Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хватынка


Ягор Маёрчык, Хватынка

Вёска Хватынка. Дзьве радоўкі сялянскіх хатаў утвараюць адзіную вуліцу. Ды й такую малую па памерах, што нават назвы ў яе няма. Гэты населены пункт не знайсьці на мапах Беларусі й Менскай вобласьці. А на плянах раёну яна пазначаная маленькай кропкай – у складзе тутэйшага калгасу “Абчуга”. Між тым, гэтае паселішча вядомае далёка за межамі Беларусі, нават у Індыі. Тут знаходзіцца адзіная на тэрыторыі колішняга Савецкага Саюзу фэрма Суполкі сьвядомасьці Крышны.

Неасфальтаваная дарога. Пакінутыя сялянскія хаты з выбітымі шыбамі і празрыстымі дахамі. Нават мясцовыя жыхары ня могуць дакладна сказаць, колькі людзей жыве ў вёсцы. Называюць розныя лічбы – ад 11 да 16. Я на ўнасныя вочы пабачыў толькі шэсьць. Самага маладога зь іх дражняць “хлопчыкам”. Яму 45 гадоў. Астатнім – за семдзясят.

“Хлопчык” размаўляць са мной адмовіўся, спаслаўся на тое, што трэба гатаваць сьнеданьне і зьнік у сваёй хаце. А ягоная суседка баба Феня мікрафона не спужалася.

(Феня: ) “Я прарабіла ўсё жыцьцё і ў калгасе, і ў саўгасе, пэнсію зарабіла 53 тысячы. Усё даражэе, а пэнсіі не дадаюць: якая была, такая і ёсьць. Не хапае грошай. Вось так і выжываем. Няма дык і няма. Ну што тут будзем рабіць. Аляксандар Лукашэнка як толькі выбірацца, накіне гэтым пэнсіянэрам па тысячы–дзьве. Мы за яго і галасавалі”.

Пра фэрму Суполкі сьвядомасьці Крышны, што знаходзіцца на ўскрайку вёскі, мая суразмоўцы адгукаецца станоўча. “Папы”, “сьвятыя” альбо “крышны” (так іх тут называюць) – гэта адметнасьць і гонар Хватынкі. Баба Рая, як і любы іншы жыхар вёскі, можа распавядаць пра іх доўга і забаўна.

(Рая: ) “Крышны” ў нас гэтыя жывуць. Культурныя такія. Аднойчы паклікалі, дык мы хадзілі. Ой! Як яны нас частавалі! Ды й смачна! Толькі што сядзець трэба было на падлозе. Яны нам ніколькі не перашкаджаюць. Праўда, дзікая ў іх малітва: “харэ-харэ-харэ-харэ”. Яны не сьціхаючы моляцца. Памерла ў нас суседка. І прывозілі бацюшку адпраўляць. Прыйшлося да слова, дык ён кажа: “Гэта – не папы, гэта – саната”. А нам якая розьніца, абы людзі жылі й усё”.

Пяць тысяч гадоўаму Гасподзь-Крышна выгнаў людзей у матэрыяльны сьвет, бо яны надта жадалі жыць у асалодзе. З тых часоў вернікі вымольваюць дараваньне. 10 гадоў таму ў Беларусі афіцыйна зарэгістравалі Суполку сьвядомасьці Крышны. Адразу ж пачалося будаўніцтва фэрмы. Яе меркавалася зрабіць земляробчай камунай.

Першы час уся наваколіца хадзіла глядзець на вайшнаваў (а менавіта так правільна называюцца крышнаіты) як на сапраўднае дзіва: ня п’юць, ня паляць, мацюкамі ня лаяцца, мяса, рыбу і яйкі не ядуць, сьпяваюць дзіўныя песьні, граюць на экзатычных інструмэнтах, а яшчэ цьвердзяць, што сэксам займаюцца выключна каб пасьля нарадзіць дзіця. Тутэйшае мужчынскае насельніцтва і дагэтуль дзівіцца стаўленьню да алькаголя.

Вось што давялося пачуць ад карэнных жыхароў дзеда Аркадзя і Сямёна:

(Аркадзь: ) “Аўталаўка прыходзіць у сераду. Прывозяць хлеб, крупу, муку, віно. Гарэлку прывозяць. Бяры толькі. Але дорага цяпер – дзьве з паловай тысячы”.

