Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе цэнзура ў менскіх Інтэрнэт-кавярнях, як знайсьці беларусаў у замежжы праз Сеціва ды іншае


Сяржук Сокалаў-Воюш. Прага.

Між тым, у Беларусі ўжо існуе практыка, калі забароненыя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі працягваюць сваё існаваньне ў Інтэрнэце. Так здарылася з газэтай “Пагоня”, так было з папярэдніцамі “Нашай Свабоды” – газэтамі “Свабода” й “Навіны”.

Ці прадугледжвае “Наша Свабода”, у выпадку здушэньня, перайсьці ў сусьветнае сеціва? Гаворыць выдавец і рэдактар газэты Павал Жук:"

(Жук: ) “Мы разглядаем гэтую магчымасьць. У нас зараз ёсьць праблемы з Інтэрнэтам, але яны павіны вось-вось вырашыцца. У Інтэрнэце мы выходзіць будзем, але асноўнае мы ўсё ж думаем, што мы будзем рабіць газэтны варыянт. Здавацца мы не зьбіраемся. Я пацьвярджаю – газэту мы выдаваць будзем у любым выпадку. Не – ну, значыць, будзем рэгістраваць наступную”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Беларусы Сьвету. Знайдзі сваіх”. Менавіта пад такой назвай зьявілася на Беларускай палічцы (http://my.knihi.com/) Інтэрнэту новая старонка, якая ўжо сёньня пачынае набываць папулярнасьць. Стваральнік навінкі – Андрусь Жвір паставіў перад сабой высакародныя мэты:

“Здараецца так, – чытаем ва ўступным слове аўтара, – што на чужыне беларусы жывуць у адным горадзе, на адной вуліцы, але нічога пра гэта ня ведаюць. Спадзяемся, што гэтая старонка дапаможа Вам знайсьці нашых суайчыньнікаў па-за межамі сёньняшняй Рэспублікі Беларусь”.

Адметная рыса старонкі – гэта незагружанасьць нейкімі аздобамі ці процьмай банэраў. Адзінае ўпрыгожаньне зь дзясятак беларускіх сьцягоў, якія часткова перакрываюць адно аднаго і ствараюць уражаньне адзінага хвалістага сьцягу. Нібыта душы раськіданых па сьвеце беларусаў злучаюцца ў адно цэлае.

Я марна спрабаваў зьвязацца са стваральнікам старонкі “Беларусы сьвету” Андрусём Жвіром. Ён жыве ў Аўстрыі, але цяпер выехаў на вакцыі ў Менск. І ўсё ж – о, чароўная сіла Інтэрнэту! – пад час збору водгукаў пра старонку я затэлефанаваў у Францыю да Вольгі Колас, чые каардынаты пазначаныя ў гэтым Інтэрнэт-выданьні:

(Вольга Колас: ) “Справа ў тым, што мой брат – адзін са стваральнікаў гэтага сайту http://www.knihi.com/. Ён робіць Гэтую старонку з Андрусём Жвіром і я ведаю яе з нараджэньня старонкі. Я вырашыла зьмясьціць свае зьвесткі там і магчыма адшукаць некага, хто знаходзіцца зараз у Францыі як і я”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Старонка Вам падабаецца?”

(Вольга Колас: ) “Старонка мне падабаецца і я думаю, што гэта цікавая задумка”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Што ж, гэткім чынам, пытаньні падрыхтаваныя да Андруся Жвіра мы падаем да яшчэ аднаго аўтара Паўла Коласа.

Павал, як стаць удзельнікам вашай старонкі?”

(Павал Колас: ) “Проста трэба выходзіць на гэтую старонку і зарэгістравацца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Павал, сёньня ўдзельнікаў старонкі яшчэ ня шмат і на тое, каб перагледзіць прозьвішчы адрасатаў патрэбна ня больш гадзіны. Ці няма ідэі арганізаваць выданьне такім чынам, каб прозьвічы ў ім выстаўляліся паводле альфабэту?”

(Павал Колас: ) “Мы, канечне, плянуем усё гэта значна пашырыць, увесьці там функцыі пошуку і магчыма яшчэ нейкія дадатковыя слясыфікацыі. Магчыма, паводле рэгіёнаў і гэтак далей”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці мяркуеце вы паставіць на старонцы пашуковік тыпу таго, які стварыў для Беларускага Слоўніка клясычнага правапісу Андрэй Рамашэўскі? Справа ў тым, што часам ня можаш згадаць дакладна імя ці прозьвішча чалавека, альбо ня ведаеш як яно слушна пішацца. Вось жа пашуковік, які знаходзіць усе магчымыя варыянты па некалькіх літарах мог бы і прыдацца?”

(Павал Колас: ) “Можа быць, але пакуль што такіх прапановаў не паступала. Хутчэй за ўсё, мы гэта ўлічым”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як вы можаце пракамэнтаваць наступныя словы ізраільскага карыстальніка старонкі “Беларусы Сьвету. Знайдзі сваіх” Усевалада Лапшы?”

(Лапша: ) “Гэта вельмі цікавая старонка і мне вельмі спадабалася, што я яе спаткаў, але яна працуе ня вельмі зручна, таму што я два разы ўводзіў свае нататкі, але ўвогуле – вельмі цікава”.

(Павал Колас: ) “Справа ў тым, што ў нас быў збой сэрвэру і на нейкі час усе запісы былі згубленыя”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Але далей усё будзе нармалёва, так?”

(Павал Колас: ) “Так”.

А цяпер меркаваньне зь Нямеччыны. З намі на сувязі Алена Шкуматава. Алена, ці дапамагла Вам як-небудзь Інтэрнэт-старонка “Беларусы сьвету”?

(Шкуматава: ) “Я адразу ж, у першы ж дзень знайшла хлопца, які жыве побач – усяго гадзіну ад мяне. Акрамя таго я лічу, што гэта вельмі добрая ідэя, бо, напрыклад, я у Гайдэльбэргу ўжо амаль што год, але яшчэ не сустрэла ніводнага беларуса”.

(Сокалаў-Воюш: ) “На момант падрыхтоўкі матэрыялу ў выданьні, якое існуе ўсяго пару месяцаў, зарэгістраваліся 37 асобаў з 15 краінаў сьвету. Найбольшую актыўнасьць праяўляюць нашыя суайчыньнікі са Злучаных Штатаў і Расеі – адпаведна 8 і 7 асобаў. Яшчэ сем краінаў маюць пакуль што па аднэй рэгстрацыі.

Днямі ў цэнтры Менску, у доме афіцэраў адчынілася новае Інтэрнэт-кавярня "Саюзonline". Кіраўнікі новага праекту сьцьвярджаюць, што гэта першая ў Беларусі Інтэрнэт-кавярня эўрапейскага ўзроўню. Новую Інтэрнэт-кавярню наведаў Віталь Цыганкоў”.

(Цыганкоў: ) “У поўдзень, калі я прыйшоў у новае Інтэрнэт-кафэ, кліентаў там было, скажам шчыра, небагата. Урэшце, як я зразумеў потым пасьля размовы з кіраўніцтвам "Саюзonline", для іх галоўнае якасьць, а не колькасьць. Зграбны інтэр'ер, карціны на сьценах, смачная кава, кандыцыянэр - вельмі рэдкая для Беларусі зьява, а таксама адносна высокія кошты падключэньня ў Сеціва - усё гэта гаворыць пра тое, што новая Інтэрнэт-кавярня задуманая як стыльнае і нават можна сказаць, элітнае месца для карыстальнікаў Інтэрнэту. Заснавальнікі "Саюзonline" наўмысна так будуюць сваю палітыку, каб у кафэ прыходзілі пераважна сур'ёзныя кліенты. Падлеткі-геймеры знойдуць сабе больш таннае месца, тым больш што кавярня ўвогуле не зьбіраецца спецыялізавацца на кампутарных гульнях. Для гэтага ёсьць дзясяткі падпольных Інтэрнэт-кропак, якія працуюць нелегальна і без ліцэнзіі. Але гэта не тая ніша, у якой зьбіраецца здабываць сваіх кліентаў "Саюзonline". Кіраўнік кавярні Віталь Буйноў прызнае, што іхні праект як бы забягае наперад, імкнецца працаваць на пэрспэктыву”.

(Буйноў: ) "Рынак Інтэрнэту ў нас вельмі слаба разьвіты, у Беларусі ён толькі пачынаецца. І наша функцыя ў тым, каб фармаваць гэты рынак, пашыраць кола карыстальнікаў. Мы прыйшлі на гэты рынак, спадзяюся, надоўга, і многія рэчы будзем рабіць першымі, што нас урэшце не бянтэжыць".

(Цыганкоў: ) “Апошнім часам у Байнэце разгарнуліся гарачыя дыскусіі наконт рэгістрацыі наведвальнікаў Інтэрнэт-кавярняў. Віталь Буйноў паведаміў, што ў "Саюзonline" ад кліентаў просяць толькі запісаць сваё прозьвішча. Пашпарту пры гэтым не патрабуецца, і сапраўднасьць пададзеных зьвестак ніхто не правярае. Дарэчы, Буйноў кажа, што падчас працэдуры рэгістрацыі прадпрыемства знаходзіла поўнае паразуменьне ва ўлады.

Натуральна, што сёньня ў Беларусі Інтэрнэт-кафе ня можа адразу ж стаць акупляльным праектам. Таму ня дзіўна, што "Саюзonline" адкрыла фірма, якая займаецца нафтай ды іншымі празаічнымі сфэрамі бізнэсу. Магчыма, менавіта гэта і дае магчымасць уласьнікам новага Інтэрнэт-кафэ трывала стаяць на нагах і дазваляць сабе быць стыльнымі і пераборлівымі. "Мы хочам каб гэтае месца наведвалі салідныя кліенты і ня толькі тыя, каму патрэбны выключна тэхнічны выхад у Інтэрнэт" -- кажа Віталь Буйноў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І на заканчэньне вынікі апошняга Інтэрнэт-апытаньня Радыё Свабода.

Чым можа скончыцца бітва за ўраджай? – пыталіся мы ў сваіх чытачоў і, як заўсёды, прапаноўвалі тры варыянты адказу. На момант падрыхтоўкі перадачы ў апытаньні ўзялі ўдзел 124 чалавекі.

У выніку (калі гэта не іронія) веру ў слушнасьць эканамічнай палітыкі ўладаў прадэманстравалі тры чалавекі, якія лічаць, што ўраджай будзе рэкордным.

Веру ў працавітасьць беларускага народу, альбо ў здольнасьці роднай зямелькі паказалі 46 асобаў. Ім падаецца, што ўраджай пераможа.

Найбольш адказаў сабраў трэйці варыянт. 76 чалавек лічаць, што бітва за ўраджай скончыцца пакараньнем вінаватых”.

XS
SM
MD
LG