Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні 2-га ўсебеларускага інтэрнэт-форуму


В.Тарас

Агляд беларускага (і ня толькі) Сеціва за тыдзень

(эфір 25 лістапада)

Вядучы Віталь Тарас.

Сярод тэмаў выпуску:

Напярэдадні 2-га ўсебеларускага інтэрнэт-форуму;
Што думаюць наведнікі інтэрнэту пра сайт газэты "Звязда"?
Беларускі адлік: 142 дні з моманту зьнікненьня журналіста Зьміцера Завадзкага;
Сайт расейскага цэнтру экстрэмальнай журналістыкі: гутарка зь кіраўніком цэнтру Алегакм Панфілавым на тэму інтэрнэт і спэцслужбы.

Пачнем зь юбілейнай тэмы. 70 - годьдзе зь дня нараджэньня выдатнага беларускага пісьменьніка Ўладзіміра Караткевіча не магло застацца незаўважаным і ў глябальным сеціве.

Вядомы нашым слухачам сайт "Беларуская палічка" друкуе на сваёй старонцы шэраг клясычных твораў Караткевіча. Гэта апавяданьні "Як зьвяргаюцца ідалы", "Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў", "Краіна Цыганія", "Дрэва вечнасьці", "Кніганошы", а таксама раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" і аповесьць "Дзікае паляваньне караля Стаха".

Нагадаем адрас "Беларускай палічкі" у інтэрнэце: www. wu-wien.ac.at/groups/belarus

12-14 сьнежня ў Менску адбудзецца другі ўсебеларускі інтэрнэт-форум. "BA (бі-эй) –2000." На ім будзе прадстаўлены новы праект – нацыянальнае бізнэс-сеціва. Распавядае наш менскі карэспандэнт Ганна Соўсь.

(Соўсь) "Паводле зьвестак Міністэрства сувязі, колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі складае каля 35 тысячаў чалавек. Але большасьць зь іх наведваюць сеціва дзеля забавы. Асобаў, што карыстаюцца ім у справах бізнэсу, даволі мала.

Паводле спэцыялістаў, гэта абумоўлена не тэхналягічнымі або юрыдычнымі праблемамі, але нізкімі даходамі насельніцтва й высокімі коштамі на інтэрнэт-паслугі. Але гэтая сфэра мусіць разьвівацца.

Напрыклад, летась, у першым інтэрнэт-форуме ўзяла ўдзел 21 кампанія, што працуе на беларускім інтэрнэтаўскім рынку. Цяпер арганізатары інтэрнэт-форуму спадзяюцца на павелічэньне колькасьці ўдзельнікаў, але дакладных лічбаў пакуль не называюць.

Сёлета форум ладзяць Інстытут прыватызацыі й мэнэджмэнту разам з нацыянальным выставачным цэнтрам Белэкспа.

Як адзначыў адзін з арганізатараў форуму Аляксандар Грыгор'еў, упершыню ў Беларусі пры наладжваньні выставы будуць выкарыстаныя электронныя тэхналёгіі.

Што да развііцьця беларускага інтэрнэту, дык цяпер паўстае істотная праблема – манапалізацыя гэтага рынку паслугаў аб'яднаньнем Белтэлекам.

Як мяркуе дырэктар інтэрнэт-форуму ВА-2000 Іван Пятровіч,
(Пятровіч:) "Белтэлекам не гатовы прадаваць частку сваіх акцыяў, бо ён проста не прайшоў працэдуру прыватызацыі. Ён яшчэ не зьяўляецца акцыянэрным прадпрыемствам. Гэта рэспубліканскае аб'яднаньне.

Мы ўсе абвінавачваем Белтэлекам у манапалізме, бо цяпер ёсьць толькі адно выйсьце ў сеціва. Але гэтая структура ідзе на супрацоўніцтва даволі актыўна."

(Соўсь:) Паводле Біла Гэйтса, кампанія, якая ня будзе прадстаўленая ў сеціве ў новым тысячагодзьдзі, мусіць стаць аўтсайдэрам і загінуць на рынку. Другі інтэрнэт-форум БА-2000 разьлічаны ў большасьці на беларускіх бізнэсоўцаў і мусіць дапамагчы ім прасоўваць свае інтарэсы пры дапамозе сеціва."

Ганна Соўсь, Менск

Працягваем перадачу.

Сёлета ў інтэрнэце зьявілася старонка газэты "Звязда" – адзінай беларускамоўнай газэты сярод афіцыйных выданьняў. Хаця прайшло ўжо некалькі месяцаў, новая старонка засталася пакуль амаль не заўважанай. Паводле сайту "Беларускі рэйтынг", напрыклад, электронная версія "Звязды" займала на гэтым тыдні 69-е мейсца. А ў рэйтынгу сродкаў масавай інфармацыі на Акавіце наогул дарэмна шукаць гэты сайт.

Магчыма, тлумачыцца гэта тым, што электронная версія "Звязды" мала чым адрозьніваецца ад арыгіналу.Той самы дызайн, тыя самыя рубрыкі – "розгалас", "афіцыйна", "зь першых вуснаў" (інтэрвію з афіцыйнымі асобамі), "чытач- газэта", "здарэньні", раз-пораз зьяўляецца рубрыка "Беларушчына".

А вось некалькі назваў, узятых наўдачу ў нумары за аўторак –
Ці будзе цёпла ў кватэрах? Даволі мякккае надвор'е восені не спрыяе ўзьнікненьню апасеньняў наконт цеплыні ў кватэрах.

Прэзыдэнт Беларусі запрасіў замежныя газавыя кампаніі да супрацоўніцтва.

Весялоўскі крухмальны завод: упэўненым крокам наперад.

Тры гранаты знайшлі ў будынку Аршанскага ўніверсітэта.

Крымінальныя школьніцы Мазыра.

Калі б не не апошнія нататкі з рубрыкі "крымінал", ды заходняе слова "прэзыдэнт", можна было б падумаць, што гэта газэтны архіў 60-х-70-х гадоў.

Найбольш цікавай падаецца рубрыка "гасьцявая кніга", у якой наведнікі выказваюць свае меркаваньні. Вось некалькі запісаў:

Віктар: "Даўно ўжо час зразумець, што каб чытаць па-беларуску, ня варта чытаць "Звязду.", ці толькі пры самае скрайняе патрэбе."

К. Стжалкоўскі адносна ангельскамоўнага варынту газэты: "Не Belorussian General Daily, aле Belarussiаn General Daily. Мы жывем у дзяржаве, якая назаваецца Belarus, a нe Belorus."

Нехта Рыдэль напісаў лацінкай: "А тарашкевіцай слабо карыстацца? Увогуле нядрэнна! Дзякуй за тое, што вы ўрэшьце зьявіліся ў сеціве."

У разьдзеле "культура" варта aдзначыць рубрыку "Анаталогія беларускай паэзіі", якую вядзе Міхась Скобла, знаёмы слухачам Радыё Свабода як вядучы "Вольнай студыі". Апошні выпуск быў прысьвечаны паэзіі Зьмітрака Бядулі.

Зазначым таксама зьяўленьне на старонках "Звязды" былога міністра замежных справаў Беларусі, пасла ў Японіі Пятра Краўчанку ў якасьці літаратара. Ён надрукаваў тут сваё апавяданьне. Цікаўныя могуць прачытаць яго ў архіве на адрасе: ww w. zvyazda. minsk.by

Сайт "Беларускі адлік" (адрас litvabook.8k.com/adlik) нагадвае пра важнейшыя для беларусаў даты гісторыі, у тым ліку сучаснай. І робіць гэта даволі своеасаблівым чынам. Аўтары старонкі нагадваюць, што (на дзень эфіру):

"Чарнобыльская АЭС выбухнула 5298 дзён таму;

Беларусь атрымала незалежнасьць па распадзе Савецкага Саюзу 3775 дзён таму;

Прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі скончыўся 495 дзён таму.

І далей:

Зьміцер Завадзкі, апэратар расйекай тэлекампаніі ОРТ быў выкрадзены ў міжнародным аэрапорце Менск-2 142 дні таму;

Віктар Ганчар, шырока вядомсы апазыцыянэр, зьнік 437 дзён таму;
Юры Захаранка, апазыцыянэр, былы міністар замежных справаў Беларусі зьнік 569 дзён таму."

Што тычыцца зьнікненьня Зьміцера Завадзкага, дык нагадаю, што на мінулым тыдні ў інфармацыйных агенцтвах і медыях Беларусі зьявіўся сэнсацыйны ананімны ліст, у якім сьцвярджалася, што тэлеапэратар, нібыта, быў забіты людзьмі, што мелі дачыненьне да службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.

Адным зь першых гэтую інфармацыю ў інтэрнэце зьмясьціў расейскі сайт Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі. Кіраўнік гэтага цэнтру – журналіст Алег Панфілаў, быў госьцем нашай студыі. Я папрасіў нашага калегу ня толькі даць камэнтар канкрэтнаму выпадку, але падзяліцца меркаваньнем адносна магчымасьці выкарыстаньня інтэрнэту спэцслужбамі.

(Тарас:) "Можна згадаць, што ў інтэрнэце летась зьявіўся сьпіс курсантаў вышэйшай школы КГБ. Дарэчы, ён і зараз знаходзіцца ў інтэрнэце і той, хто жадае, можа яго знайсьці.
У дадзеным выпадку гэта быў ліст, дасланы электроннай поштай. Як Вы ставіцеся да інфармацыі, якая такім чынам трапляе да вас?

(Панфілаў:) "Па-першае, мы заўсёды даем крыніцу інфармацыі, у дадзеным выпадку, пазначылі мейсца, адкуль гэтая інфармацыя прыйшла. Мы гэта робім наўмысна, таму што мы ня маем магчымасьці спраўдзіць праўдзівасьць інфармацыі. А паколькі яна сацыяльна значная паводле свайго зьместу, мы вырашылі яе надрукаваць і думаю, што зрабілі правільна.

А што тычыцца самой інфармацыі, дык у мяне дваістае стаўленьне да гэтага ананімнага ліста супрацоўніка КГБ Беларусі.

Я мог бы й паверыць у існаваньне такога афіцэра – думаю, што ў праваахоўчых ворганах Беларусі, усё-ткі, высьпявае незадаволенасьць тымі дзеяньнямі ўладаў, якія адчуваюць на сабе як журналісты, гэтак і грамадзтва ў цэлым.

Але з другога боку, мы ўсе ведаем, што КГБ Беларусі захоўвае традыцыі савецкага КГБ, таму гэты ліст можна ацэньваць і як нейкую гульню, адмыслова складзены ліст для таго, каб зьмяніць грамадзкую думку адносна гэтага выпадку – зьнікненьня Зьміцера Завадзкага.

Я ня думаю, што гэта робяць непасрэдна спецслужбы, але тое, што яны робяць гэта з дапамогай розных арганізацыяў – у тым ліку, праўрадавывх, несумненна.

Гэта добра відаць з таго, як працуюць, напрыклад, некалькі сайтаў, якія маюць адносіны да ўраду Туркменістану, як гэта робяць падобныя сайты ў іншых краінах СНД.

Напрыклад, у Расеі добра вядомыя некалькі сайтаў, якія належаць творчасьці вядомага чалавека – Глеба Паўлоўскага. Перш за ўсё, гэта "страна.ру". Гэта абсалютна прапуцінскі сайт, які дае цалкам праўрадавую інфармацыю і ўжо апошнім часам заўважана, што яны даюць дастаткова шмат правакацыйных матэрыялаў, якія можна ацэньваць як дэталь інфармацыйнай мвайны, што вядзе рэжым Пуціна супраць незалежнай прэсы, супраць грамадзвта.

У прыватнасьці, паведамленьне аб тым, што Аляксандар Любімаў, вядомы тэлежурналіст, вырашыў стварыць альтэрнатыўны саюз журналістаў, зьявілася выключна на сайце "страна. ру".

Тое ж тычыцца й Беларусі. Я пэрыядычна праглядаю беларускія сайты, і канечне там зьяўляецца інфармацыя, пра якую можна меркаваць, што яна зыходзіць з ворганаў КГБ, ці іншых спэцслужбаў".

Гаварыў Алег Панфілаў. Тыя, хто цікавіцца зьместам сайту расейскага Цэнтру экстрэмальнай інфармацыі, якую дасылаюць журналісты з усіх краінаў СНД, у тым ліку зь Беларусі і якая выстаўляецца ў рыжыме он-ляйн, могуць занатаваць адрас:
www. cjes.ru

XS
SM
MD
LG