(Карэспандэнт: ) “А што п’юць? Сваё?”

(Аркадзь: ) “Сваё? Не. Купляюць: сваё няма каму гнаць ужо”.

(Карэспандэнт: ) “Крышнаіты зь мясцовым насельніцтвам нейкім чынам кантактуюць? Да вас у госьці ходзяць?”

(Аркадзь: ) “Яны гарэлку ня п'юць”.

(Карэспандэнт: ) “Дык што, няма чаго і ў госьці хадзіць?”

(Аркадзь: ) “Так”.

(Сямён: ) “Ня п’юць яны. Гэта добра, вядома. Гэта лепей, калі ня п’юць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў калгасе “Абчуга” людзі ці п’юць?”

(Сямён: ) “Цяпер ужо большая частка закадавалася. Па дзесяць разоў кадуюцца! Яму дасьць старшыня грошай, паедзе закадуецца. Адтуль едзе п’яны. Ён ужо закадаваўся”.

(Карэспандэнт: ) “Ён адзначыў, што закадаваўся?”

(Сямён: ) “Так. Ужо гатовы. Пасьля зноў просіць грошай: кадавацца паеду. Ай! Тут ужо па колькі разоў кадаваліся! А сэнс які?”

У веравызнаньні крышнаітаў цэнтральнае месца займаюць карова-маці і бык-бацька. Як пачыналі будаць фэрму, у Хватынку зь Індыі прывезьлі некалькі валоў, якія разумелі каманды выключна па-ангельску. Тых жывёлаў даўно няма на белым сьвеце. І цяпер жыхары фэрмы трымаюць звычайнае беларускае быдла, якое некалі набылі ў тутэйшым калгасе. Але легенды пра іншаземных кароваў жывуць у Хватынцы і дагэтуль.

Карэнны жыхар дзед Міхайла распавядае:

(Міхайла: ) “У нас засталося толькі чатыры каровы. А ў іх дваццаць кароваў. Узімку сена не даюць. Яны ўзімку пасьвяцца. Вось гэта каровы! Мабыць з Амэрыкі ім завезьлі. Ці адкуль?”

Перагаварыўшы ледзь не з усімі вяскоўцамі, я накіроўваюся на ўскраек Хватынкі, дзе месьціцца фэрмаў крышнаітаў.

Тое, што паўстае перад вачыма, можна параўнаць з гэтак званымі царскімі вёскамі пад Менскам. Недабудаваны вялізны чатырохпавярховы дом. Каб не бур’ян, у якім хаваюцца будматэрыялы, можна было б падумаць, што праца прыпынілася толькі на кароткі час і рабочыя пайшлі на абед.

Першая сустрэча. Ала Ціханчук. У размове зь ёй я пачынаю шукаць пацьверджаньне таму, што пачуў у вёсцы.

(Карэспандэнт: ) “Як гэта ўзімку можна пасьвіць каровы?”

(Ціханчук: ) “Гэта вельмі проста. Яны мордамі разрываюць сьнег і ядуць траву, што вырасла летась, і здабываюць зялёненькую траўку нават зімой. Ёсьць перавагі, калі зімой пасьвяць каровы. Мы не змаглі бы даглядаць столькі жывёлаў. А так каровы ўзімку самі сабе здабываюць ежу. І таму мы можа трымаць нашмат болей кароваў, чым мясцовыя жыхары. І калі б у калгасах так сталі рабіць, жыць было б значна лягчэй”.

Дарэчы, сьвятыя жывёлы і ёсьць самай вялікай праблемай жыхароў фэрмы. Штогод іх становіцца ўсё болей і болей. Сілаў даглядаць ўжо не хапае, а прадаць і забіваць кароваў не дазваляе веравызнаньне.

Гаспадарка крышнаітаў – гэта 125 гектараў зямлі (зь якіх апрацоўваецца толькі траціна), 20 кароваў (гэта нават болей, чым дойны статак у калектыўнай гаспадарцы “Абчуга”). Насельнікі кажуць, што доўга “жылі калгасам”. А пазьней у межах фэрмы падзялілі землю і абавязкі, у выніку чаго прадуктыўнасьць працы значна вырасла.

У недабудаваным чатырохпавярховым доме жыве 10 чалавек. Дзьве сям’і плюс некалькі самотнікаў.

Празь нястачу грошай у доме нармалёва абсталяваны толькі адзін пакой – малітоўня: сьцены пафарбаваныя, на падлозе – дываны. Усе астатнія памяшканьні – гэта голая цэгла і бэтонныя падлогі. Сьпяць на лежаках. Сьвятло абрэзалі яшчэ летась за няўплату. Разам з электрычнасьцю зьнікла і вада, якую помпай качалі са сьвідравіны. Цяпер жыхары фэрмы зьбіраюць тое, што льецца зь неба і час ад часу езьдзяць за колькі соцень мэтраў да калёнкі. Пра тое, што робіцца на плянэце Зямля, даведваюцца з прыймача на сонечных батарэях, сувязь са зьнешнім сьветам – адзіны ў Хватынцы тэлефон.

Цяперашні ўзровень камфорту не засмучае бадай нікога. Аляксандар Макаранка пачынаў будаваць фэрму, бачыў ейнае нараджэньне, росквіт і заняпад.

(Макаранка: ) “Асноўная наша мэта – гэта духовае разьвіцьцё, унутранае жыцьцё, а яно не залежыць ад зьнешніх акалічнасьцяў. І больш за тое: вельмі камфортнае жыцьцё не спрыяе духоваму ўдасканаленьню. Яно заварожвае чалавека і робіць яго гаспадаром у гэтым сьвеце. Для духовага жыцьця гэта дрэнна”.

Крышнаіты моляцца, чытаюць мантры на санскрыце. Але для пашырэньня кола вернікаў перакладаюць сваё сьвятыя кнігі на розныя мовы сьвету. Я трымаю ў руках бібіліяграфічную рэдкасьць – выдадзеныя невялікім накладам дзьве тоненькія кнігі на беларускай мове. Яны аднагодкі фэрмы. На пачатку 90-х колішні камуніст з 30-гадовым стажам Юры Агараднічэнка працаваў на будоўлі ў Хватынцы і займаўся перакладам.

(Агараднічэнка: ) “Наведнікі храма выказвалі жаданьне, каб кнігі былі таксама і на беларускай мове. Я з задавальненьнем узяўся за гэтую справу”.

(Карэспандэнт: ) “Як сустрэлі пераклад сябры суполкі тут, у Беларусі?”

(Агараднічэнка: ) “Задаволеныя. У людзей гонар зьяўляўся за беларускую мову, за беларускасьць”.

Паводле веравызнаньня Крышны, уся уладаў ідзе ад Бога, і таму яе трэба паважаць. Удзел у грамадзка-палітычным жыцьці ў вернікаў зводзіцца да галасаваньня на выбарах.

Жыхары фэрмы кажуць: “У нас няма ніякай апазыцыі”. А пра стаўленьне з боку мясцовай вэртыкалі, кіраўніцтва калгасу ды шараговых людзей кажуць рознае. Адныя цьвердзяць, што ўлады апякаюць іх, бо, маўляў, Хватынка з фэрмай – гэта экзотыка, адметнасьць у маштабах усёй Беларусі. Другія наракаюць, што за падамогу (як спатрэбіцца) калгас бярэ ў некалькі разоў болей, чым з тутэйшага насельніцтва. Трэція кажуць, што карэнныя жыхары зайздросьцяць і часам нават рэзка выказваюцца пра насельнікаў фэрмы. Але ўсе разам яны спачуваюць кіраўніцтву Беларусі, абласному ды раённаму начальствам і старшыні калгасу. Чаму? Тлумачыць прэзыдэнт фэрмы Уладзімер Ціханчук:

(Ціханчук: ) “У народзе ёсьць такое меркаваньне: быць старэйшым, быць прэзыдэнтам – гэта вельмі добра, бо гэта дае матэрыяльныя выгоды. Іншы бок гэтага пытаньня: быць кіраўніком – гэта вельмі цяжка і няпроста. У Сьвятых Пісаньнях ёсьць цьверджаньне: на прэзыдэнта кладзецца 10% кармы, 10% адказнасьці яго падначаленых. Людзі не разумеюць гэтага, але гэта вельмі небясьпечна. Калі ў гэтай краіне зьдзяйсьняюцца розныя грахаўныя дзеяньні, нічога добрага гэтага чалавека не чакае ў будучыні”.
XS
SM
MD
LG