Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск


Ягор Маёрчык

Прафэсійная цікавасьць прывяла мяне сюды раніцою. Сяджу, чакаю, пакуль за новай дозай зельля пачнуць падцягвацца наркаманы. Побач - карэнны жыхар. Худы. Бяз пэўнага ўзросту. З вачамі, якія глыбока запалі ў вачніцы. Амаль усе адкрытыя часткі цела ў арнамэнтах шнараў. Як пазьней высьветлілася, гэта - сьляды ад іголак.

Разгаварыліся. Наркаман з 15-гадовым стажам. Калоцца пачаў яшчэ ў школе. Кажа, што такім чынам імкнуўся спазнаць забароненае і стаць крутым.

(Хлопец: ) "Вось я гляджу. Мне няма радасьці ад сонца, ад гэтай зялёнай лістоты - зусім не ад нічога. Мне абыякава ўсё. А калі я ўкалоўся, у мяне ўжо зьяўляецца нейкая цікаўнасьць: я бачу, што гэтая лістота зялёная, а адчуваю сонца, мне цёпла. Укалоўся я і тады пачынаю жыць. А так - гэта існаваньне. Так, я носьбіт ВІЧ. Нават і не стараўся абараняцца. Гэтага не пазбегчы”.

Да нас падыходзяць два хлопцы. Без залішніх словаў, паводле нейкіх адмысловых жэстаў, мой суразмоўца разумее, што ў сяброў "ёсьць кайф". Так тут называюць дозу наркотыка коштам 5 тысячаў беларускіх рублёў.

Яны запрашаюць мяне, чалавека, якога бачаць упершыню, так бы мовіць, далучыцца да іх. Рызыкуючы пазбавіцца гаманца, гадзіньніка, мабільнага тэлефону і нятаннай тэхнікі. У кампаніі трох наркаманаў я іду ў сутарэньне аднаго з навакольных дамоў. Пры сьвятле запальнічкі мы блукаем па лябырынтах. Урэшце, спыняемся ў цёмным каменным мяху памерам мэтар на паўтара”.
(Карэспандэнт: ) “Па падлозе вяляюцца выкарыстаныя шпрыцы, пустыя бутэлькі, апалкі, недапалкі..."
(Хлопец: ) "....самае звычайнае сутарэньне”.
(Другі хлопец: ) "Проста няма дзе ўкалоцца."
(Першы хлопец: ) "Сем дзён не калоўся."
(Карэспандэнт: ) "І зараз будзеш. А навошта? Не калоўся б далей і ўсё б было добра."
(Першы хлопец: ) "Трэба зьняць стрэс."
(Карэспандэнт: ) "А стрэс ад чаго?"
(Першы хлопец: ) "Я не спаў сем сутак. Гэта залежнасьць. Ломка. Віталь, на ідзі "умаж мне".
(Другі хлопец: ) "Вось узяў кантроль, гэта значыць кроў зь вены пайшла ў шпрыц, значыць іголка трапіла дакладна ў вену. І па-ціху заганяеш наркотык туды."
(Карэспандэнт:) "Што ты адчуваеш?"
(Першы хлопец:) "Разлом. "Здымае" мяне. О, гэта немагчыма растлумачыць! Калючкі ідуць па целу. Хацеў я ў прыбіральню, цяпер мне не хочацца, страўніку лепей, цяпло стала. Мне добра. Адчуваю наркотык. А пасьля ўжо не буду. Проста мне стане нармалёва. Я змагу рухацца, хадзіць."
(Карэспандэнт:) "А як доўга будзе доўжыцца гэты стан?"
(Першы хлопец:) "Некалькі гадзінаў, а пасьля трэба будзе яшчэ ўкалоцца."

Мы вяртаемся на дзённы сьвет. Я назіраю за хлопцамі. Яшчэ колькі хвілінаў таму іх перамагала млявасьць. Цяпер жа ўсё наадварот: жвавыя рухі й усьмешкі.

Сьветлагорск. Сталіца наркаманіі і СНІДу. Горад, у якім жыве палова носьбітаў гэтай хваробы ў Беларусі. Радзіма першых крымінальных справаў супраць спажыўцоў наркотыкаў і першых, выпадкаў СНІД-тэрарызму.

Некалькі дзесяцігодзьдзяў таму маладыя гараджане паехалі вучыцца ў тагачастны Ленінград. З калыскі кастрычніцкага перавароту прывезьлі на Радзіму наркотыкі. Пасьля гэтага ў Сьветлагорску адбылася свая рэвалюцыя -- наркатычная. Доўгі час спрычыненьне да зельля было пазнакай элітарнасьці. На гэта глядзелі скрозь пальцы, як на моднае захапленьне. Распаўсюду спрыяла й тое, што нямала дарослых жыхароў працавала вахтавым мэтадам на нафтавых радовішчах ў Расеі. На доўгі час іхныя дзеці заставаліся сам насам.

Аднойчы партыя гатовага да ўжываньня рэчыва аказалася атручанай. І летам 1996-га году тут выявілі адну з самых буйных ў сьвеце эпідэмію ВІЧ сярод шпрыцавых наркаманаў. 800 чалавек адразу і амаль яшчэ столькі ж да канца году. сярод першым быў мой чарговы суразмоўца Зьміцер.

(Зьміцер: ) "У 1996 годзе праехаліся па гораду аўтобусам, сабралі ўсіх наркаманаў, якая трапляліся на шляху, прывезьлі ў наркалёгію, прымусовым чынам ва ўсіх узялі кроў. І праз нейкі час усім паведамілі: "вы - носьбіты ВІЧ". Ёсьць канкрэтныя факты, што гэтая інфармацыя "зламала" чалавека: ён зьвёў рахункі ў жыцьцём."

(Карэспандэнт: ) "Якія у вас былі адчуваньні, пасьля таго, як вам гэта паведамілі?"

(Зьміцер: ) "Абыякавасьць да далейшага жыцьця. Хаця спробы самагубства рабіў. Сёньня я жывы, а заўтра мяне можа ўжо не быць. Я да гэтага цяпер стаўлюся спакайней, чым раней. Я веру статыстыцы. Такія як я жывуць 6-10 год. Мой стаж ужо шэсьць. 2-3 гады калі Бог дасьць, дык дзякуй яму за гэта."

(Карэспандэнт: ) "А як зьмяніўся ваш духоўны сьвет, пасьля таго, як вы даведаліся пра хваробу?"
(Зьміцер: ) "Да Богу, вядома, бліжэй стаў. На шмат. Я веру ў жыцьцё пасьля сьмерці."
(Карэспандэнт: ) "А куды вы трапіце пасьля сьмерці?"
(Зьміцер: ) "Ну, я не думаю, што ў пекла, бо ў пекле я тут жыву. Куды ўжо горш?"
(Карэспандэнт:) "Як да нарканамаў, да носьбітаў ВІЧ ставяцца людзі?"
(Зьміцер:) "З агідай. Нават у шпіталі (калі вымушаны зьвяртацца) можна пачуць: "Для такіх як ты, лекаў ў нас няма. Для нармалёвых лекаў няма, а яшчэ тут такія, як ты!" Суседзі... мы ваюем ўжо гадоў пяць-шэсьць. Як бы яны не хацелі, ім прыйдзецца зьмірыцца жыць побач з такімі як я. Куды я дзенуся?"

Пэўны час Зьміцер добраахвотна агітаваў жыхароў Сьветлагорску супраць ужываньня наркотыкаў, вучыў сяброў-наркаманаў, як пазьбегнуць перадазіроўкі. А пазьней зразумеў, што высілкі марныя.

За апошнія шэсьць год у горадзе ўзьнікла некалькі грамазскіх арганізацыяў, якія спрабуюць супрадзейнічаюць распаўсюду наркаманіі і СНІДу.

Адна зь іх называецца "Бацькі за будучыню дзяцей." Актывісты адычнілі пункты даверу, дзе наркаманы могуць бясплатна абменяць шпрыцы і атрымаць прэзэрватывы. Я ў адным з такіх месцаў. Яно знаходзіцца на цэнтральным пляцы гораду. Замест агітацыйных плякатаў супраць наркотыкаў на сьценах вісяць схемы, якія паказваюць, як правільна зрабіць сабе прышчэпку й не занесьці ў арганізм інфэкццыяў.

Пункт працуе 3 гадзіны на дзень. Ад 1996 году колькасьць наведнікаў скарацілася ў 250 разоў. Ранеё было паўтысячы. Сёньня толькі 20 чалавек.

Будынак Сьветлагорскага наркалягічнага дыспансэра знаходзіцца ў аварыйным стане. Ягоныя адмыслоўцы часова практыкуюць ў іншых мэдычных установах. Менавіта праз гэта з нарколягам Уладзімерам Раманцавым я гутару не ў габінэце, а на шумнай вуліцы гораду.

Ад яго я ўведваю, лячэньне наркаманаў дзяржаве не па кішэні. Грошай хапае толькі на псыхалягічную дапамогу. Сёньня пры насельніцтве ў 70 тысячаў ў Сьветлагорску больш за паўтары тысячы носьбітаў ВІЧ.

(Раманцаў: ) "Сытуацыя тут стабільна неспакойная. Што год выяўляецца новых сто чалавек, якія носяць у крыві ВІЧ. Што тычыцца ўладаў Сьветлагорску, яны гэтую праблему не хаваюць ад грамадзкасьці і робяць шмат, каб гэтая праблема па магчымасьці была вырашаная. Сацыяльная рэкляма, якая йшла па Беларускім тэлебачаньні... Я - мэдык, але я сам ніколі не бачыў, як канопля забіваецца ў гэтую цыгарэту, як гэты касяк робіцца. Упершыню гэта пабачыў на Беларускім тэлебачаньні і быў вельмі зьдзіўлены."

