Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Петрыкаў


Зьміцер Бартосік, Петрыкаў

Калі глядзіш на фізычную мапу Беларусі, горад Петрыкаў можа падацца мядзьвежым, глухім яе кутком. Ну мяркуйце самі – да абласнога цэнтра ажно 200 кілямэтраў, да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі – 13. Нават палеская аўтатраса абмінае гэты горад. Адныя балаты вакол ды нешматлікія вёскі. Але варта вам хоць аднойчы апынуцца на петрыкаўскім высокім беразе Прыпяці, вам адразу стане зразумела, чаму яцьвяскі князь Пятро менавіта тут 1000 гадоў таму заснаваў горад. Больш прыгожага месца яшчэ пашукаць!

Я люблю бываць у Петрыкаве дзякуючы знаёмству з Андрэем і Тацянай Яўтуховічамі. Вельмі інтэлігентная, гасьцінная сям'я старых музыкаў. Прозьвішча ў Беларусі вядомае – да гэтае пары расьпяваюцца ў нас песьні Зьмітра, малодшага сына Яўтуховічаў. І пакуль спадарыня Тацяна калдуе на кухні, мы з Андрэем Мікалаевічам сядзім у цяністым садзе, дзе гаспадар частуе мяне петрыкаўскімі анэкдотамі.

(Яўтуховіч: ) "Ёсьць прымаўка, што петрыкоўцы – гэта не дыягназ, але гэта нацыя. І сапраўды, я бываў у вельмі многіх мясьцінах, і, як кажуць, раптам у кустах знаходзіўся петрыковец. Гэта абавязкова”.

(Карэспандэнт: ) “У якіх мясьцінах?”

(Яўтуховіч: ) “Ну, напрыклад, на Крайняй Поўначы. І там былі петрыкоўцы. І заяжджаў... і ў Іркуцку, і недзе там пад Уладзівастокам. Карацей, адсюль людзі разышліся па ўсім сьвеце. І ў Амэрыцы ёсьць петрыкоўцы, пасьляваеннай эміграцыі.

Петрыкоўцы маюць свой палескі гумар. Даволі распаўсюджаны анэкдот. На адным беразе Прыпяці стаіць чалавек і крычыць: "Людзі! Перавязеце! Людзі!" А з гэтага боку адказваюць: "Мы ня людзі. Мы петрыкоўцы".

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я разумею, петрыкоўцы гучыць больш горда, чым людзі”.

(Яўтуховіч: ) “Ну натуральна. Гэта самае высокае, што можа быць на сьвеце. Мы петрыкоўцы, і ўсё”.

Мой шпацыр па Петрыкаве пачаўся зь сюрпрызу. Уявіце сабе сонны, заліты сьпёкаю пляц перад райвыканкамам. Некалькі мужычкоў п'юць халоднае піва ў адкрытай кавярні, нешматлікія мінакі нясьпешна ідуць па сваіх справах, газэтны шапік, дзе дрэмле пажылая кіяскёрка. А ў шапіку сьвежая "Наша Ніва".

(Карэспандэнт: ) “Я бачу, тут ляжыць "Наша Ніва". Яна не прадаецца ўвогуле?”

(Кіяскёрка) “Прадаецца”.

(Карэспандэнт: ) “А якія газэты лёпш ідуць, незалежныя ці дзяржаўныя?

(Кіяскёрка: ) “Незалежныя”.

(Карэспандэнт: ) "Народная воля?”

(Кіяскёрка) "Воля", "Наша Свабода", "Свободные новости..."

(Карэспандэнт: ) “Няўжо так апазыцыйна настроены народ у Птерыкаве? Ці яны цікавейшыя?”

(Кіяскёрка) “Я нават ня ведаю – як сказаць...”

Згадзіцеся, пасьля такога дыялёгу міжволі пачнеш па-іншаму глядзець на петрыкаўскі народ. Асабліва калі сустрэнеш на вуліцы дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, колішняга радыёжурналіста Вячаслава Герасіменку. Усялякая санлівасьць прападзе.

(Герасіменка: ) "Увогуле я лічу, што сытуацыя зараз працуе на нашу карысьць. Я ўвесь час казаў менчукам: "Менчукі, вы галоўныя віноўнікі нашых бед. Беліны аб'еліся ў сталіцы й думаеце, што такая ўся рэспубліка. Вось зараз яблык пасьпеў. Вось зараз! Раней яго нельга было чапаць. Пэнсій няма. Заробкаў бюджэтнікам таксама. Месяц назад на пошце пэнсіянэры паміж сабой пабіліся. У прамым сэнсе гэтага слова. Адзін крычыць другому: "Ты галасаваў за Лукашэнку? Галасаваў. Дык марш адсюль, раз ты прыйшоў па пэнсію! Я казаў, што гэта няздольны чалавек". І самае галоўнае, што ніхто яму нічога не запярэчыў. І так і мне сёньня. Многія цікавяцца, зноў пачалі цікавіцца. Што там, давай пагаворым. Як далей жыць? Што далей рабіць? Так што, я думаю, пэнсіянэры, надзейная апора Лукашэнкі, зараз наўрад ці будуць ягонай далейшай апорай”.

Мяне заўжды дзівіла ў беларускай правінцыі адна рэч. Каго не паслухаеш – усе прадпрыемствы дыхаюць на ладан. Аднак, у любым петрыкаўскім магазіне – немалая чарга. І большасьць народу бярэ ня кепскае віно, але й кілбасы зь ёгуртамі. Вось што кажа на гэты конт Андрэй Яўтуховіч.

(Карэспандэнт: ) "А вось паводле ўзроўню дабрабыту Петрыкаўскі раён сярод раёнаў Гомельшчыны як выглядае?”

(Яўтуховіч: ) "Нажаль, я ня ведаю афіцыйнай статыстыкі, але маю такія зьвесткі, што гэта адзін з самых занядбаных раёнаў вобласьці. Найбяднейшых. Але на практыцы тут атрымліваецца такое падвойнае жыцьцё. Афіцыйныя заробкі... Скажам, я праводзіў маніторынг, параўноўваў цэны й заробкі ў Петрыкаве, у Менску, у Мазыры, у Гомелі. Нават у Варшаве. Дык у Петрыкаве даходы, узровень дабрабыту значна ніжэйшы. А ўзровень цэн, за кошт таго, што тут адсутнічае дзяржаўны гандаль, цэны вышэйшыя, чым у Менску. Здавалася б, тут людзі жывуць значна горш, чым дзе б тое не было. Але справа ў тым, што амаль кожны жыхар Петрыкава мае зямлю. Прычым даволі многа. Гектарамі. Поле ў 20 сотак – гэта ўвогуле звычайная рэч. І за кошт гэтага даходы ўзрастаюць вельмі намнога. Фактычна атрымліваецца, што паводле афіцыйнай статыстыкі тут жывуць жабракі, а на практыцы тут даволі заможныя людзі".

Але наконт заможнасьці некаторых петрыкаўцаў ёсьць іншая думка. Агучвае яе Вячаслаў Герасіменка.

(Герасіменка: ) "Адно прадпрыемства працуе. Калі не памыляюся, там дзесьці парадка паўтары тысячы чалавек. І называецца яно "Экспэрымэнтальная леса-паляўнічая гаспадарка". Дзённа і ночна стогнуць бензапілы, выразаюць векавыя дубы, і ня толькі дубы. Калі не хапае, і сасну піляць. У тры зьмены стогуць піларамы італьянскія. І ўся прадукцыя рэалізуецца невядома куды. Паколькі ніводнага рубля не ідзе ў раён бюджэта. Гэта я як дэпутат Вярхоўнага Савета заяўляю, паколькі ў свой час рабіў запыт. Ні ў абласны, ні ў рэспубліканскі. Усё ідзе на рахунак Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Добрая праца для нашых людзей ды іх унукаў асабліва”.

Люблю наведваць у правінцыйных гарадках кнігарні. Бо немалую частку маёй бібліяэткі складаюць кнігі, набытыя менавіта ў правінцыі, дзе могуць часам заляжацца добрыя беларускія кнігі. Петрыкаўская кнігарня заінтрыгавала рэклямным надпісам на вакне: "Літаратура народаў РБ". Але ўбачанае ўнутры кнігарні расчаравала. Літаратура народаў РБ была прадстаўленая сэрыяй "Любимые романы девочек" ды іншай падобнай прадукцыяй суседняй дзяржавы. Беларускамоўны чытач павінен быў цешыцца параю кніжак – зборнікам Васіля Макарэвіча й томікам Янкі Брыля. Па тлумачэньні я зьвярнуўся да прадавачкі.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, вось так мала беларускамоўных кніг. Гэта таму, што яны не карыстаюцца ніяк попытам тут, у Петрыкаве?”

(Прадавачка: ) “Не. Выбар ёсьць вялікі, канечне. Але я б сказала, што іх разьбіраюць”.

(Карэспандэнт: ) “Якія-небудзь назвы Вы памятаеце?”

(Прадавачка: ) “Якуба Коласа ў нас была літаратура, яна ўся пайшла. Потым Шамякін быў, таксама разышлася літаратура. Дзіцячыя тонкія такія, брашуркі. Таксама разышліся. І зараз я была на адборы недзе пазаўчора. Прывоз будзе ў пятніцу. Таксама ёсьць беларуская літаратура”.

(Карэспандэнт: ) “Нельга сказаць, што беларускамоўная літаратура...”

(Прадавачка: ) “...не карыстаецца попытам. Карыстаецца. Беларуская энцыкляпэдыя была, я ня памятаю колькі, сем ці шэсьць тамоў. Яна разышлася, але болей мы не атрымлівалі. Але людзі пытаюцца”.

І як пасьля гэтых словаў успрымаць развагі кіраўнікаў беларускага кнігагандлю пра тое, што не прадаецца беларуская кніга? Аднак, вернемся да геаграфіі палітычнай. Ёсьць у Петрыкаве кабінэт, дзе на самым пачэсным месцы вывешаная "Пагоня" і нацыянальны сьцяг. Гэта офіс праваабарончай арганізацыі "Права й справа". Узначальвае яе былы мэр гораду Віктар Тарабей. Як сьцвярджае спадар Віктар, міжраённае праваабарончае аб'яднаньне "Права і справа" працуе на добраахвотных пачатках. Практычна фінансаваньне арганізацыі не ідзе ні па якой лініі.

(Тарабей: ) "Мы не атрымліваем грошай ні ад якіх фондаў, ні ад дзяржаўных структур. Працуем на валанцёрскіх пачатках. Мы неаднакратна ўдзельнічалі ў праектах і ў Тasis, і ў ІDEE. Але практычна на сёньняшні дзень ніводная з гэтых арганізацыяў нашыя заявы, нашыя ідэі не падтрымала”.

На погляд Віктара Тарабея, прычынай таму – заява праваабаронцаў пра свой няўдзел у палітыцы.

(Тарабей: ) "Займаемся простай праваабарончай дзейнасьцю. І гэтая простая праваабарончая дзейнасьць не цікавіць прадстаўнікоў гэтых фондаў. І яны ня лічаць патрэбным выдзяляць нам грошы для гэтай простай, чарнавой працы на месцах".

Яго калега па праваабарончай дзейнасьці Мікола Глушко працягвае:

(Глушко: ) "Да нас зьвяртаюцца вельмі шмат людзей. Адзін з такіх яскравых прыкладаў. У Петрыкаве працуе Вася Кандрашонак. Прыбірае вуліцу, мяце дворнік. Нечым не задаволіў начальніка камунхоза, і яго звольнілі з працы. Выдумалі нейкія парушэньні там. Зьвярнуўся ён да нас. Па нашай прапанове ён напісаў заяву ў суд. У судзе яго аднавілі на працы, выплацілі кампэнсацыю”.

Спадар Мікола ўзгадвае цікавую гісторыю з праваабарончага жыцьця:

(Глушко: ) "Выпадак такі забаўны з нашага жыцьця. Вярталіся мы зь Лельчыцаў, пад'яжджаем на паром. Паром ужо пачаў адыходзіць. Ну, паромшчыкі ўбачылі нас і вярнуліся. На прапанову – навошта іх браць, бо гэта БНФаўцы, – яны адказалі, што "гэта людзі не з БНФ, а гэта людзі, якія нас абараняюць".

Быць у Петрыкаве й ня зьезьдзіць у вёску Навасёлкі, вядомую тым, што тут жыў легендарны партызан дзед Талаш? Гэтага я дазволіць сабе ня мог. У партызанскай хаце зараз дзейнічае музэй, куды возяць петрыкаўскіх школьнікаў. Этнаграфічная частка мне падалася куды больш цікавай за ўласна партызанскую, прасякнутую савецкім духам. У талашовай хаце пануе жывы беларускі дух. Ні старая печка, ні сялянскія рушнікі, ні нават калыска не выглядаюць тут дэкарацыяй. У адрозьненьне ад кулямётаў і чырвоных сьцягоў галоўнай экспазыцыі, што месьціцца ў суседнім будынку, пабудаваным адмыслова пад музэй. Каля дома Талаша я сустрэў надта жвавага старога. Пачаставаўшы мяне самасадам, дзядок ахвотна падзяліўся сваімі думкамі пра сёньняшняе жыцьцё.

(Карэспандэнт: ) “Як увогуле жыцьцё ў вас?”

(Навасёлкавец: ) “Цяжкае”.

(Карэспандэнт: ) “А што такое?”

(Навасёлкавец: ) “Калгасы, саўгасы разваліліся, па-першае. У нашым аддзяленьні адзін ужо трактар. Каровы дохлыя, заражоныя”.

(Карэспандэнт: ) “А пэнсію плацяць?”

(Навасёлкавец: ) “Пэнсію атрымліваем. А ўвогуле развал – страшнае дзела. Развал поўнасьцю. Аб людзях ніхто нічога ня думае. Самі для сябе людзі стараюцца. То нанімаюць трактара, прыватніка. Зараз трактароў ёсьць. А дзе яны панабралі гэтыя трактары? Паўкрадалі ў калгасах-саўгасах, парабілі сваё. Дык гэта ж будзе толк”.

Сам таго ня ведаючы, сусед Талаша сваімі словамі толькі пацьвердзіў, што ніякага развалу няма. Калі ёсьць каму працаваць на тых трактарах.

Разьвітваючыся зь Петрыкавым, я зайшоў у вялікі праваслаўны Сьвята-Мікалаеўскі храм. Настаяцель храма, протаіярэй айцец Васіль Немеш, які прыехаў у Беларусь з Заходняй Украіны, наладзіў мне вельмі цікавую экскурсію.

(айцец Васіль: ) "Наш храм быў пабудаваны ў 1837-39 годзе. З таго часу ён працаваў да 1939 году. У 42-м годзе ён быў адкрыты. І з таго часу ён працуе да сёньняшняга часу. Храм... тое, што ў ім знаходзіцца – усё зьяўляецца сапраўдным. Нічога не было разбуранае, таму што тры гады, якія ён быў закрыты, знаходзіўся склад з мукой. Толькі калі закрывалі, былі пашкоджаныя іконы. Нашы савецкія доблесныя воіны-чэкісты стралялі па іканастасу. Магу паказаць. Вунь над Царскімі вратамі "тайная вячэра". У руцэ апостала. Бачыце? Ужо на другіх месцах пазамазвалі, а там пакінулі спэцыяльна, каб было бачна. А потым храм намолены. Яго, канечне, хацелі заркыць у 1957-м годзе. Але людзі адстаялі. Адстаялі і ня далі закрыць".

На разьвітаньне спадар Яўтуховіч вырашыў падзяліцца сваімі поглядамі адносна таго, што трэба рабіць палітыкам у правінцыі, каб дасягнуць посьпеху. Андрэй Мікалаевіч лічыць, што ягоныя рэцэпты датычацца ня толькі Петрыкаўшчыны.

(Яўтуховіч: ) "Фактычна, у такім грамадзтве сельскім, занядбаным, забітым, запалоханым, як Палесьсе, вось у гэтых глухіх раёнах, тут фактычна палітыкі як такой няма. Бо ёсьць толькі сацыяльны лад. І калі палітыкі нешта хочуць зрабіць з выбарцамі, электаратам у гэтым рэгіёне, яны павінны працаваць, на мой погляд, ня столькі ў палітычным напрамку, колькі менавіта ў сацыяльна-эканамічным. Даводзіць да людзей перш за ўсё інфармацыю гэтага напрамку. А ўжо потым пад справядлівасьць сваіх праграм сацыяльна-эканамічных падкладаць і палітычна-ідэалягічныя пастулаты. Бо інакш людзі проста не зразумеюць".
XS
SM
MD
LG