Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы сайт пра Чарнобыль; старонка пра гісторыю беларускіх габрэяў; пляны ўраду ЗША ў справе кантролю за Інтэрнэтам


Віталь Цыганкоў, Менск

У панядзелак, 25 чэрвеня, у Інтэрнэце зьявіўся новы сайт — chernobyl.info. Зьяўленьне новай старонкі ў Сеціве нельга лічыць надзвычайнай падзеяй, калі б не адна абставіна: гэты сайт створаны ў рамках праекту, які фінансуецца ўправай разьвіцьця і супрацоўніцтва Швайцарыі сумесна з управай каардынацыі гуманітарнай дзейнасьці ААН і праграмай разьвіцьця ААН. Гэты праект ставіць за мэту запоўніць недахоп інфармацыі пра доўгатэрміновыя наступствы Чарнобылю. Пра новы сайт нашай праграме распавядае памочнік па сувязям з грамадзкасьцю Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Аляксандар Піскуноў:

(Піскуноў: ) “Асноўнае адрозьненьне нашага сайту — ягоная мэта. Гэтая мэта — разьвіваць сувязі паміж прадстаўнікамі розных праектаў і арганізацыяў, што займаюцца аказаньнем дапамогі пацярпеламу насельніцтву. Таксама — ліквідаваць недахоп дакладнай інфармацыі пра доўгатэрміновыя наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Бо менавіта недахоп такой інфармацыі зьяўляецца адным з чыньнікаў, які стрымлівае разьвіцьцё доўгатэрміновага міжнароднага супрацоўніцтва ў разьвязаньні чарнобыльскіх праблемаў.

Таксама задача сайту — яшчэ раз нагадаць сьвету пра мільёны людзей, якія жывуць з наступствамі чарнобыльскай праблемы, адхіліць пагрозу, якая існуе, што тыя праблемы, зь якімі сутыкаюцца гэтыя людзі, могуць быць забытыя”.

(Цыганкоў: ) “Сайт міжнародны, аднак у чарнобыльскіх пытаньнях існуе пэўная канкурэнцыя. Беларусь, Расея, Украіна імкнуцца распавесьці найперш пра свае праблемы. Чыя інфармацыя больш будзе прадстаўленая на сайце?”

(Піскуноў: ) “Адзін з асноўных элемэнтаў сайту — расповед пра тое, як жывуць людзі на пацярпелай тэрыторыі менавіта Беларусі. Шмат месца на сайце прысьвечана жыцьцю адной зь беларускіх вёсак на пацярпелай тэрыторыі — гэта вёска Ігаўка Добрускага раёну. Тыя людзі, якія прыйдуць на прэзэнтацыю нашага сайту, абавязкова пачуюць выступы навучэнцаў, настаўнікаў мясцовай школы. якія сваімі словамі пісалі пра жыцьцё гэтай вёскі”.

(Цыганкоў: ) “Як аб’яўлена, свае зьвесткі на сайт будуць даваць арганізацыі, што займаюцца праблемамі Чарнобылю. Ці можна зараз ужо сказаць, што гэта будуць за арганізацыі?”

(Піскуноў: ) “Стваральнікі сайту гатовыя супрацоўнічаць з усімі. Калі гэты сайт будзе адчынены, у кожнай арганізацыі будзе магчымасьць зайсьці ў адпаведны разьдзел старонкі й напісаць, чым займаецца ягоная арганізацыя. Гэты разьдзел будзе даступны для кожнага”.

Слушна кажуць, што наступствы Чарнобылю нельга ліквідаваць, іх можна толькі мінімізаваць. Таму мэта новага сайту — даваць ня толькі інфармацыю пра наступствы катастрофы, але і пра тое, што можна зрабіць, каб палепшыць якасьць жыцьця людзей у чарнобыльскай зоне і што трэба рабіць, каб самі людзі маглі выяўляць сваю ініцыятыву, зарабляць, паляпшаць сваё здароўе.


* * *

Сайты на габрэйскую тэму даволі шырока прадстаўленыя ў Сеціве, аднак старонак менавіта пра габрэяў Беларусі ня так ужо і шмат. І сярод іх, безумоўна, вылучаецца сайт “Гісторыя габрэяў Беларусі”, (http://beljewhist.virtualave.net), які стварыў Аляксандар Фрыдман. Аляксандар закончыў гістарычны факультэт БДУ, зараз жыве ў Нямеччыне, дзе працягвае сваю навуковую і творчую дзейнасьць. Кола ягоных дасьледаваньняў — гісторыя габрэяў Усходняй Эўропы, найперш Беларусі, і беларуска-габрэйскія сувязі. Аляксандар Фрыдман распавядае пра свой сайт:

(Фрыдман: ) “Сайтаў па гэтай тэматыцы хапае, але ў асноўным яны былі створаныя ў ЗША альбо Ізраілі, і адпаведна адлюстроўваюць гісторыю габрэяў Беларусі з гэтага пункту гледжаньня — амэрыканскага альбо ізраільскага. Я ж імкнуўся адлюстраваць унікальную гісторыяю габрэяў Беларусі з гледзішча беларускага габрэя, грамадзяніна Беларусі. Таму такіх сайтаў фактычна няма, аналягі мне ўвогуле невядомыя. У свой час гэты праект быў проста ўнікальным, цяпер такія сайты зьявіліся, але гэтая ніша пакуль яшчэ не запоўненая”.

(Цыганкоў: ) “Зь якіх краінаў прыходзіць найбольш наведнікаў на вашую старонку?”

(Фрыдман: ) “Варта акрэсьліць пяць галоўных краінаў, адкуль прыходзяць наведнікі. Першае месца ад першых дзён існаваньня сайту займаюць ЗША, потым — Ізраіль, Нямеччына, Беларусь і Расея. Зразумела, бываюць наведнікі і зь іншых краінаў, але ільвіная доля прыходзіць менавіта з гэтых пяці дзяржаваў. З амэрыканскага боку гэта габрэі, якія выехалі ў розны час зь Беларусі, ды іхныя продкі, тое ж самае з Ізраілю і Нямеччыны.

А беларуская аўдыторыя прадстаўленая і габрэямі, і беларусамі. Мне вельмі падабаецца, што я вельмі часта атрымліваю э-мэйлы ад беларусаў, якія цікавяцца габрэйскай гісторыяй, і гэта сапраўды прыемна, — я разумею, што раблю патрэбную справу, наладжваю культурны дыялёг, які вядзе да паразуменьня паміж беларусамі і габрэямі”.

(Цыганкоў: ) “У рамках гэтага дыялёгу, відаць, можна назваць і вашыя працы, якія выстаўленыя на сайце. Якія тэмы вас найбольш цікавяць?”

(Фрыдман: ) “Найперш мяне цікавіць кола тэмаў, дзе прасочваюцца паралелі паміж беларускай і габрэйскай культурай і гісторыяй. Напрыклад, мяне вельмі цікавіла стаўленьне вялікіх літоўскіх князёў да габрэяў — заўсёды імкнуўся прасачыць гэтую лінію ў іхнай палітыцы. Я заўсёды імкнуся акрэсьліць і рабіць нешта ў галіне беларуска-габрэйскай гісторыі, зыходзячы з эўрапейскага кантэксту. Бо інакш нешта зразумець і рабіць у гэтай тэме немагчыма.

Калі казаць пра беларускія постаці, то на сайце была закранутая тэма стаўленьня Янкі Купалы да габрэяў. Зразумела, прысутнічае і такая вельмі важная асоба для разуменьня беларуска-габрэйскіх стасункаў як Зьмітрок Бядуля. Роля беларусаў у жыцьці габрэяў, роля габрэяў у жыцьці беларусаў, роля абодвух народаў, у якіх супольная Бацькаўшчына — гэтыя пытаньні мяне заўсёды цікавілі, і я буду працягваць дасьледчую дзейнасьць у гэтым кірунку”.

(Цыганкоў: ) “Сёньня беларускі Інтэрнэт, нават той, які робіцца за межамі Беларусі — пераважна аматарскі. Гэта індывідуальныя праекты асобных людзей, якія захопленыя гэтай справай. Але некаторыя зь іх маюць намеры ці мары, каб гэтыя аматарскія праекты пераўтвараліся ў нейкія прыбытковыя. Ці маеце вы такі намер?”

(Фрыдман: ) “Такога намеру ў мяне ніколі не было. Гэта праект, які для мяне мае вельмі выразную маральную частку, таму я ніколі ня буду разглядаць як крыніцу для набыцьця нейкага прыбытку”.


* * *

Пасьля 11 верасьня нярэдка зьяўляецца інфармацыя пра магчымасьць увядзеньня ў розных дзяржавах кантроллю за Інтэрнэтам. Адно зь сецевых агенцтваў паведаміла, што амэрыканскім правайдэрам неўзабаве прыйдзецца пачаць адсочваць сваіх кліентаў. Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі ўрад ЗША працягне ажыцьцяўляць свае намеры наконт абароны кібэрпрасторы.

Раней паведамлялася, што аналягічную сыстэму кантролю карыстальнікаў Інтэрнэту будуць уводзіць у некаторых эўрапейскіх краінах. Цяпер у ЗША ідзе праца над законапраектам, паводле якога ўсе амэрыканскія Інтэрнэт-правайдэры будуць абавязаныя захоўваць зьвесткі пра дзеяньні сваіх кліентаў у Сеціве і даваць інфармацыю праваахоўчым органам у выпадку неабходнасьці.

Пакуль іншых зьвестак пра амэрыканскі законапраект няма, аднак у эўрапейскім праекце плянуецца захаваньне загалоўкаў электронных паведамленьняў і гісторыі наведваньня сайтаў. Зрэшты, міністэрства юстыцыі ЗША ўжо адхіліла інфармацыю пра падрыхтоўку такога закону, заявіўшы, што ўрад ня мае права прымушаць правайдэраў сачыць за карыстальнікамі Інтэрнэту.
XS
SM
MD
LG