Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Госьць перадачы – аўтар шматлікіх web-праектаў Валеры Лабко


Алена Цiхановiч

(эфір 29 жніўня)

Сёньня госьць перадачы, аўтар і ўдзельнік шматлікіх праектаў беларускага інтэрнэту, Валеры Лабко. Гэта web-праекты: New Town - Новы Горад, Ecohome - Экадом, Nature - Прырода, Poetry - Паэзія ды іншыя.

Валеры Лабко — яшчэ й асоба, вядомая ў беларускай фатаграфіі, настаўнік, які працаваў для незалежнай школы журналістыкі, бацька, які выпеставаў са сваёй дачкі Веры таленавітага кампутарнага графіка.

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Лабко, відаць, у адным з першых аглядаў беларускага інтэрнэту яшчэ ў 96-м годзе Вы заўважылі: "чым больш інтэрнэту, тым менш сацыялізму, і наадварот — чым больш сацыялізму, тым менш інтэрнэту". Як бы Вы акрэсьлілі тэндэнцыю апошніх гадоў у беларускім інтэрнэце? Чыя тут бярэ?"

(Лабко: ) "Што тычыцца гэтай заўвагі, то ведаеце — на той пэрыяд галоўнай праблемаю быў доступ да інтэрнэту. Паколькі на самай справе была толькі адна мадэмная лінія да Варшавы (потым і яе ня стала), потым быў нейкі вельмі дзіўны доступ да інтэрнэту праз акадэмічную сетку праз Маскву, а ўжо потым зьявіліся ўжо менш-больш сталыя, больш надзейныя каналы сувязі — спачатку праз таксама праз Маскву, а потым праз амэрыканскія спадарожнікавыя каналы. І гэта была асноўная праблема. З таго часу зьмянілася шмат чаго, і зараз можна сказаць, што больш-менш добры доступ.

Але не зьмянілася галоўнае — не зьмяніўся падыход, самі кошты гэтага доступу... Вельмі шмат людзей, асабліва гуманітарыяў, людзей, якія маглі б садзейнічаць росту кантэнту беларускага інтэрнэту, гэтага доступу або ня маюць, або, так бы мовіць, ня маюць нейкай школы, нейкай культуры ў працы зь інтэрнэтам... І ў гэтым сэнсе анічога не зьмянілася.

Тыя грошы, якія былі ўкладзеныя ў разьвіцьцё інфраструктуры інтэрнэту — тое, што мы маем на ўзроўні Белпаку — гэтыя грошы мусяць вяртацца. А вяртаюцца яны йзноў жа як пры сацыялізьме, вельмі-вельмі марудна. І відаць, з гэтай прычыны яшчэ ня будзе аніякай канкурэнцыі, аніякіх альтэрнатыўных, даступных каналаў, даступных для бальшыні карыстальнікаў інтэрнэту".

(Карэспандэнтка: ) "Як Вы ацэньваеце ў гэтым пляне апошнія заявы міністра сувязі Беларусі на гэтую тэму? Ён адказваў на папрокі так: "у нас поўная свабода ў карыстаньні інтэрнэтам, зарэгіструйце мадэм і ўсё ў парадку".

(Лабко: ) "Я згодны ў тым пляне, што калі Вы маеце доступ да інтэрнэту, то няма аніякіх абмежаваньняў. Але, справа ў тым, што большая частка насельніцтва — тая, якая патэнцыйна магла б карыстацца інтэрнэтам, тыя людзі, у якіх ёсьць і кампутары, і мадэмы — грашовая праблема фактычна не дае магчымасьці выбару. Калі некалькі тысячаў карыстальнікаў кампутараў маюць такі больш-менш прыстойны доступ да інтэрнэту — то гэта фактычна не інтэрнэт".

(Карэспандэнтка: ) "Хачу ўзгадаць, што вядомы фотамайстар і фотанастаўнік, які прыйшоў у інтэрнэт. Як бы Вы акрэсьліл судакрананьне гэтых дзьвюх сыстэмаў пазнаньня сьвету — фатаграфіі ды інтэрнэту?"

(Лабко: ) "Цяжка ў адной размове адказаць на гэта. Але інтэрнэт дае, так бы мовіць, працяг таго, што для мяне было вельмі важлівым у фатаграфіі. І дае дадаткова магчымасьць працаваць з тэкстамі на ўзроўні інтэрнэту, з выяваю. І гэта дае большыя магчымасьці, чым было раней — пры такім вузкім, фатаграфічным падыходзе..."

(Карэспандэнтка: ) "Так, я гляжу, што ў Вашых старонках прадстаўлена фатаграфія — лепшыя ўзоры. Я ўзгадаю фота Булгака — гэта старая Вільня..."

(Лабко: ) "Гэтыя старонкі Яна Булгака... Ня так даўно было знойдзена ў Нацыянальнай бібліятэцы партфоліо здымкаў, і была выстава ў Галерэі "Нова". Вось пад гэты праект я падрыхтаваў такі электронны вэрнісаж. Галоўным чынам гэта здымкі старой Вільні. Але Булгак — гэта агульны мастак і для Беларусі, і для Летувы, і для Польшчы. Я лічу, што гэта вельмі йстотны ўклад у беларускі кантэнт".

(Карэспандэнтка: ) "Наколькі на ваш погляд палітызаваны ці актуалізаваны беларускі інтэрнэт? Што зьмянілася, да прыкладу, з прыходам сюды электронных варыянтаў беларускае прэсы?"

(Лабко: ) "Вось што тычыцца прэсы... Такая вялікая прадстаўленасьць беларускае пэрыёдыкі ў інтэрнэце — гэта вельмі такая цікавая рэч, але справа ў тым, што гэта йзноў жа такі дыялёг з тымі, хто мае доступ да інтэрнэту, або з замежнымі гасьцямі-наведнікамі. А што тычыцца бальшыні мяйсцовае аўдыторыі, то іх прываблівае расейскі інтэрнэт — больш вялікі, з большай колькасьцю розных падзеяў і г.д. І нейкія камэрныя падзеі, нейкія камэрныя размовы, якія вядуцца — яны не закранаюць бальшыні, нажаль.

Я думаю, што вось тое, што спрабаваў зрабіць IREX — прыблізна некалькі месяцаў таму гэты праект быў спынены — але гэта была такая спроба падняць беларускую тэматыку на ўзроўні таго буйнога праекту, які які IREX вядзе наогул у журналістыцы. Але не было працягу, праект быў спынены.

Тое, што робіцца на Miles Away — гэта галоўным чынам размова з замежнымі наведнікамі, гэта ангельская, а не беларуская мова. Тое, што ёсьць на Драніках — там у некаторыя моманты размову зашкальвае, і гэта, відаць, таксама адштурхоўвае нейкую частку, больш асьцярожных, талерантных наведнікаў. І справа ў тым, што галоўнае ня ў тым — дзе і якая размова йдзе, а галоўная праблема ў тым, што пра гэта немагчыма нідзе прачытаць, паколькі няма такога агульнага мейсца ў беларускім інтэрнэце, дзе, да прыкладу, на працягу дня ці тыдня было б вядома — што дзе робіцца..."

(Карэспандэнтка: ) "Вы маеце на ўвазе сыстэму такой агульнай арыентацыі?"

(Лабко: ) "Так. Гэтага няма. Беларускі інтэрнэт наогул непразрысты. І на мой погляд — гэта галоўная бяда, якая будзе яшчэ працягвацца магчыма не адзін год".

Удзельнікам нашае сёньняшняе праграмы быў аўтар і ўдзельнік шматлікіх праектаў беларускага інтэрнэту, вядомы фотамастак Валеры Лабко. Пазнаёміцца зь ягонымі web-праектамі можна па адрэсах: www.nsys.by/newtown або ecohome.org.by, www.nsys.by/hronatop, www.nsys.by/netizen

XS
SM
MD
LG