Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясельле ў Беларусі і ў суседніх краінах.


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “У папярэдніх перадачах мы размаўлялі пра рэчы звычайныя, нават будзёныя – колькі каштуюць лекі, ува што абыйдзецца адпачынак. Вясельле здараецца ня часта, у ідэале – раз у жыцьці. Зразумела, што кожны жадае, каб яно было адметным і самым запамінальным. І вось тут даводзіцца выбіраць нейкую разумную сярэдзіну паміж жаданьнем і магчымасьцямі. Спачатку пра тое, як робяць гэта ў сёньняшняй Беларусі. Ля мікрафону – Ганна Соўсь.

(Соўсь: ) “Пакрысе ў Беларусі мяняецца стаўленьне да вясельля. Больш папулярным робіцца “грамадзянскі шлюб”, калі ня трэбпа ладзіць дарагога вясельля, а мужчына і жанчына проста пачынаюць жыць разам. А потым, калі нешта не заладзіцца, могуць адносна лёгка, без аніякіх папераў і судовых разьбіральніцтваў, разьвітацца. Але традыцыйнае стаўленьне да вясельля ў Беларусі ўсё ж захоўваецца. І ў большасьці – дзякуючы бацькам, якія мяркуюць, што трэба зрабіць “усё, як у людзей”. А гэта значыць, што трэба запрасіць усіх сваякоў, нават тых, каго малады альбо маладая бачылі ўсяго некалькі разоў у дзяцінстве. Трэба каб было шмат гарэлкі ды самагнёту, каб госьці ўсе перапіліся ды гучна сьпявалі застольныя песьні, а паўпьяны тамада нес традыцыйную лухту пра “квадратныя мэтры” ды іншае…

Праўда, традыцыйнае вясельле каштуе цяпер шмат грошай. Па-першае, трэба набыць заручальныя пярсьцёнкі. Самы танны пярсьцёнак цяпер каштуе 25 000 рублёў, што каля 20 даляраў. Шлюбныя ўборы маладыя цяпер звычайна ня шыюць і не набываюць, аддаюць перавагу арэндзе. Узяць напракат шлюбную сукенку каштуе ад 60 да 100 даляраў за дзень. Мужчыны звычайна ўжо маюць у сваім гардэробе прыстойны касьцюм, у якім ня сорамна ажаніцца. Трэба яшчэ выдаткаваць грошы на новы абутак для жаніха ды нявесты, што будзе каштаваць ад 50 да 100 даляраў. Такія важныя дробязі, як ніжняя бялізна, манікюр, пэдыкюр ды дробныя фрэзуры для нявесты таксама пацягнуць на даляраў 50. Да таго ж, паводле традыцыі, нявеста мусіць зрабіць падарункі жаніховым бацькам, братам ды сёстрам. Іншыя вясельныя акалічнасьці таксама патрабуюць грошай. За паслугі тамады ды музыкантаў трэба заплаціць, у сярэднім, 60 даляраў. За арэнду аўтамабілю – каля 30 даляраў. Але больш за ўсё “пацягне” вясельны стол. Звычайна маладыя альбо іх бацькі дамаўляюцца з адміністрацыяй нейкай сталоўкі альбо кавярні. Як распавёў мне сваяк, у якога праз тыдзень адбудзецца вясельле, у сярэднім атрымліваецца па 10 даляраў на госьця. Ня ўлічваючы сьпіртовых напояў. Мой сваяк запрашае на вясельле 50 чалавек. Пры такім раскладзе яму патрэбна набыць каля 75 бутэлек гарэлкі ды іншых напояў. Усяго – на 200 даляраў. Калі ж падлічыць усе выдаткі на вясельле, дык атрымаецца самае меншае – 1000 даляраў”.

(Навумчык: ) “Ганна Соўсь прывяла прыклад сваяка, які запрашае на вясельле паўсотні асобаў – паспрабуем і мы ў нашых параўнаньнях сыходзіць з такой лічбы. Бо можна запрсіць і 200 чалавек, але далёка ня ўсім гэта дазваляюць фінансы. Можна і наогул не рабіць сьвяточнага стала, абмежаваўшыся жаніхом, нявестай, сьведкамі ды бацькамі маладых, але гэта, пагодзімся, нетыпова.

Такім чынам – ўва што абыходзіцца вясельле ў Маскве?”

(Дзятліковіч: ) “У Расеі заўсёды існавала традыцыя праводзіць вясельле “з размахам”, але прынамсі ў Маскве рабіць гэта ўсё цяжэй, бо патрабуе значных выдаткаў. За апошні год я двойчы быў на вясельлях сваіх маскоўскіх сяброў. Паводле іх значнага падабенства зразумеў, чым ёсьць сучаснае маскоўскае вясельле для людзей, якіх можна ўмоўна аднесьці да “сярэдняе клясы”. Выдаткі пачынаюцца з адзежы. Простая сукенка нявесты каштуе ад 150 даляраў. Для людзей з густам – ня меней за 250-300. Касьцюмам для жаніха часьцей надаецца менш увагі, дык можна набыць і за 100 даляраў. Арэнда ж сукенкі на два-тры дні абыдзецца ня менш чым у 50 даляраў. Далей перад вамі паўстане выбар – арэндаваць памяшканьне ці ладзіць вясельле дома. У абодвух выпадках мае знаёмыя зрабілі выбар на карысьць уласнае кватэры. 30 чалавек могуць пачуваць сябе у 2-3-пакаёўцы адносна камфортна. Арэнда залі нейкай кавярні ці рэстарацыі абыйшлася б ім досыць дорага – як мінімум 200 даляраў за ня вельмі шыкоўнае памяшканьне. За арэнду прэстыжовага мейсца ў цэнтры гораду прыйшлося б заплаціць як мінімум 500 даляраў, а то і 1000. Акрамя таго, калі вы ладзіце вясельле ў рэстарацыі, вам даводзіцца там жа замаўляць і прадукты, што будзе каштаваць вам разы ў 2-3 больш, чым тыя ж прадукты на рынку. Выдаткі на аднаго запрошанага разьлічваюць, ізноў жа, з фінансавых магчымасьцяў. Як паведаміла мне маці адной зь нявестаў (цытую) “Купі менш шампанскага ды й ня самую лепшую закуску – і на гасьцях можна значна сэканоміць”. Але мая суразмоўца не эканоміла і таму падсумавала выдаткі наступным чынам: “Апранулі нявесту ды жаніха, сабралі дома блізу 30 гасьцей, не шкадавалі грошай на шампанскае ды гарэлку, гулялі два дні. Каштавала ўсё амаль дзьве тысячы даляраў”.

(Навумчык: ) “Віктар Дзятліковіч распавёў, што шмат хто адмаўляецца ад рэстаранных вясельляў з прычыны эканоміі грошай.

А вось у Латвіі вясельлі ў рэстаранах ня ладзяць звычайна паводле традыцыі, якая прадугледжвае рабіць яго ва ўласнай хаце. Ці – у сваякоў на вёсцы. Улічым, што дамы ў латыскіх вёсках адрозьніваюцца ад беларускіх хатаў паводле памераў.

Канешне, гэта – і вялікая эканомія. Праўда, трэба заплаціць кухару за прыгатаваньне страваў для вясельнага стала – калі гасьцей будзе паўсотні чалавек, гэта абыйдзецца ў 200 даляраў. Прадукты для вясельля звычайна купляюць на кірмашы, якія ў Латвіі лічацца вельмі таннымі, і гэта яшчэ 400 даляраў. Даляраў у 300 можа абыйсьціся алкаголь. Прычым гэта максымум, бо напівацца тут не прынята. Такім чынам, уласна вясельле будзе каштаваць пад 1000 даляраў.

Ну і не забудзьмася пра вясельную сукенку для нявесты – яе можна набыць за 100 даляраў, але можна і замовіць у адмысловым атэлье, і тады гэта абыдзецца ў 300 даляраў. Словам, мінімальны, але вельмі прыстойны варыянт – менш чым паўтары тысячы даляраў.

У Літве – вясельле робяць і ў рэстаранных залях, але прадукты каштуюць адносна танна, і кошт вясельля мала чым адрозьніваецца ад Латвіі – тыя ж паўтары тысячы даляраў.

Нагадаю, што сярэдні заробак у Літве – каля 180 даляраў, а ў Латвіі – каля 200.

У Кіеве – разам з арэндай сьціплай залі, банкетным сталом ды арэнтай аўтамабільнага картэжу вясельле абыдзецца ў пяць тысячаў грывен, што крыху меней за тысячу даляраў. Але сукенка для нявесты каштуе вельмі дорага, і яна арандуецца пагадзінна; адна гадзіна – 50 даляраў. Памнажаем на 10 гадзінаў – атрымліваем пяцьсот. Можна і набыць сукенку – ад 300 даляраў і да тысячы. Выглядае, што ва Ўкраіне гэта куды больш істотны элемэнт вясельнай цырымоніі, чым, да прыкладу, у Латвіі, дзе самая дарагая абыйдзецца ў 300 даляраў пры сярэднім заробку ў 200.

Такім чынам, у Кіеве вясельле на 50 асобаў каштуе прыблізна дзьве тысячы даляраў пры сярэднім заробку ў 45 даляраў у месяц.

Ну а цяпер паглядзім, як з гэтай справай у Польшчы. Я патэлефанаваў у Варшаву маёй каляжанцы з беларускай рэдакцыі польскага радыё, Натальлі Грышкевіч, якая праз некалькі месяцаў будзе ладзіць вясельле.

(Навумчык: ) “Натальля, ну вось Вы самі апынуліся ў сытуацыі нявесты. І з чаго для нявесты пачынаюцца клопаты – з фаты ці з пярсьцёнкаў”.

(Грышкевіч: ) “Першае, зразумела – гэта аформіць неабходныя дакумэнты, зьвязаныя са шлюбам, бо калі бярэцца шлюб касьцельны, дык трэба падаваць заяву ў касьцёл за тры месяцы да шлюбу, як мінімум. Ну а пазьней пачынаюцца ўсе клопаты пра сукенку, пра залю, аркестар і гэтак далей”.

(Навумчык: ) “Давайце пачнем з сукенкі. Колькі яна каштуе?”

(Грышкевіч: ) “Вой, ну вельмі па-рознаму, гледзячы, каму што па кішэні. Сярэдні кошт – гэта нешта каля 500 даляраў, у Варшаве”.

(Навумчык: ) “Сукенка – 500 даляраў?”

(Грышкевіч: ) “Так”.

(Навумчык: ) “Ці не занадта? “

(Грышкевіч: ) “Ну вось столькі каштуюць сукенкі. Гэта – калі купляць. Калі пазычыць, дык – палову гэтай сумы. Мая сукенка будзе каштаваць… ну каля пяцісот, можа крыху менш, 450…”

(Навумчык: ) “Што Вы яшчэ прыгадвалі – здаецца, арэнду памяшканьня?”

(Грышкевіч: ) “Так, і тут таксама вельмі па-рознаму. Залежыць ад таго, дзе гэтае памяшканьне здымаецца. У Варшаве сярэдні кошт – гэта недзе каля 30 даляраў за аднаго госьця, бо лічыцца не ўся заля, а толькі за аднаго госьця. І ў гэты кошт уваходзіць толькі кошты ежы і здыманьне памяшканьня. Бо алкаголь ужо маладая пара павінна набыць сама, за ўласныя грошы. Гэта – ну, 30 даляраў у Варшаве ці недалёка пад Варшавай”.

(Навумчык: ) “На аднаго чалавека?”.

(Грышкевіч: ) “Так”.

(Навумчык: ) “Гэткім чынам, калі будзе, да прыкладу, 50 гасьцей, памнажаем на 30, і атрымоўваем паўтары тысячы даляраў…”

(Грышкевіч: ) “Ну, недзе так”.

(Навумчык: ) “Плюс сукенка для нявесты, Вы сказалі, паўтысячы, і атрымоўваем каля 2 000 даляраў, так? “

(Грышкевіч: ) “Гэта яшчэ ня ўсё!”

(Навумчык: ) “А што яшчэ?”

(Грышкевіч: ) “Яшчэ, калі хочам музыку, “жывую” музыку, дык трэба яшчэ і за аркестар заплаціць. Гэта – чарговыя паўтысячы даляраў”.

(Навумчык: ) “Такім чынам, дзьве з паловай тысячы. Што яшчэ?”.

(Грышкевіч: ) “Ну што яшчэ…Запрашэньні надрукваць, разаслаць іх.. Думаю, каля 200 даляраў ці крыху менш... Ну і зьняць гатэль для гасьцей, якія прыедуць зь іншых гарадоў”.

(Навумчык: ) “Натальля, Вашая сукенка будзе каштаваць паўтысячы даляраў, ну а жаніху Вы дазваляеце набыць касьцюм даляраў хоць бы… ну за сто? Ці за колькі?”

(Грышкевіч: ) “Ну зразумела, дазваляю! Яшчэ не шукалі для жаніха касьцюм, але думаю, што 200 даляраў гэта будзе каштаваць”.

(Навумчык: ) “Ну, на жаніху можна і сэканоміць…”

(Грышкевіч: ) “Лепш не эканоміць, бо ведаеце, калі добра выглядае нявеста, дык яна будзе горш выглядаць, калі пры ёй будзе дрэнна апрануты жаніх”.

(Навумчык: ) “Такім чынам, у колькі прыблізна ўся гэтая прыемная працэдура можа абысьціся, калі падсумаваць?”

(Грышкевіч: ) “Калі цалкам лічыць – і шлюб, і вясельле з разьлікам на 50 асобаў запрошаных, дык гэта каля 5 000 даляраў. Але я ведаю, што шмат якія маладыя пары такога ня могуць сабе дазволіць, і нават бяруць крэдыты на гэтую мэту”.

(Навумчык: ) “…Пры сярэднім заробку ў Польшчы ў колькі даляраў, нагадайце?”

(Грышкевіч:) “Нейдзе 500 даляраў у месяц”.


(Навумчык: ) “Такім чынам, са словаў маёй каляжанкі Натальлі Грышкевіч вынікае, што вясельле ў Польшчы – справа нагэтулькі істотная, што некаторыя нават бяруць пад яе крэдыт, усё роўна як пад набыцьцё кватэры ці аўтамабілю.

Падсумуем. Самае таннае вясельле на 50 асобаў – мы дамовіліся сыходзіць з гэтай лічбы – гэта ў Беларусі. Можна ўкласьціся ў тысячу даляраў. Але гэта ў 25 разоў болей, чым сярэднемесячны заробак. Гэтак жа будзе каштаваць вясельле і ў Маскве – там кошты даражэйшыя, але і заробкі большыя. Яшчэ больш дарагое – у 40 разоў больш за сярэднемесячны заробак – вясельле ў Кіеве.

Самае дарагое вясельле ў Польшчы – да 5000 даляраў, што, праўда, толькі ў дзесяць разоў больш за сярэднемесячны заробак.

А ў Літве ды ў Латвіі вясельле абыдзецца разоў у 7-8 больш за сярэднемесячны заробак.

Такім чынам, розьніца паміж Польшчай, Літвой і Латвіяй з аднаго боку, і Беларусяй, Расеяй і Ўкраінай – вельмі істотная. Чым глыбейшыя рынкавыя рэформы – тым больш могуць сабе дазволіць маладыя. Тым больш што кожны зь іх спадзяецца, што вясельле – толькі раз у жыцьці”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG