Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымасьць набываць лекі


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Сёлета колькасьць хворых на цукровы дыябэт – ці, як яшчэ называюць гэтую хваробу, цукроўку – у адным толькі Менску павялічыцца на дзьве тысячы чалавек. А ў Беларусі іх будзе на 10 тысячаў больш.

Зь Менску перадае Альгерд Невяроўскі”.

(Невяроўскі: ) “Праблема хворых на цукроўку ў Беларусі стаіць вельмі востра. Гэты факт прызнаюць як прадстаўнікі дзяржаўных мэдычных установаў (праўда ня ўсе), так і самі хворыя, актывісты грамадзкага аб'яднанньня "Беларускі дыябэтычны саюз".

Паводле галоўнага лекара Рэспублікансага цэнтру эндакрыналёгіі Валянціна Салаўя, у Беларусі цяпер налічваецца каля 120 тысячаў хворых на цукроўку. Але лічба хворых з кожным годам амаль не расьце. Спадар Салавей гаворыць, што кожны год хворых дыябэтыкаў памірае прыкладна столькі ж, колькі зьяўляецца новых хворых.

Праўда, галоўны лекар эндакрыналягічнага цэнтру сьцьвярджае, што прычынай сьмерці гэтых людзей зьяўляецца не цукроўка, а іншыя хваробы. У справе ж забесьпячэньня хворых лекамі – найперш, інсулінам – паводле спадара Салаўя, таксама амаль ніякіх праблемаў няма.

Іншы спэцыяліст, навуковы супрацоўнік Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны й эндакрыналёгіі Марына Ільлева, паведаміла нашаму радыё, што яшчэ зусім нядаўна хворыя на цукроўку беларусы не маглі атрымліваць так званы чалавечы інсулін заходняй вытвочасьці (коштам ад 4 да 20 даляраў за пакунак), бо на яго закупку ў дзяржавы проста не было сродкаў. Замест яго выдаваўся гэтак званы сьвінячы інсулін, які вырабляюць у Беларусі, але ад яго ўжываньня ў многіх хворых стан здароўя пагаршаецца. (Інсулін ёсьць жыцьцёва неабходным для хворых на дыябэт лекам і выдаецца лекарамі бясплатна). Ня усім хворым выдаваліся й спэцыяльныя тэсты для вызначэньня ўзроўню цукру ў арганізме. Прычына тая ж – няма сродкаў.

Спадарыня Ільлева таксама абвергла інфармацыю пра тое, што лічба хворых на цукроўку з кожным годам амаль не ўзрастае. Галоўны ж лекар цэнтру эндакрыналёгіі Валянцін Салавей гаворыць, што праблема недастатковага забесьпячэньня хворых лекамі надуманая, беларускім інсулінам хворыя на цукроўку забясьпечаныя сёлета на 100%, а тое, маўляў, што некаму хочацца атрымліваць бясплатна больш якасныя лекі, то гэта іх праблема. У дзяржавы няма такіх сродкаў – і ўсё. Валянцін Салавей таксама абураецца тым, што некаторыя хворыя хочуць, каб ім, акрамя лекаў, яшчэ бясплатна выдавалі спэцыяльныя прадукты харчаваньня для дыябэтыкаў (хлеб, грэчку, тварог і гэтак далей). Маўляў, колькі можна патрабаваць ад небагатай дзяржавы.

Але самі хворыя мяркуюць інакш. Так актывістка грамадзкай арганізацыі "Беларускі дыябэтычны саюз" Нэлі Шлойда лічыць, што спэцыяльныя прадукты для хворых на цукроўку ня менш неабходныя, чым лекі. Бо сярод хворых вельмі шмат людзей бедных, якія ня могуць сабе дазволіць купляць дыетычныя прадукты, і хаця б частку цаны на гэтыя харчы дзяржава магла б ім кампэнсаваць. Бо ўжываньне дыябэтыкамі недыетычных прадуктаў толькі спрыяе абвастрэньню захворваньня”.

(Навумчык: ) “У аптэку па лекі даводзіцца зьвяртацца кожнаму. Нават з самым здаровым чалавекам здараецца прастуда ці якая-небудзь траўма. Зрэшты, шмат хто набывае прафіляктычныя сродкі ды вітаміны.

Іншая сытуацыя – ў пэнсіянэраў, а таксама ў тых, хто мае нейкую хранічную хваробу, тую ж цукроўку, якая патрабуе сыстэмнага лячэньня, строгага рэжыму, адмысловай дыеты, і пастаяннага прыёму пэўных медыкамэнтаў. У аналягічныя ўмовы пастаўленыя і хворыя на радыкуліт, астму, язву страўніка… Зразумела, што ў такіх людзей выдаткі на здароў’е бяруць значную частку іх бюджэту.

Сёньня мы пазнаёмім вас з тым, як набываюць лекі ў некаторых суседніх з Беларусьсю краінах – у Расеі, у Літве, у Польшчы.


Якая сытуацыя ў Расеі? Наш карэспандэнт Віктар Дзятліковіч перадае з Пярмі.

(Дзятліковіч: ) “Аптэкі ў Расеі выглядаюць прывабна. Лекаў шмат, і цяжка знайсьці мо толькі нейкі спэцыфічны тавар. Прычым тычыцца гэта ня толькі Масквы. Зараз я знаходжуся ў горадзе Перм, што на Ўрале і, зайшоўшы ў некалькі аптэкаў, убачыў тую ж самую сытуацыю, што і ў Маскве.

Здольнасьць набыць лекі залежыць выключна ад фінансавых магчымасьцяў чалавека. У любой аптэцы можна набыць звычайны асьпірын расейскай вытворчасьці за 1 руб. 30 кап., а побач ляжыць асьпірын “Bayer” за 30 рублёў. Ці вось лекі ад грыпу: тая ж карціна. Кошты вагаюцца ад 10 да 100 рублёў. Так што выбар звычайна адзін – альбо купляць танную прадукцыю расейскай вытворчасьці, альбо больш якасную, але значна даражэйшую імпартную.

Больш складаная сытуацыя з цяжкімі хваробамі, што патрабуюць пастаяннага лячэньня. Хварэюць на іх, збольшага, людзі старэйшага ўзросту. А нават расейскія лекі ў гэтым выпадку каштуюць дорага.

Восьмем цукроўку. Я зайшоў у першую ж аптэку і запытаўся кошты: 60 таблетак дыябэтону каштуюць 240 рублёў. Хапае іх на 20 дзён. Больш эфэктыўныя за таблеткі ін’екцыі каштуюць ці не ўдвая даражэй. Атрымліваецца, што хворы на цукроўку павінен аддаць у месяц ня меньш як 400-500 рублёў. А сярэдняя пэнсія ў Расеі – 700 рублёў.

У Расеі існуе праграма, паводле якой пэнсіянэры мусяць атрымліваць лекі бясплатна, альбо за значнымі зьніжкамі. Але яна фінансуецца зь мясцовых бюджэтаў і працуе ня надта эфэктыўна.

Па-першае, са скідкамі прадаюцца ня самыя лепшыя лекі. Акрамя таго, часьцяком нават іх не хапае. Некалькі месяцаў таму ў Маскве здарыўся сапраўдны крызіс: зь нейкіх прычынаў амаль ва ўсіх спэцыялізаваных аптэках зьніклі танныя лекі для хворых на цукроўку. Наступства – некалькі сьмяротных выпадкаў”.

Крызісная сытуацыя з пастаўкай лекаў, пра якую распавёў наш карэспандэнт Віктар Дзятліковіч, немагчымая для Літвы.

На тэлефоннай сувязі – Вільня, і я гутару з актывістам Таварыства беларускай культуры Хведарам Нюнькам.

(Навумчык: ) ”Спадар Хведар, вы даўно жывеце ў Літве, у Вільні і можаце параўнаць тое, што было пятнаццаць гадоў таму з тым, што ёсьць цяпер у незалежнай Літве ў часе эканамічных рэформаў.

Ці ёсьць якая–небудзь розьніца што да мэдыцыны і канкрэтна лекаў? Прасьцей альбо наадварот – больш складана – набыць іх ў аптэцы?”

(Нюнька: ) “ Я б сказаў, што цяпер ніякіх праблемаў зь лекамі няма. Мабыць, усё, што ёсьць у сьвеце, можна свабодна набыць у аптэках. Толькі кошты вялікія, і пэнсіянэрам даволі цяжка іх набыць”.

(Навумчык: ) “Спадар Нюнька, ну вось давайце возьмем Ваш канкрэтны прыклад. Вы – пэнсіянер, чалавек у веку, які, пэўна, ўжо вымушаны зьвяртацца па мэдычную дапамогу часьцей, чым людзі сярэдняга веку. Якую частку Вашай пэнсіі займаюць выдаткі на лекі?”

(Нюнька: ) “Лекі некаторыя прадаюцца і за поўны кошт. І, скажам, асабліва такія складаныя, як норвакс. Ёсьць лекі, якія каштуюць 120 літаў за пачачку па 30 пігулкаў, а на курс лячэньня трэба некалькі пачак. Гэта ўжо складае значную суму, калі ўлічыць, што адзін даляр – гэта чатыры літы. Дарэчы, аптэкаў стала вельмі шмат. Я думаю, што яны добра зарабляюць, бо інакш бы іх было меней”.

(Навумчык: ) “Такім чынам, пры тым, што лекі часам каштуюць вельмі дорага, дэфіцыту лекаў няма, праблемы зь іх набыцьцём няма?”

(Нюнька: ) “Абсалютна няма. Практычна ўсе мэдыкамэнты, што вырабляюцца ў сьвеце, можна набыць”.

(Навумчык: ) “А ці ёсьць нейкія датацыі ад дзяржавы для пэнсіянэраў ці хранічна хворых?”

(Нюнька: ) “Ёсьць, і часам датацыя даходзіць да 80 адсоткаў кошту лекаў. Але. На жаль, сьпіс гэтых лекаў, на якія распаўсюджваецца гэтая зьніжка, з кожным годам скарачаецца ў сувязі зь цяжкасьцямі фінансаваньня сацыяльнай сфэры”.

(Навумчык: ) “Спадар Хведар Нюнька заўважыў, што жыхароў Літвы ўжо не хвалюе, дзе знайсьці лекі – яны ёсьць у аптэках, а колькі яны каштуюць?

Гэтая праблема хвалюе і палякаў, але ў Польшчы яе паспрабавалі вырашыць праз ўвядзеньне адмысловай сыстэмы аховы здароў’я кшталту тых, што ўжо дзесяцігодзьдзямі існуюць у краінах Заходняй Эўропы. Пра тое, што з гэтага атрымалася, з Варшавы распавядае Сямён Букчын”.

(Букчын: ) “З усiх рэформаў, празь якiя зараз праходзiць Польшча, найбольшую крытыку ў грамадзтве выклiкае рэфармаваньне аховы здароўя. Два гады таму палякi перайшлi на страхавую мэдыцыну. Быў прыняты закон пра агульнае забесьпячэньне мэдыцынскае, зьявiлiся, як на Захадзе, бальнiчныя касы, якiя павiнны акумуляваць усе складкi i ад дзяржаўных установаў, i ад прыватных фiрмаў, i ад прыватных асобаў. Адлiчэньнi гэтыя складаюць 50 % ад агульнага падатку. Гэта азначае, што cтрахавая выплата ад заробку цi пэнсii грамадзянiна не перавышае васьмi з паловай адсоткаў.

Усе грамадзяне зарэгiстравалiся ў адпаведных касах. Быў вызначаны парадак – як ад урача так званага першага кантакту дайсьцi да неабходнага спэцыялiста: артапеда цi, скажам, нэўрапатоляга. Але ўсё пайшло не найлепшым чынам. Перш за ўсё таму, што прадпрыемствы i арганiзацыi ня ў стане адлiчаць складкi для касаў бальнiчных рэгулярна i ў належнай колькасьцi. Польшча не такая багатая дзяржава, як, прыкладам, Нямеччына, якая да таго ж пераходзiла да тых жа бальнiчных касаў каля 12 гадоў. А палякi вырашылi вельмi хутка перайсьцi да страхавой мэдыцыны, i гэта спарадзiла, акрамя недахопу сродкаў, шмат балагану ў самой арганiзацыi справы.

Адсюль i страйкi незадаволеных аплатай працы: i лекараў, i ў яшчэ большай ступенi – мэдсёстраў. Менавiта таму днямi сейм зноў зьвернецца да закону пра агульнае мэдычнае забесьпячэньне, будуць зробленыя неабходныя папраўкi. Тым ня менш, вiдавочнае iмкненьне дзяржавы рэагаваць на крытыку i паляпшаць сытуацыю ў галіне ахове здароўя.

Вядома ж, адзiн з галоўных клопатаў – гэта лекi. Грамадзяне, зарэгiстраваныя ў бальнiчных касах, маюць зьнiжкi ў аптэках ад 30 да 50 %. Урач выдае iм адпаведныя рэцэпты з блакiтнай стужкай. Iнвалiды, вэтэраны вайны карыстаюцца рэцэптамi з чырвонай стужкай – г.зн. дастаюць лекi, i нярэдка вельмi дарагiя, задарма.

Сярэднi заробак у Польшчы складае каля 2000 злотых, г.зн. каля 500 даляраў. Хворы на, скажам, цукроўку выдае на адпаведныя лекi (з улiкам рэцэптаў, што даюць магчымасьць карыстацца знiжкамi) ня болей за 150 злотых, гэта значыць менш за 10 % свайго месячнага заробку. Дарэчы, польская фармацэўтыка вельмi развiтая, тут вырабляецца шмат лекаў. Тым ня менш, вялiкая колькасць лекаў набываецца за мяжой, на што дзяржава вылучае спэцыяльныя сродкi. Нядаўна разгарэўся вялiкi скандал з-за таго, што некаторыя шпіталі перасталi атрымлiваць неабходныя замежныя лекi. Iх перасталi закупляць з прычыны забароны, якую выдаў намесьнiк мiнiстра аховы здароўя. Маўляў, ёсьць добрыя польскiя адпаведнiкi. Чыноўнiка iмгненна звольнiлi, быў вызначаны сьпiс лекаў – каля 400 – якiя дазволена закупаць за мяжой.

Вельмi разьвiтая ў краiне i платная мэдыцына. У сярэднiм прыём у спэцыялiста каштуе ад 35 да 60 злотых. Людзi, якiя ня хочуць чакаць у палiклiнiках шпітальных касаў i якiм, зразумела, дазваляюць тое заробкi цi пэнсii, карыстаюцца дапамогай у прыватных мэдычных каапэратывах цi асобных лекарскiх габiнэтах. Iншым разам гэта вельмi зручна, таму што, прыкладам, прыём у кардыёляга, якi да таго ж у сваiм адпаведна абсталяваным габiнэце зробiць вам адразу i ЭКГ i „рэха сэрца”, каштуе усяго 50 злотых. Таму такой дапамогай часьцяком карыстаюцца ня толькi заможныя людзi, але i звыклыя пэнсiянэры. Мая суседка панi Марыя можа сябе гэта дазволiць раз на два месяцы. Хаця й пэнсiя ў яе ня вельмi каб вялiкая – каля 900 злотых”.

(Навумчык: ) “Як бачым, з паведамленьня нашага варшаўскага карэспандэнта Сямёна Букчына, хранічна хворыя – у тым ліку і на тую ж цукроўку – у Польшчы вылучаныя ў асобную катэгорыю зь істотнымі фінансавымі прывілеямі.

Наогул, нягледзячы на пэўныя праблемы ў сыстэме аховы здароўя Польшчы і нават страйкі, выглядае, што менавіта Польшча з усіх суседніх з Беларусьсю дзяржаваў мае найбольш дасканалую сыстэму аховы здароў’я, у тым ліку і фармакалягічнага забесьпячэньня.

Але зрабілася яна магчымай толькі на груньце радыкальных рынкавых рэформаў”.

XS
SM
MD
LG