Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слаўгарад (Прапойск)


Ягор Маёрчык, Слаўгарад

Да 1945 году Слаўгарад быў Прапойскам. А ягоныя жыхары — прапойцамі. Тут праходзіла мяжа абароны нямецкіх войскаў. Савецкім аддзелам, якія прарвалі яе, пазьней вырашылі даць імя гораду. Але словазлучэньне “Прапойская ордэну Чырвонага сьцяга танкавая дывізія” — для прадстаўнікоў савецкай улады гучала неяк двухсэнсоўна. Менавіта таму горад вырашылі пераназваць. Сёньня месьцічы атаясамліваюць сябе са Слаўгарадам. Гістарычнага варыянту назвы тут больш не пачуеш.

Ціхае васьмітысячнае мястэчка. Пераважна аднапавярховыя дамы. Пайсьці няма куды. Каб даехаць да Менску, трэба больш за шэсьць гадзінаў трэсьціся ў старым аўтобусе, які матляецца па пыльных дарогах. Наўпроставых маршрутаў назад, у сталіцу Беларусі, няма. Туды можна дабрацца толькі адзіным транзытным аўтобусам, альбо праз Магілёў ці Гомель. Да таго ж Прапойшчына — зона радыеактыўнага забруджваньня з правам на адсяленьне. Менавіта так уяўляе гэты рэгіён новасьпечаны малады спэцыяліст. Калі ён лекар альбо настаўнік, дык па сканчэньні ВНУ мае ўсе шанцы быць разьмеркаванымі сюды на працу.

Пяць гадоў таму, калі прымусовае працаўладкаваньне толькі адрадзілі, такі лёс нападкаў настаўніка Ўладзімера Арлова.

(Арлоў: ) “Я скончыў Мазырскі пэдагагічны інстытут. Мяне сюды разьмеркавалі. Мая нагрузка 28 гадзінаў на тыдзень — паўтары стаўкі. Я атрымліваю 150 тысяч рублёў. Гэта вельмі і вельмі ня грошы! Жытло спачатку абяцалі, а цяпер ужо не абяцаюць. Пэрспэктываў ніякіх! Калі зьявіцца ў мяне хоць якая-небудзь магчымасьць сысьці, я пакіну гэтую школу і пайду працаваць нават рабочым. Настаўнікаў штогод прыходзіць блізу дваццаці. Кожны крыху папрацаваў і стараецца сысьці. У Прапойску заставацца людзі ня хочуць”.

Акрамя маладых спэцыялістаў, бліжэй да восені Прапойск можа зьведаць хвалю вяртаньня карэннага насельніцтва. У прыватных размовах тутэйшыя прадстаўнікі сілавых структураў зазначаюць, што нямала месьцічаў знаходзяцца ў калёніях за дробныя крадзяжы альбо пашкоджаньні прыватнай уласнасьці. Паводле Лукашэнкавага загаду аб амністыі пэўная частка зь іх вернецца дадому.

Мне ўдалося пагутарыць з адным з такіх людзей. Пра сытуацыю ў калёніі кажа няшмат і агульнымі словамі. Затое скардзіцца на вольнае жыцьцё:

(Хлопец: ) “Няма чым карміць. Народу сядзіць процьма. І трэба было выпускаць”.

(Карэспандэнт: ) “І таму зрабілі амністыю?”

(Хлопец: ) “Так. Уладкавацца на працу. Даведку ў міліцыю трэба прынесьці. І амаль два гады будуць вылічваць з заробку 25% ад заробкаў. А дзе яе ўзяць? Нідзе мяне не бяруць. Усюль скарачэньні”.

(Карэспандэнт: ) “А служба занятасьці насельніцтва?”

(Хлопец: ) “Так нічога канкрэтнага не прапаноўваюць”.

Гэтае мястэчка мала чым адрозьніваецца ад іншых у Беларусі. Цэнтральная вуліца носіць імя Леніна. На пляцы знаходзяцца райвыканкам, гатэль, дамы быту і культуры. А ў Прапойску ёсьць яшчэ і кінатэатар “Радзіма”. Я стаю перад старым абшарпаным будынкам. Якраз мусіць пачацца сеанс, але дзьверы зачыненыя, людзей побач няма. Я вырашаю трапіць праз службовы ўваход. Там сустракаю кінамэханіка. Зь першых словаў ён пачынае скардзіцца: у Прапойску даўно ніхто ня ходзіць у кіно.

(Супрацоўнік кінатэатру: ) “Прыйдзеш, падрыхтуеш фільм, а нікога няма”.

(Карэспандэнт: ) “А даўно такая сытуацыя?”

(Супрацоўнік кінатэатру: ) “Гадоў сем. Колькасьць гледачоў памяншалася, памяншалася і дайшла на нуля”.

(Карэспандэнт: ) “І бываюць такія сэансы, калі вы прыходзіце і няма для каго ставіць фільм?”

(Супрацоўнік кінатэатру: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы тады робіце?”

(Супрацоўнік кінатэатру: ) “Чакаем, пакуль глядач прыйдзе”.

У кінаапаратным пакоі кінатэатру “Радзіма” на сьцяне вісіць сьпіс фільмаў, якія могуць пабачыць наведнікі кінатэатру. Сярод іншых “Забойства на Манастырскіх прудах”, “Коршуны здабычай ня дзеляцца”, “Павароты лёсу”, “Сучасныя дзяўчаткі”, “Закладнікі”, “Бандыткі”, "Брунэтка за 30 капеек”.

(Супрацоўнік кінатэатру: ) “Усе фільмы — паўторны фонд. Новых няма”.

(Карэспандэнт: ) “А ці можа стацца так, што ўвогуле кінатэатар зачыняць?”

(Супрацоўнік кінатэатру: ) “Так быць не павінна. Паводле распараджэньня Лукашэнкі, кінатэатар у раёне павінен працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Нават калі туды ніхто ня ходзіць?”

(Супрацоўнік кінатэатру: ) “Так”.

Іншы кінамэханік у размове са мной зазначыў, што сытуацыя, якая склалася, — гэта яскравы прыклад імітацыі дзейнасьці. Рэч у тым, што кінатэатар “Радзіма” падпарадкоўваецца Крычаўскаму раённаму кінааб’яднаньню. Адтуль спраўна дастаўляюць старыя фільмы. Але ніхто ня ўлічвае, ці ходзяць на іх людзі. У сваю чаргу з Прапойску стужкі развозяць па вёсках. Там насельніцтва фільмы таксама ігнаруе. І зноў ніхто гэтага не адсочвае. У выніку людзям плацяць 30 тысяч заробку. Але самі яны кажуць: грошы атрымліваем практычна ні за што.

Як ні дзіўна гэта гучыць, станоўчым фактам у жыцьці Прапойску выглядае праблема якасьці хлеба. Дакладней, шляхі ейнага вырашэньня. Абсталяваньне на хлебзаводзе не мянялі некалькі дзесяцігодзьдзяў. Ягоная прадукцыя, мякка кажучы, не папулярная. У Ігумене пры аналягічнай сытуацыі тамтэйшая вэртыкаль цкуе прадпрымальнікаў, якія наважыліся вазіць хлеб зь Менску. А ў Прапойску наадварот: бізнэсоўцам выдалі адпаведны дазвол, і цяпер яны гандлююць магілёўскім.

Я наведаў адзін з хлебных шапікаў. Нізкая столь. Сьценаў ня бачна, бо з усіх бакоў паліцы з боханамі, батонамі й абаранкамі. Душна. Нават удвух тут цесна. Мая суразмоўца — прадавачка Жана Савасьцянава.

(Савасьцянава: ) “У нас прадуцыя разьбіраецца ўся. Гандлюем толькі да абеду. На ўвесь дзень у нас хлеба не хапае. Па якасьці лепшы і цана ніжэйшая, чым у мясцовага”.

(Карэспандэнт: ) “А што зь мясцовым хлебам здарылася?”

(Савасьцянава: ) “Яго бяруць, але ня так, як наш. Па-першае, ён увесь час нейкі кіслы, а ўнутры сыры. Мясцовыя ўлады дазвол далі. Бюракратызм паўсюль, вы ведаеце, квітнее — затрымка, вядома, была. Пакуль мы ўсё выбілі, абабілі не адзін парог. Хадзілі паўгода. Усе дзякуюць. Усе вельмі радыя, што тут адкрылася такая кропка. Усе задаволеныя”.

За некалькі дзён побыту тут я не пачуў ніводнага крытычнага выказваньня на адрас старшыні райвыканкаму Валера Берастава. Сымпатыя з боку прапойцаў вырасла, калі яны заўважылі, што ён ня езьдзіць на новенькім “Мэрсэдэсе” — на адной з тых машынаў, на якія Алясандар Лукашэнка перасадзіў усю раённую вэртыкаль.

Грамадзянская супольнасьць у мястэчку прадстаўленая філіяй Аб’яднанай грамадзянскай партыі і аддзяленьнем Беларускага Гельсынскага камітэту. Абедзьвюма кіруе Зьміцер Нефяцюк. Якую тактыку абярэ ён з аднадумцамі ў змаганьні за месцы ў раённым савеце дэпутатаў? Пра гэта я цікаўлюся ў часе сустрэчы. І вось што чую ў адказ:

(Нефяцюк: ) “Што падрыхтоўка вядзецца з боку вэртыкалі — гэта безумоўна. Усё ўжо расьпісана, хто будзе, дзе будзе. З боку нашых нефармальных кругоў, на жаль, вялікага жаданьня быць у раённым савеце няма. Апазыцыйнае жыцьцё ў нашых раёне збольшага ажывае, калі пачынаюцца палітычныя кампаніі рознага кшталту. Прыкладам, выбары. На жаль, нейкай пасьлядоўнасьці ў палітычным жыцьці ў нас няма. Выглядае нашае жыцьцё так: ад выпадку да выпадку”.

Некалі ў Прапойску існавала суполка Беларускага Народнага Фронту. У ейных шэрагах было больш за сотню чалавек. На мітынгі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі зьбіралася да трох тысяч. А каб падпісаць рэзалюцыю сходу, людзі стаялі радоўкай. Тады галоўным апазыцыянэрам у горадзе быў Фелікс Шкірманкоў. Адначасна ён ачольваў раённы савет дэпутатаў. Пасьля 1996 году сам падаў у адстаўку. Цяпер спадар Шкірманкоў на пэнсіі, адышоў і ад палітычнай дзейнасьці. Увагу аддае прысядзібнай гаспадарцы.

(Карэспандэнт: ) “Вашыя дачыненьні зь цяперашняй вэртыкальлю. Якія яны?”

(Шкірманкоў: ) “Нармалёвыя дачыненьні. Я без праблемаў сустракаюся са старшынём райвыканкаму, выкладаю яму свае погляды. Кіраўнік мясцовай вэртыкалі вымушаныя падпадарадкоўвацца найвышэйшай уладзе і той сыстэме, якая існуе. Хаця, як мне падаецца, ён бы са задавальненьнем сустрэў тыя зьмены, якія чакае дэмакратычная грамадзкасьць. Пэрспэктывы Прапойску... Якая будучыня? Калі кіраўніцтва краіны ня зьменіць свой заганны курс на ўчорашні дзень, дык будучыні ў Прапойску няма. Мне яна ня бачыцца”.

Няглядзечы на тое, што Фелікс Шкірманкоў адкрыта выказвае свае крытычныя погляды, ён без праблемаў друкуецца ў раённай газэце “Ленінскае слова”. Больш за тое, з галоўнай рэдактаркай Валянцінай Язерскай у яго прыязныя дачыненьні. Увесь час адгаворвае яе пакідаць пасаду.

На пытаньне “Як жыве раённы друк?” спадарыня Язерская адказвае ляканічна: “Як і ўсе астатнія”. Праўда, нядаўна адна праблема зьмянілася іншай. “Ленінскае слова” ніколі ня мела ўласнай фоталябараторыі. На 70-я ўгодкі газэце падарылі лічбавую фотакамэру. Пра тое, у ва што гэта вылілася, распавядае сама галоўная рэдактарка:

(Язерская: ) “Уй! Я ледзь прыйшла. Крылы ў мяне былі. Прыляцела ў рэдакцыю й кажу: “Паглядзіце, якое жыцьцё пачынаецца!” Кампутар разглядаем. А куды ж торкаць? І глядзім, няма куды торкаць! Пайшлі вызываць майстра. Кажа: “Так, вашыя кампутары не падыходзяць: маральна і фізычна састарэлыя”. І вось пачаліся мае пакуты. Знайшлі кампутар. Сёньня бегаем з гэтай лічбавай камэрай. На дыскету перапісваем. Тады гэтую дыскету торкаем у свой кампутар. Ну а якасьці ўсё адно няма. Дзесьці яна губляецца, калі пераносіш. Дзе? Халера яго ведае! Апошняя нарада ў аблвыканкаме. Надалі імпэту мне. Маўляў да канца году будуць замененыя кампутары. Нібыта ўсё будзе паводле лёсаваньня. Ёсьць надзея трапіць у лік першых. Можа, нейкая паласа шанцаваньня павінна хоць там быць”.

За час вандроўкі ў маленькі Прапойск больш за ўсё мяне ўражвалі людзі. Сьціплы вэртыкальнік. Мужная галоўная рэдактарка раённай газэты. Самі месьцічы ўзгадваюць і колішняга праваслаўнага сьвятара. Падчас жнівеньскага путчу 1991 году царкоўнай пячаткай ён закрыў райкам партыі. Пазьней актыўна спрычыніўся да грамадзка-палітычнага жыцьця мястэчка і нават быў сябром суполкі БНФ. Летась яго перавялі ў іншы прыход. Колішнія паплечнікі перакананыя, што гэта адбылося з палітычных меркаваньняў. На знак нязгоды сьвятар адмовіўся ад духоўгага сану, вярнуўся да сьвецкага жыцьця й зьехаў з Прапойску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG