Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШАМАЙСК


Віталь Сямашка, Першамайск

Сымбалічна, але першае, што спаткала мяне тут, у рабочым пасёлку з трываласавецкім назовам Першамайск, дык гэта рэанімаваная днямі Лідзкай раённай вэртыкальлю інструкцыя па працы з журналістамі часоў глыбокага застою. Загадчыца аддзелу грамадзка-палітычнае інфармацыі Натальлля Вайман загадала па тэлефоне пасялковым сельсаветчыкам закрыць раты на замок, а карэспандэнту Радыё Свабода зрабіць, як той казаў, ад варот паварот. Маўляў, я не даклаў у высокіх кабінэтах пра мэты паездкі і не ўзгадніў прозьвішчы будучых субяседнікаў. Дзёрзкі адміныстрацыйны парыў гэты нібыта зацьверджаны самім Язэпам Гайдукевічам, кіраўніком прэзыдэнцкае вэртыкалі на Лідчыне. Уражаны, папрасіў пасьля пракамэнтаваць сытуацыю Ўладзю Круцікава, старшыню філіі Беларускага Народнага Фронту.

(Круцікаў: ) “Мне здаецца, зьвязанае гэта з тым, што надыходзяць мясцовыя выбары і ўсяляк будзе змагацца ўлада, каб прайшлі толькі іхныя кандыдаты”.

(Карэспандэнт: ) “Такія вось яны “перадавікі”…

(Круцікаў: ) “Так. Тым больш, я думаю, такое ў астатніх сельскіх раёнах можа пачацца”.

(Карэспандэнт: ) “А ўсё-такі чаму менавіта ў Першамайску яны адрэагавалі так хутка?”

(Круцікаў: ) “Першамайск у нас найбольш баявы пасёлак. У свой час ад сацыял-дэмакратаў пісьменьнік Клімовіч балятаваўся там і перамог – 75 % на выбарах у Вярхоўны Савет. І на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах за Ганчарыка прагаласавала больш за 20% нават афіцыйна. Калі ў цэлым па раёне 10,2…”

(Карэспандэнт: ) “Тым часам пытаньне – быць ці ня быць у Першамайску? – я вырашыў рашуча – БЫЦЬ. Але пайшоў, як вы здагадаліся, іншым шляхам. Дакладней, цэнтральнай вуліцай мястэчка. І вось што пачуў зь першых жа крокаў”.

(Голас: ) “Настолькі такія рытвіны на дарозе, што галаву і шыю зламаеш. Адзін раз насупраць гэтага дома газ вялі і хлопчык начаваў у яме. А за гэтым домам не закрываюць нядзелямі гэтыя ямы газавыя. Дзеці ходзяць пад школай – яма была месяца тры…”

(Карэспандэнт: ) “Паколькі згодна з інструкцыяй лідзкае вэртыкалі прапускная “вяртушка” на торфабрыкетны завод “Лідзкі”, дзе працуе асноўная частка з паўтары тысячы першамайцаў, была для мяне перакрытая – працягваю знаёмства са спадарыняй Вілордай Іванаўнай Вільбік, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

Калісьці школка была беларускай. Але ўсё зьмянілася пасьля 1994-га”.

(Вільбік: ) “Раз ставяцца ўлады так – і ўсё ператвараецца. Начальства пасялковае усё размаўляе на рускай мове. Першамайцы размаўляюць на “трасянцы” – рускія, беларускія і польскія словы, але ў асноўным па-беларуску. А ў школе ёсьць і драмгурток – на беларускай мове працуе…”

(Карэспандэнт: ) “Калісьці яго наведваў і маленькі Віця Ганчар, будучы вядомы палітык. Першамайск – ягоная малая Радзіма. Тут і сёньня бядуе па ім маці – Валянціна Іосіфаўна. Гэта, бадай, яшчэ адная з прычынаў, чаму лідзкія “вэртыкальшчыкі” не вітаюць візытаў журналістаў сюды. Мабыць і таму, што спадарыню Ганчар і ейнага сына і сёньня месьцічы шануюць больш, чым самыя ўлады…”

(Ганчар: ) “Пассавет дык ня знаю, а дырэктар хваліў: каб ён быў, дык за яго б галасаваў, – дырэктар тарфзаводу. Многія яго жалеюць. Настаўнікі плакалі горкімі сьлязьмі. Мая суседка дык ня спала цэлую ноч…”

(Карэспандэнт: ) “Рукі спадарыні Валянціны дрыжаць. Працавітыя рукі. Надарванае здароўе. За 4 дзесяцігодзьдзі перацягала яна на сабе дзясяткі тонаў торфабрыкету. Бацька Віктара Ганчара страціў фалангу пальцаў на назе і пры жыцьці так і не адышоў ад жаху ўспамінаў пра Бухенвальд. Маці ж сам прэзыдэнт не давядзе, чаму самыя цяжкія хвіліны ў жыцьці даводзіцца зьведаць на схіле дзён…”

(Ганчар: ) “Як Лукашэнка быў у гасьцях, дык аддавала пасьледняе ўсё – жыла ўсё жыцьцё ў галечы. А ён такую… зрабіў. Тры разы сюды прыяжджаў зь Віцем…Увесь час малюся за сябе і за яго – хоць бы бог даў прыйсьці да яго. Плачу – ой, божа… Тры месяцы не спала і галасіла. І цяпер іду - Левандоўскі абніме, так жалка, кажа, твайго сыночка, што не магу нікому прасьціць…”

***

(Карэспандэнт: ) “Уплывае на фон першамайскага жыцьця тое, што на пустым месцы пасёлак узьнік – няма традыцыяў гістарычных і касьцёл толькі пачынаюць будаваць?”

