Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як празь сеціва зьвязацца зь Міколам Маркевічам, “Беларускія навіны” цяпер ужо он-ляйн ды іншае


Вольга Караткевіч, Прага

Адзін з высланых гарадзенскіх журналістаў Мікола Маркевіч можа кантактаваць празь Інтэрнэт з калегамі і сябрамі. Ён карыстаецца скрыняй мясцовага актывіста Ігара Сімбірава, які трымае сувязь з рэдакцыяй газэты “Пагоня”. Сам Мікола Маркевіч мае электронную адрэсу mmarkievicz@tut.by.

На сайце самой газэты “Пагоня” можна чытаць лісты Міколы Маркевіча з Асіповіцкай высылкі. Яны вельмі цікавыя. Напрыклад, распавядаючы, як іншыя асуджаныя глядзелі фільм “Аднойчы ў Амэрыцы”, спадар Маркевіч піша, што заўвагі па хадзе фільму былі амаль як у Фэліні.

Мікола Маркевіч адзначае, што асуджаныя неблагія, у большасьці вясковыя несапсаваныя хлопцы: “Шкада, што гэтая ўстанова сапсуе іх тут канчаткова”. Лісты Міколы Маркевіча і пра лёс Паўла Мажэйкі чытайце на сайце газэты “Пагоня”– ну і, натуральна, на нашым сайце, бо карэспандэнты Свабоды рэгулярна паведамляюць пра навіны з жыцьця гарадзенскіх журналістаў Маркевіча і Мажэйкі ў высылцы…

***

У беларускім Інтэрнэце зьявілася новая штодзённая газэта – праект інфармацыйнай кампаніі БелаПАН“Беларускія навіны”.

Мы раней распавядалі пра гэты праект, але ад нядаўна газэта ў Сеціве сем дзён на тыдзень, з рэгулярным аднаўленьнем і шырокай інфармацыяй – ад палітыкі да сьвецкага жыцьця. Навіны БелаПАН у Сеціве можна чытаць, маючы пароль, адпаведна, заплаціўшы. “Беларускія навіны” даступныя ўсім, хто, натуральна, мае доступ да Інтэрнэту. На сувязі ў Менску кіраўнік праекту Аляксандар Класкоўскі:

(Класкоўскі: ) “Рана ці позна наш праект дасьць таксама плён, у тым ліку камэрцыйны. Будуць нейкія рэклямныя паступленьні. Але сёньня ў нейкай ступені гэта выглядае альтруізмам. Задача нашага праекту – дапамагаць мясцовай прэсе. Безумоўна, недзяржаўнай найперш – і навінамі, і камэнтарамі, якіх, на мой погляд, не стае”.

(Караткевіч: ) “Пакуль, калі я адчыняю старонку “Беларускія навіны”, я бачу пераважна расейскамоўную вэрсію. Ці плянуецца моўнае пашырэньне вашай Інтэрнэт-газэты?”

(Класкоўскі: ) “Ну, у пэрспэктыве, я думаю, калі наш праект пойдзе так, як мы думалі, будзе разьвівацца, даваць у тым ліку і грашовую аддачу, у ідэале трэба, каб былі тры вэрсіі сайту: беларуская, руская і англійская. Гэта часовы варыянт, ён адлюстроўвае нашае сьціплае матэрыяльнае становішча”.

(Караткевіч: ) “Якая наведвальнасьць сайту, ці ёсьць кантакты з наведнікамі?”

(Класкоўскі: ) “Што тычыцца найбольш аўтарытэтных беларускіх лічыльнікаў, то там лічбы троху разыходзяцца, і гэта асобная тэма. Мы хочам зрабіць тут журналісцкае расьсьледаваньне. Бо, калі глядзіш Беларускі рэйтынг, потым Акавіту, потым All.by, – лічбы розныя. Таму мы схільныя давяраць таму лічыльніку, які нам зрабіла фірма, што й распрацоўвала наш сайт. Згодна з гэтым лічыльнікам, учора акурат быў рэкорд – больш за 950 наведнікаў. Наведнікі ўжо ацанілі наш насычаны рэсурс, зь інтэнсіўнай ратацыяй матэрыялаў, рознабаковы”.

(Караткевіч: ) “Аляксандар, і такое пытаньне зацікаўленай асобы. Вы гаворыце, што “Беларускія навіны” выходзяць он-ляйн – рэгулярна. Калі нейкая падзея адбудзецца ўначы?”

(Класкоўскі: ) “БелаПАН, дарэчы, гэта ўжо паказаў. У крытычныя моманты, калі нейкія былі форс-мажорныя абставіны, мы працавалі і дзень, і ноч. Напрыклад, так было ў вырашальныя дні 9-га верасьня год таму, пад час прэзыдэнцкіх выбараў. У Беларусі спэцыфічныя ўмовы, было крыўдна, калі быў нанесены ўдар ніжэй пояса, калі, так бы мовіць, невядомыя сілы адключылі наш сэрвэр. Гэта было, калі йшоў падлік выбараў. Вядомая гісторыя, якую назвалі першай у беларускім Сеціве кібэрвайной”.

Аляксандар Класкоўскі дадаў, што да такіх выпадкаў Інтэрнэт-газэта “Беларускія навіны” гатовая і дадаў, што выданьне шчыра вітае выкарыстаньне матэрыялаў, але не забудзьцеся зрабіць спасылку!

***

У Беларусі блізу 200 спэцыялізаваных установаў, арыентаваных на паслугі Інтэрнэту. Аднак нарматыўна-прававой базы, якая б рэглямэнтавала дзейнасьць клюбаў ды Інтэрнэт-кавярняў, няма нават у тэорыі. Забараніць доступ да сеціва ці зачыніць клюб па ўласнай прыхамаці можа любы чыноўнік раённай адміністрацыі, і гэтая сытуацыя ў нечым падобная да сытуацыі ў Кітаі, дзе, паводле загаду дзяржаўнага кіраўніцтва, ад нядаўняга часу зачынены доступ да пошукавай сыстэмы Google і наагул абвешчаная вайна Інтэрнэт-клюбам. У Беларусі гэта ня мае такіх маштабаў, але гаварыць пра Інтэрнэт як пра сур'ёзны бізнэс пакуль не выпадае. У працяг тэмы – Ігар Карней:

(Карней: ) “Нядаўна сытуацыю ўзяўся, так бы мовіць, "паламаць" кіраўнік акцыянэрнага таварыства "Камена" Юрый Разоўскі. Заснаваная ім у памяшканьні менскага Дому афіцэраў Інтэрнэт-кавярня "СаюзONline" каштавала яму вялікіх грошай, і спадзявацца на ляяльнасьць альбо супраціў чыноўнікаў ён не зьбіраецца. Спадар Разоўскі падрыхтаваў свае прапановы да функцыяваньня ўстановаў падобнага тыпу на законных падставах. Галоўнае, паводле ягонага меркаваньня, стварыць прэцэдэнт:

(Разоўскі:) "Няма практычна ніякіх дакумэнтаў, якія б рэгулявалі гэты бізнэс. І калі б мы не знайшлі паразуменьня ва ўладных структурах, відавочна, распачынаць справу было б вельмі рызыкоўна, практычна незаконна. Але мы спадзяемся, што ствараем прэцэдэнт, і на базе нашай кавярні ўдасца "адкатаць" пэўныя дакумэнты, якія будуць рэгуляваць дзейнасьць установаў, падобных да нашай. У Менску каля 120 кампутарных клюбаў, але каб на Інтэрнэт была арыентаваная цэлая кавярня, то такіх выпадкаў дагэтуль не было".

Праца кампутарных клюбаў не прыносіць звышпрыбыткаў. Вялікія ўкладаньні ў кампутарную тэхніку, аплата выдзеленых тэлефонных ліній, арэнда памяшканьняў — усё гэта цягне найперш вялікія выдаткі. Запытваю ў спадара Разоўскага: ці азначае гэта, што ёсьць неабходнасьць мець дадатковы бізнэс, каб падтрымліваць існаваньне той жа Інтэрнэт-кавярні?

(Разоўскі:) "Як сказаць... Кампанія існуе ад 1997 году, і натуральна, што пакуль праца Інтэрнэт-кавярні не зьяўляецца прыбытковай і мы ня можам існаваць толькі з гэтай установы. Але калі глядзець у разрэзе патрачанага часу, то можна сказаць, што гэта бізнэс асноўны: 90% часу нашых супрацоўнікаў ідзе на працу, зьвязаную зь Інтэрнэт-кавярняй. Мы спрабавалі ўзяць досьвед найперш маскоўскі, бо там гэты бізнэс разьвіты надзвычай. Скажам, у Літве няма такіх буйных кавярняў, арыентаваных на працу ў Інтэрнэце. Але наагул я б не арыентаваўся на тое, што ёсьць за мяжой: у Расеі, Польшчы, Літве. Бо ў нас па-ранейшаму вельмі спэцыфічны рынак”.

Пры тым, што толькі ў Менску апошнім часам адчынілі дзьверы дзясяткі Інтэрнэт-клюбаў, бальшыня зь іх не разьлічаная на сур'ёзную публіку, а перапрафіляваныя падвальныя памяшканьні шчыра шакуюць спартанскімі ўмовамі. Самі гаспадары тлумачаць мінімум укладаньняў проста: ніколі ня ведаеш, колькі раённыя ўлады цябе будуць тут трываць. Зрэшты, і арыентаваныя гэткія клюбы на канкрэтны кантынгент — падлеткаў, якія блукаюць у сеціве пераважна ў пошуках новых гульняў. Але бясконца так працягвацца ня можа, — лічыць заснавальнік інтэрнэт-кавярні "СаюзONline" Юры Разоўскі, і рыхтуецца да сур'ёзнай канкурэнцыі.

Адмыслоўцы кажуць, што зараз Беларусь перажывае той жа пэрыяд, што ў свой час і астатнія краіны, якія далучаліся да гэтага бізнэсу — пэрыяд шалёнага насычэньня рынку. Узьнікаюць дзясяткі выпадковых фірмаў, якія пасьля месяца працы банкрутуюць. Таму на кожны новы клюб, паводле некаторых падлікаў, два старыя зьнікаюць. І гэты натуральны адбор цалкам лягічны”.

***

(Караткевіч: ) “Сацыяльныя праблемы пачалі вырашаць празь Інтэрнэт. Неадназначная тэма абавязковай службы ў войску стала прычынай дыскусіі на сайце www.mao.by.ru.

Актывісты анархісцкіх арганізацыяў правялі ў Менску акцыю пратэсту супраць прымусовага разьмеркаваньня, а на сайце – дакладная інфармацыя пра ступені вайсковай службы, вайсковыя званьні й тытулы, магчымасьці не служыць. А таксама – маральна-этычны бок абавязковай службы. Аўтары сайту зьвяртаюцца да вядомых людзей мастацтва, якія ў сваіх творах разважалі пра войска савецкага тыпу… На галоўнай старонцы намаляваная рука, пальцы якой трымаюць на вяроўцы небараку-салдаціка…

На сайце www.mao.by.ru ёсьць таксама выказваньні Жан-Жака Русо, Віктара Пялевіна, Оша Ражніча ды іншых пра сэнс абавязковай службы. Ня толькі ў войску…
XS
SM
MD
LG