Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная правакацыя ў менскім чаце ды іншае.


Вядучы: Сяргей Навумчык.

Сёньня – пра падзею у адным з найбольш папулярных беларускіх чатаў. Для тых, хто не знаёмы зь Інтэрнэтам, патлумачым, што чат – гэта месца, дзе ў рэжыме рэальнага часу можна абменьвацца рэплікамі і лістамі. Звычайна тэкст трэба друкаваць на клавіятуры, хаця зьявіліся гукавыя, і нават відэачаты; зрэшты, для Беларусі пры цяперашняй якасьці сувязі гэта – заўтрашні дзень.

У Беларусі, як гэта не падасца дзіўным, сфармавалася іранічна-негатыўнае стаўленьне да ўдзельнікаў чатаў; ва ўсялякім разе, мне неаднаразова даводзілася пра гэта чуць. А нядаўна адна незалежная газэта нават напісала, што наведнікі чатаў, зрэшты, як ледзь ня ўсе карыстальнікі Інтэрнэту – аўтсайдэры, няўдачнікі, асобы закамплексаваныя, якія хаваюцца ў віртуальны сьвет ад ўласных паразаў ў рэальным жыцьці.

Наўрад ці можна пагадзіцца з такой высновай – зразумела, калі ня браць пад увагу “інтэрнэт-залежнасьць”, пры якой чалавек ўвесь час, акрамя сну, сядзіць ля манітору. Сярод маіх ню-ёрскіх знаёмых адвакатаў, лекараў ды праграмістаў ёсьць сталыя наведнікі чатаў – і я не назваў бы аўтсайдарам чалавека з гадавым заробкам ў больш як сто тысячаў даляраў. Вядома, што шмат якія амэрыканскія кангрэсмэны, палітыкі і бізнэсоўцы (кажуць, што і Біл Гэйтс) часам наведваюцца ў чаты – верагодна, гэта для іх ці не адзіная магчымасьць ананімна памаўляцца з “простымі” людзьмі, ня ўводзючы іх у здранцвеньне ўласнымі тытуламі.

Сярод удзельнікаў чатаў зь Беларусі – актывісты палітычных партыяў, супрацоўнікі няўрадавых арганізацыяў, журналісты, стваральнікі Інтэрнэт-праектаў. З-замежжа ў чатах шмат тых, хто цяпер атрымлівае адукацыю ў эўрапейскіх і амэрыканскіх унівэрсытэтах. Зусім магчыма, што праз дзесяць-пятнаццаць гадоў некаторыя з іх будуць шмат у чым ўплываць на палітычныя, культурныя ды грамадзкія працэсы ў Беларусі.

Але сёньня нашая гаворка пра асобу, якая да эліты ніколі належыць ня будзе. Нягледзячы на тое, што ўжо цяпер набыў адмысловую вядомасьць на самым папулярным чаце беларускага інтэрнэту – Minsk Team. (Адрас - http://www.minskteam.com).

Чат гэты спачатку быў вядомы як “Зямлянка” пры сайце “Хартыі-97”, але пасьля нядаўняга рэканструяваньня стаў “самастойным”. Гэты чат варта вызначыць і паводле дызайну, і паводле тэхнічных магчымасьцяў, нават з улікам той жа менскай сувязі. У канцы гэтага тыдня на чаце было зарэгістравана больш як 1800 карыстальнікаў. Магчыма, менавіта з прычыны сваёй папулярнасьці, Minsk Team і зрабіўся месцам правакацыі, пра якую распавядае наш менскі карэспандэнт Ігар Карней.

(Карней:) “Цягам усяго сьнежня і да гэтага часу адна і тая ж асоба пад рознымі нікамі – стыль прасочваецца ідэнтычны –Liavon, GIO, tommy, alex77 ды іншыя, з прэтэнзыяй на палітычную дасьведчанасьць, выступае з экстрэмісцкімі заявамі, імкнецца ня толькі дыскрэдытаваць шэраг рухаў ды апазыцыйных палітыкаў, але і ўсяляк абразіць сваіх віртуальных суразмоўцаў. Дарэчы, выдаючы сябе за актывіста дэмакратычнага руху, так званы Лявон практычна ніколі ні слова ня кажа па-беларуску.

Форма гутаркі з наведнікамі – ледзьве не суцэльны мат. Свае палітычныя амбіцыі гэтак жа лёкка сумяшчае з сэксуальнымі прапановамі, не зьвяртаючы ўвагу на полавую прыналежнасьць наведнікаў. Магчыма, такую правяу недахопу элемэнтарнай культуры ды выхаванасьці можна было б проста ігнараваць, але гэта – выпадак якраз адмысловы.

Гіпатэтычны Лявон усяляк прымазваецца да шэрагу апазыцыйных лідэраў, называе сябе то дарадцам Чыгіра, то Ганчара, то нібыта ён гасьцяваў у Васіля Быкава ў Нямеччыне, а зусім нядаўна нават раскрыў сваё “сапраўднае імя” – намесьнік кіраўніка патрыятычнай арганізацыі “Край” Вадзім Кабанчук.

Нагадаю, што рэальны Кабанчук, адзін са студэнтаў менскіх ВНУ, пацярпеў за сваю палітычную актыўнасьць паводле ўдзелу ў масавых акцыях апазыцыі. Амаль паўгоду, пакуль ішло сьледства, ён правёў за кратамі ў ізалятары. Дапусьціць, што пасьля такога досьведу ён можа спэцыялізавацца ў ролі правакатара даволі складана. Зрэшты, вось што заявіў нашаму радыё сам Вадзім Кабанчук:

(Кабанчук: ) “Я заяўляю, што гэта поўная лухта, я ня маю да гэтага ніякага дачыненьня. І таксама была нейкая дзіўная сытуацыя з маёй маці. Яе перад Новым годам літаральна зьбіла машына ў Бабруйску, і ў той час, пакуль яна ляжала ў шпіталі спачатку ў Бабруйску, а потым у Менску, у Інтэрнэце ад яе імя таксама зьявілася інфармацыя з паклёпам на Міхаіла Чыгіра. Я ад свайго імя, і ад імя маці заяўляю, што мы ніякім чынам ня маем дачыненьня да гэтых правакацыяў, якія, відавочна, зьвязаныя з будучымі выбарамі”.

(Карней: ) “Між іншым, самадзейнасьць Лявона напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі набывае пэўны падтэкст. У сьвятле новых тэхналёгіяў роля Інтэрнэту займае ўсё больш важкае месца. Танная, практычна неабмежаваная прапаганда ды агітацыя празь сеціва, адзін са спосабаў выбарчай барацьбы.

Відавочна, што роля, якую загадзя адвёў сабе Лявон і ягоныя магчымыя “куратары” – зусім ня тая, якую ён дэкляруе на чаце. На публіку Лявон усяляк дэманструе сваю набліжанасьць да Міхаіла Чыгіра. Акрамя таго, заяўляе, штіо ёсьць намесьнікам кіраўніка патрыятычнай арганізацыі “Край” і памочнікам Віктара Ганчара як выканаўцы абавязкаў Старшыні Вярхоўнага Савету 13-ага скліканьня. Пастаянна сьцьвярджае, што меў непасрэднае дачыненьне да выбарчай кампаніі 1999 году, што дагэтуль супрацоўнічае з Чыгіром. Што, быццам, ведае пра цяперашняе знаходжаньне Ганчара ("Ганчар жывы!”), сьцьвярджае, што сьмерць Генадзя Карпенкі – сплянаваны элемэнт тых жа выбараў 1999 году.

Міхаіл Чыгір, у прыватнасьці, лічыць, што пад час антыдэмакратычнай кампаніі можна чакаць і не такіх фокусаў з боку ўлады. Іншая справа, што гэта – першая правакацыя такога маштабу і кшталту ў інтэрнэце. Мы запрасілі ў менскую студыю “Свабоды” асобаў, чые імёны фігуравалі ў чаце – экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра і намесьніка старшыні БНФ “Адраджэньне” Вячаслава Сіўчыка.

(Чыгір: ) “Гэта – правакацыя. Хто правакатар – мы ня ведаем. Правакатар заяўляе, што ён працуе ў камандзе Чыгіра, але ж мне з такім імём чалавек невядомы. Магчыма, што паколькі гэта – год выбараў, дык у Інтэрнэце будзе і надалей зьяўляцца нешта падобнае, і, магчыма, што такія правакацыі могуць арганізоўвацца ўладамі. Пакуль яшчэ далекавата да выбараў, гэта – першыя выпадкі, ня выключана, што яны будуць больш частыя бліжэй да выбараў”.

(Сіўчык: ) “Я думаю, што сапраўды пачынаецца авалоданьне Інтэрнэтам структурамі, якія ім раней ніколі не займаліся. Самае забаўнае ў гэтай гісторыі – маскіроўка пад чалавека, абсалютна ня здольнага сфармаваць лагічную думку, і разам з тым гэты чалавек шмат што ведае, у дробязях. Пагаджаюся, што чым бліжэй будуць прэзыдэнцкія выбары, тым часьцей будуць выкарыстоўваць розныя брудныя тэхналёгіі супраць ўсіх вядомых беларускіх апазыцыйных палітыкаў, і найбольш – супраць тых, хто можа быць рэальнай альтэрнатывай Лукашэнку.

Я думаў, што спэцслужбы раней зацікавяцца Інтэрнэтам, ну але дэбют адбыўся толькі цяпер”.

(Чыгір: ) “Новыя мэты, новы бюджэт, зьявіліся грошы – вось яны і пачалі працаваць”.

(Сіўчык: ) “Адзінае, што я проста заклікаў бы тых людзей, якія падтрымліваюць апазыцыю, ў самім Інтэрнэце менш зьвяртаць увагу на такіх прыдуркаў. Бо будуць працаваць менавіта пад выглядам прыдуркаў, пад такіх людзей недалёкіх, нейкіх мацяршчыньнікаў. Бо мэта тая ж, што і раней – паспрабаваць зьнішчыць апазыцыю, паспрабаваць яе зганьбіць”.

(Карней: ) “Палітыкі, якія не ўваходзяць ў сьпіс “лявонавых” сымпатыяў, атрымліваюць ад яго “па поўнай праграме”. Адна з найбольш гуманных пагрозаў – пераламаць ногі. Ледзьве ня ўсе, акрамя, бадай, Чыгіра і Вячоркі, абвінавачваюцца ў сталай службе на карысьць КГБ і ФСБ. Сярод, так бы мовіць, патэнцыйных ахвяраў інтэрнэтаўскага “рэвалюцыянэра” – Зянон Пазьняк, Вячаслаў Сіўчык, Юхо, Юры Беленькі, Сяргей Папкоў, Павал Севярынец.

Імгненную агрэсыю выклікаюць спробы наведнікаў супакоіць “гарачага” Лявона. Найпершая рэакцыя – сустрэцца чамусьці менавіта ля штаб-кватэры БНФ па Варвашэні, дзе ён, Лявон, цытую – “наб’е морду рускім свіньням”. Цытаваньне, зрэшты, таксама адно з найбольш лёгкіх.

Асабліва развязьліва Лявон вядзе сабе ў дачыненьні да нікаў, якія прадстаўляюцца як дзяўчаты ці жанчыны. Усе зносіны зводзяцца выключна да сэксуальных вычварэнстваў. Маральныя нормы яго абсалютна не турбуюць. Нават дакладна ведаючы пра тое, што адной з суразмоўніц няма яшчэ 14 гадоў, Лявон працягвае кідаць у яе бок непрыстойнасьці. У цывілізаванай краіне гэта аўтаматычна цягне на крымінальную адказнасьць.

Лёзунгі тыпу “Сьмерць маскалям!” – бадай, адзінае, што не ўзятае ў мацернае аздабленьне. Нават пры самым ваяўнічым радыкалізьме ды антырасейскіх настроях такую пазыцыю цяжка аднесьці да агульнай у шэрагу апанэнтаў улады, ад імя якіх выступае самазваны “Лявон”.

Бадай, у дадзеным выпадку спадзяваньні на перавыхаваньне Лявона цалкам марныя. Падобна, што патрабуецца ўмяшальніцтва адміністратара чату, які б ізаляваў астатніх ад, мякка кажучы, інтэрнэт-хулігана.

Зрэшты, калі гэта – сацыяльна-палітычная замова, і Лявон мае загадзя акрэсьленую ўстаноўку на дыскрыдытацыю лідэраў апазыцыі ці кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду, дык такі стыль хутка можна будзе пабачыць і ў іншых месцах беларускага Інтэрнэту”.

(Навумчык: ) “Наш менскі карэспандэнт распавёў пра першую маштабную правакацыю ў беларускім Інтэрнэце. Магчыма, яна атрымае далейшае разьвіцьцё.

А цяпер – пра падзею зусім іншага кшталту.

Днямі зьявіўся афіцыйны вэб-сайт Камісіі Кангрэсу ЗША ў справе бясьпекі і супрацоўніцоўніцтве ў Эўропе (яна яшчэ вядомая пад назовам Гэльсынскай камісіі) – http://www.osce.gov

Гэтая камісія займаецца праблемамі дэмакратыі і правоў чалавека ў адпаведнасьці з Пагадненьнем, падпісаным у Гэльсынкі ў 1975 годзе.

Узначальвае Камісію кангрэсмэн ад штату Нью-Джэрсі Крыстафэр Сміт, які, дарэчы, патрымлівае добрыя сувязі з беларускай дыяспарай. У склад камісіі ўваходзяць сем сэнатараў і сем кангрэсмэнаў; чатыры месцы пры гэтым пакуль застаюцца вакантныя.

Камісія месьціцца ў Вашынгтоне, на Капіталійскім ўзгорку, у будынку Кангрэсу ЗША. Мне некалькі разоў даводзілася спатыкаца з членамі гэтай камісіі і супрацоўнікамі яе апарату; магу сьведчыць, што сытуацыю ў Беларусі яны ведаюць дэталёва.

У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, сабраныя некалькі дзесяткаў дакумэнтаў – пачынаючы ад стэнаграмы слуханьняў у Кангрэсе ЗША ў справе правоў чалавека з удзелам Зянона Пазьняка, якія адбыліся 30 кастрычніка 1996 году і ўпершыню за шмат гадоў прыцягнулі ўвагу амэрыканскіх палітыкаў і прэсы да беларускай праблематыкі.

Адзначым, што ўсе гэтыя матэрыялы носяць афіцыйны характар – гэта заявы Кангрэсу ЗША, прэс-рэлізы Гэльсынскай камісіі, а таксама стэнаграмы слуханьняў на Капіталійскім ўзгорку і выступаў беларускіх апазыцыйных палітыкаў – Станіслава Шушкевіча, Сямёна Шарэцкага, Вінцука Вячоркі, Анатоля Лябедзькі і іншых.

Нельга не пагадзіцца з меркаваньнем кіраўніка Каміісыі Крыстафэра Сміта, які, камэнтуючы зьяўленьне новага Інтэрнэт-сайту, адзначыў, што Камісія, якая сабрала ўнікальную інфарміацыю, сёньня можа распаўсюджваць яе як ніколі шырока і апэратыўна. Крыстафэр Сьміт адзначыў, што вэб-сайт – добрая крыніца для дасьледнікаў, навукоўцаў, палітыкаў ў справе вывучэньня сытуацыі з правамі чалавека ў больш як 50 краінах сьвету.

Сустаршыня Камісіі, сэнатар Бэн Найтарс Кэмпбэлл зьвярнуў ўвагу на тое, што вэб-сайт ствараўся з улікам запытаў юрыстаў, праваабаронцаў і дасьледнікаў, якія рэгулярна зьвяртаюцца ў Камісію па дапамогу.

Кожны жадаючы можа зьвязацца з камісіяй праз электронную пошту, а таксама падпісацца праз кампутарную пошту на навіны вэб-сайту Гэльсынскай камісіі.

Адрас вэб-сайту – http://www.osce.gov
XS
SM
MD
LG