Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасудавічы


Ягор Маёрчык, Перасудавічы

Першы, каго я сустрэў у Перасудавічах, быў Пятро Шацько. Сутыкнуліся мы зь ім якраз ля дарожнага ўказальніку з назвай паселішча.

(Шацько: ) “Моладзі няма дабра. Каровы некалі даілі, а цяпер гэтага няма. Збралі ад нас усё быдла. Усё ад нас забралі. Сельсавет нават забралі. Тут працавалі тры чалавекі, а ў Стрыгінь забралі старшыню і сакратара — два чалавекі. Такога скарачэньня, лічы, не адбылося. Няма ніякай дапамогі наконт зямельных надзелаў. Нічым не дапамагаюць. Дадуць нявырабленае поле — і нам, пэнсіянэрам, трэба рачкаваць, пакуль яго вырабіш. Вырабім, два гады карыстаемся, а пасьля яны забіраюць і даюць іншае. Тэхнікі не даюць. Наймаем трактары. Хлопцы ёсьць, якія маюць сваю тэхніку. Яны бяруць тысячу за сотку. Заплацім, і яны нам усё перааруць. Карацей кажучы, нас пакрыўдзілі”.

(Карэспандэнт: ) “Хто вас так пакрыўдзіў?”

(Шацько: ) “Хто яго ведае: ці старшыня райвыканкаму, ці хто іншы”.

Састарэлы Пятро Шацько скіроўваўся пехатою за дзевяць кілямэтраў у мястэчка Белаазёрск — гэта ў Бярозаўскім раёне Берасьцейшчыны. Нагодаю выправіцца ў няблізкі шлях стала пільная будаўнічая патрэба — маўляў, праблема насьпела, і яе трэба тэрмінова вырашаць.

(Шацько: ) “Дах працякае. Трэба яго перакрываць. А шыфэр зараз дарагі — 5 тысяч за адзін ліст. А трэба сто лістоў! Трэба паўмільёна грошай”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе столькі грошай возьмеце?”

(Шацько: ) “Буду зьбіраць з пэнсіі”.

(Карэспандэнт: ) “Пэнсія вялікая?”

(Шацько: ) “123 тысячы”.

(Карэспандэнт: ) “Я вось так падлічыў, што вам трэба чатыры, амаль пяць месяцаў ня есьці”.

(Шацько: ) “Так яно і атрымліваецца”.

Тут спадар Шацько хітра ўсьміхнуўся і даў зразумець, што фінансы ў яго ўжо ёсьць, і што крочыць ён у мястэчка менавіта паглядзець на тавар. Мы разьвіталіся, і я скіраваўся ў бок вясковага пляцу. Цэнтрам сельсавету яшчэ пару год таму была суседняя вёска Высокая. Пасьля маленькай рэформы, як ужо паведмаіў Пятро Шацько, адміністрацыя пераехала ў Стрыгінь, што за 12 кілямэтраў.

Цяпер агменем грамадзкага жыцьця Перасудавічаў зьяўляецца Дом сацыяльных паслугаў. То тут заезныя мэдыкі жыхароў аглядаюць, то ўрачысты сход з нагоды якога афіцыйнага сьвята пройдзе, то тутэйшы народны хор рэпэтуе. Кампаніяй пявуньняў і ўсім Домам сацыяльных паслугаў кіруе Надзея Мікіціч. З размовы разумею: паўсядзённых праблемаў ў яе няма. Адно што турбуе пільную спарадыню — чаму я завітаў у іхную вёску, ды яшчэ без суправаджэньня?

(Мікіціч: ) “Цікава, чаго гэта вы самастойна езьдзіце, без прадстаўнікоў раёну?”

(Карэспандэнт: ) “Раён заняты сваімі справамі, а я так вырашыў прыехаць наўпрост, каб не замінаць ім працаваць. А гэта што, загад такі?”

(Мікіціч: ) “Не. Не загад. Як я разумею, што калі вы езьдзіце, трэба, каб з нашага раёну былі прадстаўнікі ўлады”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Мікіціч: ) “А таму!”

(Карэспандэнт: ) “Але я ежджу па сваёй краіне”.

(Мікіціч: ) “Вы тут усё пазапісваеце?”

(Карэспандэнт: ) “Натуральна, што так”.

(Мікіціч: ) “Нельга!“

(Карэспандэнт: ) “А чаму нельга?”

Гэтае пытаньне засталося без адказу. Надзея Мікіціч паглядзела на мяне і на ўсялякі выпадак прамовіла:

(Мікіціч: ) “У нашае вёсцы, мы ўсе задаволеныя Лукашэнкам. Усе яго падтрымліваюць”.

(Карэспандэнт: ) “За што вы яго так любіце?”

(Мікіціч: ) “За тое, што ён пэнсію нам дае ў час”.

(Карэспандэнт: ) “Гэтую пэнсію ў вас бы ніхто не адабраў, бо вы яе зарабілі”.

(Мікіціч: ) “Бог яго ведае”.

І толькі падчас наступнае сустрэчы я ўразумеў, хто насамрэч у Перасудавічах карыстаецца пашанаю. Аказваецца, нявестка пэнсіянэркі Антолі Пунькі працуе ў сельскім савеце. І як ёсьць патрэба, для сваіх аднавяскоўцаў маладая кабета можа што забраць альбо прывезьці.

(Пунька: ) “Усё людзі ідуць да маёй нявесткі: “Таня, вазьмі даведку… Таня тое, Таня сёе”. Хто памрэ, ці пашпарт мяняе — усё да яе прыносіць. Прыводзіць гатовае сюды, а ёй дзякуй скажуць за гэта”.

З Антоляй Пунькай у Перасудавічах стараюцца сябраваць усе. А як жа: пасварысься зь ёю, а пасьля нявестка Таня яшчэ адмовіць. І тады трэба будзе пехатою ісьці ў Стрыгінь па нейкай драбязе. Добразычлівыя суседзі — гэта яшчэ нікому не замінала. Але праблемаў у жыцьці спадарыні Пунькі ня менее:

(Пунька: ) “Мы жывем па-маленьку, бо ўжо старэнькія і хворыя. Сэрца баліць! У мяне арытмія сэрца. Гэтыя ночы я хоць крышку спала, а тыя зусім вачэй не заплюшчыла. Калі папярэджваюць пра магнітную буру, значыць, будзе сэрца балець. Павыходзім на двор і крычым адна на адну: “Ці ты жыва? Як ты спала?”

(Карэспандэнт: ) “Можа, да лекараў зьвярталіся?”

(Пунька: ) “А як жа! Нават у шпіталі ляжала. Лекары прыяжджаюць часта. Лечаць нас патрошку. Як прыедуць зь Белаазёрску сюды лекары, з кожнае хаты па двое ідуць, бо ўсё ўжо старыя. Трымала карову, але ўжо ня здужала і прадала. Ёсьць цяпер козачка. Але яна ўсё адно карову не заменіць, бо тая болей малака дае. Але трэба жыць так, як атрымліваецца. Пэнсія ў мяне малая. Атрымліваю ўсяго 68 тысяч. А дзед мой што? Атрымае пэнсію, і яму трэба выпіць”.

(Карэспандэнт: ) “Часта ён у вас п’е?”

(Пунька: ) “О! П’е бязбожна!!!”

(Карэспандэнт: ) “А ён п’е сваё ці набывае?”

(Пунька: ) “Па сялу возяць тэхнічны сьпірт. Яны яго набываюць і п’юць”.

(Карэспандэнт: ) “Ім жа атруціцца можна!”

(Пунька: ) “А што — яму пра гэта скажаш? Як скажу — ён пачынае злавацца. Як п’яны чалавек стане крычаць, ажно тут на двары чуваць”.

Алькагольная тэма працягнулася ў размове зь яшчэ адной жыхаркаю Перасудавічаў. Паколькі закранулі мы такую далікатную тэму, ейнага імя спадарыня папрасіла не называць. А пачалася гутарка здалёк, са згадкі пра ўласную гаспадарку і пра датычныя яе праблемы.

(Спадарыня: ) “Божа! Кароўкі можа ўжо дзесяць гадоў няма. Ніц няма!”

(Карэспандэнт: ) “А малако дзе бераце?”

(Спадарыня: ) “Нідзе не бяру. Жыву без малака. Ад пачатку разы два выпісвала ў калгасе. Але як зойдзеш на тую фэрму, калі ногі адымаюцца? Ня зойдзеш! Болей ужо і не выпісвала”.

(Карэспандэнт: ) “А малака хочацца?”

(Спадарыня: ) “Хочацца, але што тут зробіш. Бывае, што й бяз хлеба жыву. А калі папрашу, дык прынясуць”.

(Карэспандэнт: ) “З малаком зразумела, а як жыць бяз хлеба?”

(Спадарыня: ) “Бяз хлеба бульбу можна зварыць. А гэта вы запісваеце… Што я кажу?”

(Карэспандэнт: ) “Натуральна што! Будзеце па радыё гучаць”.

(Спадарыня: ) “А Божачкі ж мой! Зараз трэба будзе соткі садзіць. А як іх пасадзіць, трэба выдумаць. Ідзе вясна, і проста становіцца страшна!”

(Карэспандэнт: ) “Суседа папросіце і бутэльку яму паставіце”.

(Спадарыня: ) “Бутэльку тую я ўжо ня здужаю зрабіць. Калі былі сілы, гнала. Не скажу, што не было такога. А зараз ужо ня тое”.

(Карэспандэнт: ) “А вы па якім рацэпце бражку ставіце?”

(Спадарыня: ) “Малолі зерне, запарвалі бульбаю. Таўклі ўсё гэта. Кідалі туды дрожджы і крыху цукру. Вады дадавалі. Выбрадзіцца, тыдзень пастаіць. Дый гналі яе. Улівалі дый пераганялі яшчэ раз. Яна становіцца чыстая і добрая”.

(Карэспандэнт: ) “А вы вадою разбаўлялі, ці проста так пераганялі?”

(Спадарыня: ) “Я калі вясельлі ладзіла, то пераганяла проста так”.

(Карэспандэнт: ) “Моцная выходзіла?”

(Спадарыня: ) “Канечне!”

(Карэспандэнт: ) “Уяўляю толькі, якая смачная ў вас самагонка атрымлівалася!”

(Спадарыня: ) “Ой, якая яна смачная была!”

Тут спадарыня замаўчала і неяк няпэўна паглядзела ўдалеч. Яна, мабыць, моўчкі згадала мінулае. Калі я зной злавіў позірк старой, адразу ж запытаўся:

(Карэспандэнт: ) “Пра сельсавет — яны, можа, чым дапамагаюць?”

(Спадарыня: ) “Ніхто не прыяжджае. Хто нам дапаможа? Дзе яны ўсім дапамогуць? Па брыкет ужо перад марозам мусіла тэлефанаваць у самы райвыканкам, бо тут не давалі. Казалі, што няма. Як патэлефанавала ў райвыканкам, то яго адразу знайшлі. Зараз трэба зноў на вясну браць. Зноў казалі, што няма”.

У каго праблема, што брыкету немагчыма выпісаць, а вось Ніна Макоўчык ня ведае, як упарадкаваць зваленую перад хатаю кучу торфу.

(Макоўчык: ) “Я торф раскідаю”.

(Карэспандэнт: ) “Адная?”

(Макоўчык: ) “Адная! Няма нікога!”

(Карэспандэнт: ) “А чаму ніхто не дапаможа?”

(Макоўчык: ) “Дзеда няма. Пахавала, і ўжо сем гадоў жыву сама”.

(Карэспандэнт: ) “Давайце дапамагу занесьці брыкет!”

(Макоўчык: ) “Не!”

(Карэспандэнт: ) “Што так? Я грошай за гэта не вазьму”.

(Макоўчык: ) “Я не кажу, што грошы вы за гэта возьмеце. Але я самастойна”.

(Карэспандэнт: ) “Торф цяпер дарагі?”

(Макоўчык: ) “Ой, які дарагі! Усю восень зьбірала на торф. За чатыры тоны аддала 170 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Ці надоўга вам хопіць гэтай машыны?”

(Макоўчык: ) “Будзе пакуль памру”.

(Карэспандэнт: ) “Сабраліся ўжо паміраць?”

(Макоўчык: ) “Так. Хопіць ужо жыць!”

(Карэспандэнт: ) “Чым вам сьвет белы не падабаецца?”

(Макоўчык: ) “Аднаму цяжка. У хату зойдзеш — і там адзін. Нідзе нікога няма”.

Дзіравыя дахі, слабое здароўе, п’янства, няўвага сельсавету — выглядае, што ў жыцьці Перасудавічаў гэтыя цяжкасьці ня самыя галоўныя. Болей вяскоўцы пакутуюць ад самоты. Папрасі распавесьці пра сябе — і ад бальшыні пачуеш: дзеці прыяжджаюць рэдка, звычайна толькі па сьвятах. А не было бы адзіноты — і ад штодзённых праблемаў старыя пакутавалі бы ня так моцна.
XS
SM
MD
LG