Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чытачы сайту Свабоды – за ўступленьне Беларусі ў НАТО, дзе паслухаць аўдыёфайлы рэпартажаў з “аксамітнай рэвалюцыі” ў Празе, пра падзеньне рэжыму Чаўшэску.


Вольга Караткевіч, Прага

“50 гадоў Гуку Свабоды,” - гэтымі словамі пачынаецца сайт, прымеркаваны да юбілею Радыё Свабода-Радыё Свабодная Эўропа. Адрас – www.rferl.org/50years. На адмыслова створанай Інтэрнэт-старонцы разьмешчаныя матэрыялы, датычныя юбілейнай даты і гісторыі Радыё.

“Рэпартэры Свабоды дапамагалі свабодалюбным людзям перамагчы Халодную вайну і давалі надзею тым, хто жыў у дыктатуры”, - адзначыў у сваім пасланьні прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. На сайце можна прачытаць выступы і звароты прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла, лідэраў Баўгарыі, Эстоніі і Грузіі, праваабаронцы Елены Бонэр. Вы знойдзіце аўдыёфайлы пяцідзесяцігадовай даўніны – урыўкі з трансьляцыяў расейскай, грузінскай, чэскай, польскай службаў. На сайце зьмешчаныя ўнікальныя запісы рэпартажаў, якія журналісты вялі з вуліцаў Прагі пад час уварваньня савецкіх танкаў у 1968 годзе, пад час “аксамітнай рэвалюцыі” ў Чэхіі і падзеньня рэжыму Чаўшэску ў Румыніі – усе значныя падзеі, пра якія гаварыла Радыё Свабода. У тым ліку і словы Ўладзіміра Кудзінава, які, пасьля 4-х гадоў зьняволеньня, пра сваё вызваленьня даведаўся, слухаючы Свабоду.

А зараз пра інфармацыйныя рэсурсы пра Беларусь у замежжы. Ад 1998 году працуе сайт Беларускага цэнтру ў Празе. Цэнтар заснаваны фундацыяй “Чалавек у нядолі” - www.belcentrum.org . Там зьмяшчюцца навіны, аналітычныя агляды, паведамленьні пра дзейнасьць Цэнтру. Праз e-mail (электонную пошту) інфармацыю сайту атрымоўваюць чэскія ўплывовыя асобы: дэпутаты, сэнатары, журналісты. На вэб-староцы ёсьць спасылкі на арганізацыі-партнэры Беларускага цэнтру. Мы пагутарылі з адным са стваральнікаў сайту Ўладзіславам Яндзюком:

(Яндзюк: ) “Сайт робіцца фактычна на 3-х мовах. Асноўная – гэта чэская вэрсія. Беларуская троху адрозьніваецца – там толькі некаторыя матэрыялы пра дзейнасьць Беларускага цэнтру, фактычна, каб на беларускім баку ведалі, што робіцца, а таксама, як з намі навязаць кантакт. Ёсьць ангельская вэрсія.

Не магу пахваліцца, што мы маем вялікую наведвальнасьць, але гэта цалкам натуральна, бо праваабарончыя і гуманітарныя рэсурсы ў Інтэрнэце ня маюць такой вялікай адозвы. Але рэсурс у Чэскай Рэспубліцы, у чэскім асяродку мае пэўнае рэнамэ, мае пэўны водгук, і магу сказаць, што карыстаецца попытам сярод сапраўды ўплывовых асобаў і паважаных асобаў тут, у Чэскай Рэспубліцы”.

(Караткевіч: ) “Для Беларусі актуальнае пытаньне колькасьці карыстальнікаў Інтэрнэту. Ці актуальнае пытаньне колькасьці ў Чэхіі? Ці можа ёсьць іншыя праблемы?”

(Яндзюк: ) “Тут ёсьць свае праблемы. Галоўнае, што стрымлівае распаўсюджваньне Інтэрнэту, хаця я лічу і, наколькі я памятаю лічбы, Чэская Рэспубліка сярод краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы адна з найбольш “інтэрнэтызаваных”, але ёсьць свае праблемы. Галоўная праблема, якая стрымлівае разьвіцьцё Інтэрнэту тут, у Чэхах, - гэта манаполія на тэлефанічную сувязь, якая яшчэ гэты год будзе захоўвацца. Гэта ўстаноўлена законам. Спадзяемся, што ў наступным годзе манаполія будзе скасаваная і тады, канечне, лічыцца, што кошты на тэлефанічную сувязь будуць падаць і патаньнее Інтэрнэт”.

(Караткевіч: ) “Ці можна гаварыць пра нейкую адметнасьць чэскага Інтэрнэту?”

