Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве розныя выставы


Сяргей Харэўскі, Вільня

У менскім мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура да 120-годзьдзя з дня нараджэньня народных паэтаў Беларусі адкрылася выстава "Якуб Колас і Янка Купала ў беларускай скульптуры". У экспазыцыю ўвайшлі працы скульптараў Вакара, Глебава, Селіханава, Бяляева, Шатэрніка, а таксама самога Заіра Азгура – аўтара першых скульптурных выяваў вялікіх беларускіх паэтаў. Невялікая выстава плястыкі, што прытулілася паміж музэйнай шатняю й касаю, ажыўленая й некалькімі жывапіснымі палотнамі, у тым ліку й клясычнымі пэйзажамі Цьвіркі й Каткова. Свае ўражаньні ад наведваньня выставы выкладае Севярын Квяткоўскі:

(Квяткоўскі: ) “Візытоўка музэю-мэмарыялу Заіра Азгура – два велічэзных бюсты Маркса й Леніна, што калісьці стаялі перад будынкам ЦК КПБ. Цяпер бюсты месьцяцца ў вітальні колішняй мастацкай майстэрні. Неадпаведнасьць маштабаў бюстаў і невялікай вітальні робіць Маркса зь Леніным сапраўднымі сфінксамі. Эфэкт павялічвае макет помніка Коласу, які задумваўся ў поўны рост, накшталт таго, што паставілі Купалу ў аднайменным сквэры. Маленькі Колас патрапіў акурат між галовамі монстраў на час юбілейнае выставы пад назваю "Якуб Колас і Янка Купала ў беларускай скульптуры". Гутару з суаўтаркай экспазыцыі мастацтвазнаўцай Марынай Тараканавай:

(Тараканава: ) "Галоўнае, што ёсьць у нашай выставе – гэта фатаграфіі й дакумэнты. Мы ведаем Янку Купалу па выявах, па вершах, Купала стаўся для нас ужо культавай фігураю, амаль што ідалам. І хто з нас ведае яго вось такім".

(Квяткоўскі: ) “Спадарыня Тараканава паказвае на фотаздымак, дзе ў 1939 годзе Купала пазіруе Азгуру для свайго бюсту, што амаль завершаны. Міжволі ў думках узьнікае асацыятыўны шэраг з датаў і падзеяў. 1939-ты год...”

(Тараканава: ) "Гэта не Купала Бембеля, гэта не Купала Анікейчыка, гэта яшчэ не легендарны пэрсанаж, гэта жывы чалавек. Таксама як і жывы чалавек Якуб Колас. Мы з вамі бачым аўтограф".

(Квяткоўскі: ) “Дарагому Азгуру, беларускаму майстру-скульптару” – дарчы подпіс з аўтографам на шмуцтытуле кнігі “Хата рыбака. 1949 год...”

(Тараканава: ) "Усё тое, што тут рэпрэзантаванае, патрабуе асэнсаваньня перш за ўсё гістарычнага й мастацтвазнаўчага, але не палітычнага. Якуб Колас і Янка Купала прымалі яго ў сябе дома. З радасьцю дапамагалі яму, калі ён вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, тады Петраградзе. І ўплыў Купалы й Коласа на творчасьць Азгура цяжка вымераць. Ня толькі Коласа й Купалы, але й Кузьмы Чорнага, якога Азгур зваў Кузёмка, страту якога ён вельмі цяжка перажываў. І іншыя: Таўбін, Бярозкін, Харык – яны былі сябрамі Азгура, у яго быў талент чалавечых зносінаў".

(Квяткоўскі: ) “Жартам кажу, што, маўляў, яшчэ непаўнагадовы Заір завёў сяброўства зь дзядзькамі-пісьменьнікамі, хадзіў у госьці, замінаў працаваць…”

(Тараканава: ) "І вам бы не замінала працаваць, калі б 16-гадовы юнак прыйшоў да вас, глядзеў на вас распахнутымі шырока вачыма, ствараў ваш вобраз вось тут пры вас. Каб вашая маці хадзіла, глядзела як вас лепяць, каб вашая жонка хадзіла й глядзела як вас лепяць… І само стаўленьне Азгура да гэтых людзей як да людзей легенды. 1924 год: што такое Купала й Колас для беларускага мастацтва. І хто такі Азгур: першае заданьне Азгура, першая замова – каб падтрымаць маладога чалавека, віцебскі краязнаўчы музэй замаўляе партрэты Коласа й Купалы. Дзядзька Васілевіч, тагачасны загадчык музэю, за руку прыводзіць Азгура да дому Коласа, да дому Купалы. Там ён жыве, ён дыхае гэтым асяродзьдзем, ён пранікаецца ўсёй гэтай атмасфэрай, ён набывае веды. Ён зь імі сябраваў, яны яго падтрымлівалі. Азгур нават жыў у Маскве ў 1942 годзе, калі загінуў Янка Купала. Ён быў амаль сьведкам. Вядома, што ўспамінаў гэтых не захавалася, бо не захаваўся б тады й сам Азгур".

Заір Азгур, аднак быў аўтарам мэмуараў. Ягоная кніга “Тое, што помніцца” перавыдавалася некалькі разоў. У тыя часы, калі можна было прамовіць і праўду. Але выбітны скульптар таго не зрабіў. Хоць, насамрэч, хто мог бы нам распавесьці болей, як ён, чалавек, які першым увасобіў у плястыцы вобразы геніяльных беларускіх паэтаў. Коласа й Купалу.

Дарэчы, і сама канцэпцыя музэю Азгура адпаведная ягонай супярэчлівай чалавечай натуры. Севярын Квяткоўскі працягвае...

(Квяткоўскі: ) “Пераходзім са спадарыняй Тараканавай у вялікую залю, якая ўласна была майстэрняй, а цяпер ёсьць асновай эксапазыцыі музэю. З усіх бакоў на цябе глядзяць леніны, сталіны, мао-цзэ-дуны, Цётка, Кастусь Каліноўскі й Уладзімер Караткевіч. Захапляльнае, але жудаснаватае відовішча. Апошняе адчуваньне тлумачыць Марына Тараканава, калі становімся перад бюстам нейкае гераіні сацпрацы.

(Тараканава: ) "Твары жывыя. Задача, якую паставіў перад сабой Азгур – скласьці летапіс эпохі. Але летапіс жывых людзей. За рэдкім выключэньнем, ніводнага твару нечалавечага. Гонар у кожным твары. Магчыма, гэты гонар і дазволіў беларусам выжыць. Апошнія пяць стагодзьдзяў".

(Квяткоўскі: ) “Паводле словаў Марыны Тараканавай, нават Сталін ад пачатку ляпіўся ня з тварам Тутанхамона, а з уласным абліччам...”

(Тараканава: ) "У сваіх успамінах Азгур жаліцца Казлову, што ён плянуе рабіць адно, а рукі робяць зусім іншае. На што Казлоў яму адказвае, маўляў, вы больш чытайце Маркса й Энгельса, і ўсё будзе добра. І вось пад гэтую песьню, што рукі робяць адно, а душа просіць іншага, Азгур працаваў усё жыцьцё".

(Квяткоўскі: ) “Як і Якуб Колас, Заір Азгур перажыў час рэпрэсіяў...”

(Тараканава: ) "Са скульптараў рэпрэсавалі ня так многіх, хаця б таму, што іх было няшмат. Яны жылі ў настолькі страшэнную эпоху. Перад намі не стаіць дылема: выжыць ці загінуць. Мы можам казаць усё, што заўгодна. А мастацтвазнаўцы 1940-х гадоў працавалі са словам. Мы ведаем лёс Эфраса, які ў саракавыя гады выступаў зь вельмі цікавымі артыкуламі. Людзі перажылі тыя часы, данесьлі да нас рэшткі таго сьветлага. Ці змаглі б гэта зрабіць мы? Мы ня можам судзіць, мы павінны захаваць. Дзеля чаго стваралася гэтая галерэя твараў? Дзеля памяці. І пра Цішку Гартнага, Ізю Xарыка, і пра Юлія Таўбіна, і пра тых, хто пасылаў іх на гібель”.

Гледзячы на гіпсавыя й бронзавыя галовы, што ад падлогі да столі займаюць стэляжы ў Азгураўскім музэі, цяжка пазбыцца адчуваньня неадпаведнасьці. Неадпаведнасьці супастаўленых пэрсанажаў: напрыклад, Купала й Філарэт, Колас і Мао Цзэ Дун, камуністычныя дзеячы поплеч зь летапіснымі князьмі. Неадпаведна выглядае тут і выстава, прысьвечаная 120-годзьдзю народных паэтаў, разьмешчаная між вялізарных бюстаў Маркса й Леніна. Выпадковы наведнік, бадай, і не здагадаецца, да чаго яна прымеркаваная.

У адначасьсе з выставаю ў музэі Азгура адкрылася выстава й ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. Прысьвечаная яна Марку Шагалу, які дарэчы, меў у Віцебску з Азгурам аднаго настаўніка – Егуду Пэна. Партрэт Шагала, напісаны настаўнікам, зьмешчаны на афішах. Чамусьці каляровыя тыя афішкі былі расклееныя ў вагонах мэтрапалітэну. У іх, у прыватнасьці, паведамлялася, што на адкрыцьцё з камэрным канцэртам можна патрапіць толькі па запрашэньнях...

Выстава "Пэйзажы Марка Шагала" прытарнаваная да 115 угодкаў з дня народзінаў мастака. Бальшыня карцінаў дзеля яе ўзятыя з калекцыяў Шагалавых нашчадкаў. А ўнучка мастака, Мэрэт Мэер-Грабэр, сама прыехала ў Беларусь на адкрыцьцё экспазыцыі. Мастацтвазнаўца Міхал Баразна гэтак ацаніў гэтую падзею:

(Баразна: ) “Цудоўная выстава, цудоўная. Усе работы нетыражныя, выдатныя. Фэерыя свабоды”.

Беларускія гледачы за апошняе дзесяцігодзьдзе мелі магчымасьць неаднаразова бачыць творы Шагала – графіку й жывапіс, ілюстрацыі да літаратуры й паасобныя шкіцы. А гэтым разам выстаўленыя творы аб’яднаныя па тэматычай прыкмеце – краявід. Гавора Міхал Баразна:

(Баразна: ) “Пэйзажы зьяўляюцца каардынальным паняткам творчасьці Шагала. Усе ягоныя сюжэты разгортваюцца на тле пэйзажаў. Як парыскіх, так і віцебскіх. Таму гэта выстава – гэта частка тае выставы, што была паказаная ў свой час у Пушкінскім музэі ў Маскве”.

Цяпер Беларусь перажывае сапраўднае захапленьне Шагалам. Ягоная постаць часьцяком засьціць ці ня ўсё, што было створана ў нашым мастацтве ў мінулым, ХХ стагодзьдзі. У нацыянальнай сьведамасьці адбыўся сапраўдны пераварот за апошнія паўтары дзясяткі гадоў. Створаны шагалаўскі музэй, перакладзеныя на мову ягоныя вершы, праводзяцца адмысловыя плэнэры ў гонар ягонае памяці. Беларусы цяпер адназначна ўважаюць Шагала за свайго й ганарацца ім. Спадар Баразна, у чым сакрэт гэткае ягонае папулярнасьці ў нас?

(Баразна: ) “Я не рабіў бы з Шагала нейкі лек, які можа ад чагосьці вылячыць. Гэта не рэцэпт і ня сродак. Дзякаваць Богу, што ў Менску паказваюцца выставы такога люксавага ўзроўню. Выстава Шагала адна з такіх. Гэта нармальнае эўрапейскае мастацтва. Гэта ня рэбусы. Хоць мова мастацкая шагалаўская мэтафарычная. Гэта фэерыя страсьці, вольнасьці, свабоды. Гэтыя наіўныя шчырыя ўражаньні на ягоных творах у вялікай канцэнтрацыі. Таму на іх прыемна глядзець”.

Міхал Баразна тлумачыць сакрэт беларускіх сымпатыяў да мастацтва Марка Шагала духам свабоды, што перапаўняе ягоныя творы. Але нат і па прашэсьці столькіх гадоў творчы даробак гэтага мастака застаецца малавядомым у Беларусі. За выключэньнем ягоных працаў, што былі створаныя ў віцебскі пэрыяд і якія сёньня зьберагаюцца ў музэях Расеі. Што ж прадстаўлена на цяперашняй менскай выставе?

(Баразна: ) “Там вялікі дыяпазон работаў. Ад замалёвак у вучнёўскім сшытку да работ, вельмі насычаных у калярыстыцы. Там і нацюрморт, і краявід, гарадзкі краявід. Па-другое, вельмі цікавыя сюжэты, местачковыя. На вазку едзе нейкая кампанія, а сьнег пад гэтымі санкамі – перагорнуты. Вельмі многа такіх люстэркавых выяваў”.

Кожны можа вынесьці ад знаёмства з мастацтвам Шагала нешта сваё: настальгічны ўспамін, жартоўны сюжэт, фантазійныя мроі... Спадар Баразна, а што ўразіла менавіта вас? Што вы адкрылі для сябе на гэтай выставе?

(Баразна: ) “Галоўнае, што ўражвае – гэта колеры. Нечаканыя. Калі я ўбачыў пасьля рэстаўрацыі фрэскі Сыкстынскае капэлі й “Страшны суд” Мікелянджэла, я быў зьдзіўлены такой рознасьцю. Калі нас вучылі па рэпрадукцыях, там нешта такое згарманізаванае: на умбры, на марсе, карычневае. А калі расчысьцілі, то аказаўся ён сіні, блакітны, зь яркімі колерамі. Эпоха Адраджэньня – гэта радасьць, весялосьць колераў. Гэта я ўбачыў і ў творах Шагала. Такую нястрыманую фантазію, ніякімі абмежаваньнямі, забабонамі акадэмічнай граматы. Гэта было нечакана й прыемна”.

“Прыемная неспадзяванка”, – гэтак акрэсьліў мастацтвазнаўца Міхал Баразна свае пачуцьці па наведаньні новае выставы Марка Шагала ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. Пасьля Менску, дарэчы, гэтая выстава шагалаўскіх краявідаў выправіцца на ягоную Радзіму, у Віцебск.

Тымчасам у Варшаве гэтымі днямі адкрылася выстава ілюстрацыяў Марка Шагала да баек Ляфантэна, францускага паэта 17 стагодзьдзя. Пра тое, што ў польскім Музэі літаратуры выстаўленыя 70 графічных твораў нашага мастака, паведаміла ці ня ўся тамтэйшая прэса. Творчасьць Шагала належыць усёй Эўропе, і яго аднолькава шануюць у Францыі і Галяндыі, у Польшчы і цяпер у нас, у Беларусі. Дзякуй Богу, як сказаў мой суразмоўца, Міхал Баразна. Прынамсі, для нас гэта навука. Як шанаваць, зьберагаць і прадстаўляць тое, што й насамрэч мае каштоўнасьць.

Мо да новага юбілею Купалы з Коласам у Беларусі знойдзецца вартае іх імёнаў месца для мастацкай выставы. І творы, бадай, таксама будуць новыя.
XS
SM
MD
LG