Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабровічы


Ягор Маёрчык, Бабровічы

(Спадарыня: ) “Я за лодку сваю схапілася й кажу: “Ня дам! Ня дам!” А яны мяне па руках ударылі нагамі. Я сабралася з плачам дый пайшла ў возера. Утаплюся! Няма нідзе праўды! Як так жыць, дый хай лепш мяне хваля накрые. Сабралася ў возера. Зайшла далёка-далёка. Пабегла адна жанчына. мяне вярнула. Куды ты, кажа, ідзеш тапіцца?!”

Каб не спынілі тады гэтую спадарыню, не размаўлялі бы мы цяпер. Падзеі, якія яна апісвае, увайшлі ў найноўшую гісторыю Івацэвіцкага раёну як “напад на вёску Бабровічы”.

Улетку мясцовыя ўлады вырашылі за немалую плату прымусова зарэгістраваць усе лодкі, на якіх тутэйшае насельніцтва плавае па шматлікіх азёрах. Але свае пляны зьдзейсьнілі зьнянацку, без папярэджаньня.

(Спадарыня: ) “Хай бы яны патлумачылі народу, што трэба нумары на лодкі паставіць. А то прыехалі, сілаю замкі паадбівалі й прыгналі такую вялікую машыну і на тую машыну грузяць. А некаторыя лодкі былі слабыя. Паразломвалі людзям тыя лодкі. Э! Бяз лодкі? Гэта ж возера вялікае: пяць кілямэтраў трэба ехаць вадой”.

Лодкі вяскоўцы адстаялі. Чыноўнікі палічылі за лепшае задарма павесіць на чоўны нумары. У раёне стараюцца гэты інцыдэнт больш ня ўзгадваць.

Вёска Бабровічы знаходзіцца на беразе аднайменнага возера. Спрадвеку тутэйшае насельніцтва жыло зь лесу (там шмат грыбоў), з гэтага самага возера і багатага на журавіны балота, што на супрацьлеглым беразе.

Некалькі гадоў таму Целеханская лыжная фабрыка, якая, дарэчы, належыць кіраўніцтву справамі прэзыдэнта, арандавала возера. Утварыла арцель, якой надалі выключнае права лавіць рыбу. Рыбнагляд актыўна ганяе адзінкавых аматараў вудаў ды сетак. У вачах новых гаспадароў усе прыватныя рыбакі пераўтварыліся ў браканьераў. Мой суразмоўца — адзін зь іх.

(Спадар: ) “Чаго людзей давіць? Гасподзь Бог стварыў возера. Хай ловяць людзі на здароўе. Не даюць лавіць. І ўсё! Як хочаш, так і жыві. Я бы лавіў. Колькі б лавіў, у краму здаў бы — дый усё. Яшчэ вельмі танна людзям аддаем, бо ведаем, што ў пэнсіянэраў капейкі няма. Бяз возера прапалі бы. Тут ніхто з пэнсіі не пражыў бы. Толькі з возера!”

(Карэспандэнт: ) “Хто вінаваты ў тым, што людзям не даюць лавіць рыбу?”

(Спадар: ) “І ўлады, і фабрыка. Мафія гэтая разьвялася!”

(Карэспандэнт: ) “Што ёсьць добрага ў Бабровічах?”

(Спадар: ) “Нічога няма! Няма нічога!!!”

Глухая палеская вёска. З аднаго боку — возера, а з трох астатніх — лясы ды балоты. Найбліжэйшая латка асфальту знаходзіцца за 10 кілямэтраў. Крама працуе празь дзень. Школу даўно зачынілі, бо няма каму ў яе хадзіць.

Юлія Песка штодня фарбуе вусны й падводзіць вочы. Толькі ніхто зь вясцоўцаў не зьвяртае асаблівай увагі на гэтае жаночае хараство. З васьмідзесяці чалавек насельніцтва — 78 пэнсіянэры. Для людзей сталага веку маладзіца Юлія — ледзь ня самы галоўны чалавек у вёсцы. Яна — загадчыца й адзіная супрацоўніца фэльчарска-акушэрскага пункту.

(Песка: ) “У вёсцы няма тэлефонаў. Тэлефон у мяне й у краме, спараваны з паштальёнам. І калі крама не працуе, паштальёна няма, і я паехала па працы, людзям вельмі цяжка выклікаць нават “хуткую”. “Хуткай” цяжка сюды дабірацца. Бываюць праблемы з палівам, ламаюцца. Заробак у мяне 100–120 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Хвапае, калі не сакрэт?”

(Песка: ) “Ну, так... З маткай і бацькам хапае. Далёка нам да ста даляраў. Тым больш мэдыкам”.

(Карэспандэнт: ) “А вам падабаецца тут працаваць?”

(Песка: ) “Крыху сумна, бо няма моладзі майго кола”.

(Карэспандэнт: ) “Перавесьціся ў населены пункт, большы — узьнікалі такія ідэі, не ўзьнікалі?”

(Песка: ) “Мяркую, што наўрад ці я ўладкуюся, бо паўсюль масавыя скарачэньні”.


* * *
Зараз я знаходжуся на могілках вёскі Бабровічы. Пасярод могілак расьце вялізны дуб. Яму больш за тысячу гадоў. Яго могуць ахапіць чатыры дарослыя чалавекі.

Маленькі гістарычны экскурс: да другой усясьветнай вайны Бабровічы й некалькі навакольных вёсак былі адной з самых буйных уніяцкіх парафіяў у Івацэвіцкім раёне. Два гады таму грэка-каталікі вырашылі адрадзіць уніяцкую веру. Сярод помнікаў зьявіўся крыж. Яго ўсталявалі актывісты Івацэвіцкай уніяцкай суполкі.

Цяпер побач са мной знаходзіцца старшыня парафіі Вячаслаў Гарчакоў. Маё пытаньне да яго: вядома, што ня так даўно кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўхваліў новы закон пра свабоду веравызнаньня. Адмыслоўцы неаднаразова засяроджвалі ўвагу на тым, што фактычна, паводле новай рэдакцыі, Расейская праваслаўная царква мае шмат прывілеяў і ў той жа час значна абмяжоўваецца дзейнасьць іншых суполак. Як гэты закон можа паўплываць на вашую дзейнасьць? Ці ёсьць верагоднасьць таго, што ўніяцкая суполка ў Бабровічах будзе адроджаная?

(Гарчакоў: ) “Улады не захацелі, каб тут была парафія. Мы бачым вялікія праблемы з рэгістрацыяй, які нясе той закон. Што да Бабровічаў, новы закон прадугледжвае колькасны склад заснаваньня. А ўлічваючы тое, што Бабровічы — гэта зусім малая вёска, цяжкасьці тут будуць”.

Тут варта расшыфраваць выказваньне спадара Гарчакова, пра нежаданьне ўладаў рэгістраваць суполку ў Бабровічах. І дапаможа ў гэтым Алена Гарлач.

(Гарлач: ) “Прыехалі. Пахадзілі па вёсцы, пагутарылі з народам, што калі вы жадаеце, дык мы тут набудзем альбо пабудуем дом, каб была ўніяцкая царква. Нашыя людзі ўсе пайшлі ад душы. Дамовіліся. Усё як мае быць. Мы такія задаволеныя былі.

Пасьля гэтага прайшоў нейкі час. Хтосьці паведаміў — і поп зь Целяханаў прыехаў. Сабраў народ і гаворыць: памрэце, ня будзем вас хаваць, мы да вас не дакранемся. Даведаўся старшыня сельсавету. Выклікаў. Маўляў, калі вы пойдзеце ў гэтую веру, мы вас звольнім з працы. Ну і вось: іх запужалі, і яны цяпер ня хочуць. Назад мне дарогі няма. Я вырашыла, я й іду. Хрысьцілі мяне ў царкве ўніятаў. Усе мы называемся ўніятамі”.

Жыхары Бабровічаў ведаюць, якога яны веравызнаньня. Гэтае ўсьведамленьне яны пранесьлі праз другую ўсясьветную вайну і дзесяцігодзьдзі ваяўнічага атэізму. У кутах вясковых хатаў вісяць уніяцкія абразы і яшчэ даваенныя фотаздымкі апошняга тутэйшага сьвятара — Баляслава Пачопкі.

Апантаная вера падштурхнула Сяргея Чырка ў час брэжнеўскага застою абысьціся з пантэонам партрэтаў сяброў Палітбюро ЦК КПСС па-свойму.

(Чырко: ) “Калі былі гэтыя кіраўнікі, яны ў гэтых рамках у клюбе віселі. Гэтыя рамкі я садраў, ды й паўстаўляў гэтыя…”

(Карэспандэнт: ) “...абразы?”

(Чырко: ) “Так, так,так. Рэліквіі гэтыя буду трымаць, пакуль будзем жыць. Да сьмерці”.

Такім сьмелым учынкам Сяргей Чырко аўтаматычна выказаў сваё стаўленьне да савецкай улады. Што да цяперашняга палітычнага рэжыму, пэнсіянэру ён даспадобы. Маўляў, галоўнае — грошы прыносяць у час. Прэзыдэнт добры, а ва ўсіх праблемах вінаватыя сельсавет ды й там наверсе, “у раёне”.

(Чырко: ) “У нашай вёсцы цяпер нічога няма. Дажываем апошнія гады. Адраджэньня ня будзе. Гэтая вёска зьвядзецца цалкам. Народ сам сабе жыве”.

(Карэспандэнт: ) “Мясцовыя ўлады можа дапамагаюць?”

(Чырко: ) “Ніякай дапамогі няма. А старшыня сельсавету — пацан! Некалі дзіцё было, а яго паставілі старшынём сельсавету!”

(Карэспандэнт: ) “Палітычныя сымпатыі жыхароў Бабровічаў — каго з палітыкаў ведаюць, каго любяць, каго ня любяць?”

(Чырко: ) “А! З палітыкаў... У нас няма такіх, якія б займаліся палітыканствам. Усіх мы ведаем. У нас у Івацэвічах гэты, старшыня райкаму ці райвыканкаму — Баранаў, ці як яго там? А ў Менску ўсіх там ведаюць. Кожны вечар у апошніх ізьвесьціях нам усіх паказваюць”.

Пра выбары ў мясцовыя саветы ў Бабровічах ведае толькі адзін чалавек. Гэта стараста вёскі, Тамара Куратнік.

(Куратнік: ) “Усё ўваходзіць у мае абавязкі. Людзі да мяне зьвяртаюцца па ўсіх пытаньнях”.

(Карэспандэнт: ) “Ці мае ўлада аўтарытэт у мясцовага насельніцтва?”

(Куратнік: ) “Ну вядома. Куды ідуць першым чынам? У сельсавет, да старшыні калгасу й туды далей, у “Белы дом”.

(Карэспандэнт: ) “А што такое “Белы дом?”

(Куратнік: ) “Райвыканкам. Проста так усе кажуць “Белы дом” да “Белы дом”. Ды і мы так завем яго”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы сталі старастай вёскі?”

(Куратнік: ) “Людзі мяне выбралі”.

(Карэспандэнт: ) “А вы хацелі?”

(Куратнік: ) “Не, вы ведаеце, ня вельмі”.

(Карэспандэнт: ) “Што вам дало знаходжаньне пры ўладзе?”

(Куратнік: ) “Я ўласна ад гэтага нічога ня маю. Акрамя... ну, не задавайце такіх пытаньняў! Я вам на такія пытаньні адказваць ня буду!!”

(Карэспандэнт: ) “Тут жа хутка выбары ў мясцовыя саветы. А вы будзеце ўдзельнічаць?”

(Куратнік: ) “Не. Я ўжо не жадаю. Я ўжо два тэрміны была. Хай цяпер хто-небудзь іншы папрацуе”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы ня хочаце?”

(Куратнік: ) “Надакучыла ўжо. Хопіць”.

(Карэспандэнт: ) “Што? Быць пры ўладзе?!”

(Куратнік: ) “Канечне. Ой! Ну што цяпер дае дэпутацтва? Ну, што цяпер можна выраць у нашых органах? Ніхто нікога ня слухае. Ну, немагчыма нічога выбіць”.

Жыцьцё ў вёсцы Бабровічы ў нечым можна лічыць тыповым. Калгас амаль памёр. Самыя заможныя — пэнсіянэры. Людзі засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. Паколькі на мясцовыя ўлады спадзяваньні невялікія, усе разьлічваюць толькі на сябе: надзел зямлі ля хаты, грыбы ды ягады ў лесе й рыба ў возеры. Адным словам — натуральная гаспадарка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG