Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прастора заляў і прастора Інтэрнэту


Сяргей Харэўскі, Вільня

Часам складаецца ўражаньне, што чым цяжэй у Беларусі выжываць мастакам, тым больш насычаным становіцца ў краіне выстаўнае жыцьцё. Пры амаль поўнай адсутнасьці камэрцыйных галерэяў і салёнаў, пры несупыннай эміграцыі творцаў, ілюзія мастацкага працэсу ўсё ж ёсьць. Пры тым яе ствараюць “зьверху”.

Напрыклад, у выстаўнай залі Міністэрства замежных справаў Беларусі ўрачыста адкрылі экспазыцыю беларускага жывапісца Кастуся Качана. Ягоныя краявіды, прысьвечаная пераважна родным навагарадзкім ваколіцам, пазнаць лёгка. Зазвычай на іх выяўлена паветра шарай гадзіны, статычнае й сьцішанае. Нібы перад навальніцаю альбо начным змрокам.

На адкрыцьцё запрасілі дыпляматаў ды журналістаў. Каб, маўляў, паглядзелі, як рупіцца МЗС пра нацыянальную культуру. Гэтую традыцыю, дарэчы, запачаткаваў яшчэ Пётар Краўчанка, як быў міністрам. Цяпер у міністэрстве зазначаюць, што гэта ўжо 15-я выстава беларускага мастацтва, што адбываецца тут. Праўда, у міністэрства шырокая публіка ня ходзіць. Прапускны рэжым. А то беларускім дыпляматам давялося б і афішы было маляваць, і білеты прадаваць.

Гэтае ж зьнешнепалітычнае ведамства наладзіла выставу кітайскіх стэрэаскапічных паштовак з выявамі сцэнаў з клясычных спэктакляў Пэкінскае опэры. У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры Беларусі. Каб не прачытаў у газэце, то, бадай, ніколі бы не даўмеўся, што такая выстава адбудзецца менавіта там.

Гэтак сама, выпадкова мінаючы імпазантны палацык Беларускага таварыства дружбы й культурных сувязяў з зарубежнымі краінамі, высьвятліў, што там праходзіць выстава чэскіх графікаў. Праўда, патрапіць не пашчасьціла, бо гэтая арганізацыя мае свой няпэўны рэжым працы і ўгадаць, калі там што адчынена – цяжкавата. Напэўна гэтую выставу таксама бачылі адно дыпляматы.

І ўжо ж пэўна я б не здагадаўся, што ў залях менскага “музэю Вялікай Айчыннай Вайны” адбываецца выстава слыннага расейскага мастака, паэта й філёзафа першай паловы ХХ стагодзьдзя, Мікалая Рэрыха. Пасьля бальшавіцкае рэвалюцыі гэты творца застаўся ў Індыі, у Гімалаях, дзе й правёў большую частку жыцьця. Ягоныя сымбалічныя палотны, вершы й этычныя прынцыпы дасёньня цікавяць частку публікі ў Беларусі й у сьвеце.

Дзіўнаватае месца знайшлі для экспазыцыі твораў славутага мастака Рэрыха. Зрэшты, апроч рэрыхаўскага жывапісу, тут, у стацыянарнай экспазыцыі вайсковага музэю, можна пазнаёміцца і з клясычнымі творамі Савіцкага, Данцыга, Зайцава, Асецкага ды шмат каго яшчэ. Папулярнасьць гэтага музэю моцна зьменшылася апошнім часам. Можа Рэрыхам прынадзяць наведнікаў...

А ў прытык да таго музэю апошняе вайны зараз месьцяцца навюткія гандлёвыя рады. Менавіта сюды ўлады вырашылі зьмясьціць тую разьняволеную й вясёлую мастакоўскую тусоўку, што была ўжо ўтаварылася ў ратушовым сквэры на Пляцы Волі. Адным словам, “арганізавалі ініцыятыву”.

Але адна рэч – сядзець у засені старых дрэваў на пагорку ды пацягваць піва, чакаючы выпадковых пакупнікоў. І зусім іншая рэч – імітаваць вір творчага жыцьця ў засені плястыкавых брылькоў, на краі вялізарнага пляцу, што афіцыйна завецца Кастрычніцкім. Вось гэта, збольшага, і ёсьць беларускі рынак мастацтва. Тымчасам іншыя мастакі, у абыход уладаў ды іхнай паказухі, шукаюць сабе пляцоўкі ў Інтэрнэце.

Ці заменіць прастора Інтэрнэту прастору мастацкіх салёнаў?

З гэткім пытаньнем я зьвярнуўся да мастакоў, якія маюць досьвед гандлю сваімі творамі праз Інтэрнэт. Але перадусім я вырашыў зьвярнуцца да філёзафа. На мае пытаньні адказвае Алесь Анціпенка:

(Алесь Анціпенка: ) “Не, ні ў якім разе! Прастору ўвогуле немагчыма замяніць і немагчыма разбурыць. Інтэрнэт пасьпяхова канкуруе з выданьнем каталёгаў, альбо з індывідуальнымі альбомамі. Інтэрнэт дае ўяўленьне пра якасьць твору, але жывое ўспрыняцьцё ў дынамічным ракурсе, што дае рэальная прастора – незамяняльнае.

Але Інтэрнэт больш даступны, ён дазваляе глядзець на твор з дадатковымі магчымасьцямі, дазваляе павялічыць фрагмэнт, стварыць дадатковы ракурс, гэта ўсё ж больш дэмакратычны спосаб успрыняцьця таго, што недаступна, з прычыны таго, што твор знаходзіцца ў музэі ці ў якой галерэі”.

Філёзаф Алесь Анціпенка цьвердзіць, што прасторы, ці рэальныя ці віртуальныя – незаменныя. Але Інтэрнэт дае гледачу дадатковыя магчымасьці. А якія магчымасьці дае Інтэрнэт мастакам? Высьвятліць гэта я вырашыў у мастака Ўладзімера Голуба, чые творы я бачыў на розных сайтах.

(Харэўскі: ) “Ці прадаваліся Вашыя творы праз сайты ў Інтэрнэце?”

(Уладзімер Голуб: ) “Праз італьянскі – не, а праз амэрыканскі – так. Як нагода для размовы. А потым ідзе ня продаж, а мяне туды запрашаюць з выставай. А па-другое, афіцыйна існуючых Інтэрнэт-галерэяў, якія маюць права продажы ва ўсім сьвеце, ня так і шмат. Для мяне Інтэрнэт – гэта спосаб камунікацыяў. Наведваньне выставаў, што я раблю, усё ж абмежавана прастораю: Менскам, Горадняй, Польшчаю. Каб пашырыць гэтыя межы – Інтэрнэт вельмі добрая штука! Хай сабе існуе, нам на радасьць!”

Жывапісец Уладзімер Голуб усё ж засьведчыў, што прастора Інтэрнэту дае яму непараўнальна большыя магчымасьці, пашыраючы межы ягонае прысутнасьці. Наступны мой суразмоўца, выкладчык Беларускае Акадэміі мастацтваў графік Уладзімер Савіч быў зьдзіўлены, што я бачыў ягоныя творы на заходніх камэрцыйных сайтах.

(Уладзімер Савіч: ) “Не магу нават дакладна сказаць, як яны там зьявіліся. І першы раз ад вас гэта чую. Хаця... было нешта. Было шмат візытораў у майстэрні. Афіцыйна, магу вам сказаць, рыхтуюцца некалькі сайтаў, але яны яшчэ не пайшлі. У выстаўных залях ёсьць магчымасьць бачыць твор ЖЫВЫМ. А Інтэрнэт – гэта ёсьць Інтэрнэт. Я лічу што гэта адно адное не заменіць. Нейкае сумненьне ў мяне ёсьць. Я бяру сам сябе – ніколі, ня бачыўшы арыгіналу, я бы твор не купіў!”

Мастак Уладзімер Савіч цьвёрда перакананы, што Інтэрнэт не заменіць выстаўныя залі. Ну а сам ён не зьбіраецца купляць мастацкія рэчы ў віртуальнай прасторы. Ніколі.

Наступны мой суразмоўца, Адам Глёбус, такі прадаваў колькі разоў свае творы праз Інтэрнэт. Ён кажа:

(Адам Глёбус: ) “Прадаваўся! Гэта былі малюнкі. У мяне, ведаеш, ёсьць такі афарызым: “Мастацтва належыць багатым людзям”. Ван Гога, канечне, можна купляць праз Інтэрнэт. Ня бачачы. Але ёсьць своеасаблівы смак – паглядзець на рэч, памацацаць, дакрануцца. Іншы эфэкт. Я сам гандляваў ня ўласна малюнкамі, а файламі, зробленымі пад Інтэрнэт. Можна там гандляваць электронным прадуктам. Тут Інтэрнэт – магутная рэч. Гэта – масавая зьява, народная”.

Адам Глёбус падкрэсьліў, што ён прадаваў у Інтэрнэце менавіта файлы, а ня графіку ў традыцыйным сэнсе. Выглядае, мы становімся сьведкамі нараджэньня новага жанру ў беларускім мастацтве, прытарнаваным адмыслова да Інтэрнэту. І творы, вырабленыя не алоўкам і пэндзлем, а пры дапамозе кампутара, стануць неўзабаве асноўным прадметам мастакоўскага гандлю ў сеціве.

Але для іншых жанраў і відаў творчасьці па ранейшаму застануцца галерэі, салёны й музэі. І іхную прастору нам нішто пакуль не заменіць. Пра беларускае мастацтва ў Інтэрнэце й пра новыя зьявы там я працягну гаворку ў наступных сваіх перадачах.
XS
SM
MD
LG