Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зь вёскі Сяльцы


Ягор Маёрчык, Сяльцы

(Цалка: ) “Мяне празвалі — выбачайце за выраз — Лукашэнкам. Я таксама люблю размаўляць. Быў некалі ў Расеі й размаўляў там на беларускай мове. “О! — кажуць. — Ты гаворыш, як Лукашэнка”. Празвалі мяне Лукашэнкам — і Бог са мною”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што жонка вашая — першая лэдзі вёскі?”

(Цалка: ) “А яе завуць Лукашэнчыха. “Вунь Лукашэнчыха пайшла. Куды пайшла Лукашэнчыха? А дзе той Лукашэнка?” Я сваю жонку і люблю і шкадую. Мая Лукашэнчыха была Лукашэнчыхай, і будзе Лукашэнчыхай. А я быў Цалкам Васілём Уладзімеравічам, а тое, што назвалі мяне Лукашэнкам, у іншы час мяне яшчэ за гэта пакараюць. Вось зьляціць Лукашэнка, і мяне могуць пабіць. Ужо аднойчы так і сказалі ля крамы”.

Мы сядзім за сталом у звычайная вясковай хаце. Насупраць мяне — невялічкага росту худзенькі мужычок. Завуць яго Васіль Цалка. Але ўсё паселішча ведае яго болей па мянушцы — Лукашэнка. Язык у яго сапраўды спрытны. Я карыстаюся гэтаю акалічнасьцю і прашу мясцовага Лукашэнку тлумачыць навакольнае жыцьцё.

Сяльцы — маленькая вёскачка ў Калінкавіцкім раёне Гомельшчыны. Як і ў бальшыні непэрспэктыўных паселішчаў, засталіся пераважна пэнсіянэры. Некалі ўсе яны працавалі на тутэйшай фэрме. Пасьля кароўнік зьліквідавалі. Нашаму герою гэта адных толькі нязручнасьцяў дадало. Пэўны час працаваў у суседняй гаспадарцы, хадзіў туды пехатою. А пасьля кінуў. Цяпер сядзіць у хаце і корміцца з уласных палеткаў.

(Цалка: ) “Хто з рукамі й з галавою сябруе, яшчэ можна тут жыць. Але ёсьць праблема з працаю. У калгасе плацяць мала. І ня кожны туды працаваць пойдзе. Старшыня калгасу плаціць на свой пагляд: аднаму дасьць трыццаць — ён добры, а іншаму — пяць. Заробак слабы. Пойдзеш рабіць, дадуць там нейкую капейчыну. А як жыць на яе? Жыць цяжкавата”.

Дзядзька Сяргей такі ж, як і сяльцоўскі Лукашэнка. Батрачыць на пэнсіянэраў, а яшчэ час ад часу жывіцца з матчынай пэнсіі.

(Сяргей: ) “Моладзі, якая не працуе, толькі 22 чалавекі”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму яны не працуюць?”

(Сяргей: ) “А дзе працаваць? Усе ўсё пакідалі. Лётаюць на Маскву ці яшчэ куды грошы зарабляць. З кожным годам усё горш і горш там становіцца. Цяпер нават грошай ня плацяць. Вунь шурын мой зьехаў, трох дзяцей пакінуў. Ні слуху, ні духу. Нават міліцыяй ужо шукалі… Захацеў выпіць — бабцы агарод узараў. З пэнсіі грошы забраў, тады гуляеш. А болей ніякіх працаў няма”.

(Карэспандэнт: ) “А бабкі шмат плацяць?”

(Сяргей: ) “Сотка — 2 тысячы. 10 сотак — 20 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “А ў горад, у Калінкавічы, езьдзіць на працу?”

(Сяргей: ) “Ты што?! Гэта мне трэба падымацца а 6-й раніцы. Аўтобусаў няма, толькі ў 8 ідуць. А гэта ўжо на працу спазьняюцца. Адпрацаваў — а як мне адтуль прыехаць?”

Адсутнасьць працы і хранічны недахоп грошай дзядзька Сяргей за вялікія праблемы ня лічыць. У Сяльцах да такога ўжо ўсе даўно прызвычаіліся. Шмат цяжэй зь пітной вадой, яна брудная, колеру зямлі. Дый начэрпаць такога дабра з кожным разам становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.

(Сяргей: ) “Вады няма. На выбары нам абяцалі студні выкапаць. Прыехалі. Адну калёнку прабілі, і тая ўжо ня паша”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі не хварэюць, што вада жоўтая?”

(Сяргей: ) “Як мухі падаюць. Паўміралі. Хаты стаяць пустыя”.

