Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганцавічы


Алесь Горбач, Ганцавічы

Ганцавічы, як і многія іншыя беларускія гарады, абавязаныя сваім узьнікненьнем чыгунцы. Сёньня нічога асабліва адметнага тут ня ўбачыш: тыя ж шаблонныя назвы вуліц – спадчына савецкіх часоў, той жа Ленін на плошчы перад райвыканкамам. Набыўшы ў шапіку “Саюздруку” мясцовую газэту, зьдзіўляюся, што нават хваля перайменаваньня раёнак пачатку 1990-х гадоў сюды не дакацілася – ганцавіцкая раёнка, як і ў старыя брэжнеўскія часы, называецца “Савецкае Палессе”.

Праўда, зусім нядаўна ў яе зьявіўся канкурэнт – незалежная газэта “Спадарожнік”. Менавіта сюды я й зайшоў найперш. Пра тое, як жывецца недзяржаўнаму выданьню ў такой глыбокай правінцыі, распавёў мне карэспандэнт спадарожніка Пятро Гузаеўскі:

(Гузаеўскі: ) “Я нават і ня думаў адразу, што сутыкнемся з такімі цяжкасьцямі. Роўных прававых умоваў зь дзяржаўнымі выданьнямі ў нас няма. Напрыклад, мы падалі паперы на тое, каб нас акрэдытавалі ў райвыканкаме. Нам адмовілі. Яны спаслаліся на тое, што ў Ганцавіцкім раёне ёсьць раённае радыё і газэта “Савецкае Палессе”, і гэтага дастаткова, каб інфармаваць насельніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “Дык можа сапраўды дастаткова? Ці вашая газэта адыгрывае тут нейкую асаблівую ролю?”

(Гузаеўскі: ) “Ёсьць канкрэтныя прыклады, што ўсё-такі наша газэта прыносіць карысьць людзям. Мы не толькі даем інфармацыю, мы яшчэ выступаем інстанцыяй, у якую людзі зьвяртаюцца па дапамогу. Што тычыцца бальніцы нашай. Там мы пісалі, што з мэдсёстраў, з малодшага пэрсаналу зьбіраюць грошы на мыйныя сродкі. Прайшла інфармацыя – знайшліся сродкі. У перадапошнім нумары мы пісалі пра тое, што ў ганцавіцкай, зноў жа, бальніцы сьпісваюць прэпараты на людзей, якіх у сьмяротным стане ўжо дастаўляюць у прыёмны пакой. Ёсьць рэакцыя: калі раней там у прыёмным пакоі цяжка было знайсьці таблетку, то цяпер там усяго хапае”.

Акрамя таго, што ў Ганцавічах самы высокі ў Берасьцейскай вобласьці адсотак беспрацоўя, месца шырока вядомае хіба яшчэ тым, што непадалёку знаходзіцца “Волга” – радыёлякацыйная станцыя, аб’ект Касьмічных войскаў Расеі. Яна будзе выконваць функцыі сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе. Пакуль станцыя працуе ў выпрабавальным рэжыме, а да канца бягучага году павінна заступіць на баявое дзяжурства. “Волга” стаіць блізу вёскі Машукі, таму і называюць яе тут ня інакш, як Машукоўская станцыя. Каб яе ўбачыць, дастаткова толькі выехаць за горад. Безумоўна, мне было цікава, што думаюць пра “Волгу” жыхары Ганцавічаў. Пятро Гузаеўскі хутка разьвеяў мае ілюзіі адносна таго, што існаваньне гэтага аб’екту тут кагосьці турбуе:

(Гузаеўскі: ) “У сваёй газэце гэтую тэму мы пакуль не закраналі. Ёсьць толькі такая інфармацыя, якую нельга праверыць. Хочацца даведацца і напісаць, ці яна ўсё-такі ня шкодная для людзей. Зараз яны ўспамінаюць яе тады, напрыклад, як не працуе антэна, ці дрэнна ідзе тэлевізар, скажуць: “Гэта ўсё Машукоўская станцыя!” А так хвалююцца гэтай праблемай адзінкі. Асноўная маса людзей – я ня думаю, што азадачаная такой праблемай, як станцыя “Машукі”.

Што насамрэч думаюць жыхары Ганцавічаў пра станцыю “Волга” і ўвогуле пра сёньняшняе жыцьцё, як аказалася, высьветліць ня так ужо й лёгка. Прынамсі, мая першая спроба ўзяць інтэрвію ў ганцаўчаніна проста на вуліцы скончылася ня проста сумна, але, можна сказаць, ледзьве не трагічна. Бачу: ідзе пажылы дзядзька з роварам. Падыходжу і спрабую загаварыць, той ахвотна пагаджаецца, але не пасьпеў ён і рот адкрыць, як адкуль ні вазьміся наляцела яго жонка. Дзядзьку дасталося па носе, мне – па дыктафоне:

(Дзядзька: ) “Ня лезь!”

(Цётка: ) “Ідзіце адсюль к чортавай мацяры са сваімі гэтымі, бо зараз у вуха дам усім! Ідзі!”

І хто пасля гэтага будзе спрачацца, што прафэсія журналіста – адна з самых небясьпечных?

А вось маладыя бацькі Аляксей і Сьвятлана хоць і называць сваё прозвішча не сталі, але паразмаўляцьўсё ж пагадзіліся:

(Сьвятлана: ) “Я працую ў бальніцы. Што гэта за заробак? Няма за што жыць папросту. Няма магчымасьці, а то б зьехалі. Сядзім у гэтых Ганцавічах, і ўсё”.

Пэрспэктываў якіх-небудзь для сябе ці свайго дзіцяці мае суразмоўцы ня бачаць:

(Аляксей: ) “Свайго дзіцёнка хіба ў іншы горад адправіць, ці што. Але ня тут”.

Пра радыёлякацыйную станцыю маладыя бацькі гэтаксама сказаць нічога ня могуць:

(Сьвятлана: ) “Людзі гавораць, але што? Кажуць, што на здароўе ўплывае”.

(Аляксей: ) “Гаварыць бяз толку. Ніхто нічога пра гэта ня піша, мы нічога пра гэта ня ведаем: шкодна – няшкодна. Гарадок невялікі – крычаць няма куды і няма каму”.

Хоць Ганцавічы сапраўды гарадок невялікі, у ім аднак, заўсёды былі і ёсьць людзі, што жывуць ня толькі ўласнымі турботамі. Адзін з актывістаў Беларускага Народнага Фронту, чалавек-легенда Мікола Занька яшчэ некалькі гадоў таму сваімі пікетамі, іншымі акцыямі папсаваў нямала нэрваў мясцовай “вэртыкалі”. Яшчэ сёньня тут памятаюць анэкдатычны выпадак, калі спадару Заньку райвыканкам выдаў пісьмовы дазвол на пікетаваньне, не ўказаўшы даты, ды атрымалася, што пажыцьцёва. Давялося пасьля райвыканкаму адмысловай пастановай адмяняць сваё ж папярэдняе рашэньне, бо дужа ўжо муляў вочы апазыцыянэр № 1, стоячы з плякатамі кожны дзень перад галоўным будынкам мястэчка. Маючы невырашальныя праблемы з працаўладкаваньнем, Мікола Занька быў змушаны эміграваць у Чэхію. Гэтая эміграцыя паставіла крыж на ганцавіцкай філіі Фронту, але ніяк не на ўсім грамадзкім жыцьці мястэчка.

