Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці ёсьць у вас сваякі ў ЗША – зьявіўся сайт зь пералікам эмігрантаў у Амэрыку.


Вольга Караткевіч, Прага

(Караткевіч: ) “Прывітаньне. Пачнем сёньняшнюю праграму з аналізу магчымых наступстваў для Інтэрнэту дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі пра выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі. Рэч у тым, што многія замежныя прадстаўніцтвы спрычыніліся да кампутарызацыі беларускіх няўрадавых арганізацыяў і да пашырэньня Інтэрнэту ў краіне. Гэта Фонд Сораса, IREX, некаторыя замежныя амбасады.
Пасьля вымушанага сыходу зь Беларусі Фонду Сораса тэхнічная дапамога скарацілася . Тэму працягвае наш менскі карэспандэнт Ігар Карней:

(Карней: ) “Патрэбу ўнутранага рынку ў пэрсанальных кампутарах і камплектных дэталях беларускія вытворцы задавальняюць на 10-15%. Рэшту трэба везьці з-за мяжы альбо праз Расею з Паўднёва-Азіяцкага рэгіёну — Кітаю, Тайлянду ці Паўднёвай Карэі. Зараз за ўсімі гэтымі паступленьнямі будуць пільна сачыць супрацоўнікі дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі Лукашэнкавай адміністрацыі. Як гэта адаб'ецца на недзяржаўным сэктары?

Прадстаўніцтва Рады міжнародных дасьледаваньняў і абменаў IREX добра вядомае найперш беларускім недзяржаўным мас-мэдыям. Большасьць незалежных СМІ атрымалі доступ да Інтэрнэту дзякуючы менавіта тэхнічнай падтрымцы IREX. Як зараз будзе рэглямэнтавацца дзейнасьць прадстаўніцтва — супрацоўнікі прадстаўніцтва толькі гадаюць. На жаль, менавіта гэтымі днямі ў офісе IREX пачалася татальная праверка фінансавай дзейнасьці прадстаўніцтва, і кіраўніцтва палічыла за лепшае не зазіраць у пэрспэктыву, не разабраўшыся з днём сёньняшнім.

Таксама няпэўны стан калектываў рэгіянальных выданьняў. Як паведамілі мне ў БАЖ, шэраг такіх выданьняў апошнія гады зьвярталіся да замежных амбасадаў у Беларусі з просьбай дапамагчы рэдакцыям абсталяваньнем. Калі зараз кожны крок будзе адсочваць адмысловае ведамства па наглядах, будучыня рэгіянальных друкаваных выданьняў — пад вялікім пытаньнем. Вось што кажа рэдактар і заснавальнік “Новай газэты Смаргоні” Рамуальд Улан:

(Улан: ) "Новая газэта Смаргоні” атрымлівала дапамогу па лініі Эўразіі, мы друкавалі прававую тэматычную старонку. Сытуацыя з 8-м дэкрэтам, яна, безумоўна, вельмі нязручная для нас як выданьня. Дзяржава спрабуе абмежаваць працу трэцяга сэктару. Сама дзяржава адмаўляецца ад дапамогі. Гэта сьмешна, эканамічна – гэта нонсэнс”.

Калі паступленьні аргтэхнікі прымусова можна неяк прыпыніць, то лягічна паўстае пытаньне: ці не замахнуцца беларускія ўлады на Сеціва

Зараз у Беларусі існуе генэральны Інтэрнэт-правайдэр — дзяржаўнае прадпрыемства “Белпак”. Правы на так званае субправайдэрства маюць больш за два дзясяткі дробных фірмаў.

Вядома, загадваць у гэтай сфэры складана. Але можна рэгуляваць кола карыстальнікаў, што й зьяўляецца адной з мэтаў сумнавядомага дэкрэту.

Ігар Карней расказаў пра магчымае ўзьдзеяньне на карыстаньне Інтэрнэтам у Беларусі дэкрэта нумар 8.


У эфіры перадача “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”. Прэзыдэнт Леанід Кучма падпісаў указ “Пра ўпарадкаваньне вытворчасьці, набыцьця і выкарыстаньня тэхнічных сродкаў для зьняцьця інфармацыі з каналаў сувязі”. Ён уступае ў сілу 13-га траўня. Рэалізоўваць указ мусіць Служба бясьпекі Ўкраіны. Незалежная ўкраінская Інтэрнэт-газэта “Ўкраінская праўда”, якую заснаваў забіты журналіст Георгі Гангадзе, пракамэнтавала ўказ прэзыдэнта так: “Дзяржава робіць наступ на Інтэрнэт”. Мы папрасілі галоўнага рэдактара Ўкраінскай праўды Олену Прытулу патлумачыць выснову газэты:

(Прытула: ) “Рэч у тым, што канал сувязі гэта й ёсьць Інтэрнэт? і ўвогуле да гэтага Служба бясьпекі Ўкраіны рабіла пэўныя захады для выкарыстаньня Інтэрнэту для кантролю інфармацыі. Нам вядома і пра гэта пісала ўкраінская прэса, што кожны правайдэр быў змушаны паставіць у сябе такі спэцыяльны вузел, і на тым вузьле зараз працуюць супрацоўнікі Службы бясьпекі. Ніхто з супрацоўнікаў правайдэраў пакуль яшчэ не гавораць пра гэта афіцыйна, але ў прыватных гаворках яны кажуць, што змушаныя былі гэта зрабіць. Больш за тое, яны ўзялі гэтых супрацоўнікаў СБ на ўласнае ўтрыманьне і плацяць ім грошы”.

(Караткевіч: ) “Ці ёсьць магчымасьці ва Ўкраінскіх правайдэраў нейкім чынам пазбавіцца гэтага кантролю, ці ёсьць мэханізмы абароны?”

(Прытула: ) “На жаль, такіх магчымасьцяў у іх няма, бо пакуль яны вельмі моцна залежаць ад дзяржавы, таксама ад Службы бясьпекі. Яны падпарадкаваныя законам пра інфармацыю і працуюць так, як ім скажуць”.

(Караткевіч: ) “Як бы Вы наагул ахарактарызавалі сытуацыю са свабодай слова ва Ўкраіне і пра магчымасьці Інтэрнэту інфармаваць украінскае грамадзтва?”

(Прытула: ) “Сытуацыя са свабодай слова ва Ўкраіне іншая, калі параўнаць яе з сытуацыяй да таго, як зьнік Георгі Гангадзе і пасьля таго. Журналісты не змаглі больш брахаць, калі гаварылі пра свайго калегу, калі ім гаспадары заяўлялі: вы ня можаце казаць гэта ці іншае, яны адказвалі – мы так ня можам, бо гэта тычыцца нашага калегі. Пасьля зьнікненьня Георгія Гангадзэ пачаўся-такі пакрысе-пакрысе прыход свабоды ў сродкі масавай інфармацыі Ўкраіны. Але й зараз можна сказаць, што Інтэрнэт ёсьць адзінай аб’ектыўнай і праўдзівай крыніцай інфармацыі для тых, хто мае доступ да Інтэрнэту”.

Гэта была галоўны рэдактар украінскай незалежнай Інтэрнэт-газэта “Украінская праўда” Олена Прытула.

У Інтэрнэце зьявіўся сайт, які дазваляе ўведаць, ці ёсьць у вас сваякі ў ЗША – кожны, хто мае доступ да сеціва, можа прагледзіць сьпісы пасажыраў караблёў, якія даставілі ў Нью Ёрк 17 мільёнаў эмігрантаў - з 1892 году да 1924. Гэтыя гады сталі пікам эміграцыі - больш як 5 тысячаў чалавек штодзённа высаджваліся на выспу Эліс.Зь Беларусі ў так званай першай хвалі эміграцыі ў Амэрыку выехалі дзесяткі тысячаў чалавек. Цікаўныя могуць зазірнуць на сайт з адрэсай: www.ellisislanderecord.org .


Прадстаўнікі Фундацыі Статуі Свабоды выспы Эліс, якая апякуецца музэем і праектамі фамільнай гісторыі, чакае,што мільёны чалавек захочуць зазірнуць на Інтэрнэт-старонку. У якасьці прыклада яны ўзялі Мармонскую Царкву, якая стварыла генэалягічны вэб-сайт www.familysearch.org . Сайт стаў такім папулярным, што рэгулярна завісае. Зрэшты, і сайт са сьпісам эмігрантаў, што высадзіліся на выспе Эліс, таксама адкрыць амаль немагчыма.


