Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд беларускага (і ня толькі) Сеціва за тыдзень.


В.Тарас

Агляд беларускага (і ня толькі) Сеціва за тыдзень

(эфір 27 жніўня)
Вядучы Віталь Тарас.

Сёньня ў выпуску: "Байкот-2000" - улёткі на сайце Хартыі-97. Старонка маладых сацыял-дэмакратаў Беларусі, культу вуду як шлях барацьбы з дыктатурай. Новы сайт згуртаваньня беларусаў Канады.

Тэма восеньскіх выбараў, натуральна, не абмінула й беларускі інтэрнэт. Так, на старонцы Хартыі-97 надрукаваны тэкст улёткі "Байкот-2000".

"Няважна, хто галасуе. Важна, хто лічыць. Гэта выказваньне Сталіна. Пры Сталіне 99,9 працэнта савецкіх грамадзянаў хадзілі на выбары. І ўсе яны галасавалі так, як было патрэбна ўладзе. Сёньня Лукашэнка таксама разыгрывае сцэнар з загадзя вядомым вынікам. Таму няўдзел у выбарчым фарсе – адказ нахабнай вярхушцы, што кіруе краінай. Мільёны грамадзянаў, якія байкатуюць фарс, не дазволяць завесьці грамадзтва ў загадзя падрыхтаваную пастку. Выйсьце з гэтага становішча падказанае гістарычным вопытам нашых суседзяў ва Ўсходняй Эўропе – ігнараваньне псэўдавыбараў, арганізаваных паводле законаў камуністычных дыктатараў."

Дарэчы, менавіта такія ўлёткі былі канфіскаваныя міліцыяй у актывісткі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Галіны Юрынай.

Аднак, палітычнае жыцьцё ў Беларусі тэмай выбараў не абмяжоўваецца. У нашым аглядзе мы даволі часта згадваем інтэрнэт-старонкі грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў. Мы ўжо гаварылі пра сайт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада. Цяпер у інтэрнэце ёсьць і старонка моладзевай фракцыі БСДП – "Маладыя сацыял-дэмакраты."

Хаця сайт яшчэ ў працэсе станаўленьня, на ім ужо зьмешчана даволі шмат інфармацыі – у асноўным, датычнай, праўда, жыцьця самой гэтай грамадзкай арганізацыі.

Сайт, дарэчы, зьявіўся незадоўга да пачатку другога зьезду Маладых дэмакратаў, які распачаўся 25 -га жніўня.

Напярэдадні я зьвярнуўся па тэлефоне да прэсавага сакратара Маладых дэмакратаў Вальжыны Шаламіцкай з пытаньнем, ці не быў прымеркаваны выхад у інтэрнэт да скліканьня з'езду?

(Шаламіцкая: ) "Насамрэч, гэта былі ўжо даўнія пляны – зрабіць сайт. І вось калі знайшліся вольныя грошы, нам дапамаглі нашыя швэдзкія сябры – яны зрабілі адмысловы праект, каб атрымалася больш моцная інфармацыйная падтрымка. Ну, да зьезду яго ўжо трэба было зрабіць дакладна, каб ён працаваў. Зараз мы знайшлі чалавека, які будзе займацца гэтым пастаянна.

Мы будзем падаваць заяўку на сяброўства USI, і міжнародныя кантакты трэба разьвіваць, каб пра нас ведалі ня толькі ў Беларусі.

Калі глядзець, хто наведвае гэтыя сайты, дык гэта Расея, краіны Балтыі, Украіна і наколькі я ведаю 16 адсоткаў усіх, хто праглядае беларускія сайты – гэта Амэрыка. Гэта значыць, гэта проста разьвіцьцё міжнародных кантактаў".

(Вядучы: ) "А ці ёсьць нейкія друкаваныя выданьні ў вашай арганізацыі і якую ролю вы адводзіце вашаму сайту ў інтэрнэце ў справе прапаганды ідэяў сацыял-дэмакратыі?"

(Шаламіцкая: )"У нас два друкаваныя выданьні: гэта газэта "Постфактум", якая распаўсюджваецца на сустрэчах, мітынгах для ўсіх людзей і ўнутраны бюлетэнь. Гэта інфармацыя для нашай арганізацыі. На сайце, канечне, зьяўляецца інфармацыя пра нашыя мерапрыемствы. Г.зн., людзі, якія цікавяцца, могуць знайсьці інфармацыю хутчэй празь інтэрнэт, чымся знайсьці гэты бюлетэнь, ці "Постфактум", які выходзіць невялікім накладам 99 асобнікаў."

Яны могуць там (на сайце – В.Т.) паглядзець і прачытаць нашу праграму, статут. Чалавек можа прачытаць, зацікавіцца, зьвярнуцца да нас і зьвярнуцца да сацыял-дэмакратычнай ідэі."

(Вядучы: ) "Вельмі прыемна бачыць, што старонка выходзіць па- беларуску. Як Вы лічыце, ці мае пэрспэктыву беларускі інтэрнэт?"

(Шаламіцкая: ) "Пэрспэктывы менавіта беларускага інтэрнэту, я лічу, будуць вельмі шырокія, таму што пакуль ён слаба разьвіты, і яшчэ столькі можна зрабіць!..Ён будзе добра разьвівацца ў будучым. Пакуль што ўсё ідзе марудна. Але Вы самі ведаеце, які інфармацыйны голад, наколькі гэта патрэбна. І мы ведаем, што інтэрнэт – гэта вельмі дзейсны сродак."

Па тэлефоне зь Менску гаварыла Вальжына Шаламіцкая.

Цікаўным паведамлю адрас сайту маладых дэмакратаў: www. sdpb.net /msd

У апошнія месяцы, нягледзячы на лета, моладзь даволі актыўна працягвала асвойваць беларускую інтэрнэт- прастору. У прыватнасьці, зьявіўлася старонка Віцебскай суполкі моладзі "Верас". Як паведамляюць аўтары сайту, суполку летась стварылі студэнты Андрэй Парфёнаў, Яраслаў Манцэвіч і Юрась Землякоў. Мэта суполкі, якая выпускае таксама сваю газэту – гуртаваньне нацыянальна сьвядомай моладзі, прапаганда беларускай культуры, спрыяньне дэмакратычным працэсам у грамадзтве.

На сваёй старонцы "Верас" прапануе дапамогу ў арганізацыі розных мерапрыемстваў ў Віцебску й Наваполацку – у прыватнасьці, у перакладзе з ангельскай, польскай, нямецкай і рускай моваў, распрацоўцы й разьмешчаньні афіцыйных сайтаў і гэдак далей. На жаль, аўтары сайту не паведамілі сваіх кантактных тэлефонаў, таму нам застаецца толькі пакуль назваць адрас суполкі ў інтэрнэце: www. veras.2fs. com

У мінулай перадачы згадвалася беларуская старонка ў ЗША. Цяпер у нас ёсць магчымасць сказаць колькі словаў пра сайт, які пачала выпускаць філія згуртаваньня беларусаў Канады ў Атаве.
У разьдзеле "Апошнія падзеі" тут зьмешчанае паведамленьне наступнага зьместу:

"У нядзелю, 6 жніўня, многія зь беларусаў, якія жывуць у Атаве, сабраліся на чарговую сустрэчу й сумесны адпачынак на возеры Лэйк Філіп, што ў 50 кілямэтрах ад сталіцы.

Вельмі прыгожае возера, цудоўная прырода парку Гаціно й цёплы, душэўны настрой стварылі прыемную атмасфэру для размоваў і адпачынку – пад час прыгатаваньня барбекю і імправізаванага агульнага стала, пад час дыскусыяў і й футбольнага матчу.

На кожнай новай сустрэчы адбываюцца й новыя знаёмствы, бо ўсё больш людзей зьбіраеца на нашыя сумесныя мерапрыемствы,: дзякуючы жаданьню людзей мець такія сустрэчы. Ня дзіўна, што на возеры былі нават беларусы з Манрэалю, якія прасілі інфармаваць іх пра наступныя сустрэчы.

Усе прысутныя зацікавіліся адкрыцьцём новага беларускага сайту, на якім мы зьбіраемся інфармаваць аб усіх падзеях нашай кам'юніці, даваць практычныя парады новым эмігрантам, а такіх людзей, вымушаных пакідаць радзіму, становіцца ўсё больш. Пакуль адрас нашага сайту такі: www. cyberus. ca/~belarus"

Што да згаданых практычных парадаў, якія ўжо ёсць на сайце, то яны тычацца вывучэньня ангельскай мовы й сыстэмы школьнай адукацыі ў Канадзе.

Змаганьне супраць дыктатуры ў Беларусі – у тым ліку праз Інтэрнэт, часам набывае самыя фантастычныя, ці нават кур'ёзныя формы.
Беларускі партал Дзед Талаш назваў спасылкай тыдня Belarusian Barbie – так называецца старонка з загадкавым адрасам czavo.org/barbie. "Барбі", нагадаю — гэта імя папулярнай на Захадзе лялькі для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Пра ляльку вядзецца і на згаданай старонцы. Праўда ляльку ня зусім звычайную. Аўтары тлумачаць

"Нешматлікія афрыканскія плямёны выкарыстоўваюць старажытныя тэхналёгіі, у сьвядомасьці белага чалавека вядомыя пад псэўданавуковай назвай "вуду". Падчас шматлікіх кансультацыяў з практыкуючым прафэсыяналам у гэтай галіне, сапраўдным шаманам аднаго з экватарыяльных плямёнаў, была распрацаваная адмысловая тэхналёгія для беларускіх умоваў.

Калі стаіць пытаньне аб фізычнай ліквідацыі якога-небудзь індывідыюма, шаман, выкарыстоўваючы адмысловыя кампанэнты, вырабляе ляльку, якая вонкава мусіць быць падобная да асуджанага на пакараньне, а пасьля , прытрымліваючыся адмысловых рытуалаў, сымбалічна шкодзіць ляльку, што калечыць і ў патрэбных выпадках нават забівае кліента. У выключных выпадках, як у беларускім варыянце, калі нейкая д'яблоўская моц ахоўвае аксуджанага, шаман заклікае на дапамогу сьвядомых прадстаўнікоў племені з мэтай аб'яднаць мэнтальную энэргію масаў у дасягненьні адзінай мэты."

Відаць, ня трэба тлумачыць, на каго мусіць быць падобная лялька, якую прапануюць стварыць аўтары сайту і падрабязную тэхналёгію вырабу якой яны зьмяшчаюць далей. Прынамсі, на пяшчотную Барбі яна зусім не падобная. Ну, а што тычыцца, мэты, якая пры гэтым маецца на ўвазе, дык можна прывесьці яшчэ некалькі ня менш надзейных шляхоў, каб яе дасягнуць.

Можна, напрыклад, пасылаць праклёны на галаву ненавіснай асобы, назваць імем гэтай асобы котку, альбо сабаку, ці пракалоць нажніцамі вочы на ягонай фатаграфіі. А яшчэ ў Японіі існуе звычай, калі супрацоўнік якой-небудзь, канторы, зачыніўшыся, кідае войстрыя прадметы ў партрэт начальніка. Пры гэтым, кажуць, застаюцца задаволеныя й начальнік і падначалены, які такім чынам выпускае пару.

XS
SM
MD
LG