Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 вандровак Ягора Маёрчыка


Алена Радкевіч, Прага і Ягор Маёрчык, Менск

(Алена Радкевіч: ) “Словы “самы малады” і “самы вопытны” гучаць разам вельмі рэдка. Але Ягор Маёрчык — якраз той выпадак. Ён самы малады і самы вопытны вандроўнік па Беларусі зь мікрафонам у руках. Ягор рабіў запісы ў мароз, калі замярзаў дыктафон, і ў сьпёку, калі закіпала вада ў балотах. Усе гэтыя гукі ўвайшлі ў ягоныя перадачы. Чарнобыльская зона і ахоўныя запаведнікі, памежныя раёны і глыбінка, куды ні разу не зазіраў ніводзін карэспандэнт, наркаманскія прытоны і кляштары. Выглядае, што для Ягора няма закрытых мясьцінаў і тэмаў. Вам цікава, як ён знаходзіць сваіх суразмоўцаў? Тады паслухайце”.

(Ягор Маёрчык: ) “Калі прыяжджаеш у вёску, самае простае — гэта ісьці па вуліцы. Сустракаеш любога чалавека і размаўляеш зь ім. Ён табе падказвае іншых цікавых асобаў. Ідзеш далей”.

(Радкевіч: ) “Але людзі ў маленькіх населеных пунктах, як мы ведаем, даволі насьцярожана ставяцца да чужынцаў. Ці лёгка ўдаецца разгаварыць людзей у правінцыі?”

(Маёрчык: ) “Якраз у маленькіх вёсках людзі больш адкрытыя. У маленькіх вёсках яны ахвотней ідуць на кантакт, чым у раённых цэнтрах. Магчыма, гэта тлумачыцца страхам. Бо ў гарадах чалавек пры пасадзе, нават самай маленькай, баіцца гэтае месца страціць. А чаго можна баяцца пэнсіянэру, які жыве на сваю пэнсію, са свайго ўласнага агароду?

Што да пытаньняў, тут два сакрэты. Можна чалавеку зрабіць камплімэнт. Прыкладам, у чалавека вельмі прыгожы сад. Ты падыходзіш і кажаш пра гэта гаспадару сядзібы. І слова за слова — пачынаецца размова. А другі мэтад — абмеркаваць з чалавекам праблему, якая ёсьць ва ўсіх, унівэрсальную праблему. Такой праблемай можа быць усё што заўгодна — затрымкі заробкаў, камунальныя выплаты, дрэнная якасьць хлеба. Адной з такіх унівэрсальных праблемаў зьяўляецца алькаголь. Вось, прыкладам, што я пачуў у вёсцы Хватынка — гэта Крупскі раён Меншчыны”.


(Сямён: ) “Цяпер ужо большая частка закадавалася. Па дзесяць разоў кадуюцца! Яму дасьць старшыня грошай — паедзе закадуецца. Адтуль едзе п’яны. Ён ужо закадаваўся”.

(Карэспандэнт: ) “Ён адзначыў, што закадаваўся?”

(Сямён: ) “Так. Ужо гатовы. Пасьля зноў просіць грошай: кадавацца паеду. Ай! Тут ужо па колькі разоў кадаваліся! А сэнс які?”



(Радкевіч: ) “Ягор, а самому часта прапаноўваюць выпіць у вёсках?”

(Маёрчык: ) “Так. Па шчырасьці прызнаюся, што так. Але ня трэба думаць, што ўсе праграмы “Палітычная геаграфія” зробленыя пад узьдзеяньнем самагону ці яшчэ чаго-небудзь”.

(Радкевіч: ) “Вы так неяк сказалі — “ня ўсё праграмы”. Але некаторыя ўсё ж былі?”

(Маёрчык: ) “Было такое. Я даведаўся цікавую гісторыю. Адну з жыхарак мястэчка Дзівін у Кобрыньскім раёне Берасьцейшчыны запрасілі на гульню “Поле цудаў”, якая ідзе па расейскім канале ОРТ. І там атрымаўся анэкдатычны выпадак. Прыехаў чыноўнік з райвыканкаму і сказаў, каб тая кабета, якая паедзе на запіс гульні, абавязкова павезла туды нейкі мясцовы падарунак. Ну, а Дзівін слынны па ўсёй Берасьцейшчыне менавіта самагонам. Яна наліла ў бутэльку самагон, прывезла і падарыла тэлевядоўцу. Тое, што было далей, можна пачуць з аповеду адной з жыхарак”.


