Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэграцыя Беларусі і Расеі як тэатар абсурду – погляд з Масквы; беларуская кампанія “Westrecords” пачынае продаж музычнай прадукцыі ў сеціве ды іншае


Віталь Тарас, Прага

Нядаўняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным знайшла сваё адлюстраваньне і ў Інтэрнэце. У прыватнасьці, на сайце www.globalrus.ru зьявіўся камэнтар Аляксея Пантыкіна. “Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі зноў сабраўся ў Менску”, – піша аўтар, і працягвае: “Ці гэта сабараўся Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі? Ці ўсё-ткі Расеі й Беларусі? Хто яго разьбярэ, як і сам працэс інтэграцыі Беларусі й Расеі. Інтэграцыя гэтая даўно ўжо набыла характар нейкага лябараторнага экспэрымэнту эпохі акадэміка Трафіма Лысенкі...” І далей: “Ультыматум, пастаўлены Пуціным, ня выкананы, аднак гэта ня страшна, і наступстваў ніякіх ня трэба. Ня хочаце – ня трэба, тады й далей займаемся захаваньнем статус-кво. А статус-кво палягае на тым, каб аб’яднаньне адбывалася, як у п’есах Сэмюэля Бэкета: “Дык пойдзем!” – і рэмарка: “Абодва ня рухаюцца”.

У нашых аглядах сеціва мы ня часта гаворым пра сайты афіцыйных установаў Беларусі. Між тым, самыя гэтыя ўстановы ўсё часьцей пачынаюць нагадваць пра сваё існаваньне – у тым ліку і з дапамогай Інтэрнэту. На гэтым тыдні ў беларускіх мэдыях зьявілася інфармацыя пра тое, што сёлета 31 студзеня на форуме сайту Міністэрства абароны адбудзецца абмеркаваньне вынікаў восеньскага прызыву 2002 году. У анлайнавай канфэрэнцыі намерваюцца ўзяць удзел начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў генэрал Каўрын ды іншыя службовыя асобы.

Гэтае паведамленьне падштурхнула больш уважліва прыгледзецца да сайту Мінабароны. Ён мае тры моўныя вэрсіі – беларускую, рускую ды ангельскую. На сайце ёсьць гістарычны разьдзел, які пачынаецца згадкай пра сытуацыю ў Расеі ў 1917-м-18-м гадах. (Праўда, менавіта гэты падразьдзел чамусьці не адчыняецца). Ёсьць таксама інфармацыя пра савецкіх вайскаводаў, якія паходзяць зь Беларусі.

У разьдзеле “кіруючы склад” можна пазнаёміцца зь біяграфіямі сучасных военачальнікаў – міністра абароны Леаніда Мальцава і ягоных непасрэдных падначаленых. Зьмешчаная тут біяграфія намесьніка міністра абароны Ўладзімера Ўсхопчыка, як і іншых вайскоўцаў, адметная сваёй ляканічнасьцю. Напісана, напрыклад, што ў студзені 1989 году ён быў “прызначаны камандзірам мотастралковай дывізіі Прыбалтыйскай ваеннай акругі”. А з чэрвеня 1991 году “праходзіў службу ў Беларусі”. Аб тым, што адбывалася паміж гэтымі датамі, у прыватнасьці – аб тым, што Ўсхопчык быў ваенным камэндантам Вільні падчас захопу савецкімі войскамі тэлецэнтру і гібелі мірных грамадзянаў, няма ані слова. Як няма й згадкі пра патрабаваньне пракуратуры Літоўскай рэспублікі аб выдачы Ўсхопчыка як удзельніка спробы дзяржаўнага перавароту ў Літве ў студзені 1991-га.

Вялікі разьдзел прысьвечаны складу Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Ці сьведчыць інтэрнэт-старонка Міністэрства абароны пра нейкія зьмены ў інфармацыйнай палітыцы сілавага ведамства? І наколькі інфармацыя на гэтым сайце цікавая ды карысная для ягоных наведнікаў? Мы папрасілі падзяліцца сваімі меркаваньнемі на гэты конт ваеннага аглядальніка тыднёвіка “Белорусский рынок” Аляксандра Алесіна.

(Алесін: ) “У прынцыпе, няма сэнсу засакрэчваць інфармацыю, якой неабходна абменьвацца паводле міжнародных пагадненьняў – напрыклад, у рамках абмежаваньня звычайных узбраеньняў. Справаздачы аб гэтым рэгулярна накіроўваюцца ў міжнародныя арганізацыі, якія курыруюць стан узброеных сілаў, у тым ліку ў Беларусі. Па той бок мяжы яны шырока публікуюцца й даступныя дасьледчыкам. А ў нас пэўным часам усё гэта спрабавалі зачыняць. І калі журналіст казаў, што за мяжой гэтыя зьвесткі ўжо апублікаваныя, дык чаму, маўляў, мне робяць заўвагу кампэтэнтыя ворганы, калі іх публікуеш? – сьледаваў неўцямны адказ.

Зараз, мне здаецца, практыка нашага Міністэрства абароны стала больш цывілізаванай. Раней гэтая інфармацыя была раскіданая па старонках спэцыялізаваных выданьняў. Па-мойму, толькі ў часопісы “Армія” друкаваліся зьвесткі пра службовыя перастаноўкі ў Міністэрстве абароны, публікаваліся біяграфіі службовых асобаў, друкавалася інфармацыя аб прадпрыемствах міністэрства. Цяпер збор гэтай інфармацыі на сайце моцна спрашчае працу журналіста грамадзка-палітычных выданьняў і дазваляе атрымаць той набор ведаў, які неабходны для тых, хто рыхтуе публікацыі ў пэрыядычным друку аб ваеннай дзейнасьці ў Беларусі. Але з гледзішча экспэртаў, якія глыбока распрацоўваюць праблему і спрабуюць рабіць аналітычнае дасьледаваньне – тут інфармацыі, зразумела, недастаткова.

І ў прынцыпе, вялікага прагрэсу тут няма. Кожная спроба абагульніць інфармацыю, дапусьцім расейскіх выданьняў, інстытутаў, якія займаюцца Беларусяй з пункту погляду стратэгічных дасьледваньняў, выклікае тут нэрвовую рэакцыю і ў прадпрыемстваў, і ў Міністэрства абароны, і ў адмыслоўцаў спэцсулужбаў, якія працуюць у гэтай тэматыцы. Так што крок наперад ёсьць. Але парадаксальным чынам ёсьць, як бы, нежаданьне, каб інфармацыя, якая друкуецца на Захадзе, ці ў Расеі, публікавалася тут. Гэтая практыка прысутнічае і з боку прэсавай службы Міністэства абароны. Афіцыйныя структуры ад незалежных выданьняў імкнуцца дыстанцыявацца. Яны баяцца – а раптам журналісіт нешта накапае, нешта ня тое ўбачыць, ня так падасьць”.

На сайце Міністэрства абароны, у разьдзеле “прадпрыемствы” надрукаваныя зьвесткі пра некалькі так званых нумарных заводаў (практыка хаваць назвы прадпрыемстваў пад нумарамі нарадзілася за савецкім часам). Гэта завод па рамонту радыёэлектроннага ўзбраеньня, 140-ы рамонтны завод, дзе рамантуецца бранятэхніка (абодва прадпрыемствы барысаўскія) і 588-ы авіяцыйны рамонтны завод ў Баранавічах. Інфармацыя пра іх даволі падрабязная ды яшчэ багата ілюстраваная каляровымі фатаздымкамі з узорамі прадукцыі. Аднак чаму менавіта гэтымі заводамі абмежаваны сьпіс ваенных прадпрыемстваў, якіх, трэба думаць, існуе значна болей?

Аляксандар Алесін зьвяртае ўвагу, найперш, на тое, што названыя прадпрыемствы ўжо былі аб’ектам міжнародных інспэкцыяў.

(Алесін: ) “Яны шырока “засьвечаныя” ў друку, і акрамя таго, яны ўдзельнічаюць ў зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Яны выконваюць рамонт вайсковай тэхнікі ў інтарэсах замежных дзяржаваў, і гэта не заўсёды саюзьнікі Беларусі. Гэта і дзяржавы, якія ўжо ўступілі ў НАТО, ці зьбіраюцца ўступаць.

У прынцыпе, тут пануюць меркаваньні нармальнай карысьці. Таму зачыняць інфармацыю аб прадпрыемствах, якія задзейнічаныя ў міжнароднай практыцы, удзельнчіаюць у міжнародным гандлі, гэта не прадуктыўна. І ў той самы час, ёсьць спроба схаваць інфармацыю аб тых прадпрыемствах, якія ёсьць асновай ВПК Беларусі. У свой час, калі дэмакратыя ў нас была больш шырока разьвітая, праграмы практычна ўсіх прадпрыемстваў, якія дзейнічалі ў рамках ВПК, былі ў асноўных рысах апублікаваныя. Але зараз прадпрыемствы, якія займаюцца стварэньнем новых і найноўшых узбраеньняў, стараюцца нідзе не фігураваць, інфармацыя пра іх дазуецца і безь неабходнасьці не тыражуецца.

Перш за ўсё, яны працуюць на расейскіх спажыўцоў. Тыя, ў сваю чаргу, таксама не камэнтуюць інфармацыю аб сваіх патэнцыйных кліентах. Часткова гэта ваенныя сакрэты, часткова – камэрцыйныя. Зараз ваенная дзейнасьць на рынку – гэта вельмі вялікія грошы. Таму той, хто працуе на гэтым рынку, без патрэбы не афішуе сваю дзейнасьць”.

Аповед пра сайт Міністэрства абароны, меркаванямі пра які падзяліўся журналіст “Белоруского рынка” Аляксандар Алесін, быў бы няпоўным без згадкі пра фотаальбом. Галоўны герой гэтага фотаальбому з каляровымі здымкамі з вучэньняў, як лёгка здагадацца, – галоўнакамандуючы ўзброеных сілаў Беларусі Аляксандар Лукашэнка, якія пазуе перад фотааб’ектывамі ў камуфляжнай форме і зь біноклем у руцэ.

Аляксандру Лукашэнку цалкам прысьвечаны сайт lukashenko.sitecity.ru . Праўда, гэты сайт пабудаваны на матэрыялах іншых інтэрнэт-рэсурсаў – чаго стваральнік і не хавае, зьмясцьціўшы на франтпэйджы сьпіс сайтаў: Гэта www.compromat.ru, www.zubr-belarus.com, а таксама сайты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Хартыі-97, БДГ, www.tut.by ды іншыя. Акрамя шматлікіх фатаздымкаў, налепак, плякатаў і анэкдотаў тут ёсьць і шмат аналітычных публікацыяў у самых розных беларускіх ды некаторых замежных выданьнях.


Днямі ў беларускім сеціве стартаваў сайт кампаніі WestRecords. Адметнасьць старонкі – прэзэнтацыя навінак беларускае ды іншае музыкі, якая выйшла ў Беларусі пры ўдзеле кампаніі. Сайт складаецца зь міні-сайтаў выканаўцаў, навінаў, дыскаграфіі, водгукаў у прэсе, а таксама песень... Наш менскі карэспандэнт Севярын Квяткоўскі сустрэўся з прадстаўніком аддзелу маркетынгу WestRecords Дзьмітрыем Бескаравайным.

(Квяткоўскі: ) “Дзьмітры Бескаравайны абвяргае тэзу пра тое, што беларуская музыка ня можа прынесьці заробку:

(Бескаравайны: ) “Канешне прыносіць. Далёка ня ўсе. Ня надта шмат наагул беларускіх гуртоў, якія выпускаюць запісы. З найбольш папулярных, мабыць, NRM, праект "Tribute Depeche Mode" вельмі добра прадаецца, "Крамбамбуля"...

Зрэшты, колькасьць якаснай беларускай музычнай прадукцыі па-ціху расьце. На сёньня суадносіны з расейскай прадукцыяй на беларускім рынку прыблізна наступныя:

(Бескаравайны: ) "Для расейскіх праектаў добры продаж – гэта 10 000 адзінак CD. А для беларускіх гэтая лічба ў дзесяць разоў меншая – каля тысячы".

Што да сайту WestRecords, галоўная адметнасьць ягонай працы ў інтэрнэт-прэзэнтацыях:

(Бескаравайны: ) "Інтэрнэт-прэзэнтацыя – гэта могуць быць, апрача тэксту, нейкія фотаздымкі, ці нейкія факты, якіх ніхто ня ведаў, а таксама музыка ў нейкім музычным фармаце. Мы выкарыстоўваем МР3".

Першым на сайце прэзэнтаваўся новы альбом гурта NRM пад назвай "Дом Культуры".

Апрача NRM, зь беларускіх гуртоў на сайце пакуль рэпрэзэнтаваныя "NeuroDubel", "Цяні-Талкай" і праект "Крамбамбуля". Пашырэньне кола выканаўцаў залежыць як ад зьяўленьня новых твораў, так і ад жаданьня артыстаў супрацоўнічаць з WestRecords”.
XS
SM
MD
LG