У Інтэрнэце наведнікі беларускага сеціва ўжо выбіраюць прэзыдэнта і атрыбуты дзяржавы. У апошняй апытанцы Радыё Свабода высьвятляла, хто, на думку чытачоў нашага сайту, будзе прэзыдэнтам Беларусі? Паводле вынікаў на момант падрыхтоўкі перадачы, лідэрам Сямён Домаш – каля 40-ка працэнтаў наведнікаў нашага сайту прагназуюць яго посьпех, 30 працэнтаў лічаць, што пераможа Аляксандар Лукашэнка. Уладзімір Ганчарык, Павал Казлоўскі і Міхаіл Чыгір маюць прыкладна па 4 працэнты галасоў. Каля 20-ці працэнтаў лічаць, што будучым прэзыдэнтам будзе іншая асоба. Вы яшчэ можаце выказаць сваё меркаваньне па адрэсе: www.svaboda.org , а ад панядзелка мы будзем высьвятляць, як часта чытачы старонкі слухаюць Радыё Свабода…

Цікавасьць да выбараў прэзыдэнта праяўляюць і гаспадары сайтаў, якія пакуль ня маюць канстытуцыйнага права голасу, бо маладзейшыя за 18-ць гадоў. 13-ці гадовы Франэк Вячорка стварыў неафіцыйны сайт Выбары-2001. www.geocities.com/belarus_2001 Па-беларуску, ангельску, француску – чытайце артыкулы пра палітычныя падзеі ў Беларусі, а таксама біяграфіі некаторых патэнцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы тыя ж – Домаш, Чыгір, Ганчарык, Лукашэнка. Ёсьць у сьпсе і Сяргей Гайдукевіч, Зянон Пазьняк, Івонка Сурвілла. Гаворыць Франэк Вячорка:

(Вячорка: ) “Ад самага пачатку сайт быў вельмі папулярны - па 20-40 чалавек за дзень яго чыталі, потым статыстыка крыху зьмяншалася, але зараз я чакаю вялікага ўздыму, бо буду рэгістраваць новы адрас кароткага імя і новы партал, каб там можна было заводзіць пошту”,

(Караткевіч: ) “Скажыце, Франэк, а вот сярод прапанаваных Вамі патэнцыйных кандыдатаў хто Ваш фаварыт?”

(Вячорка: ) “Мой фаварыт – Сямён Мікалаевіч Домаш, бо я лічу, што гэта адзіны кандыдат, альтэрнатыўны да Лукашэнкі, ён можа стварыць адзіную патэнцыяльную канкурэнцыю яму. Але ж я думаю, што ёсьць шанцы і ў Ганчарыка, і ў Казлоўскага, і ў Чыгіра”.

(Караткевіч: ) “Нехта дапамагае Вам зь ідэямі, як афармляць гэтую старонку? Дзе, напрыклад, Вы бралі зьвесткі пра біяграфіі кандыдатаў?”

(Вячорка: ) “Біяграфіі я бяру з сайту IREX, самы артыкулы пішу сам і бяру з сайту Радыё Рацыя і Радыё Свабода”.

(Караткевіч: ) “Далей я запыталася ў Франэка Вячоркі, як ён ставіцца да таго, што ягоны тата, Вінцук Вячорка, не бярэ ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі ў якасьці кандыдата?”

(Вячорка: ) “Я быў бы за, калі б ён балятаваўся, але ён сам гэтага ня хоча”.

(Караткевіч: ) “А вы на гэтую тэму дыскутавалі?”

(Вячорка: ) “Так, я яго пераконваў, але ён ня хоча разглядаць сваёй кандыдатуры”.

Пляны ў Франэка Вячоркі што да Інтэрнэту – грандыёзныя: стварыць паўнацэнны партал – каталёг, разьмясьціць паштоўкі і беларускія показкі, электронную пошту. Набярыце www.vybary.net , магчыма, новы беларускі сайт ужо працуе.

Адкрываючы Інтэрнэт-старонкі я натрапіла на сайт “Галасаваньне за беларускі гімн:” www.czavo.org.himn Лідэрам – Мы выйдзем шчыльнымі радамі на словы Міхаіла Краўцова. Пасьля Багдановічавая Пагоня, музыку для якой напісаў Куліковіч і на трэцяй пазыцыі - Палянэз. Музыка Міхала Клеафаста Агіньскага, словы Сяржука Сокалава-Воюша.

Дарэчы Палянэз, які ўвайшоў у альбом Я нарадзіўся тут – зьяўляецца лідэрам у гіт-парадах некаторых менскіх ФМ-радыёстанцыяў. У прыватнасьці, на Радыё Рокс Палянэз лідэрам 14 ць тыдняў. Прагаласаваць за ваш варыянт можаце, набраўшы адрас www.czavo.org.himn .
XS
SM
MD
LG