(Струнеўскі: ) “Зразумела! Сьвіснулі з усёй краіны, панаехалі з рознай мэнтальнасьцю. Адным словам, пасёлак будаваўся, каб людзі давалі брыкет дзяржаве – пасёлак канцлягернага тыпу...”

(Карэспандэнт: ) “З апошнім цьверджаньнем прадпрымальніка і члена БНФ Ігара Струнеўскага наўрад хто тут будзе спрачацца. Пасёлак паўстагодзьдзя таму ўзьнік на тарфяным масіве ў далечыні ад асноўных транспартных артэрыяў. Глеба непрыдатная для вырошчваньня бульбы, бо мэліяраваныя калісьці землі ўсё больш заплываюць дрыгвой. Якая ўжо тут “інфраструктура”… А напярэдадні майго прыезду ў зьвязку са скарачэньнем дзяржапарату ў вобласьці прынялі малавытлумачальнае рашэньне пра далучэньне пасёлка да Дубровінскага сельскага савета, дзе пражывае ўдвая меньш жыхароў: хадзі, маўляў, туды паперы падпісваць… Зрэшты, з трансапартам стала ўсё як мае быць. Дзякуючы Вячаславу Курдзюкову – сёньня аўтамагнату Першамайска. Хоць напачатку нават сябры называлі яго камікадзэ. А хто ж яшчэ насьмеліцца адкрыць 15-кілямэтровы танны маршрут Першамайск-Ліда на мікрааўтобусе аж 17 разоў на дзень?! Я пра тое і спытаў у Славы падчас сустрэчы…”

(Кардзюкоў: ) “Першые 4 месяцы былі страты 400-500 даляраў на месяц, таму што маршрут рэгулярны – каля 400 км за дзень машына праяжджае, пасьля паступова выйшлі на нуль і праз 4-5 месяцаў пайшлі прыбыткі. Гэта з зарплатай зьвязана – іншых прычын ніхто не называе”.

На жаль, і ў будучыні не змагу я паабяцаць Кардзюкову лёгкага жыцьця. Бо сярод пытаньняў, якія ў давяральнай хатняй атмасфэры я задаў Валянціну Валянцінавічу Барысенку, намесьніку дырэктара ўнітарнага торфапрадпрыемства “Лідзкае” было і такое…

(Карэспандэнт: ) “У пэрспэктыве перад вамі маячыць нявыплата заробку?”

(Барысенка: ) “Маячыць…”

(Карэспандэнт: ) “Эканамічным пэрспэктывам першамайцаў насамрэч не пазайздросьціш. Запасаў торфу ня самай высокай якасьці тут засталося на 5-7 гадоў. Максымум столькі ж працягне ўшчэнт зношанае абсталяваньне, якое нідзе ўжо не выпускаецца. Бюджэтнае існаваньне працягвае граць з завадчанамі злыя жарты. 60% брыкетаў яны мусяць аддаваць у якасьці дзяржзаказу, які прадаюць насельнікам ці не ўдвая менш за сабекошт. Спадар Барысенка тлумачыць…”

(Барысенка: ) “Вы ці я пойдзеце на завод пакупаць, калі знаеце, што вам 2 - 2,5 тоны паложана у гартопе па 20 тысяч?! Гартоп прадае брыкет за 20 тысяч, а розьніцу ў 14 тысяч яны нам не выплочваюць!”

Тым ня менш, на заводзе трубы пакуль яшчэ гудуць. Праўда, дзеля старэйшых. Маладым жа застаецца зьбірацца па вечарох тут, у клюбе. Дзе бываюць рэдкія дыскатэкі ды існуе танцавальны гурток для малодшых. Так было і тым вечарам, калі мы сядзелі ў 25-гадовай дырэктаркі і карэннае першамайкі Натальлі Бычко.

(Бычко: ) “Калі застаешся ў Першамайску – праблема працы. Тое самае ў школе – я пэдагог па адукацыі. У бальніцы таксама месцаў няма…”

(Карэспандэнт: ) “А яшчэ ў клюбе па сьвятах праводзяцца набажэнствы. У цэнтры мястэчка побач два крыжы – каталіцкі ды праваслаўны. Каталіцкая грамада, дарэчы, рыхтуецца ў наступным годзе адсьвяткаваць навасельле ў новым касьцёле, які будуецца на ахвяраваньні вернікаў. Спадарыня Грэйба – член касьцельнага камітэту…”

(Грэйба: ) “Адразу хадзілі па дамах, цяпер самі прыносяць. Адзін чалавек што і 50 тысячаў даў…”

(Карэспандэнт: ) “Апошняя сустрэча – зь вядомымі ўжо Ўладзям Круцікавым ды Ігарам Струнеўскім зь Першамайскай філіі БНФ, адзінай афыцыйна аформленай палітычнае сілы. На маючыя адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы тут робяцца ужо сур”ёзныя стаўкі…”

(Круцікаў: ) “Галоўнае – патлумачыць людзям, як і ад каго гэтае жыцьцё пагаршаецца. Будзем спрабаваць, каб яны ішлі троху прыкрыта – напрамую ня будзем іх ад Фронту вылучаць. А ёсьць людзі, якія і не баяцца і хочуць рэйтынг свой праверыць – пойдуць і ад Фронту…”

(Струнеўскі: ) “Гэта ўсё ж Заходняя Беларусь – тут нават і бюракраты жывуць сваім розумам. Гэта ня вотчына Лукашэнкі. Што мы можам прапанаваць? За цябе прагаласавала пэўная частка народа. І калі ты маеш платформу, не заангажаваны ў мафіёзных структурах, спакойна можаш ваяваць. Каб гэтае тэлефоннае права скасаваць. Каб у нас запанавала сапраўднае народаўладзьдзе – прынамсі, у Першамайску…”
XS
SM
MD
LG