Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пяцігодкамі беларускае кіраўніцтва вымярае разьвіцьцё Інтэрнэту ў краіне.


Вольга Караткевіч, Прага

У новай пяцігадовай праграме разьвіцьця сыстэмы камунікацыяў у Беларусі, “Iнтэрнэт зойме свой радок і тады ў карыстаньні сецівам выпярэдзіць ЗША і Японію,» – заявіў міністар сувязі Мікалай Крукоўскі ў мінулы чацьвер на сустрэчы з журналістамі. Вымяраючы час пяцігодкамі, міністар падводзіў вынікі дзейнасьці свайго ведамства за пяцігодку мінулую і маляваў карціну пяцігодкі будучай. “У 96-м годзе пра Інтэрнэт нават і ня чулі, а цяпер ў Беларусі ёсьць усе віды доступу ва ўсясьветнае сеціва», - заявіў міністар сувязі.

Праўда, Міністэрства сувязі ня мае дакладнай статыстыкі, колькі жыхароў Беларусі карыстаецца Інтэрнэтам. На думку спадара Крукоўскага, у гэтым вінаватыя правайдэры, якія, маўляў, наўмысна заніжаюць колькасьць сваіх кліентаў. А вось беспарольны доступ ў сеціва праз тэлефонную лінію расьце: за паўгоду колькасьць карыстальнікаў гэтай паслугай павялічылася ад 30 тысячаў чалавек да 117 тысячаў.

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, як паўплывае на разьвіцьцё Інтэрнэту закон аб інфармацыйнай бясьпецы, які будзе разгледжаны гэтак званым нацыянальным сходам, міністар сувязі Мікалай Крукоўскі заявіў:

(Крукоўскі: ) “На разьвіцьцё тэлекамунікацыяў гэты закон ніяк не паўплывае і на разьвіцьцё Інтэрнэт таксама. Нашая задача – прадставіць магчымасьць данесьці інфармацыю. А вось абараніць яе – гэта ўжо не нашая сфэра дзейнасьці”

Сёньня манаполіяй на вонкавы канал сувязі валодае дзяржава. Адсюль і большасьць праблемаў з карыстаньнем Інтэрнэтам у Беларусі. Мікалай Крукоўскі заявіў журналістам, што так будзе й надалей.

6 лютага ва ўсясьветным сеціве па лучыве www.euro-radio.net пачне працу моладзевае Iнтэрнэт-радыё. Гэта сумесны праект моладзевых арганізацыяў сямі краінаў Эўропы. Беларусь ў ім прадстаўляе задзіночаньне моладзі «Новыя твары». Мэта сеткавай радыёстанцыі - інфармаваць кампутарную грамаду пра моладзевае жыцьцё на абшарах Эўропы. Напярэдадні падзеі наш менскі карэспандэнт Ягор Маёрчык размаўляў з каардынатарам беларускай часткі праекту Дыянай Манеўскай.

(Маёрчык: ) “Беларусь пакуль што ня мае ніводнай сваёй Інтэрнэт-радыёстанцыі. Першы крок да ўвасабленьня прынцыпова новай для краіны ідэі робіць моладзевая арганізацыя "Новыя твары" разам са сваімі партнэрамі з Галяндыі, Гішпаніі, Нямеччыны, Партугаліі, Італіі і Расеі. Канцэпцыю Эўра-радыё яны вызначаюць словамі: моладзь пра моладзь і для моладзі. На Інтэрнэт-хвалі можна будзе пачуць навіны, рэпартажы і музыку з усіх краінаў – удзельнікаў праекту. Перадусім гэта будуць перадачы сацыяльнай праблематыкі – моладзь і наркотыкі, служба ў войску, вышэйная адукацыя, а таксама пра маральныя каштоўнасьці, якія выбіраюць сёньня маладыя эўрапейцы. У музычных праграмах будуць прэзэнтавацца маладыя, яшчэ не вядомыя шырокаму слухачу, выканаўцы з розных краінаў Эўропы. Акрамя таго, што можна будзе слухаць аўдыёпраграмы, іхныя тэксты стваральнікі Інтэрнэт-радыё плянуюць разьмяшчаць і на вэб-старонцы.

Што можна будзе паслухаць і пачытаць на сайце Эўра-радыё ў першы дзень яго працы? Дыяна Манеўская з большага раскрывае сакрэт:

(Манеўская: ) «Гэта будуць навіны культуры, навіны пра музычныя мерапрыемствы. Што да музыкаў, першыя, хто разьмясьціў сваю музыку на нашым сайце, гурт «Poscriptum”.

Дыяна Манеўская паведаміла таксама, што беларуская частка эфіру Эўра-радыё будзе трохмоўнай:

(Манеўская: ) «Было вельмі цяжка знайсьці кампраміс наконт мовы. Гэта будзе родная мова кожнай краіны і ангельская мова як унівэрсальная мова».

Натуральна, паўстае пытаньне, у чым адрозьненьне Інтэрнэт-радыё ад традыцыйнага радыё і ўвогуле ад звыклых формаў камунікацыі?

(Манеўская: ) «Мы плянуем абнаўляць навіны напачатку раз за пятнаццаць дзён, музыку раз на пятнаццаць дзён, рэпартажы рабіць раз за месяц. Але ў нас будуць спасылкі на сайты з навінамі, што былі ўчора, пазаўчора і гэтак далей. Гэтаксама й з музыкай. Табе спадабалася нейкая музыка – можаш яе паўтарыць».

Дыяну Манеўскую не засмучае тое, што Інтэрнэтам у Беларусі карыстаецца вельмі малая колькасьць людзей. А якасьць сувязі не заўсёды дазваляе не тое што слухаць радыё, але нават і электронны ліст адаслаць. Яны прызнае, што зьяўленьне Эўра-радыё ёсьць праяваю моды. Сёньня – гэта ўжо ўсясьветная тэндэнцыя – перавесьці ў віртуальную прастору ўсё, што можна. І такім чынам зьвязаць з Інтэрнэтам традыцыйныя формы культуры і камунікацыі. У гэтым сэнсе стварэньне беларускай часткі рыдыёстанцыі сьведчыць пра тое, што краіна імкнецца ў рэчышча ўсясьветных тэндэнцыяў».

(Караткевіч: ) «Зь беларускім каардынытарам новага сеткагава праекту Эўра-радыё ў Менску Дыянай Манеўскай гутарыў наш карэспандэнт Ягор Маёрчык. Нагадаю, што міжнародную моладзевую радыёстанцыю можна будзе пачуць у Інтэрнэце ад аўторка 6-га лютага па лучыве www.euro-radio.net.

Стварэньне новага сайту ў Інтэрнэце спараджае дыскусію, якая для чалавека, ня моцна заангажаванага ў віртуальную камунікацыю, здаецца дзіўнай і несур’ёзнай – зь якой літары пачынаць пісаць слова Інтэрнэнт – вялікай ці малой. Дыскусія цягнецца не адзін год, дзеля яе былі арганізаваныя канфэрэнцыі ў сеціве. І пытаньне стаіць так, ці перамогуць кансэрватары, якія за вялікую літару і якіх цяпер бальшыня, ці прыхільнікі больш зручнага пісьма і думкі, што глябальнае сеціва зьява ўжо асвоеная і выдзяленьня не патрабуе. Сваім меркаваньнем дзеліцца першы рэдактар Інтэрнэт старонкі беларускай службы Радыё Свабода Сяргей Шупа:

(Шупа: ) “Мяне, шчыра кажучы, гэтае пытаньне засьпела зьнянацку, бо хоць я і чыста стыхійна заўсёды ўжываў гэтае слова зь вялікай літары, аднак ніякіх разумных і важкіх аргумэнтаў адразу прыдумаць ня мог. І таму я найперш зьвярнуўся да сваіх калегаў-перакладчыкаў на вялізны перакладчыцкі форум, у асноўным з расейскай і ангельскай моваў. Чаму з расейскай? Істотна, як перадаецца гэтае слова і іншых кірылічных мовах. Беларускамоўныя карыстальнікі ўжываюць вялікую ці малую прыблізна гэтак жа, як і расейскамоўныя.

Вынікі маіх роспытаў былі такія: 90 працэнтаў усяго расейскага Інтэрнэту ўжываюць гэтае слова зь вялікай літары. Меншы працэнт – працэнтаў 10 – пачалі ўжываць малую літару. Гэтая група пачынае дынамічна расьці і за імі заўважаецца пэўная тэндэнцыя. Іх становіцца ўсё больш і больш. Тыя, хто пішуць зь вялікай літары, кажуць, што на гэта ўказвае форма ангельскай мовы, дзе гэтае слова ўжываецца з азначальным артыклем. Значыць, нейкім чынам выдзяляе іншы мацерык, іншую прастору, якая заслугоўвае на вялікую літару. Напэўна, мы надалей будзем заставацца кансэрватарамі і трымацца той вялікай літары.

І яшчэ адна цікавая рэч са словам Інтэрнэт. Калі браць зноў жа расейскую мову, яшчэ некалькі гадоў таму ва ўсіх спэцыялізаваных выданьнях гэтае слова наагул пісалася проста лацінкай – у яго англамоўнай форме. Пасьля пачалі пісаць кірыліцай Інтэрнэту, але яно не скланялася. Казалі – старонка ў Інтэрнэт. Магчыма, наступны крок будзе такога поўнага засваеньня кірылічнымі мовамі і пісаньне слова як звычайнага, нармальнага, з малой літары”.

На сувязі ў Вільні быў Сяргей Шупа. Вы заўважылі, што зьмяніўся дызайн сайту Беларускай Свабоды. Мы таксама кансэрватары і слова Інтэрнэт пастанавілі пісаць зь вялікай літары.

1-га лютага споўніўся год, як у Інтэрнэце зьявіўся найбуйнейшы беларускі партал-каталёг “Дзед Талаш” – www.dt.home.by . “Дзед Талаш” зьяўляецца адным з самых папулярных рэсурсаў, добра арганізаваны паводле тэматыкі і рэгулярна зьмяшчае новыя беларускія праекты. Мы віншуем стваральнікаў сайту зь юбілеем і бярэм увагу на спасылку тыдня ў каталёгу новых рэсурсаў “Дзеда Талаша” – сайт Рыцары Краю Азёраў.

На ім зьмешчаная інфармацыя пра рыцарскія клюбы Беларусі і ўсё вакол іх – гісторыя рыцарства ў Беларусі, удзел у сучасных турнірах. Сайт вельмі прыгожы, аздоблены фатаздымкамі. Адрас: www.altego.hl.ru
Стваральнікі пішуць так: “Вітаем у нашым сярэдневечным муры. Запрашаем вас прайсьціся па яго залях, галерэях ды кельнях”.

Адразу скажу, што асяродак гэтага віртуальнага замку – расейскамоўны. На сайце прадстаўленыя старонкі Ордэна Паўночнага Храму, Княжы Гуф, Дзікае паляваньне, Беларускі рыцарскі клюб, Чорныя драбы. На сувязі стваральнік старонкі Дзікае паляваньне супрацоўнік аўтацэнтру “Мазда” ў Менску Аляксандар Прахарэнка:

(Прахарэнка: ) “Я даволі даўно ўжо знаёмы зь Інтэрнэтам, ад 1996 году. Тады гэта не было так распаўсюджана, як зараз. Мне было вельмі цікава, я быў як першапраходзец. Пасьля гэта распаўсюджвалася ўсё шырэй, шырэй, ужо займаліся вэб-сэрфінгам, поўзалі па гэтай павуціне. І я таксама праз усё гэта прайшоў і вырашыў выйсьці на новы этап, пакінуць ад сябе нешта (усьміхаецца)…”

(Караткевіч: ) “Патлумачце, калі ласка, што такое “вэб-сэрфінг”.

(Прахарэнка: ) “Вэб-сэрфінг – гэта калі чалавек, вось як… Што такое сэрфінг? Калі ты на дошцы па хвалі акіянскай плывеш, нешта цябе павольна рухае, а ты сам стаіш, а вакол цябе ўсё плыве, рухаецца. Вось таксама і вэб-сэрфінг. Ты сядзіш дома ці на працы пры кампутары і рухаешся ў Інтэрнэце, у віртуальным сьвеце. Гэта вельмі цікава, яно зацягвае. Мяне зацягнула, калі я толькі гэта пазнаў настолькі, што я забыўся на сваю каханую дзяўчыну, на работу, на ўсё. Цэлымі суткамі “сядзеў” у Інтэрнэце і толькі гэтым “сэрфінгам” і займаўся. Зараз ужо я цалкам гэтага пазбыўся…”

(Караткевіч: ) “Скажыце, Аляксандар, а што сталася з каханай дзяўчынай?”

(Прахарэнка: ) “Нічога. Яна да мяне вярнулася (сьмяецца)!”

(Караткевіч: ) “Вы гаворыце па-беларуску. Чаму Вашая старонка расейскамоўная? Бо беларускі Інтэрнэт з большага беларускамоўны…”

(Прахарэнка: ) “Гэта так, але я рабіў старонку, у аноўным разьлічваючы на расейскую аўдыторыю, таму што ў Беларусі пра наш клюб ведаюць дастаткова”.

(Караткевіч: ) “Як памятаеце, беларускі Інтэрнэт пачынаўся з нейкіх палітычных і інфармацыйных праектаў. Цяпер ж ён вельмі разнастайны. Зьяўляюцца сайты кшталту “Беларусь Аголеная”… Як бы Вы ацанілі хуткасьць уразнастаяньня беларускага Інтэрнэту?”

(Прахарэнка: ) “Беларускі Інтэрнэт разьвіваецца дастаткова дынамічна. Беларусь уваходзіць у сьвет, у цывілізаванае грамадзтва. Мы маем магчымасьць разьмяшчаць свае старонкі ня толькі на беларускіх сэрвэрах, але і міжнародных. Гэта больш бясьпечна, бясшкодна, ананімна. Таму і аўтары свае даволі рэзкія палітычныя праекты разьмяшчаюць з-за мяжы. Беларускі Інтэрнэт, на мой погляд, таксама расьце за кошт палітычнага жыцьця нашага цяжкога і бурнага”.

На сувязі ў Менску быў вэб-дызайнэр інтэрнэт-старонкі рыцарскага брацтва “Дзікае паляваньне” Аляксандар Прахарэнка. Хачу зьвярнуць увагу, што сайт, на якім гэтая старонка зьмешчаная, - Рыцары Краю Азёраў – праводзіць апытаньне, на якой мове зьмяшчаць інфармацыю далей. Бальшыня – 80 адсоткаў рэкамэндуюць беларускую. Калі вам ёсьць што сказаць – адрас: : www.altego.hl.ru

Навіны Інтэрнэту

Беларуская інфармацыйная кампанія БелаПАН зрабіла даступным для ўсіх наведнікаў новую рубрыку “Тэма дня”. Цяпер ня трэба ведаць адпаведнага паролю для таго, каб пачытаць пра галоўную падзею дня і камэнтары да яе. На мінулым тыдні сярод тэмаў дня была заява Міністра замежных справаў Расеі Ігара Іванова пра тое, што “любыя спробы пакрыўдзіць Беларусь за збліжэньне з Расеяй будуць сустракаць рашучы адпор з боку Масквы”, а вядомы мастак Алесь Марачкін у “Тэме дня” адзначыў, што сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам “зьневажае нацыянальную інтэлігенцыю”. Інтэрнэтная адрэса кампаніі БелаПАН - www.belapan.com і ў он-лайнавым рэжыме зьмяшчае інфармацыйныя выпускі

Невядомыя хакеры паламалі сайт лідэра партыі “Лікуд” Арыэля Шарона, які, паводле апошніз дадзеных, мае вялікія шанцы перамагчы на выбарах у Ізраілі 6-га лютага. Пасьля ўварваньня на галоўнай старонцы зьявілася лаянка на адрас Шарона і словы падтрымкі на адрас палестынцыў і групоўкі “Хэзбалла”. Апроч таго, у рукі хакераў патрапіла база дадзеных выбаршчыкаў, паведамляе www.ananova.com . У гэтую базу дадзеных любы чалавек мог увесьці сваё імя і нумар пасьведчаньня асобы і даведацца, дзе знаходзіцца бліжэйшы да яго ўчастак для галасаваньня.

Прадстаўнікі брытанскай Нацыянальнай асацыяцыі фармацэўтаў падтрымалі ідэю стварэньня ў Інтэрнэце службы, празь якую любы жыхар краіны зможа заказаць лекі з самай блізкай да яго аптэкі. Заказаць прэпарат можна з дому, калі паведаміць адрэсу. На думку арганізатараў, праект, які яднае тысячы невялікіх аптэкаў, зможа быць дастойным канкурэнтам рынкавым гігантам. Сайт мае адрэсу: www.askyourPharmacist.co.uk

Польскі студэнт, які ўжо 2 гады сустракаецца ад паліцыі, паслаў прэзыдэнту Аляксандру Квасьнеўскаму электронны ліст з прозьбай дараваць. Рэч у тым, што студэнт цяпер ва ўцёках, бо адмаўляецца адбыць тры гады ў турме за напад на дырэктара школы. Прэзыдэнт Квасьнеўскі разглядае прозьбу студэнта.

І апошняе паведамленьне:

Бальшыня он-лайнавых Інтэрнэт-выданьняў адрэагавалі на факт арышту супрацоўнікамі менскай міліцыі цягам пяці дзён 26-ці жыхароў Менску, падазраваных у выкарыстаньні кампутарных тэхналёгіяў у злачынных мэтах. На простай Інтэрнэт-мове – хакераў.
Падазраваныя несанкцыянавана ўлазілі ў кампутарныя сыстэмы замежных фірмаў, якія рабілі віртуальныя ўгоды. Менскія хакеры падпісаліся пра нявыезд. Паводле новага Крымінальнага кодэксу Беларусі, які дзейнічае ад 1-га студзеня 2001 году, хакерам пагражае тэрмін зьняволеньня ад 6-ці да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Супрацоўнік менскага гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў Ігар Чарненка ў інтэрвію кампаніі Інтэрфакс паведаміў, што паводле ацэнак заходніх спэцыялістаў, больш за 50 працэнтаў віртуальных злачынстваў, зьдзяйсьняных хакерамі з СНД, маюць «менскі сьлед».




XS
SM
MD
LG