Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўск


Марыя Ўсьціновіч, Кіраўскі раён

Кіраўскі раён — гэта паўднёвы захад Магілёўскай вобласьці. Найбольш вядомыя ў гэтым краі прыгожае Чыгірынскае вадасховішча на рацэ Друць і непадалёк ад яго лес з каштоўнымі дрэвамі, а таксама палац і парк у Жылічах, помнік архітэктуры 18–19 стагодзьдзяў. Таксама журналісты часта пішуць пра сьвячны заводзік у Кіраўску, з адпаведнымі цытатамі зь Ільфа і Пятрова.

Кіраўскі раён нібыта падзелены на некалькі частак: калгас-гігант “Рассвет”, які жыве сваімі праблемамі, потым некалькі вёсак — арэал, дзе жывуць стараверы і маюць адрозны ад іншых лад жыцьця, і ўласна Кіраўскі раён, дзе сёньня дзейнічае шэраг арганізацыяў палітычных партыяў дэмакратычнага кірунку.

* * *
Гарадзкі пасёлак Кіраўск, цэнтар раёну — своеасаблівы маленькі “шанхай”. Там няма грамадзкага транспарту, і ягоныя жыхары рознага веку езьдзяць на роварах.

Гэткае ўражаньне, што ў гэтым чыстым і зялёным пасёлку ўсе людзі заклапочаныя заробкамі ды сродкамі выжываньня. Мае суразмоўцы на кіраўскіх вуліцах гаварылі менавіта пра грошы ў адказ на пытаньне аб праблемах, якія найбольш хвалююць.

(Спадар: ) “Як жыць заўтра? Нам якая ўвага патрэбная — зарплату хоць сто тысяч рублёў, але своечасова. А калі тры месяцы не даюць гэтыя капейкі, то тады завыеш, што хлеба няма за што набыць”.

Так казаў калгасны пастух, які лічыць, што ў іхнай гаспадарцы — поўны “завал”. Пра падобную сытуацыю распавяла і супрацоўніца паліклінікі ў раённым цэнтры:

(Спадарыня: ) “Праблема ва ўсіх — грошы ды грошы, заробак маленькі. Асабліва ў мэдыкаў. Вось я працую ў паліклініцы. У нас вельмі малыя аклады. У мяне 42 тысячы аклад, да 7 тысяч “прэзыдэнцкіх”. На гэтыя грошы, я так мяркую, немагчыма пражыць і вучыць дзяцей”.

Людзі кажуць, што ў сваіх штодзённых клопатах не заўважаюць мясцовай улады і ня ведаюць пра яе захады. Маўляў, начальнікі кіруюць, а народ сам выжывае. Без уласнай гаспадаркі гэта немагчыма, сказала мне жыхарка Кіраўску.

(Спадарыня: ) “Мы занятыя гаспадаркай, сваёй працай. Жыцьцё, канечне, у нас ня зь лепшых, але мы працуем, імкнемся неяк зарабіць сабе на жыцьцё: і зямля, і агарод, і качкі, і парсючкі, і ўсякае іншае. Бяз гэтага мы проста не пражывем. Больш мы нічога ня бачым і нікуды ня езьдзім. Жывем сваім маленькім ціхім жыцьцём”.

Простыя людзі ў большасьці ня ведаюць, хто цяпер кіруе раёнам і блытаюцца ў прозьвішчах. У высокіх начальнікаў, калі б давялося сустрэцца, хацелі б запатрабаваць працы ды заробкаў, а вось навіну пра новыя выбары ў мясцовыя саветы сустракаюць без асаблівага энтузіязму. На дэпутатаў вялікай надзеі ня маюць.

(Спадар: ) “Ведаем, што ёсьць такія… (Сьмяецца.) Дармаеды ёсць дармаеды!”

* * *
Старшыня Кіраўскай раённай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і прадстаўнік Міжнароднай праваабарончай асацыяцыі Міхаіл Смайлаў лічыць, што трэба ісьці наперад і браць удзел у выбарах у мясцовыя саветы.