Лекар-нэонатоляг Леанід Дыдышка з 1995 году да нядаўняга часу кіраваў арганізацыяй свабоднага прафсаюзу працаўнікоў Ганцавіцкага цэнтральнага раённага шпіталю. Паводле ягоных словаў, бараніць сваіх сяброў прафсаюзу тут досыць складана:

(Дыдышка: ) “Вельмі цяжка. Таму што законы многія нядрэнныя, але ж улада іх ня хоча выконваць. Але ў нашых справах пракуратура і суд усё ж былі на нашым баку, таму мы шэсьць судовых паседжаньняў выйгралі ў галоўнага лекара, які хацеў нас калісьці звольніць з працы. Нашая арганізацыя тут на месцы не зарэгістраваная, таму што галоўны лекар не дае юрыдычнага адрасу. Мы таму выступаем проста як ад Свабоднага прафсаюзу беларускага.

Усе ў напружаньні людзі, усё нечага чакаюць. Як зь імі размаўляеш, усе яны настроеныя супраць гэтага рэжыму і супраць гэтага палітычнага курса. Але страх згубіць працу паралізуе ўсё”.

Безумоўна, як я ня мог таксама не запытаць спадара Дыдышку як лекара пра радыёлякацыйную станцыю.

(Дыдышка: ) “Наколькі я ведаю, там працуе электрамагнітны імпульс, а гэта адзін з фактараў паражэньня ядзернай зброяй. Значыць, будуць людзі патрапляць пад узьдзеяньне гэтага электрамагнітнага імпульсу, і адсюль яшчэ больш будзе ўсякіх захворваньняў, дзяцей будзе больш нараджацца хворых. Людзі аб гэтым не задумваюцца, нікога гэта так і не турбуе. Яны спакойна ходзяць. Ужо як пачынаюць паміраць, дык пытаюць: А чаго ён памёр малады такі? А чаго гэта? Чаго тое?”

Надзея Петручэня кіруе сёньня Ганцавіцкай філіяй Беларускай арганізацыі працоўных жанчын. З усіх дэмакратычных суполак ейная структура адзіная афіцыйна зарэгістраваная ўладамі. Гаворыць Надзея Петручэня:

(Петручэня: ) “На кожнай прыступцы свае цяжкасьці ёсьць. Калі мы ствараліся, то цяжкасьці былі больш псыхалягічнага складу: не ўспрымалася ў такой глыбінцы, што жанчыны нешта захацелі там стварыць сваё. Зараз другія задачы: мы пашыраем дзейнасьць сваёй арганізацыі. Асноўны накірунак нашай дзейнасьці – асьветніцкі, гэта розныя сэмінары, вучоба”.

Супрацоўніцтва зь мясцовымі ўладамі ў спадарыні Петручэні атрымліваецца:

(Петручэня: ) “Такіх адкрытых сутыкненьняў няма. Калі мы праводзілі акцыі па СНІДу, то і з аддзелу моладзі падключаліся. Калі праводзілі сямейнае сьвята, таксама аддзел па справах моладзі падключаўся. Пры дапамозе нашай арганізацыі таксама выпускаецца бюлетэнь “Беларуская хатка”, то таксама аддзел адукацыі далучыўся і супрацоўнічае”.

Калі ўжо закранулі адукацыю, то ніяк нельга было абысьці ейныя праблемы, тым больш што Надзея Петручэня працуе настаўніцай гісторыі ў школе.

(Петручэня: ) “Мы ўсе пайшлі ўжо ў адпачынак, а адпускныя да гэтага часу нявыплачаныя. Людзі ня маюць магчымасьці пасля такой цяжкай працы нават дзесьці адпачыць. Ня кажучы, што гэта мізэрныя заробкі, дык яшчэ й не ў пару выплочваюцца. Мне здаецца, што пасля доўгага такога спадзяваньня ўжо нейкае інэртнае існаваньне ў людзей. Нейкая безнадзейнасьць”.

А ці жанчын хвалюе існаваньне пад Ганцавічамі расейскага вайсковага аб’екту? – з такім пытаньнем зьвярнуўся я да маёй суразмоўцы.

(Петручэня: ) “Людзі адчуваюць, што нейкая пагроза ёсьць, але актыўных захадаў ніхто ня робіць. З боку уладаў пасыўнасьць, бо, можа, “зьверху” такія адносіны. Пакуль не здарыцца чагосьці, будзем сядзець і маўчаць.

“Зьверху”, як аказалася, пра станцыю “Волга” гэтаксама нічога толкам ня ведаюць. Вось што распавёў мне дэпутат палаты прадстаўнікоў, сябар камісіі па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалёгіі і прыродакарыстаньня Мікалай Сяргеенка:

(Сяргеенка: ) “Я асабіста на гэтай станцыі ніводнага разу ня быў. Мае спробы як дэпутата не закончыліся посьпехам, бо камандаваньне гэтага аб’екта ласкава нам патлумачыла, што аб’ект зачынены. Але ў мяне ёсьць падставы лічыць, што гэты аб’ект заслугоўвае асаблівай увагі жыхароў і людзей, што займаюцца пытаньнямі экалёгіі.

Станцыя знаходзіцца на сёньня ў працоўным рэжыме. Але яна не дабудаваная – не завершанае будаўніцтва спэцыяльных адлюстравальнікаў радыёхваляў, не завершанае будаўніцтва сыстэмы біяабароны. І ёсьць праблемы з забесьпячэньнем вадой з глыбінных сьвідравін. Вялікая колькасьць вады будзе выкарыстоўвацца пры працы гэтае станцыі, а гэта таксама можа паўплываць на экалягічную абстаноўку ў рэгіёне”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць падставы асьцерагацца, што станцыя будзе адмоўна ўплываць на здароўе людзей, што жывуць побач?”

(Сяргеенка: ) “Я як інжынэр-радыёляг ведаю, што падобнае ўзьдзеяньне электрамагнітных выпраменьваньняў на жывыя арганізмы незаўважнае, у часе расьцягнутае, і гэты скрыты пэрыяд яго праяўленьня можа быць некалькі дзясяткаў гадоў. У свой час я падрыхтаваў ліст на імя начальніка генэральнага штабу ўзброеных сілаў Расеі Квашніна з просьбай паспрыяць нам і разам вывучыць гэтую праблему. Але гэтая справа павісла ў паветры”.


Касьцёл у Ганцавічах зьявіўся літаральна два гады таму, а царква толькі сёлета. Калі быць больш дакладным, то яны тут былі раней, але ў часы ваяўнічага атэізму іх разбурылі, а на фундамэнце касьцёлу паставілі Дом культуры. Некаторыя ганцаўчане мяркуюць, што Ўсявышні, маўляў, не дараваў такога блюзьнерства, бо два разы ў Доме культуры абвальвалася столь, і сёньня ягоны будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Людзі скардзяцца, што няма дзе культурна адпачыць. Праўда, хто мае да гэтага сапраўднае жаданьне, той сам сабе, як кажуць стварае сьвята.

Сяргей, Макс і Дзяніс знайшлі сабе занятак самі – яны стварылі свой музычны гурт “Твари”. Сваю ініцыятыву юнакі тлумачаць так:

(Дзяніс: ) “Сабраліся ды пачалі іграць”.

(Макс: ) “Узьнікла агульная ідэалёгія, пасля чаго сталі ствараць музыку, песьні. Цяпер моладзь хто чым займаецца: адныя да наркотыкаў ідуць, іншыя яшчэ да чаго. Мы вырашылі займацца музыкай, бо гэта адзінае, што можа дапамагчы ў дасягненьні свае мэты”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Макс: ) “Заняцца тут няма чым”.

(Дзяніс: ) “Большасьць да сьпіртнога пацягнулася, на дыскатэкі ходзяць не адпачываць, а...”

(Макс: ) “Там сваё пэўнае кола, а для такой моладзі, як мы...”

(Дзяніс: ) “...абсалютна нічога тут няма. Большасьць стараецца адсюль зьехаць”.

Хлопцы сьпяваюць на беларускай, на ресейскай і ангельскай мовах. Сьпяваюць пра каханьне, Радзіму, а таксама пра свабоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG