Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Глуск


Ягор Маёрчык, Глуск

Адказы мінакоў на пытаньне “Як дайсьці да гатэля?” прывялі мяне да старога трохпавярховага будынку. На дзьвярах вялікая шыльда: “Белорусский патриотический союз молодежи. Глуский раённый комитет”. Пра тое, што насамрэч гэта і ёсьць гатэль, напісана маленькімі літарамі недзе з боку, на выцьвілай шыльдзе.

Сюрпрызы працягваюцца. Пакоі на першым паверсе, акрамя згаданага БПСМу, займае крама аўтамабільных і роварных запчастак, натарыяльная кантора і колькі прыватных фірмаў. Гэта яшчэ што, — кажуць месьцічы, — да апошняга часу тут знаходзілася крама пахавальных прыналежнасьцяў. Ейныя ўладальнікі некалі ў мэтах рэклямы выставілі ў вітрыне гатэля труну.

Прыватнае прадпрыемства “Будаўнік” акрамя асноўнай дзейнасьці вымушанае гандляваць малаком і вяршкамі. Наведваю іхны аднапакаёвы офіс. У адным куце — сталы супрацоўнікаў, у супрацьлеглым — скрыні з малочнымі прадуктамі. Па тлумачэньні зьвяртаюся да бугальтаркі, якая па сумяшчальніцтве зьяўляецца прадавачкай.

(Прадавачка: ) “Лепей купіце ў мяне сыра й не дурыце мне галаву”.

Выконваю гэтае пажаданьне. Пасьля чаго нечакана чую:

(Прадавачка: ) “Ня буду нічога казаць, бо пасьля будзем без заробку сядзець. Ідзіце й не дурыце мне галаву”.

Бугальтарка-прадавачка ведае, чаго баяцца. Ня так даўно тутэйшае аддзяленьне аднаго зь беларускіх банкаў непасрэдна ў апэрацыйнай залі гандлявала каўбасамі. Пасьля карэспандэнцыі ў раёнцы гэтым зацікавілася санэпідэмстанцыя, і ў банкіраў пачаліся праблемы.

Як удалося высьветліць, будаўнікі атрымліваюць прысмакі ў якасьці разьліку за свае паслугі ад безграшовага масласырзаводу. Такі гандаль выгадны бадай толькі мясцоваму насельніцтву. Харчы каштуюць нашмат таньней, чым у крамах: іх прадаюць па сабекошце.

Самым папулярным бізнэсам у мястэчку зьяўляецца гандаль рэчамі сэканд-хэнд — вопраткай і абуткам, якія былі ва ўжытку. Такіх кропак тут блізу дзесяці. Пераважная бальшыня нелегальная.

Ларыса Язылец працуе ў школе. Прызнаецца, што, вобразна кажучы, на няякасны глускі хлеб зарабляе, а на масла, нават без гандлёвай нацэнкі, грошай ужо не хапае. Нядаўна ад сваёй сяброўкі, якая пакінула гэтую мясцовасьць, атрымала ў спадчыну рэшткі складоў з паношаным адзеньнем. Не звальняючыся з працы, афіцыйна зарэгістравалася прыватным прадпрымальнікам і адчыніла краму.

(Язылец: ) “Рэчы, хоць трохі й паношаныя, але ў вельмі добрым стане. І каштуюць мала: джынсы — да 10 тысяч беларускіх рублёў, а больш паношаныя тысячу–паўтары. На кожнай рэчы вісіць цэтлік. Яны бываюць і ад Вэрсачы, і ад вельмі знатных дамоў. Па іх бачна, што яны зробленыя ў фірмах. Багатыя людзі дзеляцца з намі сваімі прыгожымі рэчамі. Пазначана, што яны былі ва ўжытку. Яны маюць спэцыфічны пах дэзінфэкцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі, якія набываюць, ці яны ведаюць, што азначае гэты пах?”

