Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лука


Ягор Маёрчык, Лука

Я стаю на трасе “Берасьце–Менск” побач з указальнікам “вёска Лука”. А на сьцяне аўтобуснага прыпынку яшчэ можна прачытаць надпіс “Тэрыторыя, вольная ад лукашызму”.

Колькі гадоў таму гэты населены пункт ледзь не пазбавіўся сваёй спрадвечнай назвы. Паўз Луку мусіў праехаць тагачасны кіраўнік ураду Беларусі Ўладзімер Ярмошын. Кобрыньскія вэртыкальнікі вырашылі перастрахавацца і зьнялі дарожны ўказальнік. Пэўны час вандроўнікаў сустракала іншыя шыльда — “Племенны завод “Дружба”.

Усё мясцовае насельніцтва (а гэта з паўтысячы чалавек) выдатна памятае, як Лука перастала быць Лукой. Аднак яны маўчаць. І тым самым пацьвярджаюць адну з вэрсіяў паходжаньня назову вёскі. А менавіта, што тут жывуць лукавыя людзі.

(Спадар: ) “Я не хачу гаварыць. Ай! Ня трэба нам прэзыдэнта ўзгадваць. Гэта ня нашая справа. Ну, Лука, Лука, ды й Лука. Вырашылі, што гэта прэзыдэнта абражае. І прыбралі”.

Наперад скажу, што гэта самы поўны аповед, які мне ўдалося пачуць.

Па вялікім рахунку, апроч крамольнай назвы, Лука нічым не адрозьніваецца ад іншых паселішчаў Берасьцейшчыны. Вось вясковы дом культуры. Вочы чапляюцца за спадарожнікавую талерку на даху. Але дзьверы зачыненыя на ўсе замкі. Установа закансэрваваная на нявызначаны тэрмін. У вёсцы ахвотных спрычыніцца да прыгожага і адвечнага хапае. Але на шляху да гэтага, паводле словаў дырэктаркі Алены Мігіц, ёсьць толькі адна перашкода.

(Мігіц: ) “Будынак наш вельмі добры, але ёсьць адзіны недахоп — тое, што ён не ацяпляецца. Ну вось і ня хочуць ісьці. Ня хочуць ісьці, бо халодна. На гэты Новы год людзі не прыйшлі, бо халодна было”.

(Карэспандэнт: ) “Якая тэмпэратура?”

(Мігіц: ) “Колькі на двары, столькі яна й тут”.

Пэнсіянэра Мікаля Касевіча я заўважаю здалёк. Стары на сабе за сотню мэтраў цягае у хлеў ношкі саломы.

(Касевіч: ) “Трымаю дзьве каровы, здаю малако. Дык я жыву нядрэнна, выдатна”.

(Карэспандэнт: ) “А пэнсія вялікая? На усё хапае?”

(Касевіч: ) “Не хапае! Заплаціць за газ і сьвятло, і ўжо не хапае. Не, неяк людзі жывуць, набываюць штосьці. У нашай Луке ў кожнай хаце машына, а то й дзьве ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Грамадзкае жыцьцё, палітычнае”.

(Касевіч: ) “Ёсьць тут такія людзі, ня ведаю, як іх назваць, што Лукашэнкам не задаволеныя. Але я іх абвяргаю. Бачна, што Лукашэнка стараецца, імкнецца, каб усё было. На Лукашэнку кацяць! А я ім наперарэз, лоб у лоб іду. Сваруся зь імі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат такіх людзей, якія не падтрымліваюць Лукашэнку?”

(Касевіч: ) “Мо адзінкі. Але ёсьць. Ну, я іх не назаву. Мне нельга іх называць. Ой, не! Нельга. Гэтага нельга рабіць”.

Я скіроўваюся ў вясковую краму. Сьцены будынка і дзьверы абвешаныя плякатамі, які нагадваюць пра маючыя адбыцца выбары ў мясцовыя саветы. У маленькім паселішчы менавіта сяльмаг зьяўляецца цэнтрам так бы мовіць грамадзкага жыцьця. А прадавачка Тацяна Карутка дадае, што часам гандлёвая заля пераўтвараецца ў палітычны рынг.

(Карэспандэнт: ) “А спрэчкі бываюць?”

(Карутка: ) “Бываюць. Аднаму адзін падабаецца, іншаму — другі”.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі ставяцца да вышэйшай улады?”

(Карутка: ) “Адныя падтрымліваюць, іншым наадварот не падабаецца, што вельмі вялікія цэны: і электрычнасьць, і газ, і праезд у аўтобусах даражэйшы з кожным разам”.

(Карэспандэнт: ) “Спрачаюцца яны мірна?”

(Карутка: ) “Мірным, ну не зусім так моцна”.

Усе палітычныя дэбаты Тацяну Карутку мала турбуюць. У яе іншая праблема: трэба ратаваць дзяржаўны гандаль. Тут варта патлумачыць, што апошнім часам ў Луку сталі наведвацца дробныя прадпрымальнікі. Да таго ж у вёсцы існуе падпольная крама з багатым выбарам. Гаспадыня нелегальнай гандлёвай кропкі адказваць на мае пытаньні адмовілася. А Тацяна Карутка зь непрыхаваным задавальненьнем дзеліцца зьвесткамі.

(Карутка: ) “Ну, гэта ў нашай вёсцы толькі адзін чалавек гандлюе такімі таварамі. Гэта напалову падпольна: у падатковую інспэкцыю яны свае прыбыткі не падаюць. Там у яе тавар таньней, і людзі ідуць туды”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць канкурэнцыя?”

(Карутка: ) “Ёсьць. Ёсьць канкурэнцыя, і вельмі нам гэта не падабаецца”.

(Карэспандэнт: ) “А вы якім чынам змагаецеся за пакупніка? Што вы робіце, каб гэтага пакупніка прывабіць?”

(Карутка: ) “Проста прапануем свой тавар. У нас і сэртыфікаты ёсьць на тавар, а там не заўжды”.

Што ні кажы, а вясковая крама — гэта сапраўдная служба даведкі. Усё ад той жа Тацяны Каруткі ўведваю, што ёсьць-такі ў Луке “апазыцыянэр”. Аказваецца, гэта мянушка пэнсіянэра Віктара Шымановіча.

(Карэспандэнт: ) “Вас называюць адзіным у вёсцы апазыцыянэрам. Ці праўда гэта? Ці лічыце вы сябе апазыцыянэрам?”

(Шымановіч: ) “Гэтую мянушку я толькі першы раз ад вас пачуў. Я не лічу сябе апазыцыянэрам. Я ніякая не апазыцыя. Папрасілі назіральнікам, я й пайшоў назіраць за гэтымі выбарамі”.

(Карэспандэнт: ) “А як людзі да мясцовай улады ставяцца?”

(Шымановіч: ) “А запытайцеся ў іх: ці хоць адзін чалавек ведае, хто ў іх дэпутат? Яны ня ведаюць, таму такое і стаўленьне да ўладаў. Ніякіх зьменаў ня будзе, бо людзі не цікавяцца. Улада таксама. Выбралі й забыліся, што той дэпутат быў. Прызвычаіліся ісьці галасаваць ды ідуць галасаваць. Яны нават у той бюлетэнь не глядзяць. Ну як можна лёгка жыць, калі чалавек атрымлівае 50–70 тысяч, і ўсё забіраюць камунальныя паслугі?”

(Карэспандэнт: ) “А на што ён жыве?”

(Шымановіч: ) “За кошт сваіх прысядзібных палеткаў, ды дзе што дрэнна ляжыць, тое й падбярэ”.

Жыхары Лукі размаўляюць па-мясцоваму, але як трэба, то пераходзяць на беларускую мову. Зь іншага боку, навучаньне ў тутэйшай школе праходзіць па-расейску. І вінаватыя ў гэтым тыя самыя людзі, якія са мной кантактавалі па-беларуску.

Настаўніца пачатковых клясаў Жана Нічыпарук:

(Нічыпарук: ) “Беларускай мовы дзьве гадзіны й адна гадзіна чытаньня. Для беларусаў гэта вельмі мала! Бацькі жадаюць, каб іхныя дзеці навучаліся на расейскай мове. Быў бацькоўскі сход. “Вось, нашыя дзеці ня ўмеюць размаўляць на беларускай мове. І мы ня можам дапамагчы ім навучыцца размаўляць на беларускай мове. Я кажу: вы робіце хатнія справы і, калі ласка, размаўляйце зь імі. У нас бацькі хто з Расеі, хто з Казахстану”.

Ня ведаю, як прыбышы з Расеі (ня выпала мне зь імі сутыкнуцца), а колішніх жыхароў казаскіх стэпаў ужо час ганараваць якім-небудзь мэдалём за падтрымку беларускай культуры.

Калі ласка, вось яскравы прыклад. Большая частка жыцьця Валянціны Талстуновай прайшла ў Казахстане. Колькі гадоў таму яна разам зь сям’ёй пераехала ў Беларусь. Спадарыня зацікавілася фальклёрам і нават выступае ў тутэйшым калектыве самадзейнасьці.

(Талстунова: ) “Напачату было цяжка: у нас не атрымліваліся гукі. А пасьля ў нас атрымалася пець. Як на сцэну выйшлі, было страшна. Нават тут сталі сьмяяцца з нас, што мы, расейцы з Казахстану, навучыліся беларускім песьням”.

(Карэспандэнт: ) “А калі я вас зараз папрашу што-небудзь сьпець, вы зможаце?”

(Талстунова: ) “Ня ведаю…”

(Карэспандэнт: ) “Ну, хоць адзін куплецік…”

(Талстунова: ) “Трэба ўзгадаць. Давайце “Колькі ў небе зорак?”

(Карэспандэнт: ) “Давайце!”

(Талстунова: ) “Толькі я ахрыплая”.

(Карэспандэнт: ) “Усё атрымаецца!”

(Талстунова: ) “Колькі ў небе зор? Цяжка падлічыць.
Колькі зь іх адна найярчэй гарыць.
Гэта ты ж мая, зорка ясная.
Ты любоў мая, непагасная”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам вялікі!”

(Талстунова: ) “Хоць атрымліваецца крыху?”

(Карэспандэнт: ) “Выдатна атрымліваецца!”

Працягваю знаёміцца з асаблівасьцямі жыцьця Лукі. Тутэйшая калектыўная гаспадарка спэцыялізуецца на вырошчваньні гавяды. Толькі замест Лысак ды Мілак тут гадуюць белых шарале, чырвоных сэмэнталей і рудых лімузынаў (аўтамабілістам нагадаю, што гаворка ідзе пра кароваў). Усю гэтую экзотыку завезьлі нка палескія абшары яшчэ за савецкім часам.

Пазнакай надыходу новай эпохі можна лічыць фэрмэрскую гаспадарку Сяргея Антончыка. Яго ў хаце я не засьпяваю. А таму распытваю бацьку — Сьцяпана.

(Карэспандэнт: ) “Зь мясцовай гаспадаркай якія дачыненьні?”

(Антончык: ) “Нармалёвыя. Па магчымасьці дапамагае нам саўгас. І мы саўгасу: плугі даем. У нас увесь набор тэхнікі: і сажалкі, і капалкі, усё ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Чатыры гады ўжо гаспадарцы. Чым можна пахваліцца?”

(Антончык: ) “Нічым, бо зямлі не было. Далі карчы, лазу ды балоты. Яшчэ мэліярацыю ня ўсю скончылі. Балота было такое, што вышэй за калена вады. Там трактар тапіўся. Частку распахалі, а частку лазы трэба яшчэ рубаць. Гэта трэба было чатыры гады змарнаваць. Вядома, і бацькавы грошы сюды ўвайшлі. Я ж бацька. Штосьці крыху дапамагаю. Гэта трэба на сваім пупу, на сваіх мазалях працаваць. А людзі да гэтага не прызвычаіліся. Ды ў вёсцы людзей ужо няма. Лука некалі была Лукой. А цяпер ужо няма Лукі! Парэшткі засталіся”.

(Карэспандэнт: ) “Калі ваш сын захацеў стаць фэрмэрам, вашая рэакцыя якая была?”

(Антончык: ) “Я асабіста доўга яго пераконваў, што рабіць гэтага ня трэба. Ён нават мне не сказаў пра тое, што пойдзе ў фэрмэры”.

(Карэспандэнт: ) “Прайшло чатыры гады. Вы не шкадуеце, што ваш сын заняўся фэрмэрствам?”

(Антончык: ) “Ой, Бог яго ведае! Не, зараз не шкадуем. Ужо ён сам ня хоча кідаць. Вельмі шмат працы ўкладзена. Ужо чакаем нейкага выніку”.
XS
SM
MD
LG