Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кэці Фіцпатрык пра Каляды ў Амэрыцы


Максім Лукашэвіч, Прага


(Карэспандэнт: ) “Як вы будзеце сьвяткаваць Каляды?”

(Фіцпатрык: ) “Я буду рабіць тое, што раблю звычайна. Пастаўлю ялінку, прыйдзе Санта Клаўс, пойдзем у касьцёл. Я каталічка, але ў Міжнароднай Лізе правоў чалавека працуюць людзі розных вызнаньняў. Габрэі сьвяткуюць Хануку, афраамэрыканцы Кванзу. У Ню-Ёрку ў гэты час шмат сьвятаў, але я буду сьвяткаваць 25-га сьнежня, менавіта 25-га, таму што калі маеш маленькіх дзяцей, ісьці ў касьцёл на ўсяночную даволі цяжка. Таму зараз я хаджу ў касьцёл на раніцу 25-га. У мяне двое дзетак – 5 і 8 год”.

(Карэспандэнт: ) “А што канкрэтна Вы робіце на Каляды са сваімі дзецьмі?”

(Фіцпатрык: ) “Кожная сям’я мае свае рытуалы. Мы, напрыклад, пячэм калядныя пірагі ў форме ялінак, розных зорак, цацак. Яны ўпрыгожаныя крэмам і пасыпаныя цукрам. Мы раздаем іх суседзям, а таксама выстаўляем іх на ноч для Санта Клаўса”.

(Карэспандэнт: ) “А што, Санта проыходзіць да Вас уначы, як вы сьпіцё?”

(Фіцпатрык: ) “Так, і напярэдадні ўначы мы вывешваем панчохі з імёнамі дзяцей, а таксам выстаўляем сьвечкі – тры белыя і адна фіялетавая. Гэта ўсё стаіць на століку, а дзеці нецярпліва чакаюць на наступную раніцу, калі Санта ўжо прынес падарункі. А пасьля ідзем на набажэнства ў касьцёл”.

(Карэспандэнт: ) “А што на наступную раніцу звычайна знаходзіцца ў панчохах?”

(Фіцпатрык: ) “Што знаходзіцца? Гэта амэрыканская традыцыя можа быць дзіўнаю для слухачоў. Калі дзеці ў працягу году дрэнна сябе паводзілі, яны знойдуць у панчосе вугаль. Таму яны вельмі нецярпліва чакаюць, ці будзе там вугаль. А калі яны былі добрыя, дык там знойдуць маленькія падарункі – мячыкі, зьвяркі”.

(Карэспандэнт: ) “А што Вы сама спадзяецеся атрымаць у якасьці падарунку?”

(Фіцпатрык: ) “Што я? Пераважна я атрымоўваю халат і пантофлі, заўсёды іх можна чакаць. Напэўна і сёлета мне дзеці іх падаруюць. Яны таксама ведаюць, што я люблю кнігі пра старыя галівудзкія фільмы”.

(Карэспандэнт: ) “Што Вы ім купіце?”

(Фіцпатрык: ) “Яны мне пакінулі сьпіс розных рэчаў, які я сама не магу зразумець – розныя электронныя, кампутарныя гульні. Гэты сьпіс, безумоўна, адрасаваны Санта Клаўсу, і дзеці яго дасылаюць на Паўночны полюс. Цяпер яны гэта робяць праз электронную пошту. Я, безумоўна, іх папярэдзіла, што іхныя сьпісы вельмі доўгія, і што іх трэба скараціць, бо Санта вельмі заняты… Вой, забылася Вам сказаць пра нашую елку. Мы ўжо яе аздобілі. Елку ў Ню-Ёрку можан купіць на кожным рагу за 10-20 даляраў. Мы такую ня ставім, паколькі ў нас у кватэры няма месца, затое ў нас ёсьць кактус, і некаторыя мае слухачы з Беларусі ведаюць пра мой кактус, бо ён дамінуе ў маёй гасьціннай. Пад час Калядаў ён выконвае і функцыю яліны. Я вешаю на яго агенчыкі, а дзеці аздабляюць яго рознымі цацкамі. Пад ім жа кладуцца падарункі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можаце згадаць вельмі незабыўныя Каляды ў Вашым жыцьці?”

(Фіцпатрык: ) “Ніколі не забуду тыя Каляды, якія я правяла ў рэгіёне менавіта інтарэсаў Вашага Радыё – ва Ўкраіне, Расеі, Чэхіі. Гэта было недзе 15 год таму, калі я працавала для канадыйскай тэлерадыёкампаніі. У мяне было пачуцьцё, што я знаходзілася ў краі бясконцых Калядаў. Бо ведаеце, некаторыя там сьвяткуюць 25-га, потым некаторыя больш сьвяткавалі Новы год, што ў савецкія часы замяняў Каляды, потым праваслаўныя Каляды 6-га, а потым стары Новы год… Так што я адчувала сябе ў краіне бсконцых Каляд. І калі мы пасылалі нашыя перадачы ў Канаду, фонам заўсёды былі елкі, і нашыя шэфы нам казалі, каб мы прыбралі елкі, бо Каляды даўно скончыліся. А мы казалі, што ня можам, бо тут сьвята працягваецца – Новы год, стары Новы год, а прадзюсары ўсё патрабавалі прыбраць ялінкі з кадраў, а мы ў адказ – ня можам, ня можам”.

(Карэспандэнт: ) “Што б Вы пажадалі беларускаму народу?”

(Фіцпатрык: ) “Я асабліва думаю па беларускі народ у гэтую пару году. І нягледзячы на тое, калі беларусы будуць сьвяткаваць (я ведаю, што адны цяпер, іншыя пазьней), ведаю, што сёлета ў іх будуць цяжкасьці – у многіх сем’ях недахоп прадуктаў, паліва. Я думаю пра гэта і мне становіцца вельмі сумна. Як Вы ведаеце, у Міжнароднай Лізе правоў чалавека мы кожны дзень году засяроджваем сваю ўвагу на парушэньнях правоў чалавека, і менавіта пад час Калядаў мае думкі з тымі, хто страціў таго, каго яны любілі, або ня ведаюць, дзе яны. Я асабліва думаю пра сем’і тых, у каго зьніклі блізкія: пра сем’і Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Завадзкага. Для ўсіх гэтых сем’яў гэта, напэўна, вельмі цяжкі час. Я буду за іх маліцца і буду думаць пра іх кожны дзень гэтых сьвятаў. Буду думаць таксама пра тых, якіх бацькі і маці несправядліва, з палітычных прычынаў знаходзяцца ў турме – сем’і Клімавва, Кудзінава”.

(І на заканчэньне Кэці Фіцпатрык захацела па-беларуску пажадаць наступнае…)

(Фіцпатрык: ) “Вясёлых Калядаў усім беларусам!”







XS
SM
MD
LG