Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс “Правінцыя” ў Інтэрнэце, яшчэ раз пра сайт амэрыканскай амбасады ў Менску ды іншае.


Віталь Тарас, Прага

Нефармальнае моладзевае аб’яднаньне Зубар, сяброў якога мы не аднойчы згадвалі апошнім часам ў нашых паведамленьнях зь Беларусі, распачало актыўную дзейнасьць і ў віртуальнай прасторы. На сайце з адрасам www.zubr-belarus.com можна ня толькі прачытаць пра ўсе апошнія акцыі Зубра ў Менску, Віцебску, Кіеве ды іншых гарадах, але й убачыць фотаздымкі зь мейсцаў падзеяў, а таксама налепкі “экалягічнага руху супраціву”, як называюць яго самі актывісты Зубра. На сайце можна прачытаць свайго роду навучальна-дапаможную літаратуру па гэтай тэме. Напрыклад – выданьне “Малы кансьпіратар” у пракладзе на беларускую мову. Кніга ўпершыню была выдадзеная ў Варшаве ў 1983 годзе. Побач – кніга Джына Шарпа “Ад дыктатуры да дэмакратыі. Канцэптуальныя асновы вызваленьня”, адмысловы даклад Бальканскай групы падтрыманьня міру, які ахоплівае палітычныя акцыі ў Сэрбіі ў 96-97 гадах.

На жаль, толькі Малы кансьпіратар зьмешчаны тут на беларускай мове. Усе астатнія матэрыялы, як і ўся старонка Зубра, набраная па-расейску. Непрыемнасьці напаткалі і вядомы сайт Харты-97. Зь нейкіх тэхнічных прычынаў увесь мінулы тыдзень беларускі варыянт сайту не выходзіў.

Працягнем наш агляд. У сакавіку выйшаў у сьвет першы – падвойны – нумар літаратурнага часопісу “Правінцыя” за 2000 год, які пачаў выдавацца ў Беластоку.

“Літаратура, асабліва паэзія, любіць кветкі. Для прыкладу, цяжка пераацаніць ролю, якую ў сусьветным прыгожым пісьменстве адыгралі чорныя сымбалічныя “Кветкі зла” Шарля Бадлера. Або бліжэй, “Польскія кветкі” Юліяна Тувіма ў польскай літаратуры. У беларускай досыць узгадаць Апокрыф Максіма Багдановіча, дзе аўтар пакланіўся васільку як увасабленьню чыстай красы. Таму і ў мяне зьявілася жаданьне пашукаць эфэктнае параўнаньне для “Бязьмежжа” – заўважальнай зьявы ў нашай правінцыі. Хай гэта будзе калючы чартапалох з пурпуровымі кветкамі. Ён ня толькі калючы, але й пахучы, і відзён здалёк, і расьце на межах”.

Гэта словы з артыкулу Міколы Ваўранюка “Чартапалох на мяжы”, якім адчыняецца электронная старонка часопісу “Правінцыя” у Інтэрнэце. Артыкул Міколы Ваўранюка прысьвечаны гісторыі стварэньня і дзейнасьці “Бязьмежжа”. Так быў названы першы беларуска-польскі сэмінар у Гайнаўцы, зарганізаваны ў 1996-м годзе Беларускім саюзам на чале зь Яўгенам Вапам. Вынікам гэтых штогадовых сэмінараў стала выданьне перакладаў пад рэдакцыяй Яна Максімюка “Дамавікамэрону” Адама Глёбуса, анталёгіі беларускай паэзіі, кнігі апавяданьняў Васіля Быкава “Сьцяна” у перкаладзе Чэслава Сэнюха ды іншых твораў.

Зьяўленьне інфармацыйных сайтаў, электронных варыянтаў газэт, тыднёвікаў, нават часопісаў даўно ўжо сталася звыклай зьявай. Але ў дадзеным выпадку размова ідзе пра літаратурны альманах. На якую аўдыторыю разьлічаны новы сайт? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся па тэлефоне да рэдактара часопіса “Правінцыя” Аляксандра Максімюка:

(Максімюк: ) “Наш сайт зроблены для кожнага, хто цікавіцца ў сьвеце беларускім словам і асабліва літаратурай. Сайт, трэба сказаць адразу, адрозьніваецца ад часопісу. Два тэксты, якія там публікуюца What is Pravincyja? і Highlights of Pravincyja – гэта эсе, якія прысутнічаюць выключна ў Інтэрнэт-выданьні. Гэтыя тэксты папяровы варыянт часопісу не друкуе. Паставіўшы там такія два эсэ, я маю намер зацікаваіць ангельскамоўную і польскамоўную публіку беларускай літаратурай.

Калі кагосьці зацікавіць ці сама канцэпцыя, ідэя часопісу, або чытач убачыць нейкі варты ягонай увагі тэкст, дык я ўпэўнены, што ён знойдзе і шлях набыць гэтае папяровае выданьне.

Я спадзяюся на водгукі пасьля таго, як людзі возьмуць у рукі часопіс, учытаюцца ў тэксты, нехта схоча даслаць свае заўвагі ці проста свой допіс у выглядзе апавяданьня, эсэ ў наступны выпуск часопіса. Наступны нумар я мяркую падрыхтаваць да канца году. Старонка ў Інтэрнэце будзе актуалізавацца, я думаю, часьцей. Яе абнаўленьне ня будзе абумоўленае выдавецкім цыклем.”

Па тэлефоне зь Беластоку гаварыў рэдактар часопіса “Правінцыя” Аляксандар Максімюк.

На сайце “Правінцыі” можна прачытаць артыкулы Алеся Аркуша, Юрыя Гумянюка, Яна Максімюка, іншых вядомых літаратараў, вершы і прозу беларускіх пісьменьнікаў зь Беластоку, Горадні, Наваполацку, пераклады з чэскай твораў Багуміла Грабала, з французкай – Патрыка Мадыяно, з ангельскай – паэзіі Дыляна Томаса.

Адрас гэтай старонкі ў Інтэрнэце – pravincyja.republika.pl
XS
SM
MD
LG