Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзе прачытаць пра саміт НАТО, сайт Купалаўскага тэатру ды іншае


Вольга Караткевіч, Прага

Для асьвятленьня саміту НАТО ў Празе быў створаны адмысловы сайт www.natosummit.cz. Гэты сайт зьмяшчаў – і цяпер зьмяшчае – навіны саміту, аналітычныя матэрыялы, праграму форуму і студэнцкага саміту НАТО, а таксама паведамленьні пра тое, што наведаць у Празе ў гэтыя дні, як дабірацца па горадзе і інфармацыю пра надвор’е. Можа падрабязна прачытаць пра краіны, якія запрасілі далучыцца да Паўночнаатлянтычнага альянсу, пра кандыдатаў, саму структуру НАТО, апэрацыі барацьбы з тэрарызмам.

Сайт мае дзьве вэрсіі – чэскамоўную і англамоўную. У англамоўнай вэрсіі, набраўшы ў пошуку “Belarus” – атрымліваеш 44 артыкулы, у якіх узгадваецца Беларусь. У асноўным інфармацыя датытыць непрыезду Лукашэнкі ў Прагу на саміт, падрабязная падборка пра дыскусію, ці выдаваць беларускаму лідэру візу і гэтак далей. Таксама пра Беларусь пішуць у артыкулах пра краіны, што запрошаныя ў НАТО: сярод мяншыняў узгадваюцца беларусы – яны складаюць 1,5% насельніцтва Эстоніі, 4,5% насельніцтва Латвіі.

У рэжыме он-лайн на сайце прайшла прэсавая канфэрэнцыя з намесьнікам міністра замежных справаў, адмысловым упаўнаважаным чэскага ўраду ў падрыхтоўцы саміту НАТО Александрам Вондрам. Адзначу, што пытаньні не фільтраваліся, і некаторыя былі даволі жорсткімі ці непрыемнымі. Зьвярталіся да Вондры і антыглябалісты, якія ладзілі ў часе саміту свае пратэсты. Мой калега Юры Сьвірко, які працаваў на саміце, расказвае пра тое, як быў арганізаваны доступ да Інтэрнэту на форуме НАТО:

(Сьвірко: ) “Арганізатары казалі, што ёсьць 915 кампутарных станцыяў, журналісты думалі, што гэта будуць кампутары, але высьветлілася, што гэта быў проста провад, які дазваляе доступ да Інтэрнэту. Трэба было з сабою прыносіць ноўтбукі, бальшыня журналістаў іх мелі, але радыёжурналісты, якія прывыклі працаваць з мікрафонамі і прыстасаваньнямі для запісу, былі расчараваныя. Стаялі асобна кампутары, за якія нельга было сесьці. Трэба было стаяць, бо не было крэслаў. Народ не павінен быў затрымлівацца. Кампутараў было пару дзясяткаў, каля іх увесь час зьбіраліся чэргі.

Спачатку журналісты спрабавалі атрымліваць інфармацыю з сайту, але пасьля крыху расчараваліся ў ім, бо не здымаліся прэсавыя канфэрэнцыі, прамовы і гэтак далей...”

(Караткевіч: ) “Вам удалося пагаварыць са стваральнікамі сайту? Я адправіла некалькі электронных лістоў, але адказу не атрымала...”

(Сьвірко: ) “Я таксама спрабаваў знайсьці іх у самім месцы правядзеньня саміту, але не знайшоў”.

(Караткевіч: ) “Калі параўнаць зь іншымі імпрэзамі падобнага тыпу, якія Вы асьвятлялі, ці ёсьць розьніца ў арганізацыі?”

(Сьвірко: ) “У ліпені сёлета адбываўся саміт краінаў-кандыдатак далучэньня да НАТО, ён праходзіў у Рызе. Арганізавана ўсё было значна лепей, але народу там таксама было меней... Што да Беларусі, дык часам у Палацы рэспублікі ладзяцца саміты СНД, я там ніякіх кампутараў ня бачыў і гаварыць пра адмысловыя сайты не выпадае. І наагул няма інфармацыі па-ангельску”.

***

Беларускі Інтэрнэт пачаў выкарыстоўвацца для збору нфармацыі, якая можа быць выкарыстаная замежнымі структурамі ў кантактах зь Беларусьсю. На замову Ўсясьветнага банку Фонд інфарматызацыі Беларусі даручыў парталу www.tut.by масавае апытаньне беларускага насельніцтва – з мэтаю ацаніць інфармацыйную гатовасьць Рэспублікі Беларусь. Паводле інфармацыі з самога сайту, гэтае апытаньне можа памагчы аналізу магчымасьцяў інвэстыцыяў у Беларусь. Аўтары сайту заклікаюць узяць удзел у гэтым праекце і абяцаюць, што сярод удзельнікаў апытаньня будуць разыграныя падарункі і сувэніры. А пытаньні тычацца даступнасьці Інтэрнэт-кавярняў у Беларусі, якасьці злучэньня з правайдэрам, коштаў на карыстаньне Інтэрнэтам, пашыранасьці Інтэрнэту ў навучаньні і гэтак далей. Акцыя будзе цягнуцца да канца лістапада. Я зьвязалася са стваральнікамі парталу www.tut.by, і яны паабяцалі расказаць для Радыё Свабода пра вынікі апытаньня і прааналізаваць іх на пачатку сьнежня.

У Беларускім сеціве можна абмяркоўваць і тэатральнае жыцьцё. Купалаўскі тэатар першым сярод тэатральных установаў краіны стварыў уласны сайт. Зараз на адрасе www.kupala-theatre.by можна ня толькі даведацца пра рэпэртуар ці творчыя пляны калектыву, але й распачаць ліставаньне зь любімымі акторамі. Паведамленьне пра сайт Нацыянальнага тэатру падрыхтаваў Ігар Карней:

***

(Карней: ) “Ад лістапада на ўсіх купалаўскіх афішах, праграмках, на іншай друкаванай рэклямнай прадукцыі, апроч уласна інфармацыі пра тую ці іншую пастаноўку, зьявіўся адрас тэатральнага сайту www.kupala-theatre.by. Упершыню адміністрацыя тэатральнай установы запрасіла гледачоў са сцэны ў віртуальнае закулісьсе. Распавядае куратар новага праекту, загадчыца літаратурнай часткі тэатру імя Янкі Купалы Марына Бартніцкая:

(Бартніцкая: ) “Мы замахнуліся, можа, і занадта: гісторыя, бягучы рэпэртуар, анатацыі, творчыя партрэты артыстаў, гасьцёўня, у найбліжэйшых плянах — сувязі з замежжам. Дай Бог справіцца з тым, што задумалі, а жыцьцё падкажа: можа, штосьці спатрэбіцца зьмяняць. Найбольшы плён — натуральна, нашая гасьцёўня. Вельмі цікава чытаць водгукі нашых наведнікаў. Спачатку яны былі віншавальныя, а зараз усё часьцей і крытыка прысутнічае, і нейкія парады. Мы ўсё скачваем і даем пачытаць нашым артыстам”.

Пакуль наведнікаў сайту ня так шмат, і рэдактар літаратурнай часткі Алена Калюнова завочна пазнае амаль усіх, хто дасылае свае віртуальныя лісты. І ўсё ж, хто яны, наведнікі сайту Купалаўскага тэатру — прафэсіяналы ці звычайныя аматары ліставацца? Вось што адказвае спадарыня Бартніцкая:

(Бартніцкая: ) “Гэта адчуваецца па стылі, па ўражаньнях. Ёсьць крытычныя прафэсійныя водгукі. Вельмі многа зьвяртаюцца да маладых артыстаў, відаць, па бальшыні дзяўчаты, якія цікавяцца іхнай творчасьцю. Зрэшты, мы на сайце абвесьцілі галасаваньне, як да нашага тэатру ставяцца гледачы, чытачы, слухачы, і вельмі прыемна, што большасьць прызнае тэатар выдатным на сёньняшні дзень. Гэта радуе і натхняе”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Марына, вядома, што галаўны боль сыстэмных адміністратараў — не зусім паслухмяныя наведнікі сеціва, якія не стыдаюцца радыкальных ацэнак і выкарыстоўваюць не зусім літаратурную лексыку. Як у вашым выпадку ідзе змаганьне за чысьціню прасторы вэб-сайту?”

(Бартніцкая: ) “Зьявіўся пакуль адзін такі ліст... Абразьлівыя, нелітаратурныя словы. Мы доўга думалі, ці даваць тэкст, і ўрэшце выкінулі гэтыя выразы. Бо, па вялікім рахунку, хочацца пакінуць усё, што людзей задавальняе альбо не задавальняе. Няхай спрачаюцца, але пажадана, каб ня лаяліся, асабліва нелітаратурнымі словамі”.

Заўважана, што колькасьць наведнікаў сайту наўпрост залежыць ад тэатральнага рэпэртуару і, асабліва, ад прэм’ерных паказаў. Так здарылася і пасьля прэм’еры 9 лістапада спэктаклю маладога драматурга Андрэя Курэйчыка “Згублены рай”. Рэакцыя аматараў тэатру аказалася надзвычай супрацьлеглай — канстатуе Марына Бартніцкая.

(Бартніцкая: ) “Ну, рэакцыя і такая, і такая. Хтосьці падтрымлівае, хтосьці зусім наадварот. Уражаньні розныя, як, зрэшты, і сам спэктакль”.

Выпадак з заснаваньнем першага ў Беларусі тэатральнага сайту адметны ўжо тым, што ініцыятыва яго стварэньня сыходзіла наўпрост ад дырэктара тэатру Генадзя Давыдзькі.

***

Навіны Купалаўскага тэатру, а таксама біяграфіі актораў, адміністрацыі, як там напісана, рэпэртуар можна прачытаць па-беларуску, ангельску і па-расейску. А адкрываюць старонку радкі Янкі Купалы з “Малітвы”.

І пры канцы праграмы пра новае на сайтах у беларускім Сеціве. На нашай Інтэрнэт-старонцы можна прачытаць прамову амэрыканскага сэнатара Джона МакКейна, зь якой ён выступіў на канфэрэнцыі ў Вашынгтоне “Вось зла: прапушчанае зьвяно – Беларусь”.

Сайт Хартыі-97 распачаў публікацыю матэрыялаў газэты “Зубар”. У першым артыкуле актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Зубар” абмяркоўваюць стратэгію цяперашніх акцыяў у падтрымку незалежнасьці і свабоды Беларусі.

Радыё Рацыя працягвае працу ў Інтэрнэце і цяпер мае чатыры вэрсіі выпускаў навінаў і аналітыкі – беларускую, ангельскую, нямецкую і расейскую.

І яшчэ адна навіна – на партале tut.by зьявіліся 26 аўдыёролікаў праекту “Баба Зіна”. Баба Зіна тэлефануе незнаёмым і пытаецца пра актуальныя пытаньні палітычнага і сацыяльнага жыцьця. Напрыклад, калі цячэ столь ці падводзіць таксоўка. Калісьці ў Сеціве на сайце гумару “Карчма ў Старога Язэпа” былі зьмешачаныя некалькі “тэлефанаваньняў” Бабы Зіны. Сёньня Баба Зіна – папулярны пэрсанаж Радыё Альфа, а таксама й беларускага Інтэрнэту… Самыя тры папулярныя ролікі – Топе Бабы Зіны – “Праверка тэлефону”, “Баба Зіна і малады хлопец”, і таксама “Гэты страшны Бін Ладэн”. Вось як гэта гучыць:

(Баба Зіна: ) “Ало, жэншчына. Здраствуйця… Вы ня знаеце, там гэтага Бін Ладэна спаймалі ці не?”

(Жанчына, сьмяецца: ) “Не, не паймалі…”

(Баба Зіна: ) “А ў мяне целявізар сламаўся, дык я ня знаю. Хацела ў Вас узнаць…”

(Жанчына: ) “Да не паймалі яшчэ, не”.

(Баба Зіна: ) “А то мне дома ў сьне страшна спаць адной. Я ня знаю, што гэта”.

(Жанчына: ) “Не хвалюйцеся, да Вас ён ня прыйдзе і ўзрываць Вас ня будзе” (сьмяецца).

(Баба Зіна: ) “Ага, а адкудава Вы знаеце?”

(Жанчына: ) “Бо ў яго іншых клопатаў хапае”.

(Баба Зіна: ) “Ну, спасібачка, дай Вам Бог здароўя, жэншчынка”.

Іншыя тэлефанаваньні Бабы Зіны можна паслухаць на сайце парталу Тут.бай.
XS
SM
MD
LG