(Спадарыня: ) “О! Супраць яе ўсе былі вельмі агрэсіўна настроеныя. Пасьля таго быў напад абэзаўцаў і мянтоў розных. Усе апараты паразьбівалі. Мянты пабілі гэтыя апараты і пішуць на сьнезе: “Прывітаньне ад Якубовіча!” Зразумелі, што ў нас тут было?”


(Радкевіч: ) “Ягор, вось ужо сто населеных пунктаў, тысячы суразмоўцаў. Гутаркі, пытаньні, адказы на іх. А ёсьць адказы, якіх вы ўжо чуць ня можаце? Якія аднолькавыя паўсюль? А ёсьць такія, якіх вы яшчэ ні разу ня чулі, а цахелі б пачуць?”

(Маёрчык: ) “Натуральна, такое ёсьць. Вельмі цяжка чуць адказ… На яго ўжо папросту алергія. На пытаньне “Што добрага?” Кажуць: “Вось нам Лукашэнка пэнсію дае”. Я звычайна на такое заўважаю “Вы гэтыя грошы зарабілі”. Хачу пачуць адказ на пытаньне: што трэба зрабіць, каб у тым ці іншым паселішчы жыцьцё стала лепшае? Я такога яшчэ нідзе не пачуў”.

(Радкевіч: ) “Ягор, ці ёсьць месцы, куды хочацца зноў? І такія, куды больш ня хочацца патрапіць?”

(Маёрчык: ) “Ёсьць месцы і запісы, якія згадваеш зь непрыемнасьцю, якія згадваеш, што называецца, з марозам на скуры. Як самы яскравы выпадак я магу прыгадаць вандроўку ў Сьветлагорск. Вядома, што гэты горад мае дурную славу сталіцы СНІДу ў Беларусі. І я шчыра прызнаюся, што ў мяне нават пасьля той вандроўкі трэсьліся рукі. Я быў шакаваны — як проста набыць дозу гераіну за эквівалент двух даляраў, як лёгка людзі выносяць усё з хаты і прадаюць, каб уліць сабе ў вену 5 кубічных сантымэтраў атруты. У той камандзіроўцы было зроблена некалькі запісаў, якія дагэтуль не пакідаюць мяня абыякавым. Магу прапанаваць фрагмэнт, запісаны ў адным з наркаманскіх прытонаў”.


(Першы хлопец: ) “Сем дзён не калоўся”.

(Карэспандэнт: ) “І зараз будзеш. А навошта? Не калоўся бы далей, і ўсё б было добра”.

(Першы хлопец: ) “Трэба зьняць стрэс”.

(Карэспандэнт: ) “А стрэс ад чаго?”

(Першы хлопец: ) “Я ня спаў сем сутак. Гэта залежнасьць. Ломка. Віталь, на ідзі — умаж мне”.

(Другі хлопец: ) “Вось узяў кантроль, гэта значыць кроў зь вены пайшла ў шпрыц, значыць іголка трапіла дакладна ў вену. І паціху заганяеш наркотык туды”.

(Карэспандэнт: ) “Што ты адчуваеш?”

(Першы хлопец: ) “Разлом. “Здымае” мяне. О, гэта немагчыма растлумачыць! Калючкі ідуць па целе. Хацеў я ў прыбіральню, цяпер мне ня хочацца, страўніку лепей, цёпла стала. Мне добра. Адчуваю наркотык. А пасьля ўжо ня буду. Проста мне стане нармалёва. Я змагу рухацца, хадзіць”.

(Карэспандэнт: ) “А як доўга будзе доўжыцца гэты стан?”

(Першы хлопец: ) “Некалькі гадзінаў, а пасьля трэба будзе яшчэ ўкалоцца”.



(Радкевіч: ) “Ягор, а ці ёсьць сустрэчы, дзе больш сьвятла і аптымізму? Можа, яны былі сьмешныя, кур’ёзныя?..”

(Маёрчык: ) “О, такіх сустрэчаў была процьма! Некалі ў Дрыбіне, гэта Магілёўская вобласьць, я сустрэў трактарыста з прозьвішчам Лукашэнка. Дык вось ён распавеў, як цяжка яму прыходзіцца апошнімі гадамі, менавіта празь дзейнасьць свайго аднафамільца”.


(Карэспандэнт: ) “Як жывецца чалавеку з прозьвішчам Лукашэнка?”

(Лукашэнка: ) “Так сама, як і астатнім калгасьнікам. А чаго мне мяняць сваё прозьвішча? Добрае прозьвішча! Калі яго выбралі, дык што — я мушу мяняць прозьвішча? Стану я, прыкладам, Сідаравым. А праз тры гады возьмуць ды Сідарава выберуць. Яшчэ горш будзе. А што тады? Зноўку мяняць прозьвішча?”

(Карэспандэнт: ) “А хацелі б стаць прэзыдэнтам?”

(Лукашэнка: ) “Нашто яно мне? Хай разумныя людзі будуць прэзыдэнтамі. На тое яны і вучыліся”.



(Радкевіч: ) “Ягор, вось мы былі загаварылі пра палітыку. Сто населеных пунктаў, сустрэчы з тысячамі людзей. Хто з палітыкаў можа яшчэ такім пахваліцца? У вас не ўзьнікала думкі пра палітычную кар’еру? Нават грошай на выбарчую кампанію не давялося бы марнаваць, вас і так амаль паўсюль ужо ведаюць. Няма такой авантурнай ідэі паспрабавацца ў прэзыдэнты?”

(Маёрчык: ) “Алена, ня дай Бог дакаціцца да прэзыдэнцтва! Я лічу, што кожны мусіць займацца сваёй справай. У мяне такой ідэі ніколі не было, але прапанову распачаць палітычную кар’еру я ўжо чую ня першы раз. Пра тое, як людзі ўспрымаюць найвышэйшых дзяржаўных асобаў Беларусі, я таксама часам гутару зь людзьмі. Некалі ў нас на хвалях гучала праграма пра Нацыянальны парк Прыпяцкі. Вядома, што туды вельмі часта наведваецца Аляксандар Лукашэнка. Жыхарка адной з тамтэйшых вёсак Зінада Чыжык распавяла пра сустрэчу, якая адбылася, калі не памыляюся, у 1999 годзе, калі Прыпяцкі рэгіён адчуў наступствы веснавой паводкі”.


(Чыжык: ) “Адна жанчынка зрабіла з дошак плыт і плыве, хоча Лукашэнку пабачыць, і сабакі за ёй блёхаюць. А яна вось сюды й прыехала. Паставіла свой плыт тут, сабачка зьлез, і пайшлі яны разам да Лукашэнкі. Падышла ды кажа: “Прэзыдэнт, слухайце, у нас масла няма”. А ён: “Бабушка, ня трэба масла есьці, у цябе будзе “абжырэньне” сэрца”. О то, Баклаіха пабачыла Лукашэнку! Чорт цябе бяры: “У мяне масла ё!” А другая жанчына кажа: “У нас цукру няма”. — “Бабушка, ня трэба цукру есьці, дыябэт будзе”. Казаў — і да пабачэньня, жыві як хочаш”.

(Маёрчык: ) “Наўздагон, прыцягваючы тэму сымпатыяў і антыпатыяў жыхароў беларускай правінцыі, скажу, што мясцовыя жыхары ніякім чынам ня могуць уплываць на дзейную ўладную вэртыкаль, бо гэтая вэртыкаль залежыць ад аднаго чалавека. Адпаведна, вэртыкаль ігнаруе правы, просьбы і патрэбы насельніцтва, а насельніцтва ня мае ніякіх рычагоў, каб зьняць гэтых людзей пры ўладзе”.

(Радкевіч: ) “Ягор, усе свае пытаньні часам вандровак вы задаяце па-беларуску, гаворыце зь людзьмі па-беларуску. Часам яны вам адказваюць па-расейску. Вашае ўражаньне — якое стаўленьне ў маленькіх гарадох да беларускамоўнага чалавека?”

(Маёрчык: ) “Ведаеце, стаўленьне абсалютна нармалёвае. І з гэтага я раблю такія высновы, што ня ўсё яшчэ згублена, усё яшчэ можна вярнуць у нармалёвы чалавечы стан што да разьвіцьця беларускай мовы. Вельмі многія спрабуюць размаўляць, вельмі шмат хто адмаўляецца гаварыць па-беларуску празь недасканалае веданьне мовы. Але адна сустрэча ў Рэчыцы, можна сказаць, зьбіла мяне з ног. Там я пазнаёміўся,і ў нас у праграме гучаў Зураб Барбакадзэ. Гэты чалавек, народжаны ў Грузіі, прыехаў сюды ў Беларусь. Ён пачуў беларускую мову ад сваёй цёшчы, бо жонка не размаўляла па-беларуску. Пасьля прачытаў восем тамоў Уладзімера Караткевіча — і сам загаварыў па-беларуску. Прычым гэта вельмі калярытная, вельмі экзатычная беларуская мова зь невынішчальным каўкаскім акцэнтам”.


(Барбакадзэ: ) “Я вельмі добра разумею беларускую мову. Але няма практыкі размаўляць на ёй. Я раблю шмат памылак, я саромеюся. Я вывучыў беларускую мову (калі вы паверыце), слухаючы беларускую праграму Радыё Свабода, слухаючы песьні Данчыка і Вальжыны Цярэшчанкі. Беларуская мова вельмі прыгожая, вельмі цікавая мова. Многія беларусы ад мяне, грузіна, даведваюцца факты з сваёй гісторыі. І дзівяцца. Некаторыя кажуць: ня можа быць такога. Дзяржава нічога ня робіць, каб нейкім чынам давесьці гістарычную праўду да свайго грамадзтва. Я бы сказаў, што гэта дзяржаўнае злачынства. Мясцовыя ўлады тут, як вядома, з мэнтальнасьцю савецкага начальніка”.


(Маёрчык: ) “Ведаеце, Алена, калі чалавек пачынае неяк некарэктна альбо неталерантна выказвацца пра праблему беларускай мовы альбо пра носьбітаў гэтай мовы, я заўсёды прыводжу жалезны аргумэнт. Я кажу: “Людзі, калі грузін, які прыехаў сюды, вывучыў беларускую мову, калі ёй ён можа карыстацца, няўжо народжанаму ў Беларусі чалавеку цяжка аднавіць у памяці тое, што выкладалі яму ў школе?” Вельмі часта гэта спрацоўвае”.

(Радкевіч: ) “Ягор, спадзяюся, што не занадта бесцырымонна прыадкрыю заслону над вашым асабістым жыцьцём, калі паведамлю, што вы — чалавек малады і нежанаты. Нагадаю, што многія, асабліва кумушкі ў вёсках, ня раз у праграмах выказвалі жаданьне вас там жа ў гэтай вёсцы ажаніць. Вашыя асабістыя уражаньні — дзе ў Беларусі самыя прыгожыя дзяўчаты? І ці не пашанцавала вам выпадкова ў часе вашых шматлікіх вандровак зь якім-небудзь лёсавызначальным знаёмствам?”

(Маёрчык: ) “Ой, Алена, вы са сваім пытаньнем загналі мяне ў кут. Можа, спачатку варта паслухаць менавіта частку таго падарожжа, дзе мне хацелі знайсьці жонку. Гэта адбылося ў мястэчку Варапаева Пастаўскага раёну Віцебшчыны”.


(Спадарыня: ) “Ці жанатыя вы?”

(Карэспандэнт: ) “Я? Не!”

(Спадарыня: ) “Тут такія прыгожыя дзяўчаты ёсьць! Ня куруць, ня п’юць, а прыгожыя — ой-ёй-ёй!”

(Карэспандэнт: ) “Яны паўсюль у Беларусі прыгожыя”.

(Спадарыня: ) “Але ў Варапаеве самыя прыгожыя. Менавіта гарадзкія — ці п’юць, ці курыць, ці там... па начных клюбах ходзяць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас ня паляць, ня п’юць і па клюбах ня ходзяць?”

(Спадарыня: ) “Ну, якія ўжо зусім ніякія, тыя ходзяць. І так большай часткай — о-го-го! Мы вас тут ажэнім...”

(Карэспандэнт: ) “...о-о-о!”

(Спадарыня: ) “...і забераце нашую прыгажуню ў Менск, і будзеце жыць ды не тужыць”.



(Маёрчык: ) “Вось цяпер, Алена, вы ўяўляеце, колькі ёсьць спакусаў часам падрыхтоўкі праграмы “Палітычная геаграфія”.

(Радкевіч: ) “Уявіць я магу. Але хацелася бы даведацца, ці спакусілі вас такія прапановы?”

(Маёрчык: ) “На вашае пытаньне адкажу такім чынам: некаторыя праграмы застаюцца ў памяці і згадваюцца менавіта дзякуючы добрым суразмоўцам і цікавым тэмам, а некаторыя праграмы назаўсёды застануцца ў памяці, душы і сэрцы менавіта тым, чаго не гучала ў эфіры”.

(Радкевіч: ) “Гэта, я бы сказала, вельмі дыпляматычны і стрыманы адказ. Я дзякую Ягору Маёрчыку. Яшчэ раз скажу, што Ягор — аўтар самай вялікай колькасьці перадачаў з сэрыі “Палітычная геаграфія”. Ён аб’езьдзіў больш за сто гарадоў і вёсак Беларусі. Да таго ж ён — самы малады наш аўтар. І яшчэ раз падкрэсьлю: пакуль што нежанаты”.
XS
SM
MD
LG