(Яндзюк: ) “Чэхі не ствараюць дублікатаў рэсурсаў інтэрнэтавых. Яны адукаваныя людзі і могуць наўпрост карыстацца, напрыклад, ангельскамоўнымі рэсурсамі, калі патрабуюць нейкую інфармацыю. Такім чынам няма дубляваньня таго, што ўжо ёсьць, напрыклад, у ангельскіх вэрсіях.

Па-другое, вялікую долю Інтэрнэту займаюць так званыя інфармацыйныя парталы, якія канцэнтруюць у сабе як каталёгі, так і апошнія паведамленьні, дадатковыя службы, мапы, слоўнікі. Проста тут Інтэрнэт разглядаецца як дапаможны для чалавека, якому трэба нешта вырашыць ці знайсьці.

Інтэрнэт ня мае тут такога ўплыву, як, напрыклад, у Расеі. Я таксама назіраю за разьвіцьцём там падзеяў: расейцы маюць схільнасьць ствараць паралельныя структуры, ствараць паралельныя сродкі масавай інфармацыі і рабіць зоны ўплыву. Тут у Інтэрнэце такога няма – ён выключна разглядаецца як прылада для камунікацыі, для вырашэньня нейкіх штодзённых пытаньняў”.

Уладзіслаў Яндзюк сказаў пра тое, што сайт Беларускага цэнтру ў Празе – трохмоўны. Аднак на старонцы пазначана і расейскамоўная вэрсія. Я выйшла на тую старонку і прачытала: “Просім прабачэньня, у зьвязку зь недахопам рэсурсаў і з-за адсутнасьці патрэбы спыненая падтрымка і абнаўленьне расейскамоўнай вэрсіі Беларускага цэнтру. Дзякуем за разуменьне”.

Цікавы Інтэрнэт-праект распрацавала Белорусская деловая газета – “Выбары-2001, верагодныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта”. Выхад на старонку праз сайт БДГ – www.bdg.by . Пра 14-ць меркаваных прэтэндэнтаў можна ўведаць усё – ад палітычнай праграмы да сямейнага жыцьця і хобі. Напрыклад, Сяргей Гайдукевіч піша вершы, Павал Казлоўскі любіць езьдзіць на лецішча, якое пабудаваў сваімі рукамі, прафсаюзны лідэр Валеры Леванеўскі – кандыдат у майстры спорту па боксе і гэтак далей. Найбольшую цікавасьць наведнікаў сайту выклікаў лідэр беларускай лібэрал-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, ён набраў самы вялікі працэнт галасоў у адказе на пытаньне, ці мае кандыдат шанцы набраць 100 тысячаў подпісаў для рэгістрацыі. Цікава, што найменш станоўчых адказаў атрымаў лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. Сярод “пяцёркі”, што заявіла каардынаваць дзейнасьць пад час выбарчай кампаніі, лідэрам на сайце БДГ Сямён Домаш.

“Беларусь вышэй за ўсё!” – дэвіз новага беларускамоўнага сайту, створанага Беларускай Партыяй Свабоды. У характэрным для гэтай партыі радыкальным стылі зробленае інфармацыйнае напаўненьне старонкі. Напрыклад, верш, які пачынаецца словамі “Маю вёску маскалі спалі” ці адмыслова напісаны паэтам Славамірам Адамовічам Марш БПС: “Мокра на дворышчах, сьветла ў душы, ворагаў зборышчы сьмела крышы!” Адрас сайту Беларускай Партыі Свабоды www.geocities.com/bps_belarus . Усе старонкі сайту – статут, задачы, гістарычныя даты і гэтак далей загружаюцца добра, а вось “Галерэі” фотаздымкаў пабачыць так і не ўдалося.

Апытаньне Свабоды. Традыцыйная рубрыка перадачы Беларускі дыялёг на Інтэрнэце, у якой мы распавядаем пра вынікі вокс-популі на нашым сайце за два мінулыя тыдні. 76 працэнтаў чытачоў сайту Свабоды выступае за ўступленьне Беларусі ў НАТО, 18 - супраць, а 6 – ня ведаюць. Апошняе нашае пытаньне, на якое Вы можаце адказаць яшчэ сёньня – Якая з суседніх зь Беларусьсю краінаў – Польшча, Літва, Расея, Латвія ці Ўкраіна аказвае на яе найбольш станоўчы ўплыў? 41 працэнт лічыць, што Польшча, 23, што Літва. 17-ць працэнтаў тых, хто адказаў на нашае пытаньне назвалі Расею. Латвія атрымала 14-ць працэнтаў, Украіна – 5 працэнтаў. Гаворачы пра гэты вынік варта нагадаць, што на пытаньне, хто з суседзяў Беларусі найбольш блізкі беларусам па духу, наведнікі сайту Свабоды назвалі ўкраінцаў.

Ад панядзелка мы прапануем пытаньне, ці калі-небудзь беларусы будуць патрабаваць візу для ўезду ў Расеі. Адказвайце: www.svaboda.org

Беларускі Інтэрнэт багацее на аўдыёфайлы. На сайце Карчма ў Старога Язэпа абнаўленьне калекцыі выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі - www.jazep.f2s.com Стары Язэп нагадвае, што “югаслаўскі варыянт” не дае Аляксандру Лукашэнку спакою ўжо даўно:

(Лукашэнка: ) “Тут патрэбная ў Беларусі патасоўка, каб зрабіць карцінку, а яшчэ і ў цёмны час! Цудоўна! Чачня! Югаславія! Ірляндыя! Выбухі, сполахі ў начы. Патрэбная ў Беларусі карцінка.”

Стары Язэп, разьмясьціўшы нядаўна новую падборку выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, выперадзіў выступ апошняга на так званым Усебеларускім сходзе. Абяцаючы ў наступнай пяцігодцы заробак каля 200 даляраў, Аляксандар Лукашэнка пярэчыць сабе:

(Лукашэнка: ) “Да ня станем мы лучшэ жыць, ня станем… Мы будзем яшчэ доўга беднымі”.

Аглядальнікі пыталіся, чаму на сходзе не гучэла альтэрнатыўнай думкі… Аляксандар Лукашэнка ніколі не мяняў свайго стаўленьня да апанэнтаў:

(Лукашэнка: ) “І тут ня толькі апазыцыі, дык ніводнага прадстаўніка іншых партыяў ня будзе”.

І памыляюцца тыя, хто гаворыць, што Аляксандар Лукашэнка не карыстаецца беларускай мовай. Калі гаворка ідзе пра набалелае…

(Лукашэнка: ) “Патрэбны бальшыя грошы. Хто нам сёньня дасьць грошы? Гэтыя – не дадуць, гэтыя – не дадуць. Гэтыя камэрсанты не дадуць, бізнэсмэны – не дадуць. Трэба ісьці к бандытам”.

Стары Язэп дае ўвагу ня толькі лідэру Беларусі, але і яе насельнікам. У любой краіне сьвету, набраўшы адрэсу www.jazep.f2s.com можна паслухаць як Баба Зіна з дзярэўні (выканаўца невядомы) гутарыць па тэлефоне зь незнаёмымі людзьмі…

(Баба Зіна: ) “Халё!”

(Жаночы голас: ) “Алё, хто гэта?”

(Баба Зіна: ) “Жэншчына, здраствуйця!”

(Жаночы голас: ) “Здраствуйце!”

(Баба Зіна: ) “Ой, гэта… А чаго ад вас так лукам пахнець?”

(Жаночы голас: ) “Што… Да Вы што, п’яная, што лі?”

(Баба Зіна: ) “Чаго я п’яная табе? Гэта… Лукам пахнець”.

(Жаночы голас: ) “Какім лукам? Адкуль… Што… Хто ты такая?”

(Баба Зіна: ) “Ці часныком… Гэта баба Зіна зь дзярэўні”.

(Жаночы голас: ) “А куда Вы звоніця?”

(Баба Зіна: ) “К Вам званю…”

(Жаночы голас: ) “Куда к Вам?”

(Баба Зіна: ) “Значыцца, 245-28-21”.

(Жаночы голас: ) “Гэта не туда. У нас такой нет. Эта ня гэтат целефон савсем”.

(Баба Зіна: ) “А чаго ад Вас лукам пахнець?”

(Жаночы голас: ) “Вы што, дурная, што лі?”

(Баба Зіна: ) “А-а, дурная… Табе дурная – не дурная!”

І на завяршэньне сёньняшняй перадачы Беларускі дыялёг на Інтэрнэце яшчэ пра адну новую старонку. Культурная спадчына Беларусі захоўваецца ў Сеціве. Створаная старонка, прысьвечаная Міхаілу Клеафасу Агінскаму. Выхад на яе праз адрэсу www.smorgonnews.promedia.minsk.by . Набіраеш і адразу гучыць знакаміты палянэз Агінскага “Разьвітаньня з Радзімай.

“… 28-га красавіка 1802 году я зьехаў зь Пецярбургу з намерам назаўсёды пасяліцца ў вёсцы, недалёка ад Вільні…” Так пісаў у сваіх мэмуарах князь Міхаіл Клеафас Агінскі пра той час, як ён прыехаў у Залесьсе. На старонцы, прысьвечанай кампазытару – яго біяграфія, Залесьсе пасьля Агінскага, фотаздымкі.
XS
SM
MD
LG