Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрагмэнты часу, што сыходзіць


Сяргей Харэўскі, Вільня

Гарады Сяргея Рымашэўскага

Вобраз гораду выдатна распрацаваны ў беларускім мастацтве. У гэтым ёсьць і пэўны парадокс – беларускія мастакі ў мінулым, ХХ стагодзьдзі, зьвяртаючыся да тэмы гораду, у большасьці сваёй не пачувалі сябе гараджанамі. Красамоўныя прыклады – Рушчыц, Жукоўскі ці Бялыніцкі-Біруля. Яны належалі яшчэ да тае старасьвецкае гэнерацыі, што выйшла з фальваркаў. Але й па вайне новае пакаленьне мастакоў не было пэўнае ў тым, што яны самыя што ні ёсьць жыхары гарадоў. І разам з тым мастакі выяўлялі гарадзкое жыцьцё. Сам вобраз, абстрактны, Гораду стаўся адной з галоўных тэмаў нашага мастацтва, вось ужо на працягу апошніх паўтары сотні гадоў.

Беларускія мастакі імкнуліся да гэтага вобразу. Сьведама, як Дабужынскі, які аб’езьдзіў паўсьвету. Альбо падсьведама, як Драздовіч, які ствараў вобразы нябачаных, будучых местаў, жывучы ў глухім кутку тагачаснае Польшчы. Сёньня беларускія мастакі жывуць у вялікіх гарадах, езьдзяць вольна ў вольны сьвет і маюць свае вобразы ўрбаністычнага жыцьця. Яно, тое жыцьцё ў іхным уяўленьні вельмі далёкае ад футуралягічных фантазыяў ХХ стагодзьдзя. Гэтымі днямі ў Менску, у галерэі “Жыльбел” адкрылася выстава “Фрагмэнты часу, што сыходзіць”. Гэтая выстава прысьвечаная вобразу Менску. Такому вобразу, як яго ўяўляюць мастакі сярэдняга пакаленьня. Адным зь ягоных прадстаўнікоў, які экспануе там свае творы – Сяргей Рымашэўскі. Сваю думку пра характар гэтае выставы, пра творы, што там мусяць экспанавацца, ён выказаў гэтак:

(Рымашэўскі: ) “Гэтая выстава прысьвечаная Менску, гэтаму гораду і ягонай гісторыі, людзям гэтага гораду. У ёй ўдзельнічае дзесяць мастакоў. Зь Менску. Арганізатары самі запрашалі мастакоў, якія ім больш цікавыя. І вось яна адачынілася. Хачу сказаць, што выстава атрымалася не афіцыёзная, ня патасная, а шчырая такая, цёплая. Хаця з доляю эпатажа. Што было дзіўна – шмат аголеных мадэляў прысутнічае ў карцінах. Напэўна, на гэты час, мастакі так вычуваюць гэты горад. І заклапочвае мастакоў гэты момант”.

Сяргей Рымашэўскі адзін з самых прадавабэльных, вядомых беларускіх мастакоў у сьвеце. Пасьля вучобы ў Менску ён працягнуў адукацыю ў Галяндыі, у Амстэрдаме, у майстар-клясе Маркуса Люпэрца. Ён, Рымашэўскі, паводле зьбегу абставінаў, стаў ці не адзіным мастаком зь Беларусі, чыя выстава праходзіла ў Нью Ёрку, падчас верасьнёўскае трагэдыі. Цяперашні выбар тэмы гораду, што прапанавала менская галерэя “Жыльбел”, змушае мяне запытацца ў мастака, што зьмянілі ў ягоным жыцьці гэткія розныя падзеі і знаёмствы з зусім рознымі гарадамі: Менскам, Амстэрдамам, Нью-Ёркам... Альбо што зьмянілася ў іх?”

(Рымашэўскі: ) “Я думаю, што нічога не зьмянілася. Маё творчае credo якім было, такім і засталося. Я проста лішні раз пераканаўся, што мой творчы кірунак, які я распрацоўваю – гэта цікава прыхільнікам мастацтва...”

Сяргей Рымашэўскі адзін зь першых беларускіх мастакоў, чые творы зьявіліся ў Інтэрнэце, дзякуючы праекту “Новы горад”. Ягоныя фігуратыўныя палотны, гіранічныя й фантазійныя, прысьвечаныя найноўшай нашай гісторыі, альбо эўрапейскай літаратурнай клясыцы, падабаюцца амаль усім. Прынамсі тым, хто знаёмы з шыфрамі ягоных сюжэтаў. Вось напрыклад піянэр, аточаны алюзіямі ўсяго свайго савецкага жыцьця. Альбо пэрсанаж з казак Андэрсана. А вось пераказ фальклёрных матываў Брэйгеля... Таго самага, старасьвецкага галяндзкага жывапісца. Сам Рымашэўскі вельмі моцна цяпер зьнітаваны з Галяндыяй. Тамака жыў і працаваў Дабужынскі, бывалі Шагал, Малевіч і Страмінскі”.

(Харэўскі: ) “Сяргей, ты ж вучыўся й у Амстэрдаме. Не згадаю, хто бы зь беларускіх мастакоў мог бы паганарыцца тым самым. Чым ёсьць для цябе гэты горад? Які сьлед ён пакінуў у тваім сэрцы й у творчасьці?”

(Рымашэўскі: ) “Амстэрдам... проста найвыдатнейшы горад у Эўропе. І калі я быў там першы раз, мне падалося, што я мог бы там жыць усё жыцьцё. А потым, так склаўся лёс, што я бываю там штогод. У гэтым горадзе. З выставамі. І зараз ужо іншае стаўленьне да гэтага места. І наагул, да гэтае краіны. І ня ўсё гэтак проста, як можа падацца на першы погляд. А калі часта бываеш тым, то адчуваеш, што складана жыць там. Хаця, ён, канешне, вясёлы горад. Я з задавальненьнем вяртаюся ў Беларусь. І нідзе не хацеў бы жыць, як, усё ж такі, тут, на гэтай зямлі”.

(Харэўскі: ) “Твая зямля.. Ты родам з Горадні. Багата тваіх землякоў засталося там. Для многіх мастакоў Горадня ёсьць крыніцаю натхненьня, сымбалем нашае ўрбаністычнае культуры. Там ёсьць багата помнікаў, прыгожых краявідаў. Але ты застаўся ў Менску... Чаму?”

(Рымашэўскі: ) “Я чалавек камунікабельны. Я зь сямнаццаці гадоў ужо быў у Менску, як пастаупіў у мастацкую вучэльню імя Глебава. І з таго часу, вось вучэльня, войска, пасьля Акадэмія. Вось столькі гадоў на менскай зямліцы... Тут усе мае сябры, усе мае інтарэсы зараз. Тут я знайшоў сваю жонку, тут і дзеці мае нарадзіліся...”

(Харэўскі: ) “Менск стаў табе другой радзімаю. Іншы горад, іншы й па маштабе й паводле вызначэньня – сталіца. Але ёсьць яшчэ большыя гарады й сталіцы. Гэтак выйшла, што ты стаўся сьведкам трагэдыі ў Нью-Ёрку, калі тэрарысты зьнішчылі слынны гандлёвы цэнтар, дзе й ты бываў, дзе выстаўлялі свае творы твае калегі – мастакі. У цябе была свая радасьць – камэрцыйная, прыбытковая выстава. Навокал амэрыканцы былі ў іншых пачуцьцях... Што ты адчуваў, калі, як ты гаворыш, еў гамбургеры з попелам?”

(Рымашэўскі: ) “У Нью-Ёрку я быў тады другі раз. Гэта, праўда, вельмі дзіўны, дзіўны горад. І сапраўды, як я быў першы раз, гэта быў іншы горад. І пасьля падзей верасьня, ён зьмяніўся. І адносіны паміж людзьмі сталі зусім іншыя. І стаўленьне адзін да аднаго стала зусім іншае. І стаўленьне людзей да суайчыньнікаў стала больш шчырае. Больш цёпла, больш клапатліва, і да тых людзей, што прыяжджаюць у іх горад, і да сваіх”.

(Харэўскі: ) “Сяргей Рымашэўскі, нарадзіўшыся ў Горадні, цяпер мянчук. Ён зьвязаны цяпер з нашаю сталіцаю вялікімі й трывалымі сувязямі. Прыватнымі й грамадзкімі, мастакоўскімі й сямейнымі. Кожны, хто жыве ў гарадох, прынамсі ў снах хоча іх зьмяніць. Камусьці бачыцца болей зеляніны, іншым – гарадзкога тлуму, трэцім – чагосьці яшчэ.. Сяргей, ты маляваў Менск, удзельнічаеш цяпер на новай выставе, прапанаваўшы сваё бачаньне гэтага гораду. А што бы ты зьмяніў у Менску, як была бы твая ўлада?”

(Рымашэўскі: ) “Я памяняў бы перш за ўсё... Мне вельмі падабаецца Вільня! Там людзі вельмі клапатліва ставяцца да спадчыны сваёй. І так проста зруйнаваць будынак, напэўна, немагчыма. Хоць дом можа быць зусім у такім стане, што толькі рамонту й патрабуе. Але ніхто не наважыцца яго зруйнаваць і пабудаваць нейкі офіс. А ў нас, гэтак, у Менску, людзі, у якіх ёсьць грошы, гэта вельмі лёгка робяць, ствараюць такія сытуацыі. І мне хацелася б, каб у нас больш захоўвалася нашая спадчына”.

(Харэўскі: ) “Гарады, перад усім, аднак, ня помнікі. Я бачыў вялікія й прыгожыя гарады, дзе багата перахавалася й рупліва зьберагаецца старасьвеччына. Але людзі, публіка, якая можа цаніць і любіць творы мастацтва паўсюль у аднолькавай прапорцыі. Ня ходзяць штодня парыжане альбо пецярбуржцы ў свае сусьветна вядомыя музэі. Зь іншага боку, вобраз кожнага паасобна ўзятага гораду вызначаецца. Чым? Чым вабяць нас тыя суплёты чалавечых адносінаў? Сяргей Рымашэўскі, які аб’ехаў багата самых розных краінаў і іхных сталіцаў, вызначае сваю любоў да гораду гэтак:

(Рымашэўскі: ) “Горад? Я вельмі люблю сустракацца з сябрамі. Гаманіць, крыху так “падурэць”. Я, сапраўды, вельмі гарадзкі чалавек. Люблю кантакты гэтыя, чалавечыя. На вёсцы гэтага, бадай, бракуе... У горадзе ўсё ж больш усяго адбываецца...”

Сяргей Рымашэўскі проста й шчыра празнаецца ў сваёй любові да гораду як да месца сустрэчы зь людзямі. Безумоўна, гэтае вызначэньне цяпер дамінуе сярод мастакоў. Горад, патрактаваны віцебскімі сусьветна вядомымі творцамі як мястэчка, альбо тымі, хто пасяліўся ў Менску, паказаны як бэтонна-электронны гігант, гэтак і застаецца невытлумачальным фэноменам. У беларускім мастацтве то пэўна. Да яго будуць падыходзіць наноў і наноў. Пераказваць і інтэрпрэтаваць. Любіць альбо не. Маляваць людзей ці панарамныя абсягі мікрараёнаў. Але нашую цікавасьць заўсёды прыцягне казка, гісторыя пра нейкі нябачаны намі сьвет. Пра жыцьцё ў такім месце, дзе можна сустракацца зь сябрамі.
XS
SM
MD
LG