(Язылец: ) “Мы абавязкова тлумачым. Рэакцыя, вядома, бывае неадэкватная. У розных людзей па-рознаму: адныя радуюцца, а іншыя — гідзяцца, а пасьля прызвычайваюцца. Заробкаў не хапае, каб набываць каштоўныя рэчы на рынку. Больш паловы Глуску ходзіць у сэканд-хэндзе”.

У Глуску няма краязнаўчага музэю. Тым ня менш штолета жыхары могуць назіраць экспазыцыі зь мінулага сваёй бацькаўшчыны пад адкрытым небам. Апошнімі гадамі Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук ладзіць раскопы рэштак Глускага замку. Сьляды адной з самых непрыступных фартэцыяў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай знаходзяцца ў некалькіх мэтрах пад гарадзкім стадыёнам і навакольнымі будынкамі.

Летась натрапілі на падземны ход, які, паводле легендаў, цягнецца ажно да самага Бабруйску. Гэтым разам пашанцавала меней: дасьледавалі дзядзінец, знайшлі толькі рэшткі хатняга скарбу і фрагмэнты геральдычнай кафлі.

Сталы ўдзельнік раскопаў, мясцовы жыхар Сяргей Сяргееў жаліцца, што з кожным годам працаваць становіцца ўсё цяжэй. Бракуе грошай нават на тое, каб наняць землякопаў.

(Сяргееў: ) “Мясцовая ўлада... У іх няма вялікага зацікаўленьня, ці можа разуменьня таго, што гэта трэба захоўваць. Тое, што знаходзіцца падчас раскопаў, мае нейкую каштоўнасьць толькі для навукоўцаў. Для простага чалавека (якога-небудзь старшыні райвыканкаму) гэта нічога ня значыць. Калі б знайшлі скарб з каштоўнымі манэтамі, тады б і грошы даваліся, і фінансаваньне якое-небудзь было. Цікавасьць уладаў да гэтага зьмяншалася, зьмяншалася — і цяпер дайшло да таго, што толькі добраахвотнікі дапамагаюць гэтай справе”.

А пакуль на стадыёне, дзе я цяпер знаходжуся, у атачэньні рэшткаў старажытных абарончых валоў стала ладзяцца спаборніцтвы лесарубаў.

Сучаснай адметнасьцю Глуску зьяўляецца тутэйшы дзіцячы дом. Збольшага тут знаходзяцца хлопчыкі й дзяўчынкі з запаволеным разумовым разьвіцьцём. Эканамічныя праблемы вымушаюць іх займацца натуральнай гаспадаркай. Пад наглядам выхавацеляў яны вырошчваюць на свой стол садавіну і гародніну. Што да вопраткі, усё спадзяваньні на замежную гуманітарную дапамогу.

Самы цяжкі аддзел дзіцячага дому, гэтак званая “група лежакоў” — дзеці, якія пакутуюць на параліч цэнтральнай нэрвовай сыстэмы.

Пакуль у краінах Заходняе Эўропы ідуць гарачыя дэбаты адносна магчымасьці эўтаназіі — добраахвотнага сыходу з жыцьця, у Глускім дзіцячым доме выхавацелі й мэдыкі (з аднаго боку) і хворыя (з другога) завочна прыйшлі да адзінай думкі.

Выхавацелька Надзея Вярыга:

(Вярыга: ) “Працаваць цяжка: гэта жах у вачах, гэта жах у сэрцы, бо вельмі балюча глядзець на гэтых дзяцей. Дзяўчынка ў нас у групе ляжыць. 22 гады ёй. Яна толькі можа адной рукой рухаць. Я ў яе кладу хлеб, яна можа есьці яго. Яна ўсё гэта выдатна разумее. Яна гаворыць: я бы лепей памерла. Магчыма, мая думка і падасца барбарскай, але я лічу: у дадзеным выпадку нашая гуманнасьць не патрэбная. Асабліва да тых дзяцей, якія нічога не разумеюць”.

Некалі ў мястэчку існавалі суполкі бальшыні апазыцыйных палітычных партыяў. Пасьля прадстаўніцтвы прыйшлі ў заняпад і фактычна спынілі сваю дзейнасьць. Пэўная частка актывістаў зьехала на заробкі на нафтавыя радовішчы Расеі. І гэта пры тым, што ні Глуск, ні ягоныя жыхары ніякага дачыненьня да гэтай галіны прамысловасьці ня маюць.

Тыя, хто застаўся, папоўнілі шэрагі Беларускага клюбу выбарцаў. Ігар Кірын узначальвае рэгіянальную суполку гэтай арганізацыі. Адказваючы на пытаньне пра вясновыя выбары ў мясцовыя саветы, ён нярэдка ўжывае адмоўную часьціцу “не”.

(Кірын: ) “Я нічога не магу сказаць, які настрой пануе ў людзей наконт гэтых выбараў. Пра іх у нас ніхто ня ведае. І ніхто ня думае. Да нас гэта яшчэ не дайшло. Я так сама ня ведаю, якая стратэгія існуе дзесьці там, у кіраўніцтве дэмакратычнай апазыцыі наконт гэтых выбараў. Я ня ведаю такіх людзей, якія гатовыя балятавацца ў дэпутаты мясцовых саветаў. Калі хто-небудзь пагодзіцца, вынік перадвызначаны: усё будзе падлічана такім чынам, як загадае начальства наверсе”.

Калі праўда, што “ў Слуцку ўсё па-людзку”, а “ў Мінску ўсё па-сьвінску”, дык можна сказаць, што “ў Глуску ўсё па-руску”. Тут я адшукаў толькі адзін беларускамоўны надпіс. На аблезлай шыльдзе даўно зачыненага шапіку можна разабраць слова “Крама”.

Дакладна вядома, што ў дзесяцітысячным населеным пункце няма ніводнага чалавека, які б стала размаўляў па-беларуску. Сын расейскіх вайскоўцаў Ігар Кірын час ад часу намагаецца рабіць гэта. Кажа, што цяжка, наракае на адсутнасьць моўнага асяродку.

Наколькі вялікую ролю іграе гэтае самае атачэньне, пацьвярджае рэальны прыклад інваліда Ларысы Дзьякавай і ейнай унучкі.

(Дзьякава: ) “Унучка была маленькая, дык я яе вучыла па-беларуску. Яна ў дзіцячым садочку даказвала, што гэта не “луна”, а “месяц”. А пасьля нулёўку скончыла. Яна ўжо не размаўляе. Гавару: “Таня, як твае справы?” Раней казала “Выдатна!”, а цяпер гаворыць “Отлично”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, давайце паклічам вашую ўнучку”.

(Дзьякава: ) “Таня, хадзі сюды!”

(Карэспандэнт: ) “Бабуля цябе вучыла па-беларуску, а чаму ты па-расейску размаўляеш?”

(Таня: ) “Прызвычаілася па-расейску і ўжо па-беларуску неяк нязвыкла. Калі я была маленькая, размаўляла па-беларуску, а цяпер — не. Як заканчвала сярэднюю групу, пачала размаўляць па-расейску. Я хацела й далей размаўляць па-беларуску, але адвыкла, бо ўсе размаўляюць па-расейску. З часам усё забываю”.

Па вялікім рахунку, Глуск мала чым адрозьніваецца ад іншых раённых цэнтраў Магілёўшчыны — як візуальна, так і ладам жыцьця.

Тут няма ўласнай незалежнай газэты. Альтэрнатыўныя пукнты гледжаньня на падзеі ў родным горадзе жыхары чытаюць у інфармацыйных бюлетэнях, якія выдае філія Клюбу выбарцаў. Ігар Кірын таксама наладзіў электронную рассылку мясцовых навінаў. Да таго ж увесь сьвет можа сачыць за жыцьцём мястэчка праз сайт www.hot.ee/glusk.
XS
SM
MD
LG