Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыткавічы


Ягор Маёрчык, Жыткавічы

Ніна Сагадзіна не пасьпела заснуць, як трэба было ўжо прачынацца. А палове пятай ранка яна падхапілася. Першым чынам — на кухню. І ўжо празь некалькі хвілінаў на газавай пліце побач з рондалямі і патэльнямі пачынала закіпаць пойла.

Мінула ўсяго толькі гадзіна, а яе ўжо можна засьпець на гаспадарцы. Хлеў з парсюкамі і курамі, а таксама зялёная кропка гародчыку — усё гэта месьціцца на надзеле зямлі 4 на 8 мэтраў.

(Сагадзіна: ) “Калі б мой муж і я атрымлівалі больш грошай, можна было б і паберагчы сябе. Я амаль ніякага часу сабе не магу прысьвяціць, даглядаць сябе як жанчына. Замест гэтага ў мяне гаспадарка. Каб толькі пражыць, каб толькі здабыць нейкі кавалак сала. Жывем на чацьвертым паверсе. І ваду курам носім, і сьвіньням замешваем — усё гэта з кватэры. І мусім хадзіць адтуль зь вёдрамі. Ой! Вельмі цяжка! Пакуль дайду да гэтага хлеву, дзесяць разоў прыпынюся, пастаўлю гэтыя вёдры і далей”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі адсюль да вашай хаты?”

(Сагадзіна: ) “Кілямэтар”.

Побач з мікрараёнам Азёрны, што на ўскрайку Жыткавічаў, апошнімі гадамі ўзьнікла з паўтысячы гаспадарчых пабудоваў. Гэтую вёску-спадарожнік мясцовыя жыхары так і называюць — Хлеўчыкі. Зранку й увечары тут можна сутыкнуцца з кім заўгодна — ад настраўніка і выхавацеля да другараднага супрацоўніка ўладнай вэртыкалі й афіцэра міліцыі.

У сэнсе памераў заробкаў і своечасовасьці іхных выплатаў Жыткавічы не адрозьніваюцца ад іншых гарадоў і мястэчак Беларусі. Згадкі пра абяцаныя сто даляраў выклікаюць толькі раздражненьне і нэрвовы сьмех. А налічанага трэба чакаць у найлепшым выпадку месяц-паўтара.

Мэдыкі й настаўнікі ў гэтым палескім райцэнтры не маўчаць, не выказваюць задавальненьне міжсобку недзе па завугольлях. Яны, паводле савецкай традыцыі, пачалі пісаць скаргі наверх.

(Ульяніна: ) “Я мэдсястра Жыткавіцкай паліклінікі Ўльяніна Нэлі. Хачу распавесьці, як мы скардзіліся прэзыдэнту з той нагоды, што нам ня ў час выдаюць заробак. Напісалі ліст, у якім вельмі падрабязна выклалі, на колькі ў нас бываюць затрымкі заробкаў, якія яны ў нас маленькія (пяцьдзясят зь нечым, шэсьцьдзесят — “чысты” аклад). Прыйшоў адказ, што павінныя разьбірацца на месцы.

Прыйшоў галоўны доктар на “пяціхвілінку” і стаў тлумачыць палітыку партыі. Сказаў, што мы — такія-расьсякія, мы — вельмі дрэнныя, бо скардзімся. А мы ня маем права скардзіцца. Маўляў, грошай няма і ня будзе, працуйце і маўчыце, як хочаце, так і жывіце. А пасьля нам сказалі: калі вы ўсе такія разумныя, будзеце ў апошнюю чаргу атрымліваць свае заробленыя капейкі. Можа, зьбярэмся і будзем страйкаваць”.

(Карэспандэнт: ) “А як жа клятва Гіпакрата?”

(Ульяніна: ) “А калі мы пачнем з голаду паміраць на працы, нам есьці клятву Гіпакрата? Так? Вельмі смачна!”

Зь іншага боку, ня ўсё так драматычна. У любы час эквівалент дзесяці даляраў ЗША тут можна здабыць ў літаральным сэнсе сваёй уласнай крывёй. Грошы невялікія. Выплачваюцца толькі праз два месяцы. Аднак гэтыя акалічнасьці мала каго спыняюць, і донараў становіцца ўсё болей і болей.

Сярод жадаючых прадаць сваю кроў нямала маладых маці. Вось тыповы прыклад: 20-гадовая сірата Віка ня так даўно нарадзіла дачку. У размове са мной яна наўпрост кажа, што ні на якую дапамогу з боку не разьлічвае: усё сама.

(Віка: ) “Здаем кроў. Больш нічога ў галаву не прыходзіць, як можна грошы зарабіць. Плацяць недзе тысяч дзевятнаццаць. Здаць кроў — гэта ўсе мае “дзіцячыя”. Слабасьць, часам цямнее ў вачах. Ледзь прыйшла дадому. Пасьля стала лепей, а пасьля зусім нармалёва. Праз два месяцы можна хадзіць. Мне здароўе не дазваляе, таму я радзей хаджу”.

(Карэспандэнт: ) “Прабачце, але вы такая худая... Па вялікім рахунку, у вас моцы ў арганізьме няма, каб здаваць кроў. І вас гэта не спыняе?”

(Віка: ) “Не, вядома. Трэба ж неяк жыць”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі разоў трэба здаць кроў, каб цалкам апрануць дзяўчынку, якой няма двух гадоў?”

(Віка: ) “Як меней, разы тры”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што за паўгады вы яе апранеце?”

(Віка: ) “Так, летам на зіму, а зімой на лета”.

Жыткавічы знаходзяцца ў найніжэйшай кропцы Беларускага Палесься. Ведучы гаворку пра гэтую мясцовасьць, да геаграфічнага тэрміну “вышыня над узроўнем мора” абавязкова трэба дадаваць слова “адмоўная”. Гэты горад знаходзіцца ніжэй за ўсясьветны акіян. Тут падземныя воды максымальна набліжаныя да паверхні. Да таго ж вакол шмат балотаў і азёраў, ня так далёка знаходзіцца паўнаводная Прыпяць. Пералічаныя прыродныя асаблівасьці надкладаюць на тутэйшае жыцьцё свой экстрэмальны адбітак.

Назіраючы па тэлэвізіі за сёлетняй паводкай у краінах Цэнтральнай і Заходняй Эўропы насельнікі Жыткавічаў неаднаразова параўноўвалі пабачанае са сваёй малой радзімай. Буйныя катаклізмы здараюцца тут раз на 20 гадоў. Прыкладам, у 1993-м вада ў Прыпяці паднялася на шэсьць з паловай мэтраў. Больш дробныя паводкі — ледзь ня штовесну.

Усе гэтыя факты й сталі падставай для маёй сустрэчы з супрацоўнікам Дзяржаўнай сыстэмы папярэджаньня й ліквідацыі надзвычайных становішчаў Васілём Пяшэвічам.

(Пяшэвіч: ) “Паводкі бываюць у Жыткавіцкім раёне. У тым ліку падтаплівае й Жыткавічы. Найбольш — паўночная частка. Там знаходзіцца жылы сэктар. Патрэбная ліўневая каналізацыя, але няма грошай на гэта. Раённы бюджэт ня ў стане фінансаваць гэтыя працы”.

(Карэспандэнт: ) “Вы як спэцыяліст, якую ацэнку можаце даць дзеяньням тых людзей, якія працавалі ў справе нэўтралізацыі паводкі ў Нямеччыне і ў Чэхіі? Калі параўняць з працай выратавальнікаў у Жыткавіцкім рэгіёне — хто выглядае лепшым?”

(Пяшэвіч: ) “Калі глядзець па тэлебачаньні, дык яны апэратыўна працавалі. Я мяркую, што мы працавалі ня горш за выратавальнікаў Заходняй Эўропы. Адзінае што ў іх экіпіроўка й тэхніка лепшыя, чым нашыя”.

Жыткавіцкая суполка Таварыства беларускай мовы налічвае 20 сяброў. Паводле колькасьці членаў гэта самая вялікая філія недзяржаўнай грамадзкай арганізацыі. У заслугу сабе тэбээмаўцы ставяць той факт, што за выключэньнем трох гарадзкіх, усе школы ў раёне — беларускамоўныя. Яны дамагліся таго, што хуткім часам цалкам беларускамоўная навучальная ўстанова ўзьнікне і ў саміх Жыткавічах.

Суполку ТБМ ачольвае супрацоўнік уладнай вэртыкалі Васіль Нікановіч. Гэта — сюрпрыз нумар адзін. А сюрпрыз нумар два — афіцыйнае месца знаходжаньне філіі арганізацыі.

(Нікановіч: ) “Я працую ў райвыканкаме, і мне нармалёва працуецца. Мая грамадзкая праца сустракае паразуменьне ў службовых асобаў райвыканкаму”.

(Карэспандэнт: ) “А падтрымку сустракае?”

(Нікановіч: ) “Арганізацыя існуе з 1993 году. Перарэгістраваная ўжо ў пазьнейшы час. І юрыдычны адрас у нас там, куды вы заходзілі — у райвыканкаме. Значыць, ёсьць падтрымка”.

У прынцыпе, на пытаньне, ці вядзецца падрыхтоўка да вясновых выбараў у мясцовыя саветы, можна атрымаць два адказы: станоўчы й адмоўны. Трэцюю вэрсію я пачуў тут, у Жыткавічах: “У нас людзі рыхтуюцца да зімы больш, чым да выбараў”. Прамовіць такое магла толькі сапраўдная гаспадыня, якая аднасачна ведае палітычныя настроі карэннага насельніцтва. Усе гэтыя якасьці спалучае кіраўніца тутэйшай суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ірына Цішкоўская.

А цяпер уявіце сябе ў крэсьле намесьніка старшыні райвыканкаму. Да вас у кабінэт заходзіць маладая прыгожая жанчына. Глядзіць вам у вочы. Чароўна ўсьміхаецца. І дарыць кнігу Ўладзімера Арлова і Генадзя Сагановіча “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”. Вы пачынаеце ўсьміхацца ў адказ. У выніку ў вас завязваюцца чалавечыя дзелавыя стасункі. Скажыце, як пасьля гэтага вы адмовіце ёй у правядзеньні пікету? Ня здолееце адмовіць!

У Жыткавіцкай дэмакратычнай апазыцыі жаночы твар.

(Карэспандэнт: ) “Жанчына ў палітыцы... Што гэта такое? Як гэта здарылася?”

(Цішкоўская: ) “Гэта вельмі сумная зьява. Палітыкай павінныя займацца мужчыны. Сапраўдных мужчынаў не знайшлося. Чамусьці так адтрымліваецца, што жанчыны больш адказныя, больш могуць выцягнуць на сабе. Спачатку мая маці ледзь не плакала, прасіла, каб я гэтым не займалася. А пасьля яна пачала мяне падтрымліваць. Дзеці мае ўжо ў падлеткавым узросьце. Іхныя асобы толькі ў пэрыядзе станаўленьня. Я лічу, што вельмі важна, што яны бачаць маці як асобу са сваёй пазыцыяй. Я думаю, што дзеці мае вырастуць таксама патрыётамі”.

У ціхім палескім гарадку, дзе большасьць жыхароў ведае адзін аднога ў твар, самае вялікае захапленьне выклікаюць жанчыны: працавітыя, самаахвярныя, сьмелыя і рашучыя. Паводле іхных выказваньняў і дзеяньняў можна напісаць энцыкляпэдыю выжываньня.
XS
SM
MD
LG