Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Смалявічы


Ягор Маёрчык, Смалявічы

Сямігадовы Вітаўт памятае гэтыя песьні. Ягоны брат — Радаслаў, якому споўнілася тры гады, іх нават ня чуў. Вобразна кажучы, калі Вітаўт развучваў “Купалінку”, дык Радаслаў разам з усёй малодшай групай сьпявае “В лесу родилась елочка”. А ўсё праз тое, што Вітаўт хадзіў у беларускамоўны, а ягоны брат наведвае расейскамоўны дзіцячы садок.

Яшчэ пазалетась Смалявічы маглі пахваліцца адзіным на тэрыторыі Беларусі прыватным беларускамоўным садком. Цяпер яго няма. З прычыны фінансавых цяжкасьцяў і вялікага недабору дзяцей.

Адна з заснавальніц прыватнага дзіцячага садку — Тацяна — робіць экскурс у нядаўняе мінулае:

(Тацяна: ) “У нашым горадзе садкі ёсьць, але яны беларускамоўныя толькі на паперы. Уся адукацыя, усё выхаваньне ідзе ў садках на расейскай мове. Нашыя людзі радыя, што тут расейскамоўны садок, а не беларускі. Вось тады ў нас узьнікла ідэя стварыць беларускамоўны садок, прыватны садок. Праграма: ангельская мова, пасьля быў выкладчык музыкі й выкладчыца маляваньня. Усю астатнюю адукацыю, накшталт падрыхтоўкі да школы, выконвала звычайная выхавацелька, якая ўвесь час была зь дзецьмі. Юрыдычна аформлена нічога не было. Гэта існавала выключна на дамоўленасьцях. Пра гэтую нашую ініцыятыву мясцовыя ўлады ня ведалі”.

(Карэспандэнт: ) “Дык атрымліваецца, што ваш садок быў падпольным”.

(Тацяна: ) “Атрымліваецца, што падпольным. Не было таго, каб шмат хто ведаў. Дадатковыя праблемы існавалі бы”.

У Смалявічах існуюць суполкі некалькіх апазыцыйных палітычных партыяў — БНФ, АГП, КХП БНФ. Жыхары гораду пра гэта ведаюць, але ў размовах ня могуць згадаць яскравага прыкладу іхнай дзейнасьці. Выбарцы, між іншым, дадаюць, што беларускія палітыкі ня надта ахвотныя да наведваньня іхнага роднага гораду. А адсюль да сталіцы Беларусі ўсяго толькі 35 кілямэтраў.

Згаданыя філіі яшчэ не пачыналі рыхтавацца да маючых адбыцца налета выбараў у мясцовыя саветы. Можна толькі пачуць агульныя разважаньні пра супольныя дзеяньні падчас кампаніі. Куды, у бок агітацыі ці байкоту будуць скіраваныя гэтыя намаганьні, пакуль што невядома.

Свае прыватныя меркаваньні з гэтай нагоды выказвае сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Іван Рыгаровіч:

(Рыгаровіч: ) “Я супраць гэтага падзелу: што БНФ робіць сваю працу, а АГП — сваю. Дэмакратычны павінен быць блёк. Тым больш, што ў Смалявічах дзяліць гэтых некалькі соцень чалавек на пяць партыяў ня мае сэнсу. Лепш вылучыць нейкага незалежнага кандыдата. Вылучаць трэба людзей, якія маюць мажлівасьць неяк паўплываць на вырашэньне праблемаў, якія хвалююць мясцовае насельніцтва. Калі мы, скажам, што мы вам тут пакладзем асфальт, правядзем вадаправод і вырашым жыльлёвую праблему, а мы нічога ня зробім, мы сябе такім чынам дыскрэдытуем і потым за нас ня будуць галасаваць”.

Патрыятычныя графіці на сьценах і неаднаразовыя паўторы подзьвігу легендарнага лёзьненскага Мірона, які вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі — гэта палітычная парафія суполкі Маладога Фронту. Але апошнім часам маладзёны яшчэ дапамагаюць арганізоўваць канцэрты маладому смалявіцкаму гурту “Акропаль”, які йграе беларускую псыхадэлічную музыку.

У каманды няма ні лідэра, ні творчага кіраўніка. І таму пасьля нядоўгіх разважаньняў музыкі прыйшлі да згоды, што калектыў мне будзе прадстаўляць гітарыст Анатоль Аніскевіч.

(Аніскевіч: ) “У нас зараз пакуль што ня песьні: ідзе музыка й тэатральнае дзеяньне. Тэксты пра стаўленьне асобнага грамадзяніна і ўсяго грамадзтва. Грамадзтва ўвесь час спрабуе неяк падпарадкаваць кожнага паасобку, і мы сваёй творчасьцю пратэстуем супраць гэтага. Кожны чалавек можа быць свабодным, калі ён гэтага пажадае сам”.

На пытаньне, якія станоўчы рысы жыцьця ў Смалявічах, жыхары ледзь не на адзін голас згадваюць прыватны бізнэс. Тут сапраўды шмат недзяржаўных крамаў і кавярняў. Але нельга скідваць з рахункаў і прыватных прадпрымальнікаў, якія стаяць на рынках. Зусім нядаўна дасьведчаная ў гэтай дзейнасьці спадарыня Тацяна распачала новую справу: ад гандлю рэчамі перайшла да продажу мяса.

Яна дзеліцца ўражаньнямі й назіраньнямі чалавека, які стаіць па той бок прылаўка.

(Тацяна: ) “Абрэзкаў там шмат не сабіраецца. Забілі кабана. Сала як тавар мусіць быць з усіх бакоў роўна абрэзанае і беленькае... Роўненька абразаеш. Ня тое, што яно дрэннае. Узяў памыў яго, падэраў як табе трэба. На патэльню зь яйкам плюх — і ўсё. Дык сала каштуе тры з паловай, а адрэзкі — тысячу”.

(Карэспандэнт: ) “А што найгорш разыходзіцца?”

(Тацяна: ) “Самае дарагое — шыя, паляндвіца і красьцец”.

(Карэспандэнт: ) “І што, гэта прадаць практычна немагчыма?”

(Тацяна: ) “Не, прадаецца, але болей шанцаў, што яно застанецца. Калі сьвежае сала засталося, пасаліў яго і прадаў — і праз два дні, і празь месяц, і праз два — яно не псуецца, нічога зь ім ня здарыцца. Ну а пасьля, хтосьці бярэ для сябе, а хтосьці катам і сабакам. Хтосьці кажа: “Мая котка ня есьць селязёнку”, а хтосьці гэтую селязёнку сабе ў сальцісон бярэ. Маўляў, “У мяне кот восем кіляграмаў важыць, і ён ня есьць сьвініну, яму хочацца ялавічыны, чаму ў вас сёньня няма ялавічыны? Ну, чаму няма?” А той, хто набывае шкуру, кажа: “Ой, ды я ня тое што халадзец, а такі крупнік зашквару!”

(Карэспандэнт: ) “Прыходзілася даваць мяса ў доўг?”

(Тацяна: ) “На вэксель, што называюць? Так? Прыходзілася! Ну, той, ужо хто знаёмы: каму на пяць тысяч, каму на шэсьць, каму на дваццаць”.

(Карэспандэнт: ) “Што кіруе чалавекам, калі ён дае мяса ў доўг?”

(Тацяна: ) “У цябе гэтае мяса забралі, яно ў цябе не сапсавалася, а грошы табе прынясуць хоць праз тры дні, але табе іх прынясуць”.

Хто ці што можа вырашыць мясцовыя праблемы? “Дажынкі. Толькі Дажынкі! Дажынкі ў любым маштабе: ад абласных да агульнанацыянальных”. Гэтыя словы я некалі пачуў з вуснаў высокага чыноўніка Дрыбінскага райвыканкаму. Нават на Магілёўшчыне, якая апошнія некалькі гадоў не абдзеленая ўвагай высокага кіраніцтва, Дажынак чакаюць як дажджу ў ліпеньскую сьпёку.

Смалявічам пашанцавала. Сёлета тут пройдуць абласныя Дажынкі. Праўда, сьвята ўраджаю вырашылі адзначыць не пасканчэньні жніва, а ў дзень калгасьніка. Гэта будзе пры канцы лістапада, калі зь неба паляцяць белыя мухі.

Рыхтуюцца па поўнай праграме: капітальна рамантуюць будынкі, фарбуюць фасады дамоў на цэнтральных вуліцах і платы ў прыватным сэктары. Сьвята будзе ня заўтра і нават не пасьлязаўтра, а грошай не хапае ўжо сёньня. І практычна паўсюль — ад школаў да прамысловых прадпрыемстваў — зарганізаваная кампанія добраахвотна-прымусовых ахвяраваньняў.

(Спадарыня: ) “Прыйшла галоўная бугальтарка й кажа: трэба для Дажынак хаця бы па дзьве тысячы. Я кажу, што на Дажынкі ня дам. На што-небудзь іншае, нават пры там, што грошай у мяне няма, я бы дала. А на Дажынкі грошы павінны быць у казьне”.

(Карэспандэнт: ) “А з чаго ў вас такая антыпатыя да Дажынак?”

(Спадарыня: ) “Я не скажу, што мне не падабаецца. Вунь, хоць што-небудзь у горадзе зробяць, хоць ходнік. Справа ў тым, што грошай гэтых няма. Такая галеча! Заробак два месяцы затрымліваюць. І тут яны будуць рабіць нейкія Дажынкі. За нашыя грошы, можа будуць якія нават сталы ставіць — не бяз гэтага будзе. На што мне гэта трэба!”

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што Дажынкі — гэта сьвята ўраджаю. А ці ёсьць сапраўды той ураджай, ці варты ён гэтага сьвята?”

(Спадарыня: ) “Паводле папераў ёсьць. Але добра разумею, што гэта можа быць і ня так. Я ў свой час працавала ў калгасе. І таксама былі ўсе гэтыя прыпіскі”.

У працяг сельска-гаспадарчай тэмы дадам, што на Смалявіччыне ажно 30 фэрмэрскіх гаспадарак. Але больш за гэты факт зьдзіўляе тое, што фэрмэрамі становяцца збольшага колішнія кіраўнікі калгасаў і саўгасаў. Адзіным, мабыць, выключэньнем зьяўляецца Валер Костка.

Колішні дарадца Генадзя Карпенкі, колішні супрацоўнік Беларускага Гельсынскага камітэту зьмяніў Менск на пасеку. Цяпер ён пчаляр. Вульлі ў яго белаго колеру з чырвонай паласой пасярэдзіне. Максымальны ўраджай — 180 кіляграмаў мёду ад адной пчалінай сям’і.

Чалавек, які шмат дзе быў і шмат чаго бачыў, па маёй просьбе характарызуе жыцьцё сваёй малой радзімы — гораду Смалявічаў.

(Костка: ) “У Смалявічах ніякіх бурлівых падзеяў не адбываецца. Палітычныя працэсы, якія адбываюцца, яны нібыта пранесьліся дзесьці над Смалявічамі й надта іх і не закранулі. Жыцьцё як было да 90-х гадоў, так і працягваецца: звычайнае беларускае жыцьцё правінцыйнага невялікага гораду. Людзі ў Смалявічах якраз жывуць сваімі надзённымі праблемамі: як дзе зарабіць грошы, як дзе пракарміцца.

Я не займаюся зараз палітыкай. Я займаюся сваёй цікавай справай: пчалярствам. Мне гэта вельмі падабаецца. Адчуваю сябе ня горш, чым у палітыцы. Я ствараю такія ўмовы, каб было добра й сабе й іншым. Ганаруся тым, што кожны дзень з раніцы да вечара працую на зямлі, якая адзіная дае станоўчую энэргію для таго, каб жыць і радавацца гэтаму жыцьцю”.

З гледзішча Валера Косткі, бяда Смалявічаў у тым, што горад так і не навучыўся выкарыстоўваць сваё выгаднае геаграфічнае знаходжаньне: блізкія міжнародную трасу і Нацыянальны аэрапорт “Менск-2”. Вось тут ён праводзіць паралель з усёй Беларусяй. Кажа, што будучыня гораду і ўсёй краіны добрая. Вось толькі трэба навучыцца з розумам карыстацца тым, што ёсьць.
XS
SM
MD
LG