Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт і аўтарскія правы; прыватныя дзёньнікі ў сеціве ды іншае


Аляксей Знаткевіч, Прага

На мiнулым тыднi да нас зьвярнуўся наш сталы слухач з Адэсы Алесь Нiжэвiч. Ён цiкавiцца, дзе можна знайсьцi апошнiя апавяданьнi Васiля Быкава – у прыватнасьцi, “Жоўты пясочак” – i цi можна гэта зрабiць праз Інтэрнэт.

Даволi шмат апавяданьняў Васiля Быкава можна знайсьцi ў разьдзеле прозы на “Беларускай палiчцы” – электроннай беларускай бiблiятэцы. Да прыкладу, зборнiк “Сьцяна”, у якi ўвайшло апавяданьне “Жоўты пясочак”, ёсьць на “Беларускай палiчцы” цалкам. Аповеды зь яе можна цi раздрукаваць адразу, цi перанесьцi на свой кампутар у фармаце zip.

Увогуле, праз Інтэрнэт можна знайсьцi шмат якiя лiтаратурныя творы, хоць часам пра гэта ня ведаюць самi аўтары. Як беларускiя пiсьменьнiкi ставяцца да таго, што нехта будзе раздрукоўваць iхныя творы з Інтэрнэту, замест таго каб купляць кнiжкi? Вось што кажа Васiль Быкаў:

(Быкаў: ) “Калі ён ня будзе перавыдаваць, калі толькі для чытаньня – калі ласка. Праблема ў пірацтве, не ў чытаньні. Цяпер вельмі шмат ідзе такога роду ініцыятыў, калі па-пірацку выдаюць і таемна прадаюць без удзелу, бязь ведама аўтара. Гэта, канечне, кепска”.

Падобнае ж меркаваньне выказаў i пiсьменьнiк Адам Глобус.

(Глобус: ) “Калі для чытаньня, я стаўлюся выдатна. Таму што калі чалавек мае магчымасьць ня проста чытаць з экрану, а чытаць з паперы і ахвяраваць нават нейкія выдаткі, грошы на раздрукоўку маіх апавяданьняў, ён мне проста гэтым дапамагае нават. Я наагул у Інтэрнэце выстаўляю творы, каб іх чыталі – вось такі мой сакрэт. Я думаю, што і ўсе астатнія так робяць”.

Спадар Глобус кажа, што ён ня супраць, калi ягоныя творы ў Інтэрнэт выстаўляюць iншыя людзi. Галоўнае, каб гэта не рабiлася камэрцыйным праектам.

(Глёбус: ) “Ну і хай ён гэта робіць, тыражуе. Іншая справа, калі ён пачынае атрымліваць прыбытак. Вось тады ўзьнікаюць праблемы, калі ён выкарыстоўвае гэта дзеля нажывы. Тады гэта сьмяротны грэх, тады ён злодзей, тады ён зрабіў такі выбар на карысьць зладзейства”.

Прадстаўнiкi музычнай iндустрыi апошнiмi гадамi скардзяцца ня толькi на пiратаў, якiя вырабляюць дыскi ды касэты. Інтэрнэт-тэхналёгii дазваляюць атрымоўваць бясплатна вялiкую колькасьць музыкi. Я запытаўся ў спадара Глёбуса, якi ёсьць ня толькi пiсьменьнiкам, але й выдаўцом, наколькi Інтэрнэт спрыяе пiрацтву ў кнiжным бiзнэсе. Ён аднак, лiчыць, што пытаньне тут не ў тэхналёгiях, але ў норавах.

(Глёбус: ) “Замкі робяцца для сумленных людзей, а злодзей любы замок адчыніць. Ну вядома, выкарыстае злодзей Інтэрнэт. Ён і тэлевізар выкарыстае, калі ён злодзей у сутнасьці. А калі сумленны чалавек, то гэта сумленны чалавек”.

Інтэрнэт дазваляе шукаць чытача практычна кожнаму, хто жадае паказаць свае пiсьменьнiцкiя таленты. І магчыма, першы крок на шляху да пiсьменьнiцтва для многiх – гэта вядзеньне дзёньнiка. Натуральна, можна весьцi дзёньнiк толькi для сябе, але ж дужа цiкава падзялiцца досьведам зь сябрамi ды знаёмымi.

Сайт www.livejournal.com, якi апошнiм часам стаўся вельмi папулярным, дае такую магчымасьць. Гаворыць актыўная карыстальнiца гэтага сайту Ксеня, якая вядомая ў Інтэрнэце пад нiкам “Беларусачка”.

(Ксеня: ) “Жывы журнал, як яго называюць карыстальнікі, гэта своеасаблівы жывы дзёньнік. Гэта як бы аналяг папяровага дзёньніку, але на кожнае паведамленьне, якое вы там напішаце, вы можаце атрымаць адказы сваіх сяброў”.

(Знаткевіч: ) “А скажыце, чым ён лепшы за звычайны дзёньнік?”

(Ксеня: ) “Ну, па-першае, цяпер няшмат хто праводзіць час за паперай і асадкай. У век Інтэрнэту зручней набраць гэта ўсё на клявіятуры – шмат хто нават друкуе шпарчэй за тое, як ён піша асадкай. Там ёсьць тры ўзроўні доступу да гэтага журналу. Можна пісаць толькі для сваіх сяброў, можна пісаць увогуле на Інтэрнэт, каб гэта мог прачытаць любы чалавек, які зойдзе на твой дзёньнік”.

Ксеня кажа, што нават прыватны рэжым дзёньнiка ня ёсьць зусiм бясьпечнай рэччу.

(Ксеня: ) “Некалькі разоў гакеры гэта ўскрывалі, і ў прынцыпе мажліва прачытаць тую інфармацыю, якая пазначаная як прыватная, якую нібыта ня можа прачытаць ніхто, акрамя карыстальніка. Але ў прынцыпе, ня хочаш – не пішы”.

Ксеня, аднак, кажа, што ў беларускiх карыстальнiкаў livejournal такiх праблемаў пакуль што не было. Беларусаў на гэтым сайце даволi шмат. Калi с суседняй Польшчы зарэгiстравалiся 158 чалавек, дык зь Беларусi – 198. Прычым, як кажа Ксеня, большасьць зь гэтых наведвальнiкаў карыстаюцца беларускай мовай.

Але найболей гэты сайт папулярны ў Злучаных Штатах – зарэгiстравалiся больш за паўмiльёна амэрыканцаў.


* * *
На пачатку красавiка ў Менску адбудзецца традыцыйная, дзясятая па ліку, міжнародная выстава і кангрэс па інфармацыйных, тэлекамунікацыйных і банкаўскiх тэхналёгіях "Тіbо-2003". Ужо абвешчана, што сёлета ўпершыню будуць уручацца адмысловая прэміi за найлепшыя сайты, зарэгiстраваныя ў беларускім сэктары Інтэрнэту. Але цi будзе каго ўзнагароджваць? Распавядае Ігар Карней.

(Карней: ) “Ніколі яшчэ заахвочваць "найлепшых паводле інтэрнэт-заслугаў" не плянавалі такім "буйным гуртам". Міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны, які адначасна ёсьць намесьнікам старшыні аргкамітэту "Тіbо-2003", падпісаў адмысловае палажэньне ў справе заснаваньня інтэрнэт-прэміі ў 17 інтэрнэт-кiрунках. Як жартуюць некаторыя адмыслоўцы, яшчэ крыху часу, і самая "намінацыйная" прэмія амэрыканскай Кінаакадэміі "Оскар" застанецца далёка ззаду.

Між тым, спадзяваньні на актыўны ўдзел ў дзяржаўнай ініцыятыве пакуль ня спраўджваюцца. З улікам, што рэгістрацыя сайтаў зоны .by на белаускай, рускай і ангельскай мовах завяршаецца 15 сакавіка, часу застаецца ня так і шмат. Пакуль, паводле зьвестак на афіцыйным сайце аргкамітэту www.tibo.by, пададзена толькі дзевяць заявак. Адзін з экспэртаў беларускай інтэрнэт-прасторы, распрацоўшчык шматлікіх інтэрнэт-сайтаў Юрась Гоман лічыць, што бальшыня суб'ектаў гаспадараньня, якія маюць уласныя вэб-старонкі, папросту засьцегараюцца мець справу зь дзяржаўнымі чыноўнікамі — нават калі тыя і абяцаюць іх заахвоціць:

(Гоман: ) "Калі разглядаць беларускія прыватныя фірмы, як кажуць самі ўладальнікі фірмаў, чыноўнікі разглядаюць уваход фірмы ў Інтэрнэт гэтак жа, як і рэкляму ў СМІ. Маўляў, вось як добра ідуць справы, ён нават у Інтэрнэце "сьвеціцца", можна ў пэрспэктыве зь яго нешта "зьняць". Адзін з камэрсантаў скардзіўся, што чыноўнікі разглядаюць выхад у сеціва з вэб-старонкамі прыватных фірмаў як яшчэ адну спробу бізнэсоўцаў здабыць сабе "чорныя" наяўныя грошы. Гэта адпужвае людзей зьяўляцца ў Інтэрнэце. Між тым, зараз ніводнае замежнае прадпрыемства, якое разьлічвае на прыбытак, не ўяўляе свайго камэрцыйнага жыцьця без Інтэрнэту".

(Карней: ) Сярод мэтаў інтэрнэт-прэміі "Тіво-2003" называюцца садзеяньне разьвіцьцю беларускага Інтэрнэту як новага асяродзьдзя вядзеньня бізнэсу, творчасьці, адпачынку і прафэсійнай працы, а таксама прапаганда найлепшых твораў беларускага сэктару Інтэрнэту. Распачынаюць сьпіс прыярытэтных інтэрнэт-кірункаў сайты органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня. Потым, у парадку, які падае аргакамітэт выставы — СМІ; адукацыя і навука; электронныя каталёгі; аб'яднаныя ў адно — мастацтва, музэі, музыка, літаратура; потым — здароўе і мэдыцына; сайты для дзяцей і юнацтва; спорт, адпачынак; электронная камэрцыя і шэраг іншых. Завяршаюць сьпіс навінныя сайты.

Мой суразмоўца Юрась Гоман упэўнены, што ні ў адной намінацыі ня будзе канкурэнцыі. Не таму, што дрэнна ці непрафэсійна працуюць вэб-дызайнэры, а таму, што, прыкладам, той жа дзяржаўны сэктар ня лічыць Інтэрнэт прыярытэтнай сфэрай у справе напрацоўкі дзелавых кантактаў:

(Гоман: ) "Зараз, калі самы звычайны чалавек можа мець сваю старонку ў Інтэрнэце, большая частка беларускіх прадпрыемстваў у гэтым сэнсе выглядае сьціпла. Прычын таму можа быць шмат. Адна, калі браць прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасьці, у тым, што "чырвоныя дырэктары" не разумеюць карысьці ад вэб-старонак. Большасьць зь іх, калі ня ўсе 100%, ня маюць ня столькі магчымасьці, колькі жаданьня валодаць кампутарам увогуле. Таму Інтэрнэт для іх, як і раней — зачыненая, табуяваная тэма. Два прыклады. МАЗу вэб-старонку зрабіла спартовая каманда "МАЗ-Яравіт"— аднайменная каманда па трак-трыялу. Велізарны, вядомы ва ўсім сьвеце МТЗ ня мае вэб-старонкі дагэтуль. Чаму? Незразумела, бо карысьць відавочная".

(Карней: ) Пераможцаў сярод прэтэндэнтаў на інтэрнэт-прэмію (а дарэчы, яе памеры пакуль ня вызначаныя) прыблізна 2 ці 3 красавіка ў часе працы выставы вызначыць журы пад кіраўніцтвам намесьніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Пакуль пытаньне ў тым, каб у шматлікіх намінацыях было каго заахвочваць наагул”.


* * *
Пра конкурс найлепшых сайтаў зоны .by распавядаў Ігар Карней. А вось сайт, пра якi мы распавядзем далей, ня мае шанцаў атрымаць нейкую прэмiю на гэтым конкурсе. Найперш таму, што зарэгiстраваны ён у зоне .ru, але яшчэ й таму, што наўрад цi некаму прыдзе ў галаву называць яго найлепшым сайтам у галiне адукацыi. Паўлюк Канавальчык, галоўны рэдактар газэты “Навiнкi”, на старонцы www.anarchistory.boom.ru распавядае пра тэорыю ды гiсторыю анархiсцкага руху ў Беларусi ды сьвеце.

Сайт мае ажно чатыры моўныя вэрсii – беларускую, расейскую, польскую ды ангельскую. Праўда, некаторыя разьдзелы можна прачытаць выключна па-беларуску. Падрабязнасьцi распавядае Севярын Квяткоўскi:

(Квяткоўскi: ) “Паўлюк Канавальчык кажа пра стварэньне цэлага анархісцкага інтэрнэт-парталу. Ужо сёньня апрача "Курсу гісторыі", наведнік можа засвоіць галоўныя ідэі анархістаў і вывучыць працу, прысьвечаную дзесяцігодзьдзю Фэдэрацыі Анархістаў Беларусі (ФАБ). А самы патрабавальны чытач можа азнаёміцца нават з праграмнымі дакумэнтамі ФАБ. Праўда, аўтары шчыра папярэджваюць, што дакумэнт цікавы адно гісторыкам. Кажа Паўлюк Канавальчык:

(Канавальчык: ) "Усе тэксты, якія там прадстаўленыя, яны ёсьць у папяровым выглядзе. І я хачу падкрэсьліць, што гэта менавіта ўсяго толькі вэб-падтрымка сур'ёзнага выдавецкага праекту".

(Квяткоўскi: ) Ва ўводзінах у зьмест старонкі аўтары гавораць, што "Падручнік рэвалюцыянэра" – гэта "анархістычны "лікбез". Ці можна даць сайту другую назву, кшталту "Загляне сонца й ў наша анархісцкае ваконца?"

(Канавальчык: ) "Ані ў якім разе я ня стаўлю місіянэрскіх мэтаў. Гэта менавіта разьлічана на людзей ня з пункту гледжаньня некага пераўпэўніць у нечым. А менавіта на тых людзей, якія хочуць ведаць пэўную інфармацыю".

(Квяткоўскi: ) Неўзабаве анархісты абяцаюць зьмясьціць на сайце "Падручнік рэвалюцыянэра" гімн ФАБ – "Чорныя фарбы". Наведнік сайту зможа атрымаць ноты, партытуры на чатыры галасы, а таксама скачаць гукавы файл у Фармаце МР3:

(Канавальчык: ) "Гэта будзе цалкам сур'ёзна напісана на высокім мастацкім і прафэсійным узроўні".

(Квяткоўскi: ) “Самае сур'ёзнае з абяцанага Паўлюком Канавальчыкам – выкананьне гімну анархістаў духавым аркестрам”.


Але пакуль што Севярыну Квяткоўскаму ўдалося здабыць у беларускiх анархiстаў толькi танцавальную вэрсiю гiмну. Словы – “Прэч, дыктатура! Дзяржава, згiнь!” някепска гучаць i на фоне электроннай музыкi.
XS
SM
MD
LG