(Смайлаў: ) “Калі б хоць адзін прадстаўнік нашай партыі стаў дэпутатам, то гэта было б вельмі добра. Але стопрацэнтна рэальных шанцаў няма. Паўсюль нікуды не падысьці, ды і народ трохі баіцца”.

Міхаіл Смайлаў скончыў вышэйшую навучальную ўстанову ў Расеі, былы супрацоўнік органаў унутраных справаў, Дзяржаўтаінспэкцыі. Ён настойвае на тым, што яго незаконна звольнілі.

Смайлаў лічыць, што на яго ўзьвялі паклёп калегі ды начальства, якія інсцэнавалі ў Міхаіла п’янства за рулём, хутка прызналі неадпаведным службе і звольнілі. Міхаіл гаворыць, што тады яго пакаралі за бескампрамісную службу і нежаданьне адступаць ад закону, а цяпер перасьледуюць за іншадумства.

(Смайлаў: ) “Так, я расцэньваю гэта як палітычны перасьлед. Таму што чацьверты год я спрабую аднавіцца. Мяне незаконна звольнілі, я чатыры гады нідзе не працую і не атрымліваю заробку”.

Міхаіл Смайлаў гаворыць, што да яго цяпер зьвяртаецца шмат людзей у пошуках праўды. Напрыклад, удалося дапамагчы Кірылу Шаматранаву, які быў незалежным назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах, а потым неўзабаве атрымаў ад кіраўніцтва прафэсійна-тэхнічнага вучылішча, дзе працуе, вымову з пазбаўленьнем прэміі на цэлы год. Суд, на якім Міхаіл Смайлаў прадстаўляў інтарэсы Шаматранава, скасаваў вымову і абавязаў аддаць чалавеку незаконна адабраную прэмію.

Таму кіраўнік мясцовай арганізацыі АГП мае свой погляд на дзейнасьць партыі ў раёне.

(Смайлаў: ) “Мы не імкнемся зрабіць гвалтам нейкі пераварот. Мы хочам усё зрабіць дэмакратычна, законна. Для таго, каб падняць прэстыж нашай партыі, трэба дапамагаць людзям у прававых пытаньнях. Падказаць, як напісаць заяву ў міліцыю, у райвыканкам Калі ў раёне не атрымліваецца, то і вышэй”.

Міхаіл Смайлаў не памятае, калі ў Кіраўску праходзіла апошняя дэмакратычная акцыя. Магчыма, што на прэзыдэнцкія выбары. Між тым, лічыць Міхаіл Смайлаў, што дэмакратычнаму руху трэба падтрымаць тых, з кім улада паступіла несправядліва, незаконна і гэта сёньня больш карысна, чым выцягваць народ на акцыі пратэсту.

(Смайлаў: ) “Народ у нас такі, што ён проста моўчкі і стойка ўсё пераносіць. Як у той прымаўцы: перажылі голад, перажывем і разруху!”

* * *
Надзея Аляксееўна Карсюк каардынуе дзейнасьць раённай арганізацыі партыі БНФ “Адраджэньне”. Пра праблемы і ўзровень жыцьця народу актывістка мяркуе па сабе.

(Карсюк: ) “Што тут казаць? Сама сяджу — 60 тысяч рублёў далі. А што гэтыя 70 тысяч? Я за тэлефон, сьвятло, газ і кватэру заплачу, і паловы няма. Усё! Беспрацоўе, працы няма. Моладзь цягаецца, п’е гарэлку, вось што турбуе. Пэнсіі малыя. Людзі гаруюць ды і ўсё”.

Надзея Карсюк лічыць, што палітычнае зацішша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў даўно скончылася.

(Карсюк: ) “Я б не сказала, што народ ціхі. Выказваюць розныя думкі, і ўсе не на карысьць нашага прэзыдэнта”.

Асаблівую незадаволенасьць, паводле меркаваньня лідэра кіраўскіх сяброў партыі БНФ, выказваюць маладыя людзі, для якіх тутэйшае беспрацоўе перкрэсьлівае ўсе жыцьцёвыя пэрспэктывы. Таму Надзея Карсюк па часе плянуе саступіць месца маладому і больш энэргічнаму паплечніку.

Тым больш, лічыць яна, гэта важна напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы. Хаця аптымістычных думак наконт будучай палітычнай кампаніі і падрыхтоўкі да яе Надзея Аляксееўна не выказвае.

(Карсюк: ) “Усе баяцца чагосьці, усе баяцца Лукашэнку, а раптам нешта?.. А раптам забяруць, ці павесяць, ці расстраляюць? Ці нашым дзецям дрэнна зробяць? Канечне, пры Сталіне баяліся людзі, цяпер пасьля Сталіна ўсяго чакаюць. Так яно будзе, ці ня так, але ж людзі спужаныя мінулым”.

Надзея Карсюк лічыць, што кожная з арганізацыяў дэмакратычных партыяў у Кіраўску ажывіць сваю працу ў сувязі з новымі выбарамі.

(Карсюк: ) “Ну, цяжка жыць, так і жывем. Ад выбараў да выбараў. Вось як выбары, тады зашавелімся трохі, нешта павыступаем, дапаможам кожны сваёй партыі”.

* * *
Кіраўскі настаўнік Леанід Горбаль застаўся адзін у раённай арганізацыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Так склаліся абставіны, яго паплечнікі разьехаліся ў пошуках лепшай долі. Хаця ёсьць некалькі дзясяткаў тых, хто спачувае ідэям “пазьнякоўцаў”, і яны разам зь Леанідам Горбалем працавалі незалежнымі назіральнікамі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Леанід — дэмакрат, так бы мовіць, зь вялікім стажам, і сваю пазыцыю вызначае дакладна:

(Горбаль: ) “Я ўладу гэтую не люблю, таму што шмат падманулі народу. Асабліва па нашым БТ — хлусяць і хлусяць. А шмат якія людзі супраць, вельмі многія. Нават тыя заўзятыя прыхільнікі, што былі ў Лукашэнкі, лаюць…”

Палітычнае жыцьцё ў Кіраўскім раёне Леанід Горбаль характарызуе як “кволае”: актывісты зьбіраюцца разам, нешта вырашаюць, а вось народныя масы ў гэтым мала бяруць удзел. Людзі абмяркоўваюць уладу вузкім колам.

(Горбаль: ) “Толькі дзе-небудзь паміж сабой. Каб ніхто ня чуў. А так праўды нідзе не знаходзяць”.

Актывіст КХП БНФ упэўнены, што браць удзел у выбарах можна, але ж на добры вынік для дэмакратаў ад новай выбарчай кампаніі разьлічваць не выпадае, бо дэпутатамі мясцовых саветаў усё роўна будуць прызначаныя ўладай людзі. Вось аргумэнты Леаніда Горбаля:

(Горбаль: ) “Калі будзе такая заканадаўчая база, як і была, то можна ставіць сотню назіральнікаў хоць з-за мяжы, хоць сваіх, але плёну ня будзе. Усё робіцца антызаконна, парушаюцца законы, і нікога не баяцца пакуль”.

Бадай што ўсе кіраўскія дэмакраты ня цешаць сябе надзеямі, што ўлада Аляксандра Лукашэнкі зьменіцца хутка. Але усё ж, гаворыць Леанід Горбаль, яны жывуць з упэўненасьцю, што ўсё ў жыцьці мяняецца — рана ці позна.

(Горбаль: ) “Але ўсё роўна здараюцца нечаканасьці. Як казалі бальшавікі, зь іскры ўзгарыцца полымя. Можа, калі-небудзь гэтая іскра і ў нас праскочыць”.

* * *
Кіраўскія стараверы — асаблівыя людзі. Яны ня скардзяцца на народ і ўладу і спадзяюцца толькі на сябе і свае рукі. Так было заўсёды, так жылі іхныя продкі.

У “анклаў” старавераў на Кіраўшчыне ўваходзіць сем вёсак. Усяго ў раёне больш за 1000 стараабрадцаў. Цэнтар — буйная вёска Капусьіна, дзе ёсьць царква. Зусім нядаўна там зьявіўся новы сьвятар — 40-гадовы прадпрымальнік з Бабруйску вырашыў працягнуць справу свайго бацькі, былога сьвятара кіраўскіх старавераў, які нядаўна памёр.

Карані тутэйшых стараабрадцаў цягнуцца ад памораў. Пасьля расколу частка старавераў засялілася на беларускай зямлі, дзе іх ніхто не чапаў, і яны распрацоўвалі новыя землі.

Жылі гэтыя людзі заўсёды замкнёна. Ды яшчэ ў 1970-я гады поўнай хадой ішла “халодная вайна” паміж беларусамі і стараверамі. Забараняліся зьмяшаныя шлюбы, шпацыр “не па сваёй вуліцы” завяршаўся жорсткімі бойкамі. Цяпер такой строгасьці няма, але і дасюль беларусы называюць старавераў “кацапамі”, а тыя ў адказ беларусаў “хахламі”.

Продкі Івана Мухіна жылі на хутарах, савецкая ўлада лічыла іх кулакамі. Найпершай адзнакай старавераў ён лічыць працалюбства.

(Мухін: ) “Калі б ім індывідуальна працаваць, на сябе, то яны б працавалі дзень і ноч. Суткамі”.

Калектыўная праца, шчыра кажуць стараверы, ім недаспадобы. Іван Мухін лічыць, што калі б дзяржава стараверам свабодна аддавала б зямлю, то яны бы бралі і апрацоўвалі ў дзесяць разоў болей, чым цяпер.

(Мухін: ) “І працавалі б яны, і выраблялі прадукцыі ня менш, чым гаспадаркі — саўгас, калгас”.

Стараверы ня п’юць, ня паляць цыгарэты, ня лаюцца. Трымаюцца здаровага ладу жыцьця і абавязкова будуюць вялікі дом, дзе заўсёды незвычайная для вёскі чысьціня.

Пэнсіянэры Ніна і Васіль Багамолавы прытрымліваюцца стараверскіх традыцыяў усё жыцьцё. Васіль — ураджэнец Кіраўшчыны, Ніну сустрэў у Казахстане, яна з чалдонаў, гэта блізка да старавераў. Строгая вера ў Бога — гэта тое, што Васіль памятае зь дзяцінства. Памятае, як на Вялікдзень бацькі прымушалі ўсіх малых маліцца цэлую ноч і пужалі канцом сьвету.

(Багамолаў: ) “Ну, можа хто ня вельмі пісьменны, дык і зараз гэтаму верыць. Паколькі шмат навукі, вучоныя, тэлебачаньне, то многія і ня вераць”.

Сваіх дзяцей Васль не прымушаў маліцца, ён быў членам кампартыі, і абразы давялося хаваць пад фіранкамі. Цяпер спробы бацькі падзяліцца сумненьнямі наконт таго, ёсьць Бог ці яго няма, дзеці не разумеюць.

(Багамолаў: ) “Яны ўжо зусім па-іншаму разумеюць гэтую веру. Проста вера, умоўна: ёсьць Бог, трэба верыць, трэба нечаму пакланяцца і падпарадкоўвацца. А каб у душы верыць, гэтага ўжо няма. Але толькі часам, калі чалавеку дрэнна, хочаш, каб Бог дапамог”.

Пэнсіянэры працуюць, трымаюць вялікую гаспадарку і дапамагаюць дзецям — грашыма і харчамі. І горда кажуць, што жыцьцём задаволеныя.

(Багамолаў: ) “Той скардзіцца, хто ходзіць да гультайнічае, не працуе. А хто працуе, той меней скардзіцца”.

(Багамолава: ) “На жыцьцё ня скарджуся. Ніколькі. Працаваць трэба. І толькі ўсяго. І больш нічога ня трэба. На ўладу мы ня скардзімся, ніколькі. Працуй, зямлю далі, хоць тры гектары бяры. У нас усё ёсьць, акрамя камбайну. Хто гэта нам даў? Самі, рукі нашыя!”

* * *
Зносіны з уладай у старавераў асаблівыя. Яны імкнуцца быць далей ад уладных структураў і ніколі не канфліктуюць зь імі. Гэта, напэўна, таксама спадчына продкаў, якія зьведалі перасьлед.

Удзел у выбарах у савецкі час стараверы лічылі вялікім грахом. Таму што камуністы, якія ішлі супраць Бога, лічыліся антыхрыстамі. Ёсьць бабулі, якія не галасавалі ніколі ў жыцьці. Яны папросту крычалі, калі да іх падыходзілі з скрынкай для галасаваньня.

Цяпер стараверы ператварыліся ў самых дысцыплінаваных выбарцаў. Яны сумленна ў дзень выбараў адпраўляюцца сямейнымі парамі на ўчасткі. Пры гэтым згаджаюцца з тым, што ніколі ня робяць выбар на карысьць карэнных пераменаў. Тлумачыць Іван Мухін:

(Мухін: ) “Жыцьцё навучыла стараабрадцаў да ўсяго новага доўга прыглядацца. У розуме трэба ўсё раскласьці, прадумаць. Калі нешта нажытае, і потым трэба разбурыць усё ды пачынаць нешта новае… Людзі гэтага ня хочуць. Лепш патроху зьмяняцца, чым рэзка, рэвалюцыйна”.

Ніна і Васіль Багамолавы цікавяцца палітыкай і параўноўваюць мінулыя часы зь сёньняшнімі рэаліямі. Васіль са шкадаваньнем называе цяперашнюю працу ў саўгасе нядбайнай. Усё робіцца па мінімуму, каб толькі жывёла не памерла ды людзі трывалі.

(Багамолаў: ) “Цяпер, мяркую, уся наша палітыка падыдзе да нейкага цяжкага часу з-за гэтага бязьдзеяньня. Працы мала, вытворчасьць адсталая. І ўрэшце будзе нешта вельмі цяжкае, нейкі тупік. А трэба, каб усё разьвівалася. Будзе разьвіцьцё, будзе і эканоміка, будуць, як гаворыцца, і сродкі на жыцьцё і на ўсё астатняе”.

Ніна, як ураджэнка Казахстану, цікавіцца саюзам з Расеяй.

(Багамолава: ) “Я мяркую, што мы павінныя жыць у сваёй дзяржаве. Можа, для эканомікі саюз і мае значэньне. Але ж для жыцьця… Ня ведаю я. Яны ў Расеі яшчэ добра не разабраліся, дзе і што”.

І як бы там ні было, Ніна Багамолава зь вёскі стараабрадцаў Капусьціна, вытокі палітычных праблемаў бачыць у пытаньнях веры і па-свойму іх трактуе.

(Багамолава: ) “Патрэбны чалавек, каб людзі верылі яму. А ў нас зараз аказаўся толькі адзін, да якога ідуць людзі. Гэта Бог!”

Калі пытаесься ў старавераў, як жыць далей і што рабіць дзеля лепшай будучыні, яны не задумваюцца і гавораць: трэба, па-першае, працаваць больш, а, па-другое, выконваць усе Божыя запаветы. Не забіваць, ня крыўдзіць, казаць і рабіць людзям толькі добрае. І ня крыўдзіцца самім, дадае Ніна Багамолава.

(Багамолава: ) “У нас зараз столькі зла! Вельмі шмат. І што гэта будзе, я ня ведаю. Але мы нікому ня робім зла. Жывем з адкрытай душой. Калі ласка — як можам, так і жывём!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG