Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ пра алімпіяду: Беларусь у швэдзкіх чатах, Зянон Пазьняк рыхтуецца да он-лайнавай гутаркі ды іншае.


Вольга Караткевіч, Прага

Зімовая Алімпіяда ў Солт-Лэйк-Сіты скончылася два тыдні таму, аднак падзеі на ёй і вакол гульняў актыўна абмяркоўваююца ў Інтэрнэце. Як сьведчаць дасьледаваньні на сайце www.internet.com , нагрузка на спартовыя сайты рэзка павялічвалася пасьля нейкіх непаразуменьняў на Алімпіядзе ці неардынарных падзеяў.

Тэма перамогі беларускай хакейгай зборнай над камандай Швэцыі за выхад у паўфінал дагэтуль прысутнічае на швэдзкіх Інтэрнэт-сайтах. Я папрасіла зрабіць агляд журналіста Дзьмітрыя Плакса, які жыве ў сталіцы Швэцыі. На сувязі Стакгольм:

(Плакс: ) “Пасьля сэнсацыйнага паражэньня ў хакейным матчы супраць Беларусі амаль што ўсе швэдзкія сайты – як агульнаінфармацыйныя, так і чыста спартыўныя – расцэньваюць вынікі Алімпійскіх Гульняў у Солт Лэйк Сіці як татальнае фіяска. Швэдзкія алімпійцы й напраўду выступілі няўдала: ніводзін швэдзкі спартсмэн не падняўся вышэй другой прыступкі алімпійскага п’едэсталу.
Сапраўднай трагедыяй застаецца прайграны хакейны матч. Хакей – зімовы спорт нумар адзін у Швэцыі, літаральна ўсе швэды закаханыя ў хакей. Калі праглядаеш швэдзкія сайты, то ўражанне такое, нібыта Швэцыя прайграла Беларусі вайну. Чаты перапоўненыя гэткімі запісамі: “Я быў шакаваны, ня спаў усю ноч.”, “Я не магу есьці, што робіцца?” або нават “Гэта быў найгоршы дзень у маім жыцьці”.

Спартовая старонка www.hockeymagasinet.com піша, што сустрэча з Беларусьсю зьяўляецца найбуйнейшай катастрофай у гісторыі швэдзкага спорту. Сайт вечаровай газэты Aftonbladet інфармуе чытачоў аб тым, што сям’я швэдзкага галкіпера Томі Сала знаходзіцца пад псыхалягічным тэрорам з боку шматлікіх фанатаў спорту.
На сайце Aftonbladet так сама апублікавана інтэрв’ю з іграком беларускай зборнай Ігарам Матушкіным, які працуе у хакейным клубе так званай “усяшвэдзкай лігі” “Шэлефцеа” на поўначы Швэцыі.

Вярнуўшыся у Швэцыю чатыры дні таму Матушкін, або, як піша Aftonbladet - “забойца швэдаў”, апынуўся ў двухсэнсавым становішчы – з аднаго боку ён, зразумела, вельмі задаволены перамогай каманды Беларусі, з другога – разумее горыч сваіх сяброў па клубу.
На вэб-старонцы www.expressen.se вынікі Алімпіяды ніяк не адлюстраваны. Гэта даволі дзіўна, таму што газэта Expressen, якой належыць і вэб-старонка, была бадай што самым жорсткім крытыкам швэдзкай каманды. Менавіта ў Expressen нацыянальная зборная Швэцыі была названа “дзяржаўнымі здраднікамі”.

Але ж старонка Expressen – гэта выключэнне з правілаў, пераважная большасьць швэдзкіх Інтэрнэт-рэсурсаў удзеляюць шмат увагі вынікам Алімпійскіх Гульняў. Нават грамадзка-палітычныя электронныя выданні прапануюць увазе чытача свае камэнтары адносна таго, што здарылася падчас Алімпіяды ў Солт Лэйк Сіці. Напрыклад, сайт www.vitryssland.nu , цалкам прысвечаны беларуска-швэдзкім сувязям і беларускай праблематыцы ўвогуле, разьмясціу рэдакцыйны камэнтар, у якім гаворыцца, што, негледзячы на тое, што супрацоўнікі гэтай вэб-старонкі клапоцяцца пра Беларусь, зараз яны бедуюць разам са ўсім швэдзкім народам…

Падсумоўваючы гэты невялічкі агляд можна сказаць, што Алімпіяда пакінула значны адбітак у беларуска-швэдзкіх адносінах. Зараз дзевяноста дзевяць адсоткаў швэдау ўжо цвёрда ведаюць, што ёсць у Еўропе такая краіна – Беларусь.

Са Стакгольму перадаваў Дзьмітры Плакс. І яшчэ пра беларускі дыялёг на Інтэрнэце што да спорту.

Мы атрымалі электронны ліст ад чытача нашага сайту – журналіста з Хараватыі Давора Чарыча, які ў нашых паведамленьнях пра вынікі спаборніцтваў у Солт Лейк Сіці заўважыў, што прозьвішча харвацкай гарналыжніцы Яніцы Костэліч – двойчы чэмпіёнкі гэтай алімпіяды – напісана як Кастэліч. Чарыч напісаў, што націск стаіць на першым складзе прозьвішча, таму трэба пісаць “о”.

Чэская фундацыя “Чалавек у бядзе” на сваёй Інтэрнэт-старонцы зьмясьціла анонс заплянаванай на 6-га сакавіка размовы зь Зянонам Пазьняком у рэжыме “он-ляйн”. Пачынаецца гэты чат а 14-й гадзіне паводле праскага часу – гэта 15-ць менскага. Сам Зянон Пазьняк у гэты час будзе ў Празе , каб чытаць лекцыі ў Карлавым унівэрсытэце, гатовы адказаць на пытаньні наведнікаў Сеціва. Разам са спарадом Пазьняком будуць перакладчыкі, якія ведаюць беларускую мову і асноўныя мовы, на якіх можна чакаць пытаньняў. Гаворыць супрацоўнік Беларускага інфармацыйнага цэнтру Фундацыі “Чалавек у бядзе” Ян Мар’ян:

(Мар’ян: ) “Беларускі цэнтар вырашыў запрасіць спадара Пазьняка як аднаго зь лектараў на курс “Уводзіны ў беларусістыку” філязафічнага факультэту, які адбываецца ў гэтым сэместры. З увагі на тое, што ён тут будзе некалькі дзён, мы лічым, каб было добра, каб ён узяў удзел у яшчэ некалькіх акцыях. Таму мы вырашылі арганізаваць зь ім чат на нашай Інтэрнэт-старонцы www.infoservis.net . Каб меў магчымасьць падыскутаваць пра сучасную Беларусь з зацікаўленымі асобамі з Чэхіі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму Вы думаеце, што менавіта асоба Зянона Пазьняка можа выклікаць цікавасьць для наведнікаў гэтага сайту?”

(Мар’ян: ) “Паколькі Зянон Пазьняк – адзін з ключавых прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху. І хоць ужо некалькі гадоў ён жыве ў эміграцыі, не перастае быць беларускім сучасным дзеячам найноўшай гісторыі і гэта будзе цікава прадстаўнікам Чэхіі”.

(Карэспандэнт: ) “Ян, а якое пытаньне ты б задаў Зянону Пазьняку?”

(Мар’ян: ) “Я б у яго, зразумела, запытаўся ў яго пра пэрспэктывы сучаснай Беларусі і калі ён будзе мець магчымасьць вярнуцца ў Беларусь”.

Я дадам, што ў чатах на сайце Інфармацыйнага цэнтру фундацыі “Чалавек у бядзе” бралі ўдзел кітайскія дысыдэнты, прадстаўнікі крымскіх татараў. Што да віртуальнай сустрэчы зь Зянонам Пазьняком, дык адзначу, што менавіта Пазьняк быў першым зь беларускіх палітыкаў, які правёў прэсавую канфэрэнцыю ў Сеціве. Гэта было ў кастрычніку 1998 году. Тады пытаньні не фільтравалася і адказы мелі рэзананс. Газэты Імя прысьвяціла Інтэрнэт канфэрэнцыі Зянона Пазьняка палову паласы. Вашыя пытаньні, нагадаю, Вы можаце задаць Зянону Пазьняку ўжо зараз, набраўшы адрэсу www.infoservis.net .

Беларускі калегіюм цягам бліжэйшых двух тыдняў папоўніць Інтэрнэт-сеціва адмысловым сайтам. Аўтары ідэі плянуюць друкаваць новую вэб–старонку на пяці мовах. З падрабязнасьцямі Галіна Абакунчык.
Сярод беларускіх Інтэрнэт-праектаў сайт Беларускага Калегіюму мае вылучацца некалькі адметнасьцямі перадусім – зьмястоўнага й моўнага характару. Гэта будзе першая вэб-старонка для беларускіх інтэлектуалаў з паквартальным абнаўленьнем. Гаворыць адзін зь яе заснавальнікаў, дырэктар Беларускага Калегіюму Алесь Анціпенка.
(Анціпенка:) “Інтэлектоўныя навіны й здарэньні не здараюцца кожны дзень і нават кожны тыдзень. Таму ў фармаце квартальніка навіны будуць зьяўляцца. У першую чаргу гэта будзе інтэлектоўны рэсурс: будуць рэпрэзэнтавацца найлепшыя нашыя інтэлектуалы, якія толькі ёсьць. Гэта будзе адметнасьць нашай старонкі. Дызайн старонкі ўжо зроблены. будзе разьдзел лекцыяў, праектаў, студэнцкія праекты, газэта й нашая агульная інфармацыя пра навучальныя праграмы."
Паводле словаў Алеся Анціпенкі, гэта толькі першасны варыянт Інтэрнэт–старонкі, што мае кампэнсаваць заўзятарам страту публічных лекцыяў і прэзэнтацыяў, якія Беларускі Калегіюм перапыніў з-за адсутнасьці памяшканьня. Нагадаю, што адміністрацыя бібліятэкі імя Янкі Купалы скасавала дамову арэнды актавай залі тыдзень таму. Заснавальнікі новага беларускага сайту плянуюць таксама з цягам часу стварыць архіў Беларускага Калегіюму. Гаворыць Алесь Анціпенка.
(Анціпенка:) “З цягам часу будзе зьмешчаны вялікі корпус тэкстаў па журналістыцы й філязофіі літаратуры, па найноўшай гісторыі. Таксама нашыя кнігі, якія ўжо выйшлі ці яшчэ выйдуць, а таксама студэнцкія часопісы. У больш далёкай пэрспэктыве плянуем рабіць вэртуальныя прээнтацыі найбольш цікавых інтэлектоўных рэчаў. Мы бы хацелі рабіць гэтыя прэзэнтацыі жывой справай, калі студэнты будуць задаваць пытаньні аўтару й на падставе гэтых пытаньняў будзе атрымлівацца такі дыялёг старэйшага пакаленьня інтэлектуалаў з маладымі. Матэрыялаў шмат."
Паведаміў Алесь Анціпенка. Акрамя таго кіраўнік праекту мяркуе прапанаваць карыстальнікам так званы мінімальны "джэнтэльмэнскі набор" беларускага інтэлектуалу: мовы чатырох суседніх народаў. Гэта значыць, што сайт Беларускага Калегіюму будзе друкавацца на беларускай, польскай, расейскай, украінскай і літоўскай мовах.

У эфіры Беларускі дыялёг на Інтэрнэце. І апошняе сёньня - колькі словаў пра навінкі Сеціва – сайты, створаныя рэгіянальнымі беларускімі арганізацыямі.

Турысцка-экалягічна-краязнаўчы клюб “Дзьвіна” Лужаснянскай гімназіі распрацавалі мастацка-інфармацыйны Інтэрнэт-праект “Наш Край”. www.kraj.vitebsk.net . Сайт аздоблены шматлікімі прыгожымі фотаздымкамі і мае поўную інфармацыю пра прыгажосьць віцебскага краю і магчымыя маршруты вандровак. Уся інфармацыя падрыхтаваная, як падаецца Піваварам Мікалаем. Клюб Дзьвіна праз Інтэрнэт паведамляе, як паўдзельнічаць у турыстычных і экалягічных вандроўках. Пагартаўшы старонкі сайтуможна чаго даведацца, напрыклад, што самая вялікая хвоя ў Беларусі расьце каля вёскі Сушчова Віцебскага раёну.

XS
SM
MD
LG