Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае аблічча сайту беларускай Свабоды, Дзень сьвятога Валянціна ў Інтэрнэце


Віталь Тарас, Прага

Беларускі дыялёг на Інтэрнэце


Новае аблічча беларускай “Свабоды” ў Інтэрнэце. Дзень сьвятога Валянціна ў глябальным сеціве. Аляксандар Лукашэнка як герой народнай творчасьці. Старадаўнія рэцэпты зь беларускай палічкі ды іншыя тэмы.

Агентцва Reuters днямі апублікавала на сваім сайце зьвесткі пра вынікі разьвіцьця глябальнага сеціва ў Эўропе ў 2000-м годзе. За год колькасьць карыстальнікаў Інтэрнэту на кантынэнце ўзрасла ўдвая, і цяпер амаль кожны трэці эўрапеец наведвае Інтэрнэт рэгулярна. Аднак, калі ў Швэцыі Інтэрнэтам карыстаецца каля паловы насельніцтва, дык у Грэцыі – усяго шэсьць адсоткаў. Самая шырокая аўдыторыя Інтэрнэту ў Нямеччыне і Вялікай Брытаніі: 22 мільёны чалавек у кожнай з краінаў. Чакаецца, што праз чатыры гады Інтэрнэт будзе наведваць ужо кожны другі жыхар Эўропы.

У Беларусі ж, паводле самых аптымістычных падлікаў, зараз маюць магчымасьць хаця б час ад часу карыстацца Інтэрнэтам каля 70 тысяч чалавек – гэта менш за 1 працэнт насельніцтва. Праўда, аўдыторыя ўвесь час расьце. Інтэрнэт- старонка беларускай службы Радыё Свабода ў нацыянальным рэйтынгу па-ранейшаму захоўвае адно зь першых мейсцаў. Мы гутарым з вэб-рэдктарам сайту беларускай службы Радыё Свабода Сяргеем Абламейкам.

(Тарас: ) “Чаму ўзьнікла патрэба ў новым дызайне старонкі?”

(Абламейка: ) “Па-перш, таму, што Інтэрнэт – гэта вельмі дынамічная рэч, якая вельмі хутка мяняецца і састаравае. Тое, што мы зрабілі ў 1998 годзе, безумоўна, у жо праз год-паўтара састарэла. Мы, фактычна, трошкі спазьніліся са зьменамі.
Мы зрабілі больш сучасны дызайн, больш дынамічны сайт, больш даступны для пошуку і працы ў ім”.

(Тарас: ) “А хто канкрэтна працаваў над новым дызайнам, хто распрацоўваў яго канцэпцыю?”

(Абламейка: ) “Канцэпцыя структуры нашага сайту нараджалася ў беларускай службе Радыё Свабода. Але ўся праца – тэхнічная і дызайнэрская – была зробленая ў адмысловым дэпартамэнце “Радыё Свабода-Свабодная Эўропа”. Аўтары – тры жанчыны, Інтэрнэтаўскія спэцыялісты з нашага радыё. Гэта Мірыям Ален, Шолі Бакташы і Ленка Герман”.

(Тарас: ) “А цяпер пытаньне наконт статыстыкі наведваньняў сайту беларускай “Свабоды”. Наколькі я разумею, у розных крыніцах, у розных Інтэрнэт-рэсурсах называюцца розныя лічбы. Ці ёсьць магчымасьць параўнаць іх?”

(Абламейка: ) “Сапраўды, статыстыка вельмі адрозьніваецца паводле розных крыніцаў. Мы можам параўнаць паводле таго, што мы маем на нашым сайце. На ім кожны наведнік можа бачыць банэр “Акавіты”. А зь пераходам на новы дызайн, на новую структуру, з уваходам у дзеяньне новага сайту, кожны наведнік можа параўнаць статыстыку “Акавіты” з нашай уласнай статыстыкай, статыстыкай нашага радыё. Напрыклад, за апошні год “Акавіта” нам налічыла 120 тысяч візытаў. А статыстыка нашага радыё, якую мы лічым больш дакладнай, бо ёй займаецца адмысловая амэрыканская фірма, налічыла 160 тысяч візытаў за апошні год.

Увогуле, пра статыстыку я хацеў бы сказаць адмыслова. Бо Радыё Свабода мае ў сваім распараджэньні 30 Інтэрнэтаўскіх сайтаў. Зь іх 28 сайтаў належаць нацыянальным службам, якія вяшчаюць на нацыянальных мовах. Апрача таго, ёсьць адміністрацыйны сайт радыё і так званы News-Line: стужка аналітыкаў, на якую маюць падпіску пераважна міністэрствы замежных справаў краінаў сьвету. Дык вось, сярод 28-і нацыянальных сайтаў Радыё Свабода, наш сайт уваходзіць у чацьверку лідэраў, якая не мяняецца ўжо ў працягу палутара год. Гэта сайты рускай службы, беларускай, югаслаўскай і іранскай”.

(Тарас: ) Наведнікі сайту, безумоўна, заўважылі, што мы ім прапанавалі першае пытаньне ў новай рубрыцы “Vox populi”. Мы прасілі ацаніць новы дызайн – ці падабаецца ён, ці не. Чаму, на Ваш погляд, першы вынік атрымаўся нэгатыўным?”

(Абламейка: ) “Я не сказаў бы, што ён атрымаўся нэгатыўным. Таму што першыя тры дні, калі гэтае пытаньне было разьмешчанае на сайце, звычайныя суадносіны былі тры да аднаго. Тры чалавекі выказваліся за тое, што сайт стаў зручнейшым і больш прывабным, а адзін – не. І такое працягвалася да 7-га лютага, калі ў працягу адной гадзіны (паміж 17-ю і 18-ю гадзінамі) раптам было пададзена каля ста галасоў за тое, што сайт стаў менш зручным. Так што мы лічым гэта нейкай акцыяй невядомых людзей ці невядомых структураў.

Але гэта нецікава. Самае галоўнае, што пасьля гэтай акцыі далей рост адбываўся, зноў жа, паводле гэтых суадносінаў – 3:1”.

(Тарас: ) Хацелася б пажадаць, каб нашыя слухачы і наведнікі нашага сайту ў кожным выпадку падыходзілі больш адказна да нашых пытаньняў і заўсёды адказвалі, перш за ўсё, шчыра.

Што яшчэ, якія зьмены чакаюць наведнікаў беларускага сайту Радыё Свабода?”

Чытачы маглі заўважыць, што ў разьдзеле “Палітыка” зьявіліся некалькі тэматычных падборак: “Выбары”-2001; эканоміка, правы чалавека, міжнародны аддзел і рэгіёны. Рашэньне аб стварэньні гэтых тэматычных падборак было прынятае па выніках нашай працы ўвосень, калі вельмі папулярнай аказалася тэматычная падборка “Выбары”-2000. Тамы мы зрабілі такія падборкі і лічым, што гэтым мы значна аблегчым пошук патрэбнай інфармацыі.
Што да іншых зьменаў, то найперш гэта вельмі спрошчаны пошук у архіве. У далейшыя нашы пляны ўваходзіць будаўніцтва дадатковых спасылак, бо мы яшчэ ня ўвесь архіў канвэртавалі ў новы імідж. Мы будзем дапрацоўваць архіў, будзем пашыраць інфармацыю на сайце, працягваць банэрны абмен зь іншымі службамі, і ў бліжэйшчы час у самай правай калёнцы нашага сайту зьявяцца новыя рубрыкі”.

А цяпер да агляду новых Інтэрнэт-рэсурсаў.

Колькасьць сайтаў у беларускім (ды й ня толькі беларускім) Інтэрнэце, прысьвечаных Аляксандру Лукашэнку, увесь час расьце. Апавядаць пра кожны няма ні часу ні патрэбы. Але ж старонка “Народны прэзыдэнт” (адрас – www angelfire. сom) вартая ўвагі ўжо хоць бы таму, што напісаная яна, выглядае, сапраўды ўсенароднымі намаганьнямі. Ужо адзін толькі пералік назваў твораў сьведчыць аб разнастайнасьці жанраў новага накірунку ананімнай літаратуры: “Баляда пра чалавека”, “Песьня пра Беларусьніка”, “Лекцыя аб чыстаце языка”, “Бясчынскія матывы”, “Сьмех над прорвай”, “Журба”, “Загадкі для дарослых”, “Мазаічная псыхапатыя”, “Фантасмагорыя”, “Разьвітальная для Сашкі”, а таксама “Казка пра Зьмея Луку, пра чыстую Руку і пра мех панцаку”. Дарэчы, як мы ўжо паведамлялі ў адной з нашых перадачаў, судовая ўлада ў Віцебску настолькі зацікавілася гэтым творам, што накіравала яго на літаратуразнаўчую экспэртызу.

Рызыкнем працытаваць заключны фрагмэнт аднаго твора, прысьвечанага герою старонкі – “Ліст беларускага народу… “

“З табой цягацца немагчыма
ў катэгорыі адной.
Народ наш за тваймі плячыма -
як за Бэрлінскаю сьцяной.
Няхай там брэшуць, што мы балты!
Галоўнае - у пэўны час,
каб нас усіх не занядбаў ты
і не пакінуў раптам нас.
А да таго мы датрываем -
мы разам кінемся, нагбом,
цябе на шляху падтрымаем
туды, дзе наш агульны дом.
Ты толькі не здавай пазыцый,
не дазваляй на нэрвах граць,
а мы як што табе пазычым,
хто колькі можа назьбіраць,
бо шлях далёкі, шлях складаны
да мэт тваіх - на ўсход, на ўсход!
А мы зьбірайма чамаданы
на сход, на ўсеагульны сход,
каб перадаць табе на словах
"дзякуй" і гэты вось зварот.
На жаль, з табе вядомых моваў
не разумее наш народ
ніводнай, дык мы рызыкнулі
пісаць, як пісарчук умеў.
Ня ведаем ці дасягнулі
таго, што ты пачуць хацеў -
ну што ж, абы ты зразумеў”.

14 –га лютага ў некаторых эўрапейскіх краінах і ЗША адзначаецца Дзень Сьвятога Валянціна, які лічыцца патронам усіх закаханых. У Беларусі гэтае сьвята сталася папулярным ў самыя апошнія гады, дзякуючы намаганьням Маладога фронту, што традыцыйна ладзіць у гэты дзень акцыі, якая сёлета пройдзе пад лёзунгам “Любові! Свабоды! Пераменаў.” А што можна ўведаць пра сьвятога Валянціна і пра каханьне зь беларускага Інтэрнэту? Адказ – у матэрыяле Ягора Маёрчыка.

(Маёрчык: ) “Стваральнікі сайту Valentyn.ru вырашылі застацца ананімнымі. Магчыма таму, што не прэтэндавалі на вечнасьць. Сайт прынагодны, і можа выклікаць цікавасьць толькі напярэдадні сьвята. Так ці йнакш, яны сталі першастваральнікамі ў Беларусі адмысловага сьвяточнага сайту. Нагода вымагала, перадусім, забаўляльнасьці. І аўтары яе дасягнулі.
Напачатку яны пераказалі легенду пра тое, з чаго і калі распачалася традыцыя сьвяткаваць Дзень закаханых.

Далей падаюцца шматлікія словазлучэньні на 15-і мовах сьвету, з дапамогай якіх чалавек можа прызнацца ў каханьні. Толькі вось не распавядаюць, якія словы аб”ект каханьня мусіць вымавіць у адказ на тых жа японскай альбо швэдзкай мовах.

А як напісаць любоўную паштоўку? І тут у аўтараў старонкі парадаў шмат. Прыкладам, такая: “Каб не сапсаваць “валянцінку” сваім почыркам, вы можаце выразаць словы са старых газэтаў і часопісаў, і зь іх скласьці сваё віншаваньне. Дзяўчына замест подпісу можа пакінуць адбітак сваіх вуснаў. А можна прысьвяціць свайму каханьню старонку ў Інтэрнэце”.

Тым часам, на сайце тыднёвіка “Белорусская деловая газета” прайшлі дзьве анляйнавыя прэсавыя канфэрэнцыі. Першая – з начальнікам Дзяржаўнага рэгістру кінавідэафільмаў і кінавідэапрадукцыі Аляксандрам Казятнікавым. Другім госьцем быў старшыня Лігі свабоды сэксуальных меншасьцяў “Лямбда” Эдвард Тарлецкі.

Прэсавая канфэрэнцыя сп. Казятнікава выклікала цікавасьць карыстальнікаў Інтэрнэту ня столькі з гледзішча дачыненьняў каханьня й сэксу, колькі магчымасьцю пагаварыць з дзяржаўным чыноўнікам пра эротыку й парнаграфію. Спадар Казятнікаў на пытаньні адказваў ляканічна. Так, стала вядома, што ачольваемая ім установа ня ведае, ці здымаюцца на тэрыторыі Беларусі парнафільмы. Ён сам выступае супраць таго, каб выкарыстоўваць дзеля гэтых мэтаў пляцоўкі “Беларусьфільму” Кіраўнік дзяржрэгістру паведаміў, што сёньня ў краіне толькі адзін тэлеканал, і той спадарожнікавы, валодае дазволам на трансляцыю эратычных праграмаў.

А вось старшыня Лігі свабоды сэксуальных меншасьцяў Эдвард Тарлецкі, які на тым жа сайце і ў той жа дзень таксама меў прэсавую канферэнцыю, выступае за легалізацыю парнаграфіі.

Паводле ягоных словаў, цяперашняя ўлада,як некалі савецкая,займаецца дыскрымінацыяй людзей паводле іх сэксуальнай арыентацыі. Ён патлумачыў гэта тым, што ўлады Беларусі, як і Расеі ды Ўкраіны, не жадаюць дапусьціць аб”яднаньня актыўнай сацыяльнай групы, бо гэта можа прывесьці да непрадказальных наступстваў.

З абедзьвюх прэсавых канфэрэнцыяў вынікала, што ў беларускім грамадзтве праблема “каханьне – сэкс – дзяржава” пакуль застаецца нявырашанай”.

Дарэчы, наконт тэмы каханьня. Беларуская Інтэрнэт-газэта open.by папярэджвае, што хаця з часоў зьяўленьня славутага вірусу iloveyou пайшло ўжо больш за паўгоду, антывірусны праграмы па-ранейшаму фіксуюць да 20 заражаных гэтым небясьпечным вірусам электронных лістоў на дзень. Але самае неверагоднае, што каля 40-а адсоткаў карыстальнікаў па-ранейшаму неасьцярожна адчыняюць у сваёй пошце файлы пад назвай iloveyou. Як кажуць, супраць каханьня і глупства ўсе сродкі бяссільныя.

Тая ж газэта open.by паведаміла, што ў ноч на 6-на лютага менская міліцыя затрымала яшчэ дзьве асобы, якія падазраюцца ў арганізацыі “хакерскай піраміды”. Усяго ў так званай “нямецкай справе” праходзяць 22 чалавекі. Яны абвінавачваюцца ў спробе тэрарызаваць празь Інтэрнэт некалькі нямецкіх фірмаў, што займаюцца продажам фотатэхнікі. Шкода, нанесеная хакерамі, ацэньваецца ў 50 тысячаў дойчмарак.

І на заканчэньне – пра адну з навінак “Беларускай палічкі” у Інтэрнэце. Нагадаю яе цяперашні адрас – w ww .knihi.com
Аматары нацыянальнай кухні могуць пазнаёміцца тут з рэцэптамі беларускіх страваў у кнізе “Беларуская кухня”, якая ўпершыню выйшла ў выдавецтве Ураджай у 1994-м годзе. Палічка прапануе кнігу ў перакладзе на ангельскую мову. У якасцьі эпіграфу сайт адчыняе цытата зь беларускай кухеннай кнігі 18-га стагодзя (цытую ў зваротным перакладзе з ангельскай) “Вазьміце сьвежае мяса тура, альбо, калі ў вас больш няма нічога, можаце замяніць яго ласінай”. Магчыма, найбольш цікавы разьдзел у кнізе – рытуальныя стравы.

Вось адзін з рэцэптаў

“Бабіна каша. Страва, якая традыцыйна гатавалася на дзень народзінаў.
Трэба ўзяць 5 кубкаў пшанічнай мукі, дзьве сталовыя лыжкі масла, 3 яйкі, цукар, разынкі, соль. Муку разчыніць у вадзе, пераліць у вялікую каструлю з салёным кіпенем і варыць да гатоўнасьці. Затым узяць масла, разынкі, цукар, яйкі і зьмяшаць. Выліць ўзбітую сумесь на кашу і запякчы. Падаецца ў гаршчку напрыканцы сьвяткаваньня”.

XS
SM
MD
LG