Дзед Аляксей амаль сорак гадоў адпрацаваў мэханізатарам. Сам асушваў зямлю, сыпаў у яе хімікаты і мінэральныя ўгнаеньні. Стары даўно ўжо на пэнсіі. Ён згадвае мінулае без настальгіі:

(Аляксей: ) “Тут былі такія балоты, што немагчыма было прайсьці. Выносілі сена рукамі і ў стажкі клалі. А пасьля асушылі, і дранаж тут прайшоў. І цяпер тут вельмі суха. Летам, калі дождж ня пройдзе, пачынаецца сухавей. І тае прыроды, што было раней, ужо няма”.

(Карэспандэнт: ) “Горш зямлі стала пасьля таго, як асушылі?”

(Аляксей: ) “Мабыць, што і горш. Сарнякі пайшлі, пустазельле расьце. А хто іх ведае, чым яны травяць! Хімія нейкая. Езьдзяць машыны, сыплюць нешта. А што яны сыплюць?”

Можна сказаць, што Сяльцам і ваколіцам наагул не пашанцавала. У суседнім мястэчку Бабровічы некалі месьцілася буйная авіяцыйная частка. Затым яна перадысьлякавалася ў Расею. Вяскоўцы яшчэ доўга не маглі прызвычаіцца да цішыні — раней усё аж гуло.

(Спадарыня: ) “Там і цяпер, мабыць, нейкая сакрэтная частка ёсьць. Усяго хапае. Раней такое было: празь вёску праходзіла лётная лінія. Багата самалётаў тут разьбівалася. Ішоў з таго боку — і зачапіў вяршыні лесу. Лес пачаў гарэць. Ломяцца вяршыні. Упаў і разарваўся, вунь там, ля фэрмы. Мы яшчэ пабеглі. А тут вайскоўцы прыехалі й кажуць: “Адыходзьце! Адыходзьце!”

(Карэспандэнт: ) “Часта такое бывала?”

(Спадарыня: ) “Адзін год дык і вельмі часта”.

(Карэспандэнт: ) “А нястрашна было жыць?”

(Спадарыня: ) “Не. Нават весялей было”.

Разважаючы пра прычыны вадзяной праблемы вясковы Лукашэнка, Васіль Цалка, аб’ядноўвае наступствы мэліярацыі й блізкае вайсковае лётнішча.

(Цалка: ) “Былі й аварыйныя пасадкі. Адбываўся самазброс бакаў з газаю, каб не загарэцца. І тут узя зямля, натуральна, загажана. Ніхто пра гэта ня ведае. І ніхто ведаць гэтага ня будзе. Чаму? Бо гэта ўсё хаваюць. І хай гэта будзе на сумленьні тых людзей, якія ўжо сышлі. У нас тут высокая мясцовасьць, і калі калодзеж дагледжаны, ваду браць яшчэ можна. Але ўсё угнаеньне з палёў сьцякае сюды, гэта экалёгія”.


* * *

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень! Можна ў хату?”

(Гецман: ) “Можна. Заходзьце!”

(Карэспандэнт: ) “Вы сядайце, а я ля вас”.

(Гецман: ) “Не, я ня сяду. Буду гасьцей прынімаць. А як зрабіць, каб лепей гасьцей прыняць? Дзеткі, дайце я вам падрыхтую пад’есьці!”

(Карэспандэнт: ) “Не, дзякуй, я ўжо пад’еў”.

Я завітаў у госьці да старой Надзеі Гецман.

Сярод іншых жыхароў Сяльцоў яна ў прывілеяваным становішчы. Мае сваю ўласную студню. Гэты глыбокі калодзеж — мабыць, адзінае ў Сяльцах месца, дзе можна набраць чыстай крынічнай вады.

(Гецман: ) “Па ўсім сялу няма вады. Усё сяло ходзіць да нас па ваду. Ох, сынок, жывём так, што хай Бог нікому такога не дае. Двое пэнсянэраў — а хто нам дапамагае? Ніхто! Ніхто!”

(Карэспандэнт: ) “Вы толькі ня плачце…”

(Гецман: ) “Ніхто ні дровамі не дапаможа, ні кармамі — ніхто нічым! Хочам кароўку трымаць. Трымаем. Гаруем, а кароўку ўсё адно ня кідаем. Я без кароўкі не магу пражыць”.

(Карэспандэнт: ) “А каб у сельсавет зьвярнуліся... Можа, яны б чым дапамаглі?”

(Гецман: ) “Сельсавет у нас у Гародчычах за 9 кілямэтраў. А хто мяне туды давязе? Хто мяне туды данясе? А ніхто! Я туды ня траплю. А сюды зь сельсавету ніхто не прыяжджае”.

(Карэспандэнт: ) “Грошай мала, пэнсіі не хапае. Побач студня. Уся вёска да вас ходзіць па ваду. Можа, вы б за гэта грошы бралі?”

(Гецман: ) “Ой! Сынок мой каханы! Хай Бог мне не даруе. Каб я за такое памерла, калі за ваду буду браць грошы!”

(Карэспандэнт: ) “Можа б, гэта дапамагло…”

(Гецман: ) “Не. Мне ўжо нічога не дапаможа. Я толькі хачу памерці. Толькі й жывем, каб падохнуць”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, не, рана яшчэ думаць пра сьмерць”.

(Гецман: ) “Ня рана, сынок. Я так хачу памерці, бо я такая хворая: ногі адымаюцца зусім, і ручкі адымаюцца. А ў бальніцу няма як трапіць. Цяпер, сынок, да доктара пойдзеш, і надта багата плаціць трэба. Нядаўна паехала і аддала 13 тысяч за таблеткі. А хіба я разумею, якія то таблеткі? Выпіла іх, а ўсё адно мне дрэнна”.

Тутэйшы Лукашэнка ў сельсавет даўно ня верыць, таксама ён не сымпатызуе чыноўнікам райвыканкаму і галоўным вэртыкальнікам у Менску. Але й да апазыцыі спадар Цалка мае некаторыя прэтэнзіі. Вось самая істотная зь іх:

(Цалка: ) “Нешта апазыцыя слаба ў нас працуе. Па калгасам для іх — гэта надта далёкі край. Каб апазыцыя прыйшла. села і сказала людзям: “У нас ёсьць праграма: мы імкнемся ў Эўразьвяз і будзем разьвіваць фэрмэрства”. Іх людзі будуць слухаць, бо Лукашэнку ўжо наслухаліся. Ён ужо і так багата гаворыць. Ён гаворыць штодня. Ён з тэлевізара не вылазіць. Уключы прас — і там таксама будзе Лукашэнка”.


* * *

(Бялецкі: ) “Перад выбарамі прыехалі й наабяцалі людзям, што зробяць дарогі. Пасьля некалькі самазвалаў з аднаго боку вуліцы вывалілі й з другога. Хуткая прыяжджае, стаіць на скрыжаваньні. Вось туды й ідзі, бо сюды ёй немагчыма праехаць”.

У атрад вясковых апазыцыянэраў таксама можна залічыць Эдуарда Бялецкага. Пяць гадоў таму гэты малады чалавек перабраўся з Калінкавічаў у Сяльцы. Прычыну тлумачыць так: палічыў, што ў горадзе няма пэрспэктываў. А ў вёсцы на сядзібе сваёй цёткі ён пачаў займацца агуркагадоўляй.

(Бялецкі: ) “Трэба неяк выжываць. Самая асноўная праблема — гэта збыт прадукцыі. Каб тая санэпідэмслужба за аналізы давала даведку, што няма пэстыцыдаў, на нейкі доўгі прамежак часу… Аднясі ім на аналіз. І каб толькі занёс агурок, а то кіляграмы два трэба заносіць для гэтай экспэртызы — такое натуральна. Паездка туды й вяртаньне назад — урэшце ніякага выніку не засталося. За сэзон з двух з паловаю сотак я зарабіў чыстага прыбытку 150 даляраў. Гэта ж не заробак. Крэдыт узяць — гэта праблема стагодзьдзя. Па-першае, працэнты надта вялікія, а па-другое, трэба нейкую маёмасьць пакідаць. Пакуль выйсьця няма, трэба так калупацца”.

Адчуваецца, што Эдуард Бялецкі нечага не дагаворвае. Па больш грунтоўную інфармацыю я зьвяртаюся да Васіля Цалкі. Высьвятляецца: занятак навасьпечанага вяскоўца прыйшоўся недаспадобы мясцовым уладам.

(Цалка: ) “Прыехала нейкая міліцыя. Чалавек яшчэ на ногі не падняўся, а яны давай яго тармусяць, давай яго за чуб скубсьці. Той чалавек даведкі нейкай не зрабіў. Чалавек стараўся жыць на зямлі, дык праз адсутнасьць той даведкі, чалавек мог бы загінуць на карню. А ён ня здаўся. Уся вёска яго падтрымлівала. Усе былі радыя. Ён ня толькі цяпліцы зрабіў, ён копаначку выкапаў і карасёў туды запусьціў. Ён усё зрабіў па-людзку. Хай я буду дрэнным, і хай мяне Лукашэнкам дражняць… Але колькі ён нам дабра прынёс — вясновыя агуркі! Ён трымае сябе ў руках і будзе трымаць далей. Каб такіх людзей было болей, жыцьцё ў нас было бы лепей. І ня трэба яму ставіць прапоны!”

Вясковы Лукашэнка Васіль Цалка нашую размову пачынаў. Ён яе й заканчвае:

(Цалка: ) “Я вам нічога новага не сказаў. Я дакладна ведаю адно: жылі мы і жыць будам”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам, “Аляксандар Рыгоравіч”, за тое, што дапамаглі, за цікавыя адказы”.

(Цалка: ) “Мяне за гэта не пасадзяць?”

(Карэспандэнт: ) “Я мяркую, што не пасадзяць. За такія рэчы ня садзяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG