Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глуша


Міхал Стэльмак, Глуша

Глуша – мястэчка на Бабруйшчыне. Напрыканцы кастрычніка тут плянавалася падзея, якая атрымала шырокі розгалас. Сродкі масавай інфармацыі абвясьцілі, што ў мястэчку прадаецца завод. Гута па вырабу бутэлек. Я наведаў Глушу якраз у той дзень, на які быў намечаны продаж прадпрыемства. Сустрэўся з дырэктарам Іванам Талецкім, які паведаміў:

(Талецкі: ) “Сёньня павінны былі адбыцца першыя “таргі”, але яны не адбыліся. Стаіць “мёртвае” жалеза, стаяць “мёртвыя” сьцены”.

(Стэльмак: ) “З пункту гледжаньня дырэктара, чаму стаіць завод?”

(Талецкі: ) “Магілёўскі абласны гаспадарчы суд прызнаў завод банкрутам. Завод быў спынены рашэньнем сходу крэдытораў. Зьнешнія кіраўнікі, якіх прызначыў суд, займаюцца пошукам інвэстараў”.

(Стэльмак: ) “ І як пасьпяхова?”

(Талецкі: ) “Не зусім пасьпяхова. Вось заявак няма – інвэстараў няма”.

Чаму гэткі гучны розгалас выклікала банкруцтва прадпрыемства, мне патлумачылі местачкоўцы:

(Кучвальская: ) “Гэта – кармілец мястэчка Глуша. Быў”.

(Бальшунова: ) “Практычна тут працавала ўся Глуша. Моладзь. Пэнсіянэры. Усе сюды цягнуліся. Таму што гэта было месца, дзе можна было зарабіць”.

Завод спыніўся яшчэ вясною. Калі дакладна – 28 сакавіка. Местачкоўцы сьцьвярджаюць, што зь яго спыненьнем у Глушу прыйшла бяда. На прадпрыемстве працавала каля 250 чалавек. А таму бяда прыйшла ў кожную другую хату мястэчка.

(Спадарыня: ) “Са студзеня мы ўжо грошы не атрымліваем. Тры месяцы адпрацавалі, але грошай не атрымалі. Я хадзіла ў тры зьмены. А заразь і наагул сьціхла. Нічога не даюць, нічога ня робяць. Нікому мы не патрэбны. Выкінулі. Па двое дзяцей”.

(Круглік: ) “Хоць бы завод працаваў. Было бы лепш”.

Спынілі Глускі шклозавод крэдыторы: дзяржаўныя структуры Магілёўскай вобласьці: "Магілёўэнэрга", падатковая інспэкцыя і філія фонду сацыяльнага забесьпячэньня. Свой крок яны патлумачылі фінансавай запазычанасьцю заводу перад дзяржавай. Наступства рашэньня – "мёртвая" цішыня ў цэхах. Шклаварачныя машыны разьядае іржа. На заводзкім двары гаспадараць зьдзічэлыя сабакі. У дырэктара Талецкага таксама змрочны настрой:

(Талецкі: ) “Быў такі падыход”.

(Стэльмак: ) “З вашых слоў вынікае, што крэдыторы, паступілі ня вельмі разважліва”.

(Талецкі: ) “Калі б крэдыторы аргумэнтавана паглядзелі на сытуацыю ды паглядзелі ў будучыню, то яны зь цягам часу маглі б усе атрымаць свае даўгі. Спыненьне ж прадпрыемства азначае, што яны паставілі “крыж” на вяртаньні сваіх даўгоў. Сыходзяць людзі. Людзі імкнуцца ўладкавацца на працу”.

Пасьля спыненьня заводу спэцыялісты-шклавары пачалі прадаваць хаты ды выяжджаць зь мястэчка. Цяжэй простым рабочым. Частка іх знайшла працу ў Бабруйску, да якого 25 кілямэтраў. Зрэшты, многія глушанцы лічаць гэта няўдалым выйсьцем:

(Спадарыня: ) “У горад нявыгадна ездзіць, дый там таксама зараз скарачэньні”.

(Іншая спадарыня: ) “Калі паехаць у горад, то я там столькі не зараблю, колькі праежджу”.

Тыя, што не пажадалі езьдзіць на працу ў далекаваты Бабруйск, пачалі прыстасоўвацца да новых умоваў:

(Спадарыня: ) “Купляем парсючкоў, а тое парасё захварэе дый здохне”.

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Цэлае лета езьдзілі зь дзецьмі ў ягады. Добра што хоць год ураджайны на ягады быў. Так лета выжылі”.

(Іншая спадарыня: ) “Па гектару зямлі ўзялі. Цягаем на сьпінах торбы. Вось як выжываем у гэтым мястэчку. Гаруем”.

Зараз роспач ахоплівае нават тых, каму напачатку здавалася, што ён знайшоў выйсьце:

(Кучвальская: ) “Мяне завуць Кучвальская Тамара. Хаця я і маю кароўку, але ж не магу ранішняга малака прадаць. Бо ў людзей грошай няма. Галадаюць дзеці. Прыходзяць, ледзь не на калені становяцца і просяць: дай слоік малака. Бо няма чым заплаціць. А ў магазіне “за так” ніхто хлебу ня дасць. Ніхто”.

(Стэльмак: ) “Вы пэнсіянэрка?”

(Кучвальская: ) “Не. Мне шэсць гадоў да пэнсіі. Я нідзе не працую. “Бомж”. А куды ж я пайду працаваць? Увесь пасёлак – “бамжы”. Каб у мяне не было кароўкі, дык я ня ведаю як бы я жыла. Вось стаіць гэтая “гангарына”.

Тацяна Бальшунова падалася ў прадпрымальніцтва. Але й яно не ўратоўвае ад беднасьці:

(Бальшунова: ) “Хапае толькі на хлеб. Нічога тут нельга прадаць. Дзеці глядзяць на цукерку як на сьвята. Людзі вышкрабаюць апошнюю капейку”.

Што да глушанскіх дзяцей, то зь іхнымі праблемамі сутыкнулася мясцовая школа. Гаворыць настаўніца Тацяна Петухова:

(Петухова: ) “Многія дзеці прыходзяць у школу галодныя. Калі два бацькі працавалі на заводзе, то сёньня яны ня маюць нічога. Нядаўна вось хлапчук першага класу прыйшоў у школу і хлеб чорны пачаў есьці на ўроку. Настаўніца пытае, чаму ты ясі? А ён кажа, што раніцай падняўся, а ў хаце няма нічога есьці”.

Бацькоў перадусім турбуе, што вымушаныя цярпець дзеці. Сьвятлана Еліна жыве ў заводзкім інтэрнаце:

(Еліна: ) “Трэці тыдзень жывём бяз сьвятла. Сказалі – гэтак і жывіце. Завод грошай не дае. Сама б ужо і сядзела, але ж дзіцё ня хоча сядзець. Крычыць: мама, уключы сьвятло. А дзе мне гэтага сьвятла ўзяць?!”

Беспрацоўныя глушанцы недалюбліваюць сваё мястэчка. Сьцьвярджаюць, што цяперашняе жыцьцё ў ім цалкам адпавядае назову паселішча:

(Круглік: ) “Лясы тут глухія. Пэўна, таму Глуша”.

(Тацяна: ) “Таму што тут глуш кругом. Пасярод лесу пабудавалі завод”.

(Арцём: ) “Некалі тут была глухая палянка. Потым завод пабудавалі, хаты пачалі будаваць. І назвалі Глуша”.

(Круглік: ) “Паглядзіце, вакол лес. Глуша ў кольцы. І які лес!”

Лес сапраўды з усіх бакоў атачае мястэчка. Вулкі ў Глушы вузкія і кароткія. У іх назвах працягвае жыць камуністычная эпоха: Кастрычніцкая, Савецкая, Пралетарская, Камсамольская, Карла Маркса, Карла Лібкнехта. І толькі адну зь іх нядаўна перайменавалі. Назвалі яе вуліцай Алеся Адамовіча:

(Круглік: ) “Пра Глушу многія ведаюць таму, што тут нарадзіўся, жыў і пахаваны Алесь Адамовіч”.

Гэтак лічыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Глушскай школы Іна Круглік:

(Круглік: ) “Адамовіча я люблю як пісьменьніка і як чалавека. Нашы бацькі былі знаёмыя. Гэта легенда нашага пасёлка. Творчасьць у яго яскравая. Ён любіў чалавека. Імкнемся расказваць пра яго дзецям. Кожны раз перад Радаўніцай мы прыбіраем яго магілу”.

(Петухова: ) “Ён быў звычайны. Ён быў просты – не камплексаваў. Як чалавек адкрыты, ён гаварыў наўпрост”.

(Спадарыня: ) “Ен быў ня толькі пісьменьнікам, а й грамадзкім дзеячом”.

(Тэрлюкевіч: ) “Вельмі просты чалавек быў. Аднойчы іду й бачу як два чалавекі кола коцяць. Гэта быў Адамовіч і яго брат. Пытаюся: навошта? А гэта, адказвае, патрэбна маці пад помнік. Вельмі простыя і даступныя людзі былі”.

Мясцовыя дзеці таксама ганарацца сваім зямляцтвам са слынным пісьменьнікам:

(Анжэліка: ) “Ён жыў у нашым пасёлку Глуша. Яго імем названая вуліца ў Глушы”.

(Стэльмак: ) “А пра што ён пісаў?”

(Анжэліка: ) “Пра вайну – пра тое, як цяжка было людзям”.

(Кірыл: ) “Ён пісаў пра вайну таму, што сам браў удзел у вайне”.

(Алена: ) “Мы яго любім, шануем”.

Я хацеў было набыць адну з кніг Адамовіча на яго бацькаўшчыне і завітаў ў мясцовую кнігарню:

(Стэльмак: ) “Ці ёсьць у вашай краме кнігі Алеся Адамовіча?”

(Пархімчык: ) “Завод жа стаіць. Людзі купляюць толькі хлеб. Бяруць з кніг толькі размалёўкі ў дзіцячы садок”.

Гэтак адказала гандлярка Тамара Пархімчык. На вуліцах мястэчка часта ўспыхваюць спрэчкі наконт прычынаў цяперашняга становішча:

(Бальшунова: ) “Справядлівасьці і праўды ніколі не дамагчыся”.

(Спадарыня: ) “Навошта ганьбіць Лукашэнку, калі ён нам своечасова пэнсіі выдае?!”

(Бальшунова: ) “Вы думаеце Лукашэнка ня ведае пра гэта? Ведае!”

(Савіч: ) “Што казаць пра гэта? У гэтым вінавата сыстэма”.

(Спадарыня: ) “Хіба можна верыць гэтай дзяржаве? Ды ніколі!”

(Бальшунова: ) “Як адказваюць “лукашэнаўцы”: “Так, вы маеце рацыю. Але хто вы такая?!” Гэтак адказваюць “лукашэнаўцы” простаму чалавеку".

Між тым, у адрозьненьне ад Адамовіча, ягоныя землякі, як самі яны прызнаюцца, ня надта актыўна змагаюцца за дэмакратыю. У Глушы няма ніводнай філіі партыі ці грамадзкай арганізацыі, ніводнага апазыцыянэра. Жыхары ня вераць уладам, але актыўнай пазыцыі не выяўляюць – абмяжоўваюцца нараканьнямі на лёс:

(Тэрлюкевіч: ) “Пасля вайны людзі жылі надзеяй на лепшае. А тут зараз усё горш і горш”.

(Стэльмак: ) “Ці задаюцца жыхары Глушы пытаньнем, чаму так адбываецца?”

(Тэрлюкевіч: ) “Званілі на “гарачую лінію” тэлебачаньня. Але ніякага толку”.

(Андрэева: ) “Тыдзень таму прыяжджала тэлебачаньне. Беларускае. На заводзе сабраліся людзі. Але ў выніку паказалі толькі неістотнае. Астатняе выразалі”.

(Малышаў: ) “Завод стаіць і мястэчка чэзьне. Але толькі паўтары хвілінкі тэлебачаньне ўдзяліла. Так мы патрэбныя ўладам”.

Бібліятэкарка Людміла Вячорка лічыць, што трэба неадкладна выпраўляць становішча:

(Людміла Вячорка: ) “Вось узялі б ды зрабілі наша мястэчка зонай, дзе зьніжаныя падаткі. Каб мястэчка паднялася. Я мяркую, што нехта б зацікавіўся і наша мястэчка б адрадзілася”.

Найбольшыя спадзяваньні на перамены местачкоўцы зьвязваюць з адраджэньнем заводу:

(Шыла: ) “Кажуць, што нейкія людзі прыяжджалі і хочуць купіць наш завод. Але кантору ня хочуць браць. Навошта гэтая кантора? Але завод трэба цалкам рамантаваць. Брусы і печы – ўсё пагарэла. Калі я працавала, то рамонт быў кожны год. А зараз усе апусьцілі рукі”.

(Спадарыня: ) “Чаму яны ня могуць гэты завод прадаць?!”

Дырэктар Іван Талецкі патлумачыў, чаму не адбыўся продаж заводу. Паводле ягоных словаў, улады ацанілі прадпрыемства ў 1 мільярд 220 мільёнаў рублёў. Адзіны патэнцыйны пакупнік – расейскі бізнэсовец Ігар Строганаў – пасля абвяшчэньня такой цаны прызнаў яе, як паведаміў Талецкі, завышанай:

(Талецкі: ) “На апошняй сустрэчы ў старшыні райвыканкаму Строганаў пацьвердзіў, што прыйдзе на прадпрыемства, калі яно будзе прададзенае па рэальнай цане. Бо чым даўжэй стаіць прадпрыемства, тым цяжэй яго будзе аднавіць”.

Ад чыноўніцкага рашэньня залежыць, такім чынам, лёс тысячы сямісот жыхароў Глушы.

(Круглік: ) “Глуша. Квітнеючае было мястэчка. І такія пэрспэктывы ў яго былі".

Маладая настаўніца Іна Круглік спадзяецца на лепшае. На тое, што гэтыя пэрспэктывы ня зьніклі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG