Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэлігійныя рэсурсы Белнэту; новы год прыносіць наведнікаў і рэклямны прыбытак сайтам; хто закінуў у сеціва прыватныя нумары мабільных тэлефонаў?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Аляксандар Класкоўскі, Віталь Палінеўскі

У гэтыя калядныя дні самы час пагаварыць пра рэлігійныя рэсурсы ў беларускім Інтэрнэце. Шукаючы па розных каталёгах беларускія сайты на рэлігійную тэматыку, я заўважыў адну прыкметную заканамернасьць. Нягледзячы на тое, што праваслаўная царква лічыцца самай масавай канфэсіяй у сёньняшняй Беларусі, колькасьць сайтаў з праваслаўнай тэматыкай у Белнэце зусім не перавышае колькасьць старонак іншых канфэсіяў.

Сайт Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы даўно не абнаўляўся, апошні выстаўлены нумар інфармацыйнага бюлетэня датаваны 1996 годам. Дый знайсьці гэты сайт мне ўдалося толькі праз старонку Рускай праваслаўнай царквы, бо ў беларускіх каталёгах яго няма.

Калі ж казаць у цэлым, то колькаснае лідэрства ў беларускім сеціве, бадай, захоўваюць сайты з каталіцкай скіраванасьцю, прыблізна пароўну праваслаўных і пратэстанцкіх рэсурсаў, ёсьць некалькі старонак пра дахрысьціянскую, паганскую Беларусь.

Самым прафэсійным і інфармацыйна напоўненым сярод усіх беларускіх рэлігійных рэсурсаў Інтэрнэту мне падаўся партал каталіцкіх сайтаў у Беларусі. Мы гутарым з адміністратарам гэтага сайту Віталем Палінеўскім.

(Палінеўскі: ) “Catholic.by” — гэта хутчэй сэрвэр, які аб’ядноўвае шмат іншых каталіцкіх сайтаў, і зарэгістраваны на Менска-Магілёўскую архідэяцэзію Рымска-каталіцкага Касьцёлу. Галоўная старонка — пакуль што часовая, гэта толькі каталёг каталіцкіх сайтаў, але ўжо атрыманае дазваленьне ад духоўных уладаў на разьмяшчэньне на ёй афіцыйнага сайту Рымска-каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “Якое ўвогуле стаўленьне сучаснага Касьцёлу да Інтэрнэту? Ці разумее каталіцкая царква важнасьць сеціва і наколькі актыўна яго выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасьці?”

(Палінеўскі: ) “Летась Ватыкан выдаў два дакумэнты пра дзейнасьць і этыку ў Інтэрнэце. І тут стаўленьне як да звычайных мэдыяў, такіх самых, як часопісы і газэты. Інтэрнэт — гэта толькі тэхнічны сродак, і ад нас саміх залежыць, як яго выкарыстоўваць. Ватыкан заклікае карыстацца Інтэрнэтам больш актыўна.

Нашыя беларускія каталіцкія духоўныя ўлады таксама разумеюць, што будучыня за сучаснымі сродкамі масавых камунікацыяў. У цэлым стаўленьне да Інтэрнэту як чагосьці, што мае вялікую пэрспэктыву, аднак на сёньняшні дзень яшчэ ня можа быць прыярытэтным”.

(Цыганкоў: ) “Можна ўявіць, што Інтэрнэт мае магчымасьць атрымаць асаблівае значэньне для прыцягненьня новай паствы. Напрыклад, празь сеціва можна трансьляваць службы. З гэтага пункту гледжаньня — наколькі амбітныя пляны ў вашага сайту?”

(Палінеўскі: ) “Перш за ўсё мы плянуем адкрыць афіцыйны сайт Рымска-каталіцкага Касьцёлу, на якім будзе амаль усё пра каталіцтва ў Беларусі. Пляны больш напалеонаўскія — стварыць уласную службу навінаў. Бо цяпер атрымліваецца, што напачатку навіны трапляюць у традыцыйныя СМІ, а потым з гэтых друкаваных выданьняў у сеціва. А павінна быць наадварот, бо Інтэрнэт больш дынамічны.

Што да прыцягненьня новай паствы, то тут, я мяркую, сучасныя тэхналёгіі ня будуць мець вялікага значэньня. Бо іншыя людзі глядзяць перш за ўсё на нас, якія мы ёсьць, а ўжо потым прымаюць веру ці не. Але зь іншага боку — да нас прыходзяць па электроннай пошце лісты, дзе людзі дзякуюць за гэтыя сайты, і кажуць, што калі б іх было больш, то стаўленьне да каталікоў у той жа Расеі было б нашмат лепшае”.

(Цыганкоў: ) “Ваш сайт і большасьць тых каталіцкіх рэсурсаў, спасылкі на якія ёсьць на вашай старонцы, выкананыя на беларускай мове. І гэта адрозьнівае ваш сайт ад беларускіх сайтаў праваслаўных і большасьці пратэстанцкіх канфэсіяў. Гэта атрымалася выпадкова ці гэта стратэгічная палітыка Рымска-каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі?”

(Палінеўскі: ) “Зразумела, гэта невыпадкова, гэта ўсё робіцца асэнсавана. Можна дадаць, што ў гарадах большасьць сьвятых літургіяў адбываецца на беларускай мове. Натуральна, што калі мы жывем у Беларусі, то павінны бараніць сваю мову і беларускасьць”.


* * *
Як у беларускім Інтэрнэце адзначаўся Новы год? Сярод процьмы інфармацыі на гэтую тэму маю ўвагу прыцягнуў цікавы крок Інтэрнэт-газэты Naviny.by. “Белорусские новости” першымі зь беларускіх рэсурсаў вырашылі адзначыць надыход Новага году адмысловай рубрыкай. На працягу некалькіх дзён на старонцы выданьня зьяўляліся самыя розныя матэрыялы, аб’яднаныя агульнай тэмай і рубрыкай — “Сьвята”. Наколькі эфэктыўным і пасьпяховым аказаўся гэты крок? Мы гутарым з галоўным-рэдактарам Інтэрнэт-выданьня “Белорусские новости” Аляксандрам Класкоўскім.

(Класкоўскі: ) “Ведаеце, гэтая задума аказалася нечакана ўдалай, хаця яна ўзьнікла спантанна. Мы прадбачылі, што, як звычайна ў пэрыяд калядных вакацыяў, будзе пэўны дэфіцыт падзейных матэрыялаў, і рубрыка “Новы год” павінна была кампэнсаваць гэта. Былі нават пэўныя ваганьні, ці варта. Усё ж наш малады рэсурс зарэкамэндаваў сабе як найперш грамадзка-палітычны і сур’ёзны, а тут раптам нешта не зусім сур’ёзнае. Але мы па першых днях убачылі, што гэтая рубрыка ідзе на 3–4 месцы па наведваньні, і пераканаліся, што ідэя мае права на існаваньне і мае пэрспэктыву. Акрамя таго, гэта дапамагло нам і трошкі падзарабіць, бо друкаваліся і матэрыялы рэклямнага кшталту”.

(Цыганкоў: ) “Паводле якіх крытэраў вы падбіралі зьвесткі для гэтай рубрыкі? Бо ў калядныя дні ў вас пераважалі сьвецкія, сьвяточныя і забаўляльныя матэрыялы. Ці апраўдала сябе гэтая стаўка?”

(Класкоўскі: ) “Так, безумоўна. Гэта былі звычайныя журналісцкія крытэры — каб матэрыял быў цікавы, пазнавальны і вясёлы. Таму што і такім сур’ёзным і прасунутым (як мы лічым) наведнікам нашага рэсурсу, таксама будзе цікава даведацца, напрыклад, пра Зюзю — самабытны беларускі аналёг Дзеда Мароза ці Санта-Клаўса.

Ну і нарэшце, хацелася, каб не было ў гэтых матэрыялах нейкага выключна канфэсійнага ўхілу, бо гэта недахоп дзяржаўных беларускіх мэдыяў. Мы імкнуліся нават неяк адысьці ад стэрэатыпу, нібы ёсьць нейкія “каталіцкія” і “праваслаўныя” Каляды. Бо насамрэч, тое, што ў нас называюць “каталіцкімі”, сьвяткуе амаль што ўвесь сьвет, у тым ліку і праваслаўныя многіх краінаў. У выніку, я лічу, стаўка на цікавыя і сьвецкія матэрыялы сябе апраўдала”.

(Цыганкоў: ) “Ці можа гэтая ідэя — нейкаму канкрэтнаму дню, сьвяту надаваць асобную рубрыку — працаваць і надалей?”

(Класкоўскі: ) “Так. Мы вырашылі, што такой рубрыцы жыць. Наперадзе Дзень сьвятога Валянціна, жаночы дзень, іншыя сьвяты. І натуральна, гэтая рубрыка ў нас будзе пульсаваць, зьяўляцца, напаўняцца новым зьместам. Лічыце, яна ўжо прапісалася на нашым рэсурсе”.


* * *
Пры канцы мінулага году адразу на некалькіх Інтэрнэт-сайтах зьявілася база тэлефонных нумароў абанэнтаў мабільнай лічбавай сувязі Velcom. Амаль 400 тысяч абанэнтаў мабільных тэлефонаў страцілі сваю канфідэнцыйнасьць, і іхныя нумары сталі набыткам шырокага кола наведнікаў сеціва. Кіраўніцтва кампанія Velcom абвесьціла пра пачатак адмысловага разьбіральніцтва і зьвярнулася па дапамогу ў праваахоўчыя органы. З падрабязнасьцямі Ігар Карней:

(Карней: ) “База зьвестак тэлефонных нумароў кампаніі Velcom зьявілася напярэдадні Новага году на прыватным сайце velik.org.by. Уладальнік старонкі менскі праграміст Аляксей Раманоўскі сьцьвярджае, што падобная інфармацыя зьявілася ў кампутаршчыкаў яшчэ паўгода таму, і той, хто яе здабыў, меў адну мэту: знайсьці пакупніка і зарабіць грошы. Летам поўны пакет нумароў каштаваў блізу 500 даляраў. Аднак са зьяўленьнем другога апэратара мабільнай сувязі попыт на нумары істотна зьнізіўся, і таму сьпіс зьявіўся ў сеціве бясплатна.

Сам спадар Раманоўскі прынцыпова не адгукаецца на тэлефанаваньні й вядзе ліставаньне праз электронную пошту. Аргумэнтуе гэта тым, што пакуль ідзе сьледзтва, раздаваць інтэрвію было б дастаткова неабачліва. Свой жа ўчынак характарызуе ня толькі жаданьнем адзначыцца неардынарным дзеяньнем, а ў тым ліку і жаданьнем нашкодзіць “фактычнаму манапалісту на рынку мабільных паслугаў, якога ніхто ня любіць”.

Што тычыцца ўласна сьпісу нумароў абанэнтаў Velcom, Аляксей Раманоўскі кажа, што проста тэхнічна зьмясьціў зьвесткі на свой сайт, і ён дапускае датычнасьць да ўцечкі інфармацыі кагосьці з супрацоўнікаў рэспубліканскага аб’яднаньня “Белтэлекам”. Рэч у тым, што тэхнічна магчыма скапіяваць тэрміналы рахункаў за размовы і абанэнцкую плату тэлефонаў праз пошту. Але ў “Белтэлекаме” катэгарычна адкідаюць падобнае дапушчэньне. Адмысловец маркетынгу тэлекамунікацыйных паслугаў Сьвятлана Прэнц аргумэнтуе гэта такім чынам:

(Прэнц: ) “Белтэлекам” ня мае доступу да сеткі, паколькі мы зьяўляемся апэратарам фіксаванай сувязі. Калі сказаць проста, Velcom — гэта мабільная сувязь, а “Белтэлекам” — апэратар звычайных правадных тэлефонаў. Так што абвінавачваньні супраць “Белтэлекаму” ня маюць ніякіх падставаў. Мы правялі цэлае расьсьледваньне і яшчэ раз пераканаліся, што доступу да гэтай базы ня маем. Рахункі сваім абанэнтам Velcom выстаўляе сам. Адразу мы дапускалі, што, магчыма, на нашай станцыі адбываеццца тарыфікацыя, бо ўсе міжгароднія тэлефанаваньні ідуць праз нашыя станцыі. Але высьветлілася, што справа зусім ня ў гэтым. Таму гэтай базы мы ня бачым і ня маем дачыненьня да яе ўвогуле”.

Іншыя адмыслоўцы дапускаюць, што рассакрэчаньне канфідэнцыйнай інфармацыі можа быць як справай рук кагосьці з супрацоўнікаў Velcom, так і з боку канкурэнтаў — кампаніі МТС. Але пакуль што абедзьве вэрсіі ніякіх рэальных пацьверджаньняў ня маюць.

Між тым, пракуратура распачала сьледзтва ў справе пошуку вінаватых у зьяўленьні несанкцыянаванай інфармацыі. Кіраўнік юрыдычнага аддзелу кампаніі Velcom Людміла Найдзіна кажа, што наўпрост парушаныя правы кожнага канкрэтнага чалавека на канфідэнцыйнасьць. Разам з тым, паводле заканадаўства, разгалошваньне падобнай інфармацыі не парушае канстытуцыйных правоў уладальнікаў мабільных тэлефонаў.

(Найдзіна: ) “Увогуле гэта крымінальная справа — крадзеж канфідэнцыйнай інфармацыі, якая зьяўляецца канфідэнцыйнай найперш для нашага прадпрыемства. Але зь іншага боку, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусі, разгалошваньне дадзенай інфармацыі не парушае канстытуцыйных правоў грамадзянаў. Прозьвішча абанэнта і ягоны тэлефон — ня самая страшная таямніца, якую нідзе нельга распаўсюдзіць ці надрукаваць. Іншая справа, што гэта несанкцыянавана з нашага боку. У якім стане разьбіральніцтва, мяркую, зараз ня скажа ніхто. Калі вядзецца расьсьледаваньне справы, ніхто ня скажа, у якой яна стадыі”.

Некаторыя кампутаршчыкі не выключаюць, што зьяўленьне тэлефоннай базы зьвестак абанэнтаў Velcom можа мець працяг. Гэтым разам набыткам галоснасьці могуць стаць нумары амаль 50 тысяч абанэнтаў сеткі МТС.
XS
SM
MD
LG