Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дрыбін


Ягор Маёрчык, Дрыбін

Нагрузіўшы тры трактарныя прычэпы гною, Лукашэнка вырашыў адпачыць. Сеў у цяньку скірды саломы. Паглядзеў на гадзіньнік: да канца доўгай летняй зьмены заставалася яшчэ некалькі гадзінаў.

Вонкава спакойны і разважлівы трактарыст саўгасу “Дрыбінскі” Ўладзімер Лукашэнка ўзрушваецца, калі заводзіш гаворку пра ягонага аднафамільца — кіраўніка Беларусі.

(Лукашэнка: ) “Ён мне не падабаецца. У яго няма эканамічнай праграмы. Ён не выконвае сваіх абяцаньняў. Я не галасаваў на першых выбарах, быў супраць на рэфэрэндуме і не галасаваў на другіх выбарах за яго”.

(Карэспандэнт: ) “Як жывецца чалавеку з прозьвішчам Лукашэнка?”

(Лукашэнка: ) “Так сама, як і астатнім калгасьнікам: грошай няма, куча дзяцей. У Менск едзьце, там пабачыце жывога Лукашэнку. А я ўжо нежывы. У напаўпрытомным стане. Калгасы ў напалову прытомным стане — і мы, адпаведна. Завуць усе прэзідэнтам, дый усё”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы ставіцеся да таго, што вас дражняць “прэзідэнтам”?”

(Лукашэнка: ) “Лепей, чым да якога “дурня”. А чаго мне мяняць сваё прозьвішча? Добрае прозьвішча! Калі яго выбралі, дык што я, мушу мяняць прозьвішча? Стану я, прыкладам, Сідаравым. А праз тры гады возьмуць ды Сідарава выберуць. Яшчэ горш будзе. А што тады? Зноўку мяняць прозьвішча?”

(Карэспандэнт: ) “А хацелі б стаць прэзыдэнтам?”

(Лукашэнка: ) “Нашто яно мне? Хай разумныя людзі будуць прэзыдэнтамі. На тое яны й вучыліся”.

Як тут жартуюць, “Дрыбінскаму” ня можа дапамагчы нават Лукашэнка. Сёлета ўпершыню за ўсе гады існаваньня выдаткі перавысілі прыбытак і ў колішні саўгас-мільянэр папоўніў доўгі сьпіс стратных гаспадарак раёну.

(Калгасьнік: ) “130 тысяч налічана. Ці гэта заробак, калі хлеб 500 рублёў каштуе? Сам сабе гэтае пытаньне задаваў і не магу прыйсьці да адказу. Хто ў гэтым вінаваты? Ці нашая палітыка? Ці штосьці іншае? Д’ябал яго ведае! Нас і інфармуюць дрэнна. Выбары былі... І той кандыдат, і той кандыдат у прэзыдэнты... Ці куды яны там выбіраюцца? Я іх не разумею. Я ў палітыку ня лезу”.

“Я ў палітыку ня лезу” — гэты выраз пачуць тут можна вельмі часта. Насамрэч усе, хто працуе ў саўгасе, яшчэ ня так даўно адстойвалі свае правы менавіта палітычнымі мэтадамі.

1999-ы. У найлепшых традыцыях эўрапейскіх фэрмэраў мэханізатары выгналі машыны з гаража, паставілі іх у адзін шэраг, а даяркі дэманстратыўна вылілі на зямлю малако. У саўгасе “Дрыбінскі” адбыўся страйк. Такім чынам людзі запатрабавалі выплаты заробку. Тры гады таму вэртыкаль не на жарт перапужалася і хутка знайшла грошы.

Калі тое самае хацелі паўтарыць сёлета і вясной, чыноўнікі наўпрост заявілі вяскоўцам: такім чынам вы нічога не даб’ецеся. Маўляў, можна страйкаваць колькі заўгодна, вашае малако вялікіх грошай не прыносіць. Як вынік, акцыя пратэсту не адбылася.

Я сустрэўся зь Мікалаем Юрковым. Гэта той чалавек, які навучыў сялянаў страйкаваць. Не адзін год ён быў самым вялікім галаўным болем раённага начальства. Мяркуйце самі. Дырэктар утварыў у падуладным яму саўгасе суполкі Беларускага Народнага Фронту і Таварыства беларускай мовы. Пры кожным зручным моманце адкрыта выказваў сваё стаўленьне да Лукашэнкі-прэзыдэнта, здольнасьці якога ўведаў, яшчэ калі той кіраваў занядбаным саўгасам “Гарадзец”. І пры гэтым “Дрыбінскі” быў адной з самых моцных гаспадарак Магілёўшчыны. А сам Юркоў меў непахісны аўтарытэт у падначаленых.

Чыноўнікі з раённай адміністрацыі ўздыхнулі з палёгкай, калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Мікалай Юркоў дэманстратыўна пайшоў у адстаўку. Цяпер увіхаецца над парнікамі з памідорамі, маладымі сажанцамі яблыняў і вульлямі.

(Юркоў: ) “Я далейшай пэрспэктывы калгаснага ладу без рэформы ня бачу. З гэтым кіраўніцтвам я ні за якую рэформу не вазьмуся. Я думаў, што на выбарах нешта зьменіцца, і будзе сэнс працаваць. Я сказаў, што калі ў маім калгасе пераможа Лукашэнка, я ня бачу ніякага сэнсу”.

(Карэспандэнт: ) “Палітычныя погляды мясцовага насельніцтва. Што гэта такое, якімі словамі іх можна апісаць?”

(Юркоў: ) “Балота! Стаялае балота без канавы! На такім узроўні ўсё знаходзіцца, што адкрываць лікбез трэба”.

Мікалай Юркоў крыху недаацэньвае ўзровень палітычнай сьвядомасьці месьцічаў. Гэта паказвае хада леташняй прэзыдэнцкай кампаніі. У тыя месяцы з пачатку да збору подпісаў за кандыдатаў на прэзыдэнта, а пасьля і да назіраньня за галасаваньнем спрычынілася нямала людзей. Вось далёка ня поўны пералік сьмелых: суполка Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў поўным складзе — а гэта тры актывісты “са стажам” плюс цяперашні дырэктар саўгасу “Дрыбінскі”, разам зь імі — кіраўнік мясцовай філіі аднаго зь беларускіх банкаў і нават сёй-той з супрацоўнікаў міліцыі.

Ячшэ адзін красамоўны факт: Дрыбіншчына — гэта адзіны ў Беларусі рэгіён, дзе за Ўладзімера Ганчарыка падпісалася болей, чым за Аляксандра Лукашэнку.

На будучых выбарах у мясцовыя саветы ўжо некалькі месьцічаў гатовыя балятавацца ў дэпутаты. Жаданьне сустрэцца з такім чалавекам прывяло мяне ў дом быту. Тут Надзея Шакурына працуе прадавачкай у кафэтэрыі. Ейныя адказы на пытаньні пра будучую палітычную кампанію можна назваць тыповымі:

“Так, у мясцовых саветаў замала паўнамоцтваў”.

“Так, нешматлікія дэмакратычныя дэпутаты, нават калі яны туды і трапяць, ня змогуць уплываць на ўхваленьне рашэньняў”.

“Так, маючыя адбыцца выбары ў сэнсе дэмакратычнасьці й адкрытасьці мала чым будуць адрозьнівацца ад прэзыдэнцкіх”.

На разьвітаньне пытаюся Надзею Шакурыну — на чыю падтрымку яна разьлічвае, хто ейныя выбаршчыкі? І чую ў адказ:

(Шакурына: ) “У мяне вельмі шмат знаёмых. Я тут больш за 10 гадоў працавала начальнікам сьледчага аддзяленьня РАУС. Нават тыя людзі, супраць якіх я вяла справы, — злачынцы — я лічу, што яны мяне павінныя падтрымаць”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы думаеце, што злачынцы вас прадтрымаюць?”

(Шакурына: ) “Перш за ўсё гэта людзі. І ў мяне засталіся зь імі даволі добрыя адносіны. І гэта нягледзячы на тое, што я ім нічога добрага не зрабіла. Пакараньні былі розныя, але зла яны на мяне не трымаюць. І мы засталіся добрымі сябрамі. Мне заўсёды прыемна, што калі яны сустракаюць мяне, першая фраза, якую яны кажуць, гэта: “Мы на вас не крыўдуем”.

У выпадку перамогі Надзея Шакурына маецца падвысіць аўтарытэт улады праз вырашэньне надзённых праблемаў мястэчка і раёну. І вось тут можа ўзьнікнуць канфлікт інтарэсаў паміж ёй і выбарцамі.

Чыноўнікі ўважаюць, што галоўнай праблемай Дрыбіншчыны зьяўляецца п’янства і выраб самагону. “Затое ў нашым рэгіёне няма наркаманіі”, — завочна адказваюць афіцыйным асобам аматары алькаголю. Як бы там ні было, а п’юць тут сапраўды нямала.

Шавец Сьвятаслаў называе сябе дзіцём СССР. У маленстве разам з бацькамі-геолягамі з дваццаць разоў пераяжджаў з адной саюзнай рэспублікі ў іншую. Ужо дарослым асеў у Дрыбіне й цяпер шые боты. Як сам кажа, “паводле прафэсійных абавязкаў сутыкнуўся з самагонам”.

(Сьвятаслаў: ) “Калі да гаспадара прыходзяць і ён гарэлку на стол ставіць, гэта як непавага ўспрымаецца. Якасьць гарэлкі такая, што калі хочаш чалавеку дрэннае зрабіць, напаі яго гарэлкай. Самагон успрымаецца “на ўра” за любым сталом”.

(Карэспандэнт: ) “З чаго гоняць?”

(Сьвятаслаў: ) “Некаторыя з дэмідролу, хтосьці з казэіну — хто чым хоча атруціцца”.

(Карэспандэнт: ) “Як гэта з дэмідролу можна гнаць самагон?”

(Сьвятаслаў: ) “Дэмідрол у самагон дадаецца. Па башке больш дае. Галоўнае для народу — напіцца і забыцца”.

Сёньня Дрыбін жыве ў чаканьні масавых звальненьняў. Па сканчэньні жніва мясцовыя ўлады падышлі да выкананьня прэзыдэнцкага загаду пра скарачэньне на 10% штатаў арганізацыяў.

Людзі, якія ўжо засталіся на вуліцы, кажуць, што тэрмінова трэба ствараць новыя працоўныя месцы. Адныя з зайздрасьцю паглядаюць у бок дробных прадпрымальнікаў і кірмашных гандляроў. Іншыя — прапануюць адкрываць новыя прамысловыя прадпрыемствы.

У сельска-гаспадарчым рэгіёне ёсьць усяго адзін толькі завод — маславы. Паводле формы гаспадараньня — акцыянэрнае таварыства. Начальнік вытворчага ўчастку Аляксандар Латушкін цьвердзіць, што гэта толькі намінальна. Ён наракае — стыль працы з савецкага часу так і не зьмяніўся:

(Латушкін: ) “Само прадпрыемства ня мае ніякіх правоў, хаця на паперы яны ёсьць, а ў жыцьці іх няма. Спрабавалі ў нас паставіць пытаньне пра тое, што мы павінныя кіраваць прадпрыемствам. Але гэта не падабаецца начальству. Пра гэта мы пакуль што толькі марым, каб гэта было на справе, мелі б мы зусім іншае жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “Фактычна хто цяпер кіруе прадпрыемствам?”

(Латушкін: ) “Вышэйшыя мясцовыя органы на чале з абласным начальствам. Даюць каманды: штодзень па пяць–шэсьць тэлеграмаў з рознымі камандамі. Каб кудысьці прадаць сваю прадукцыю, трэба атрымаць дазвол вялікай колькасьці кіраўнікоў. Калі можна прадаць за адну цану, пакуль атрымаеш дазвол, дык ужо цана памянялася, ці якія новыя загады зьявіліся. І пасьля губляеш кліентаў і грошы”.

Дрыбін — бадай што самы малады раённы цэнтар Беларусі. Да 1989 году 2-тысячнае мястэчка было ўсяго толькі сядзібай калгасу. За новы статус карэнных жыхарам трэба, так бы мовіць, сказаць “дзякуй” аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Яшчэ ў савецкі час сюды перасялілі вялікую колькасьць людзей з забруджаных мясцовасьцяў. А пасьля ўтварылі новую тэратарыяльна-адміністрацыйную адзінку.

Некалькі гадоў мястэчка выглядае адной вялікай будоўляй. Шпаркімі тэмпамі тут узводзяць атрыбуты раённага цэнтру. Ужо ёсьць новы райвыканкам, новы гатэль, новая рэстарацыя, новы дом быту — карацей кажучы, тут усё новае.

Прычым вонкава будынкі адрозьніваюцца ад помнікаў савецкай архітэктуры. Сьцены ня шэрыя, а вытрыманыя ў сьветлых колерах. У вокнах — не заляпаныя белай фарбай шыбы, а шклопакеты. Бітум адышоў у мінулае, замест яго — чырвоная дахоўка.

На сутыку архітэктуры, гісторыі й нават палітыкі існуе яшчэ адна станоўчая адметнасьць — у Дрыбіне няма помніка Леніну.
XS
SM
MD
LG