьці 22 мэтры ад восі дарогі. За тым, як сёньня засыпалі пяском крыжы, назірала пэнсіянэрка спадарыня Вольга.

(Вольга: ) "Гэта — жах. Нармальны чалавек гэты ўсё ня можа вытрымаць. І галоўнае, што гэта ўсё непрадумана. Паставілі, засыпалі, крыжы гэтыя зьнялі. А далей што?"

Да таго ж, будаўнікі сёньня павалілі колькі крыжоў (адзін зь іх мэталічны), якія былі ўсталяваныя з другога боку дарогі за курапацкім узвышшам.

Археоляг Алег Іоў сёньня назіраў за тым, як працаваў экскаватар на пагорку.

(Іоў: ) "Але ён профіль ня робіць, а здымае ў ніжняй частцы дзірван на 20 сантымэтраў. Я тут з раніцы. Рэшткаў пахаваньняў пакуль тут няма. Цяпер эксакаватар паехаў далей, на самы канец, далей ад пахаваньняў, таму там, канешне, нічога ня будзе. Падагналі машыну, якая будзе здымаць асфальт".

Алег Іоў наступным чынам патлумачыў тое, што цяпер будаўнікі прысыпаюць пяском крыжы:

(Іоў: ) "Яны, канечне, не павінныя заходзіць за гэтыя вешкі, таму сантымэтр сюды, санітымэтр туды. МАЗ ня так высыпле гэты пясок, і калі яго трамбуюць, ён трошкі рассыпаецца. Але ж я бачу, што яны тут занадта заходзяць".

За будаўніцтвам працягваюць сачыць і валанцёры. Мінулай ноччу тут было 11 чалавек. Увесь час дзьме вельмі моцны вецер, і нават вайсковы намёт ледзь вытрымлівае. Але валанцёры сыходзіць не зьбіраюцца. Гавораць валанцёры Люда й Аляксей:

(Люда: ) "Сьнег увечары. А тут цёпла. Увесь час распальвалі печку. Да Новага году пасядзім..."

(Аляксей: ) "Канечне, каб тут зьбіралася больш народу, было б лепей. У нас няроўныя сілы зь імі змагацца. Вось каб сабралася 400, 500 чалавек — іншая справа. Яны б глядзелі на гэта інакш. Але пратрымаемся й кантраляваць іхнюю работу будзем".

XS
SM
MD
LG