На тле наркаманіі й СНІДу праблемы й цяжкасьці астатніх жыхароў гораду падаюцца дробязнымі.

Напрыканцы 50-х у мястэчку Шаліцкі адзін за адным пачалі узводзіць прамысловыя гіганты. А пазьней, паводле загаду тагачаснага ўраду БССР, пачалі будаваць горад. Дарэчы, ў Сьветлагорску амаль няма вуліцаў. Ён падзелены на прамысловую й жыльлёвую зоны. Апошняя складаецца з сямі кампактных мікрараёнаў.

Што да прамысловасьці, самым буйным зьяўляецца аб'яднаньне "Хімваланко". Гэта чатыры заводы, на якіх працуе сёмая частка Сьветлагорцаў. Прадпрыемства на мяжы акцыянаваньня. Ня ўсёй гаспадаркай, а толькі адным з падразьдзяленьняў цікавіцца расейская кампанія "Сібур". Дзяліць "Хімваланко" забараніла кіраўніцтва Беларусі: калі набываць, дык усё разам. Ад такой пазыцыі афіцыйнага Менска працэс зьмены ўладальніка прыпыніўся.

У Сьветлагорску дзейнічае адзіная на тэрыторыі краіны філія Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. 95 адсоткаў яе гадаванцаў зь першага разу паступае ў ВНУ Беларусі, а дзесятая частка нават працягвае навучаньне ва ўнівэрсітэтах ЗША, Эўропы і Азіі. Ад наркотыкаў гэтыя маладыя інтэлектуалы вельмі далёкія.

Пра рэгіянальная прадстаўніцтва яшчэ можна казаць у цяперашнім часе. Налета дзесяцігодьдзе ад дня заснаваньня супадзе з апошнім выпускам. Паводле нядаўняй пастановы Міністэрства адукацыі, навучальныя ўстановы кшталту ліцэяў ня могуць мець сваіх філіяў. Апошняя група функцыянуе як ліцэйскі кляс адной з срэдніх школаў. Для дырэктара Тэльмана Масьлюкова й ягоных гадаванцаў пэрспэктыва не суцешная.

(Масьлюкоў:) "Хутчэй за ўсё, ня будзе нават ліцэйскіх клясаў, бо новы кляс цяперашняе гарадское кіраўніцтва не набірае. А калі б і набірала, наўрадці б набралася дастатковая колькасьць навучэнцаў, бо сёлета навучаньне ў ліцэйскіх клясах стала часткова платны, і ліцэйскія клясы ў нейкай сярэдняй школе не выглядаюць на так прэстыжна, каб бацькі згадзіліся плаціць за навучаньне дзяцей."

Філія ліцэю -- гэта своеасаблівы агмень беларускасьці ў горадзе, дзе немалася частка насельніцтва паходзіць з розных рэгіёнаў Савецкага Саюзу.

Пасьля таго, як навучальнай установа зьнікне, абаронай беларускай мовы й адукацыі на ёй будуць займацца толькі суполкі апазыцыйных палітычных партыяў - АГП, БНФ і БСДП "Народная грамада" ды іншыя, а таксама моладзевыя аддзелы гэтых арганізацыяў. Цяпер усе яны рыхтуюцца да веснавых выбараў у мясцовыя саветы. Сьпісы кандыдатаў ужо склалі. Кажуць пра ўзаемадзеяньне і разам з гэтым зазначаюць, што ўплыў будучых народных абраньнікаў на жыцьцё Сьветлагорску будзе мнімальным.

Мікалай Паседзька стаіць на чале тутэйшай суполкі "Народнай грамады" й адначасна ўжо 4 гады выдае адзіную ў Гомельскай вобласьці незалежную газэту "Рэгіён-Весткі".

(Паседзька:) "У нас на першай старонцы, там дзе лягатып, ёсьць такія словы: "гэта ваша газэта." Вядома, першым чынам - гэта мясцовыя навіны, мясцовая інфармацыя, паказ жыцьця ў рэгіёне такім, якое яно ёсьць. Я рады, што людзі станоўча ставяцца да гэтай газэты. За другі квартал падпіска ў нас вырасла амаль у два разы. У самай бліжэйшай будучыні мы будзем выходзіць на рэгіёны. У прыватнасьц,і першыя рэгіёны, якія мы выбралі, - гэта Мазырксі і Калінкавіцкі раёны."

Праз адмоўную аўру вакол Сьветлагорску, губляюцца іншыя, станоўчыя адметнасьці. Вось толькі дзьве зь іх.

У гэтым горадзе няма помніка Леніну.

У параўнаньні з папярэднімі гадамі ўсё большая колькасьць людзей ствараюць сем'і. У іх нараджаюцца дзеці. Сярод іншых папулярныя імёны Вера, Надзея. Любоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG