Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найгоршыя праявы сеціва ў 2002 годзе, беларуская мода ў Інтэрнэце ды іншае


Вольга Караткевіч, Прага

Пры канцы мінулага году Сусьветны банк высьвятляў узровень інфармаванасьці беларусаў, далучыўшы да акцыі і беларускі Інтэрнэт – самы буйны рэсурс tut.by. Дакладней сказаць, фонд інфарматызацыі зьвярнуўся да стваральнікаў гэтага сайту. Пытаньні тычыліся інфармацыйных тэхналёгіяў, сувязі, мабільнай сувязі і гэтак далей. Я прагледзела магчымасьці беларускіх кампутарнікаў і ўбачыла, што кампутарная падрыхтоўка дае ў палове выпадкаў перавагу ў прыёме на працу. Тым ня менш, бальшыня спэцыялістаў ня супраць зьмяніць месца працы. Не спэцыяльнасьць, але дыслякацыю.

Я патэлефанавала мэнэджэру Інтэрнэт-рэсурсу tut.by Аляксандру Чэкану і запыталася, ці ахвотна наведнікі сайту адказвалі на пытаньні:

(Чэкан: ) “Так, на дзіва, вельмі ахвотна далучыліся, бо цягам месяцу звыш тысячы семісот чалавек паўдзельнічалі ў гэтай акцыі, што было даволі нечакана і для нас, і для Сусьветнага банку...”

(Караткевіч: ) “Як выглядаюць беларусы, наколькі актыўна яны карыстаюцца сецівам, як кампутарная сувязь запатрабаваная цяперашнім беларускім грамадзтвам?”

(Чэкан: ) “Сярэдні карыстальнік Інтэрнэту – гэта, хутчэй за ўсё, жыхар сталіцы, збольшага малады чалавек. Што тычыцца полу, напрыклад, то ўсё больш дзяўчатаў – каля 40 працэнтаў паўдзельнічалі ў апытаньні”.

(Караткевіч: ) “З гэтага апытаньня вынікае, наколькі беларускія праграмісты маюць пэрспэктывы ў сваёй галіне ў Беларусі? Ці ўсё ж свае пэрспэктывы яны бачаць у працы за межамі краіны?”

(Чэкан: ) “На жаль, на жаль, тут яны маюць ня тое што менш пэрспэктывы, але лічыцца, што там яны больш запатрабаваныя. Маё асабістае стаўленьне: тут таксама ёсьць што рабіць...”

(Караткевіч: ) “Аляксандар, я сёньня прачытала, у дзень запісу, што на вашым сайце – 10 мільённы наведнік?”

(Чэкан: ) “Ну ўжо за весь час існаваньня tut.by – больш за 10 мільёнаў. Мабыць, гэта была нейкая навіна старая, якая проста абмяркоўвалася на нашых форумах. На дадзены момант, здаецца, больш за 13 мільёнаў. І за увесь гэты час было больш за 20 тысячаў навінаў, каля 20 тысячаў форумаў, карыстальнікаў нашай бясплатнай пошты таксама больш за 200 тысячаў. Больш такіх сур’ёзных праектаў няма ў беларускім Інтэрнэце”.

Мэнэджэр Інтэрнэт-рэсурсу tut.by Аляксандар Чэкан адзначыў, што неўзабаве tut.by распаўсюдзіць прэс-рэліз, калі ўсё будзе зразумела з новымі праектамі.

Адразу пасьля Новага году, калі ў Менску пачаў працаваць офіс АБСЭ, пытаньне вакол місіі, аднаўленьня яе дзейнасьці, стала тэмай для апытаньня на самых папулярных сайтах. На сайце Інтэрнэт-газэты naviny.by пытаньне: ці будзе ў лютым, як гэта прагназуе міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў, права ў Нацыянальнага сходу прадстаўляць Беларусь у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ?

Станоўча адказалі крыху больш за 15%, адмоўна больш за 60%, астанія – ня вызначыліся. “Белорусская деловая газета” цікавіцца: чыёй заслугай ёсьць вяртаньне АБСЭ ў Менск? На момант падрыхтоўкі перадачы беларускае МЗС атрымала 0% галасоў, гэтаксама як і беларуская апазыцыя. Расейскі прэзыдэнт – каля 25%, а вось міжнародная супольнасьць – 42% – найбольш, прычым ЗША – асобна – 10%.

Аўтар амэрыканскага сайту кансэрватараў з дэвізам “Змагацца за праўду, законнасьць і амэрыканскі шлях разьвіцьця” Джон Гоўкінс ужо трэці год прапануе рэйтынг 20-ці найгоршых месцаў і рэчаў у Інтэрнэце.

Я раскажу пра тыя прыклады, якія цікавыя любому карыстальніку Інтэрнэту. Самымі горшымі ў 2002 годзе Гоўкінс лічыць сайты знакамітасьцяў. Ён наракае, што абнаўляюцца яны рэдка, Сеціва “раскручвае” адных і тых жа, і дзівіцца, чаму гэта кантракт нейкай знакамітасьці павінен цікавіць звычайнага чалавека? Джон Гоўкінс абураецца, што буйную групу, якая займаецца крадзяжамі пэрсанальных дадзеных, выкрылі пасьля крадзяжу на суму 2,5 мільёна. Абрабаваныя былі 30 тысячаў чалавек. Чаму так мала? – пытаецца аўтар рэйтынгу найгоршых праяваў Сеціва. Паводле Гоўкінса, рэкляма, якая мільгае – гэта рэкляма для Ляс-Вэгасу ці Галівуду, а не для Інтэрнэту. Джон Гоўкінс лічыць абуральнымі рэклямныя вокны, якія ўсплываюць у часе чытаньня нейкай Інтэрнэт-старонкі. Гэтыя вокны цяжка закрыць, калі ўдаецца, усплываюць новыя і гэтак далей.

У ліку дваццаці найгоршых зьяваў у Сеціве ў 2002 годзе амэрыканскі кансэрватар называе “антымусульманскую гістэрыю” ў віртуальнай прасторы.

Джон Гоўкінс атакуе Блогер – бясплатны Інтэрнэт-інструмэнт, які дазваляе свабодна мець уласную старонку: “зрабі самую лепшую ў сьвеце пастку і ўвесь сьвет будзе грукацца ў гэтыя дзьверы!” Блогер і ёсьць такой пасткай. Прыдумалі для непрафэсіяналаў самы просты спосаб ствараць сайты, а пасьля на іх стала напляваць. Сёньня Блогер прыдатны толькі для аматараў пераадольваць цяжкасьці.

Таксама Джон Гоўкінc жартуе з так званых нігерыйскіх лістоў, якія рэгулярна прыходзяць па электроннай пошце. У гэтых лістах нібыта ўдовы нігерыйскіх кіраўнікоў, бізнэсоўцаў і гэтак далей гатовыя падзяліцца мільёнамі даляраў з тымі, хто іх выслухоўвае. Ствараецца ўражаньне, што Нігерыя населеная да непрыстойнасьці багатымі і добрымі людзьмі...

Я нагадаю, што рэйтынг самых горшых праяваў Інтэрнэту ў 2002 годзе, падрыхтаваў Джоўн Гоўкінс. Дадаць свае прапановы, а таксама пазнаёміцца з яго сайтам можна на адрасе www.rightwingernews.com.

Прадстаўніцва ААН у Беларусі разам зь беларускай студыяй вэб-дызайну "Pixelhead" стварыла Інтэрнэт-партал пра дзейнасьць ААН. Як паведаміў журналістам мэнэджэр студыі Андрэй Канановіч, на сайце прадстаўленыя 3 тысячы дакумэнтаў пра ўсе кірункі дзейнасьці ААН – на трох мовах – рускай, беларускай і ангельскай. Скіраванасьць можна зразумець па прапанаваных форумах і галоўных тэмах – Чарнобыль, Глябальны экалягічны фонд, Жанчыны, СНІД, Правы чалавека, Уцекачы. Я сказала пра форумы, дык, відаць, упершыню ў беларускім Сеціве зьявіўся форум “Абарона навакольнага асяродзьдзя”. Ён, дарэчы, быў створаны 9-га студзеня.

І яшчэ пра што я б хацела сказаць – Радыё Рацыя працягвае цыкль он-лайнавых канфэрэнцыяў “Чысты Чацьвер”. Ужо на пытаньні наведнікаў сайту адказалі нямецкі дыплямат Ганс Георг Вік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч, а зараз адказваў Уладзімер Колас, кіраўнік Беларускага нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю. Тэма пытаньняў і адказаў вельмі цікавая – роля інтэлігенцыі ў цяперашняй Беларусі.

Нацыянальны Інтэрнэт-партал, цалкам прысьвечаны вытворцам адзеньня і іх месцу ва ўсясьветнай гіерархіі моды, зьявіўся ў Беларусі. Дастаткова набраць адрас www.moda.by, і амаль поўны сьпіс прадстаўнікоў нацыянальнай fashion-індустрыі зьявіцца перад вачыма наведнікаў сайту. Штаб Інтэрнэт-майстэрні месьціцца ў Берасьці — сапраўднай сталіцы прыватных швейных атэлье. Як кажуць стваральнікі сайту www.moda.by, гэта першая спроба сыстэматызаваць зьвесткі аб айчынных вытворцах адзеньня, гандлёвых марках і сэзонных мадэлях. Тэму працягвае Ігар Карней.

(Карней: ) “Першае ўражаньне ад наведаньня сайту www.moda.by — вялізны сьпіс гандлёвых марак беларускіх вытворцаў адзеньня. Мажліва, я дылетант у гэтай галіне, але ніколі не падазраваў, што беларусаў апранае такая колькасьць фірмаў з гучнымі назвамі кшталту “Кондра”, “Дыёма Бурвін”, “Мона”, “Нэлва”, “Ніколь”, “Інга”, “Арт-Гатэлье” і г.д.

Як сьцьвярджаюць стваральнікі сайту www.moda.by, яны добраахвотна ўзялі на сябе місію лікбезу, стварыўшы самы вялікі й поўны архіў швейных гандлёвых марак краіны. Пры гэтым інфармацыя не абмяжоўваецца галіновымі навінамі Беларусі: www.moda.by мае разгалінаваную сетку партнэраў у шэрагу гарадоў сумежных краінаў. А гэта, на думку аўтараў сайту, дазваляе дабіцца максымальна шырокага інфармацыйнага ахопу падзеяў на мадэльным фронце ў рэгіёне. Галоўны рэдактар сайту Аляксандар Араў так тлумачыць неабходнасьць падобнага праекту:

(Араў: ) “Сайт пакуль у стадыі, так бы мовіць, “раскруткі”. Але хутка будуць новыя ўліваньні ў гэтую справу, і тады ўсё пойдзе больш шпарка. А рэзон гэта рабіць ёсьць. Бо ў тым жа Берасьці прыватная швейная прамысловасьць надзвычай разьвітая: блізу 300 фірмаў на 300 тысяч насельніцтва. Прапорцыі большыя за сталічныя. Мы запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх вядучых вытворцаў-швейнікаў, і дзяржаўныя прадпрыемствы таксама, але ад іх пакуль адказ адзін — няма грошай. Зрэшты, у Беларусі зь вялікіх дзяржаўных прадпрыемстваў засталіся хіба “Мілавіца”, “Эліс” ды амаль больш нічога”.

(Карней: ) “Спадар Араў кажа, што партал адкрыты да супрацоўніцтва як з творчымі калектывамі, так і з асобнымі дызайнэрамі, незалежна ад месца прапіскі — тым больш, што віртуальная прастора сапраўды ня ведае межаў. Можа, таму партнэры і сябры www.moda.by самыя розныя — мадэльныя агенцыі, прадусарскія цэнтры, РR-структуры, дызайнэры.

Ці не найбольшая адметнасьць сайту www.moda.by, што ён адначасна зьяўляецца Інтэрнэт-крамай. Усе сэзонныя мадэлі можна ўбачыць ня толькі ў стадыі канструктарскіх рашэньняў, але ў гатовым варыянце на здымку. Тут жа прыкладаецца адмысловы блянк з электронным адрасам, які можна запоўніць і даслаць з улікам пажаданьняў колеру, памеру, фасону, формы аплаты. Асартымэнт замоваў практычна неабмежаваны: паліто, касьцюмы, спадніцы, вопратка дзіцячая, дарослая, асобна для будучых маці і для людзей сталых.

Стваральнікі сайту не хаваюць, што дадзеная сыстэма аналягічная заходняму досьведу замоваў праз каталёгі. Відавочная пры гэтым перавага — замова трапляе да вытворцы імгненна, і атрымаць паліто ці сукенку рэальна цягам аднаго дня”.
XS
SM
MD
LG