Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Свабоду" па-беларуску ў Інтэрнэце чытаюць у 52 краінах сьвету


В.Тарас

Агляд беларускага Сеціва за тыдзень

(эфір 25 чэрвеня)
Вядучы Віталь Тарас.

"Свабоду" па-беларуску чытаюць і слухаюць у глябальным сеціве ў 52-х краінах сьвету. 3-ці Статут ВКЛ на сучаснай беларускай мове ў Інтэрнэце. Польскі музычны фэст Басовішча чакае на музыкаў зь Беларусі

За апошні час у сеціве няшмат зьявілася новых беларускамоўных рэсурсаў. Аднак, некаторыя інтэрнэт старонкі набылі новае аблічча. Сайт "Дэманстрацыя" (ягоны адрас –www.draniki.com/demo) вырашыў зьмяніць свой зьнешні выгляд. Як самакрытычна прызнаюць самі ягоныя стваральнікі, падштурхнула іх да гэтага крытыка ўжо вядомага нашым слухачам Дзеда Талаша. Глядзі ў каталёгу dt.home.by рубрыку "Дзедава дзяга".

Так што дызайн "Дэманстрацыі" цалкам зьямініўся. Што тычыць самых дэманстрацыяў, дык новага тут мала. Што зробіш – лета.

У рэйтынгу "Акавіта" ў катэгорыі СМІ беларуская старонка "Радыё "Свабода" ў чэрвені трывала займае другое мейсца паводле колькасьці наведваньняў пасьля Хартыі-97. А вось па колькасьці краінаў, дзе "Свабоду" чытаюць і слухаюць у інтэрнэце – 52, сайт радыё выйшаў на першае мейсца.

На 9-м мейсцы паводле папулярнасьці, адразу за сайтам – дзяржаўнага агентцва БелТА – яшчэ адна радыйная старонка.

Навіны Радыё Рацыя (колішняй ФМ- радыёстанцыі 101,2, вяшчаньне якой спынілі беларускія ўлады) можна цяпер чытаць на адрасе www.racja.pl

На "Беларускай палічцы" – новыя паступленьні. Гэта "Рэч паспалітая абодвух народаў" (публікацыя архіўных дакумантаў, якія сьведчаць аб гісторыка-культурных узаемадачыненьнях і здабытках палякаў і ліцьвінаў у складзе Рэчы паспалітай.) А таксама Трэці разьдзел Статуту Вялікага княства Літоўскага – аб пашырэньні Вялікага Княства Літоўскага й шляхецкіх вольнасьцях.

Пераклад гэтага, як і папярэдніх разьдзелаў Статуту, на сучасную мову, рабіў Юрай Касіч зь Вітабску. Дакумант надрукаваны лацінкай паводле дарэформавага правапісу.

Вось назвы некаторых артыкулаў трэцяга разьдзелу Статуту.

"Артыкул 3-і. Аб захаваньні й спакоі усіх падданых Нашых, грамадзянаў гэтага гаспадарства, з боку рознага разуменьня і ўжываньня набажэнства хрысьціянскага.

Артыкул 4-ы. Мы, Гаспадар, абяцаем пашыраць Вялікае Княства Літоўскае; а тое, што было забранае і адыйшло, да яго вараціць.

Артыкул 6-ы. Аб Сойме Вольным; аб Сойміках павятовых і справаваньні іх, ды пасланьні зь іх зямяцкіх паслоў на Вольны Сойм; аб соймавых кур'ерах, вызваленых ад вайсковае павіннасьці; таксама прыязджаньні паноў Радцаў, зямяцкіх ураднікаў і шляхты.

Артыкул 10. Каб шляхціч ня быў схоплены бяспраўна.

Артыкул 28. Пра абмову, быццам меў быць непрыстойнае маці сынам, і пра абмаўленьне жаночых асобаў шляхецкіх.

Артыкул 37. Аб гараджанах – што ня маюць на кірмашы сялянаў рабаваць.

Артыкул 43. Хто чаго за Вялікім Князем Казімірам і Аляксандрам, і за Вялікім Князем Ягонае міласьці Жыгімонтам Аўгустам быў у валадараньні, той тым вечна мае права валодаць.

Артыкул 46. Мы, Гаспадар, абяцаем аднолькава роўную справядлівасьць чыніць усім; ды хабару Мы й паны Рада Нашая браць не павінны; і, таксама ж, аб гонары толькі Мы самі, Гаспадар, судзіць маем права.

Артыкул 51 (апошні). Аб манаполіі, гэта значыць аб недаваньні адное асобе ў арэнду й кіраваньне набыткаў, усёй Рэчы Паспалітай належачых."

Гэты артыкул гучыць актуальна і для сёньняшняй Беларусі, больш як праз чатыраста дзесяць гадоў пасьля выхаду Статуту Вялікага Княства Літоўскага.

Беларуская мова на тарашкевіцы, ды яшчэ лацінскім шрыфтам — пакуль досыць экзатычная для інтэрнэту. Але менавіта лацінкай карыстаецца ананімны аўтар старонкі Беларусь-2000, хаця чамусьці просіць прабачэньня за гэта ў сваіх наведнікаў. Аўтар гэтага сайту з катэгорыі так званых хатніх, як ён сам піша, нарадзіўся й вырас у Менску, але мусіў зьехаць разам з баьцкамі ў Польшчу, дзе вучыцца ў 1-м агульнаадукацыйным ліцэі.

У сваім уступным слове малады аўтар піша:"Калі я жыў у Беларусі, ніколі ня думаў аб такіх праблемах як патрыятызм, народ, нацыяналізм, матчына мова й гэдак далей…" А заканчвае ён словамі: " Я ганаруся сваёй радзімай – ганаруся, што я Беларус, што беларусы маюць вялікую гісторыю, вялікі дух, якога не перамагла нават імпэрыя. Дзякуй табе, Божа, што я нарадіўся менавіта на гэтай зямлі."

Адрас сайту Беларусь-2000 – priv6.onet.pl/poz/belarus

І на закачэньне – навіна для аматараў рок-музыкі. У інтэрнэце зьявіўся сайт, прысьвечаны традыцыйнаму рок-фэсту "Басовішча", які адбудзецца сёлета 14-15 ліпеня ў польскім мястэчку Грудэк каля Беластоку. Паводле папрярэдняй інфармацыі, у фэстывалі возьме ўдзел папулярны польскі гурт, які грае ў стылі хэві-мэтал, ACID DRINKERS.

Зь беларускага боку на Басовішча-2000 прыедуць маладыя рок-гурты, якія зараз удзельнічаюць у адборачным конкурсе ў Менску, а таксама легендарныя Уліс, НРМ, Кася Камоцкая.

Што тычыць фэсту Басовішча, больш інфармацыі пра яго можна атрымаць у інтэрнэце паводле адрасу: www. geocities. сom/basoviszca

Такім, чынам Беларускі дыялёг сёньня атрымаўся ў нас крыху з польскім ухілам.

На гэтым Shutdown. Нагадаю наш адрас: www. swaboda. Org

XS
SM
MD
LG