Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе і як захоўваюць грошы ў суседніх зь Беларусьсю краінах?


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Гэтую песьню з альбому Пінк Флойд нашыя слухачы сярэдняга ўзросту памятаюць з тых часоў, калі 120-ці рублёў зарплаты савецкага “ітээра” хапіла б ці ня толькі на тое, каб набыць гэты дыск у фарцоўшчыкаў. Альтэрнатываю маглі быць фірмовыя левісаўскія джынсы. Зрэшты, ўсё гэта было клопатам “залатой моладзі” – звычайнаму інжынэру ці настаўніку даводзілася назапашваць на іншае – тэлевізар, мэблю, адзеньне, адпачынак. Грошы несьлі ў ашчадную касу, ці, як тады казалі , “сберкніжку”.
А што цяпер робяць беларусы з грашыма, якія ўдаецца ашчадзіць ад будзёных патрэбаў? Ля мікрафону – Ганна Соўсь.

(Соўсь: ) “Паводле экспэртаў, каля 3 мільярдаў даляраў беларусы трымаюць, так бы мовіць, у панчохах. Гэта аграмадныя грошы для беларускай эканомікі. Асабліва калі параўнаць іх з апошнімі зьвесткамі пра валютныя ды рублёвыя банкаўскія ўклады беларусаў – тыя складаюць каля 300 мільёнаў даляраў. Беларусы не сьпяшаюцца несьці свае грошы ў банкі. Яны не давераюць ані дзяржаве, ані ейнай банкаўскай сыстэме, бо мелі дастаткова падставаў для сумневу. Не давяраючы банкам, многія беларусы спадзяюцца на тое, што можна нейкім чынам захаваць свае грошы ды крыху павялічыць іх, калі пазычыць іх знаёмым і атрымліваць за гэта 5-10 адсоткаў з агульнай сумы штомесяц. Але гэта вельмі небясьпечная, так бы мовіць, валютная апэрацыя. Пераважна ад такога ўкладаньня грошай церпяць пэнсіянэры, якія такім чынам жадаюць памножыць нейкую тысячу даляраў, што назапасілі за ўсё жыцьцё. У выніку ж яны губляюць амаль усё. Некалькі гадоў таму многія ў Беларусі ўкладалі свае накапленьні ў жыльлё. Асабліва тыя, хто меў вольныя грошы ды блат у адпаведных структурах. Яны набывалі кватэры ў новых мікрараёнах, а потым прадавалі іх па больш высокім кошце. Выгодныя былі й іншыя ўкладаньні ў нерухомасьць. Але апошнім часам кошты на кватэры ды дамы значна зьнізіліся, і ўкладаньні ў нерухомасьць сталі менш папулярнымі”.

(Навумчык: ) “З трох мільярдаў даляраў, якія, паводле інфармацыі Ганны Соўсь, маюць беларусы – толькі дзясятая частка разьмешчаная ў банках. Гэта – вынік недаверу грамадзянаў да клясычных фінансавых інстытутаў. Дакладней – да той іх формы, якая існуе ў цяперашняй Беларусі. А вось у Польшчы насельніцтва інакш ставіцца да разьмяшчэньня сваіх зьберажэньняў. Пра гэта мы гутарым з супрацоўнікам беларускай рэдакцыі Польскага радыё Тамашам Саевічам”.

(Тамаш Саевіч: ) “У Польшчы такі давер ёсьць, таму што вось хаця б такі індыкатар, што ўласьціва і для некаторых іншых краінаў постсавецкага блёку. Зьявіліся прадстаўніцтвы замежных банкаў, з замежным капіталам. Такіх банкаў, якія гарантуюць тое, што калі нехта ўкладзе свае грошы, дык нават калі аддзел нейкага банку у той ці іншай краіне праваліцца, дык тыя грошы можна будзе вярнуць. З другога боку, ўсё большую моц набіраюць польскія банкі, якія аб’ядноўваюцца ў вялікія холдынгі, маюць больш капіталу, і дзякуючы гэтаму, прапануюць людзям больш выгодныя стаўкі ды працэнты па іх”.

(Навумчык: ) “Пра стаўкі ды адсоткі, якія прыгадаў спадар Тамаш Саевіч, мы пагаворым крыху пазьней, а пакуль – пра тое, што ляжыць у падставе даверу да банкаў як фінансавых інстытуцыяў. У якасьці прыкладу возьмем латыскі банк Rietumu – адзін з трох буйнейшых латыскіх банкаў. На думку віцэ-прэзыдэнта банку Аляксандра Каліноўскага, гарантыяй стабільнасьці ёсьць адпаведнасьць латыскага заканадаўства сусьветным стандартам. На сувязі – Рыга.

(Каліноўскі: ) “Усе нашыя банкі павінныя адпавядаць патрабаваньням нашага банку, які прад’яўляе да камэрцыйных банкаў патрабаваньні Эўразьвязу альбо нават больш жорсткія. Яны тычацца і дастатковасьці капіталу, і абавязковых штогадовых міжнародных аўдытаў у адной з чатырох сусьветных аўдытарскіх кампаніяў. Банкі павінны публікаваць вынікі аўдыту не пазьней, чым 1 красавіка. Штоквартальна банкі абавязаныя падаваць справаздачу ў прэсу, што датычна балянсу, даходаў, стратаў, ўласных актываў і пасываў. Усе патрабаваньні па справаздачнасьці павінны афармляцца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі бухгальтарскімі прынцыпамі. І цэнтральны банк жостка за гэтым сочыць. Таму, ведаючы ня толькі сытуацыю ў нашым банку, але й ведаючы сытуацыю ў нашых калегаў, у іншых банках Латвіі, я ня бачу ніякіх сур’ёзных наступстваў расейскага фінансавага крызысу, які адбыўся два з паловаю гады таму”.

(Навумчык: ) “Як вынікае са словаў спадара Каліноўскага, у Латвіі не шукалі адметнага шляху кшталту “рынкавага сацыялізму” ці прывязкі да расейскага рубля – адсюль і лёгка перажыты расейскі крызыс. І, дарэчы, ня толькі ў Латвіі, але і ў Літве. Сёньня грашовая маса літоўскае нацыянальнае адзінкі ня проста пакрытая вольна канвэртаванай валютай, а забясьпечаная ёй на 180 адсоткаў – амаль у два разы. Але – вернемся ад макраэканомікі да ўласных зьберажэньняў. У Латвіі ўсё больш жыхароў зацікаўленыя ўжо ня толькі ў тым, каб проста захаваць грошы – а каб з выгодаю іх інвэставаць. Прычым гаворка не пра інвэстыцыі ў бізнэс. Віцэ-прэзыдэнт банку Rietumu Аляксандр Каліноўскі працягвае”.

(Каліноўскі: ) “Ёсьць даволі распаўсюджанае сусьветнае вызначэньне. Па-ангельску яно гучыць як – privat banking і азначае абслугоўваньне прыватных асобаў. Вось гэта менавіта тая сфэра, якая ёсьць прыярытэтнай для нашай краіны. Гэта – поўны комплекс банкаўскіх паслугаў для кліентаў, але накіраваных, найперш, на спэцыфіку гэтай групы кліентаў. Іх менш цікавяць нейкія банкаўскія апэрацыі для бізнэсу – крэдытаваньне, канвэртацыя вялікіх валютных сродкаў ці вялікая колькасьць плацяжоў. Такіх кліентаў, як правіла, цікавіць магчымасьць захоўваць свае грошы і атрымліваць на гэта прыстойныя, але ў той жа час адэкватныя даходы. Мець магчымасьць укладаць свае грошы часткова альбо цалкам у магчымыя фінансавыя інструмэнты на доўгатэрміновы пэрыяд, плянаваць даходнасьць на свае сродкі на гады наперад. Рабіць нейкія апэрацыі, зьвязаныя з назапашваньнем грошай пад спэцыфічныя мэты, напрыклад, такія, як адукацыя дзецям ці пэрсанальная пэнсія у будучым, інвэставаньне ў пэнсійныя фонды”.

(Навумчык: ) “Такім чынам, у Латвіі грошы інвэстуюцца ў доўгатэрміновыя праекты, якія могуць ажыцьцявіцца праз дзесяць гадоў, як адукацыя дзецям, ці праз 20-25 гадоў, калі казаць пра ўласную пэнсію. А цяпер пагаворым пра адсоткі прыбытку, на якія разьлічвае кожны, хто кладзе грошы ў банк. Разьлічвалі на іх і ўкладчыкі банку Белбалтыя, пра што нагадвае Ганна Соўсь”.

(Соўсь: ) “Дарэчы пра “Белбалтыю”. Большасьць ейных укладчыкаў спакусіліся на абяцанкі вялікіх адсоткаў – да 16-20 гадавых, за што і пацярпелі, бо гэта была відавочная фінансавая піраміда. У асноўных жа беларускіх банках можна не разьлічваць на вялікія адсоткі. Прыкладам, паклаўшы грошы на хуткі дэпазыт тэрмінам у межах 6 месяцаў, можна атрымаць толькі 7-8 адсоткаў гадавых, а гэта крыху больш 0,5 адсоткаў штомесяц. Зразумела, выгода невялікая. Да таго ж існуе яшчэ адна рызыка. Вядома, краіне патрэбная валюта. І шараговы беларус, канечне, непакоіцца, што калі ён прыйдзе закрываць свой рахунак, то яму могуць прапанаваць вярнуць частку альбо ўсе грошы ў беларускіх рублях. Як гэта адбываецца цяпер з юрыдычнымі асобамі, якія павінныя прадаваць частку свайгу валютнага прыбытку дзяржаве па невыгодным курсе”.

(Навумчык: ) “Як і ў Беларусі, гэтак і ў Расеі, і ва Ўкраіне гарантаваная стаўка па асабістых ўкладах грамадзянаў не пакрывае інфляцыі. Іншая сытуацыя ў Латвіі, сьцьвярджае віцэ-прэзыдэнт банку Rietumu Аляксандр Каліноўскі”.

(Каліноўскі: ) “Спэцыфіка ўкладаў у гэтым рэгіёне такая, што шмат іх робіцца ў далярах альбо эўра, а ня толькі ў нацыянальнай валюце. У нас вельмі лібэральнае банкаўскае заканадаўства пры дастаткова жорсткім кантролі. Заканадаўства, што датычна плыняў капіталу, канвэртацыі валюты і гэтак далей – вельмі лібэральнае. Таму шмат хто трымае сродкі у далярах. Да таго ж, у Латвіі – транзытная эканоміка, і ў нас усё круціцца вакол гандлю. Што датычна даляравых ставак, дык тут мы нічым не адрозьніваемся ад банкаў у Амэрыцы, Вялікай Брытаніі альбо ў Францыі. Па валюце мы прапануем сусьветныя ўмовы, стаўкі цяпер дастаткова нізкія. А што тычыцца латавых ставак, дык стаўка на год у латах – каля 6-ці адсоткаў у год. Гэтая стаўка пакрывае інфляцыю. Інфляцыя ў краіне за апошнія паўтары гады была і ў сёлета чакаецца ў межах максымум 4-ы адсоткі ў год”.

(Навумчык: ) “Да словаў віцэ-прэзыдэнта латыскага банку Rietumu Аляксандра Каліноўскага дадамо, што паводле свайго патэнцыялу эканоміка Беларусіі яшчэ ў большай ступені, чым эканоміка Латвіі, можа мець транзытны характар. Адсюль – і фінансавыя пэрспэктывы. Акрамя ўласна адсоткаў па ўкладах, у тых краінах, якія ўстойліва ідуць па шляху рынкавай эканомікі, грамадзяне могуць разьлічваць і на даход ад каштоўных папераў. Вось што пра гэта распавядае журналіст Тамаш Саевіч”.

(Тамаш Саевіч: ) “Польская дзяржава раз на нейкі час выдае каштоўныя паперы ў выглядзе аблігацыяў, якія маюць пэўную вартасьць. Так што калі чалавек мае патрэбу ў грошах, ён можа іх прадаць. І выкуп іх выгодны нават і пасьля трох ці пяці гадоў. Польская дзяржава цягам гэтага часу можа карысна праінвэставаць гэтыя грошы. Грамадзянін Польшчы можа быць упэўнены ў тым, што ён стоадсоткава верне гэтыя грошы – ну хіба што спыніць існаваньне польская дзяржава… Давер да каштоўных папераў зьяўляецца таксама паказчыкам дэмакратычнасьці той ці іншай краіны, таму што такім чынам высьвятляецца давер грамадзянаў да самой дзяржавы. І – давер замежнага капіталу да дзяржавы, бо вядома, што на аблігацыях зарабляюць ня толькі звычайныя польскія грамадзяне, але і ў яшчэ большым маштабе выкупляюць іх замежныя бізнэсовыя і фінансавыя структуры. І гэта заўсёды на некалькі адсоткаў вышэй за інфляцыю”.

(Навумчык: ) “Гэта – у Польшчы, а ў Беларусі людзей хвалюе, каб у выпадку фінансавага краху банк хаця б вярнуў тое, што было пакладзена на рахунак. Ганна Соўсь працянвае.

(Соўсь: ) “Тым ня менш у Беларусі існуе спэцыяльны гарантыйны фонд абароны ўкладаў, які мусіць кампэнсаваць беларусам іхнія магчымыя страты. Але ж памер гэтага фонду адносна невялікі – 1,3 мільярды рублёў, 1 мільён даляраў, 34 тысячы нямецкіх марак і 48 тысячаў эўра. Для шараговага беларуса гэта велізарныя сумы, але ж вельмі мізэрныя для банкаўскай сыстэмы. Патлумачу. Прыкладам, летась з 28 банкаў Беларусі 17 мелі толькі валютных ўкладаў больш за 1 мільён даляраў. Атрымліваецца, што пры банкруцтве аднаго банку, на астатнія ў дзяржавы проста ня хопіць грошай. Дастаткова ўзгадаць нядаўняе банкруцтва банку “Белбалтыя”. Вядома, што частка укладчыкаў, асабліва тыя, у каго было шмат грошай, не атрымалі адпаведнай кампэнсацыі. Бо паводле беларускага заканадаўства аб банках і банкаўскай дзейнасьці, пры банкуруцтве банку альбо ягонай прымусовай ліквідацыі ўкладчыкі могуць атрымаць максымум 1 тысячу даляраў (раней было 2 тысячы)”.

(Навумчык: ) “Дарэчы, ніводны банк ні ў воднай краіне не застрахаваны стоадсоткава ад краху. У ЗША дзяржава гарантуе выплату ўкладу памерам да 100 тысячаў даляраў. У Беларусі, як бачым, – тысячу. А як у Латвіі? Гаворыць віцэ-прэзыдэнт банку Rietumu Аляксандар Каліноўскі”.

(Каліноўскі: ) “У Латвіі на сёньняшні дзень гарантавана 3 тысячы латаў, гэта 5 тысячаў даляраў. Гэта тое, што гарантуе ўрад. У Латвіі, абсалютна гэтак жа, як і ў большасьці разьвітых краінаў, з разьвітымі банкаўскімі сыстэмамі, разумеюць неабходнасьць такой гарантыі. Хаця яго і нельга вырашыць хутка. Таму ўсе банкі штогод пералічваюць рэгулярна пэўную частку сродкаў у адмысловы фонд, які пастаянна павялічваецца, і гэты фонд у выпадку банкруцтва нейкага з банкаў можа кампэнсаваць сродкі ўкладчыкаў. Мяркуецца, што паводле росту гэтага фонду сума, якую будзе кампэнсаваць дзяржава, будзе павялічаная… Гэткім чынам, да 2007 году плянуецца, што сума, гарантаваная ўрадам, будзе каля 22 тысячаў даляраў”.

(Навумчык: ) “Такім чынам, у Латвіі, у Польшчы (тое ж тычыцца і Літвы) – краінах, якія ўжо ня першы год ажыцьцяўляюць рынкавыя рэформы, людзям гарантуецца ня толькі вяртаньне іх укладаў у выпадку фінансавых катаклізмаў. Грамадзяне могуць атрымліваць на свае ўклады прыбытак, які перавышае інфляцыю, яны могуць купляць каштоўныя паперы, якія штогод падымаюцца ў кошце. Нарэшце, фінансавая стабільнасьць дазваляе ім ажыцьцяўляць стратэгічнае інвэставаньне і забясьпечваць дзецям добрую адукацыю, а сабе – значна большую, чым дзяржаўную, пэнсію”.
XS
SM
MD
LG