Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуброўна


Браніслава Станкевіч, Дуброўна

У старажытным Дуброўне няма краязнаўчага музэю, хаця гэты горад мае больш як 600-гадовую гісторыю. Згодна з традыцыяй будаваць гарады ўсьцяж па рачных берагох, Віцебск, як вядома, стаіць на Віцьбе, Ворша – на Аршыцы, а Дуброўна … на рэчцы Сьвінка. І быць бы градку якім-небудзь Сьвінскам, каб кемлівыя продкі не назвалі яго ў гонар бліжэйшага Дняпровага прытоку – невялічкай Дубровенкі. Наўрад ці вы знойдзеце тую Дубровенку на мапе, а вось райцэнтар Дуброўна там, напэўна, пазначаны. Знаходзіцца ён на паўднёвым захадзе Віцебскай вобласьці, ля самай мяжы з Расеяй.

Найбольш істотны расейскі ўплыў адчувае, пэўна, Дубровенскае начальства, бо ў райцэнтры з насельніцтвам каля 7 тысячаў будуецца ўжо другая запар праваслаўная царква. А вось аддаць каталікам спрадвеку належны ім Бернардынскі кляштар – занядбаны за савецкімі часамі помнік архітэктуры – гарадзкія ўлады адмовіліся. Распавядае ксёндз Яраслаў Хыбза:

(Хыбза: ) “Калі мы рэгістравалі нашую парафію ў Дуброўне, нам катэгарычна сказалі мясцовыя ўлады, што не аддадуць кляштара, бо яны хочуць рабіць там якісьці дом культуры…Цяпер прайшло 2 гады, і, як мы бачым, ва ўладаў зьявілася жаданьне аддаць гэты кляштар каталікам, бо ў іх няма грошай зрабіць яго цалкам”.

Але каталіцкая парафія больш не прэтэндуе на гэты будынак. Цяпер каталікі праводзяць службы ў звычайным драўляным дамку ды спадзяюцца купіць у Дуброўне ўчастак зямлі, каб пабудаваць там новы храм ды не залежаць ад пераменлівага настрою мясцовага начальства.

Што да прадстаўнікоў іншых веравызнаньняў, то калісьці ў Дуброўне была й сынагога. Якраз па Дубровенскім раёне праходзіла мяжа аселасьці, і тут сяліліся габрэі, высланыя ў канцы ХІХ стагодзьдзя з Расеі. Тут нават была адмысловая тэкстыльная фабрыка “Дняпроўская мануфактура”, дзе працавалі выключна габрэі… Адтуль, відаць, і прыказка: “Дуброўна й Ляды – жыдоўскія гарады…” Праўда, паводле мінулага перапісу насельніцтва, на ўвесь Дубровенскі раён засталіся толькі 4 чалавекі габрэйскае нацыянальнасьці.

Даўно няма ў Дуброўне й тае “Дняпроўскае мануфактуры”. Уся цяперашняя прамысловасьць у гарадку – гэта льнозавод, які час ад часу пакутуе на недахоп мясцовае сыравіны, ды яшчэ маслазавод, які таксама хварэе на тую ж хваробу. Зрэшты, працаўнікам гэтых прадпрыемстваў у Дуброўне ўсё адно зайздросьцяць, бо адна з буйнейшых праблем гарадка – беспрацоўе. Ды яшчэ хто-ніхто з жыхароў Дуброўна дагэтуль верыць, што гэтыя прадпрыемствы яшчэ некалі “запусьціць” Аляксандар Лукашэнка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці быў Лукашэнка калі-небудзь у вас у Дуброўне?”

(Спадар: ) “Быў, на льнозавод прыяжджаў. У пазамінулым годзе…Усё далі – тэхніку новую далі— гэта адно, а другое – людзі пачаі атрымліваць грошы. А зараз? Зараз я ня ведаю, але за 100 тысячаў яны атрымліваюць. А мы за 45 працуем, во так!”

Мой суразмоўца таксама працуе на “прэзыдэнцкім аб’екце” – на гарадзкім стадыёне. Або, як тут кажуць, на “прэзыдэнцкім аэрадроме”, бо аднойчы Лукашэнка зьбіраўся прызямліцца сюды на сваім верталёце, ды так і не прыляцеў.

Паводле афіцыйнае статыстыкі, за Аляксандра Лукашэнку на мінулых выбарах прагаласавалі амаль 92% ад усяго насельніцтва Дубровеншчыны. Раённая газэта “Дняпроўская праўда" напярэдадні выбараў друкавала зьвесткі выключна пра яго, і людзі кажуць, што іншых кандыдатаў проста ня ведалі.

(Карэспандэнтка: ) “А ці цікавяцца ў Дуброўне палітыкай?”

(Спадар: ) “Не, якая тут палітыка можа быць? Палітыка – гэта ўсё ўжо было ды прайшло!”

З гэтым самым пытаньнем зьвяртаюся да Аляксея Ладысева, зь якім я пазнаёмілася ў Дуброўне, зьвярнуўшы ўвагу на ягоную беларускую гаворку. Як высьветлілася, спадар Ладысеў карэнны дубровенец, але ўжо амаль год як жыве ды працуе ў Менску.

(Ладысеў: ) “Як тут з палітычным жыцьцём? Аніяк! Былі раней і ЛДПР, былі вэтэранскія арганізацыі, адным словам, былі нейкія. Але каб нешта ўзрушана было – такога ў нас у Дуброўне не адбывалася”.

І ўсё ж, што б там не казалі пра тутэйшае палітычнае зацішша, раз на год усе дубровенцы абавязкова апынаюцца ў самай гушчыні палітычных падзеяў – калі штогод тут праводзяцца музычныя фэстывалі пад назваю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Палітычны зьмест гэтай падзеі палягае ў тым, што на музычнае сьвята ў Дуброўна запрашаюцца артысты ня толькі зь Беларусі, але й з прыдняпроўскіх рэгіёнаў Украіны ды Расеі. І апошнія 8 гадоў над Дуброўнам у гэтыя дні лунае гучная інтэграцыйная рыторыка.

Сёлетняе сьвяткаваньне ідзе поўным ходам. Пакуль са сцэны агітуюць за непарушнае адзінства ўсходніх славянаў, я знаёмлюся з двума спадарамі ў шырокіх атласных штанах ды з доўгімі вусамі “а-ля Шаўчэнка”. Што скажуць пра Беларусь ды беларусаў нашыя госьці, скажам так, у неафіцыйнай абстаноўцы? Дарэчы, мае новыя знаёмцы адразу ж спрабуюць падтрымаць гаворку па-беларуску.

(Карэспандэнтка: ) "Адкуль вы прыехалі?”

(Спадар з Украіны: ) “З Украіны, з Чарнігава”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы першы раз на такім фэстывалі?”

(Спадар з Украіны: ) “Так, на “Дняпроўскіх галасах у Дуброўне” я першы раз”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці ёсьць розьніца паміж тым, як людзі жывуць у Чарнігаве і тут, у Дуброўне?”

(Спадар з Украіны: ) “Вялікая! Праўду сказаць? Бядней вы жывяце за нас! У вас даражэй усё, у нас таньней”.

(Карэспандэнтка: ) “У нас наадварот той-сёй лічыць, што ва Ўкраіне жыцьцё горшае…”

(Спадар з Украіны: ) “Не-не, няпраўда”.

З расейскімі гасьцямі размаўляць аказалася куды складаней.

(Карэспандэнтка: ) “Вы беларускую мову разумееце? Ці вам перакладаць па-расейску?”

(Спадарыня: ) “По-русски, говорите по-русски”.

(Карэспандэнтка: ) “Па-расейску размаўляць з вамі?”

(Спадарыня: ) “Да , да”.

Як высьветлілася, я размаўляю з выкладчыцай Смаленскага інстытуту мастацтваў. Гэтая спадарыня мае вучоную ступень кандыдата мастацтвазнаўства.

(Спадарыня са Смаленску: ) “Мы очень любим белорусов. Особенно мы любим белоруский базар – когда люди приезжают из Беларуси и привозят нам ваши дешёвые продукты… Вот мы ехали по Белоруси и видели: у вас работают фермы, стада ходят по полям… Это очень хорошо. А у нас почти что не осталось такого, сельское хозяйство у нас в упадке... Я считаю, что вы материально лучше нас обеспечены…”

(Карэспандэнтка: ) “Як у Расеі ставяцца да ідэі аб’яднаньня зь Беларусьсю?”

(Спадарыня са Смаленску: ) “Народ только “за”, только за объединение, чтобы это было одно государство, один союз, общие деньги…”

З нашае далейшае гаворкі я зразумела, што ёсьць толькі адзін фактар беларускага жыцьця , які стрымлівае спажывецкія жаданьні нашых суседзяў мець “усё агульнае”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі ў нас лепей, чаму вы да нас не пераяжджаеце жыць назусім?”

(Спадарыня са Смаленску: ) “Наверно, из-за белорусского языка. У вас же, наверное, образование в школах на белорусском, нет? Нет?! Ну, это хорошо, это очень хорошо…”

Але недасьведчанасьць ды неразуменьне сучаснай сытуацыі на Беларусі ня дужа бянтэжыць нашых суседзяў.

(Спадарыня: ) “Вы знаете, я приезжаю в Беларусь как к себе домой. Мне кажется, что мы настолько два народа, близкие по культуре,что мы просто родные люди!”

(Карэспандэнтка: ) “А Ўкраіна?”

(Спадарыня: ) “Украина? Мне кажется, что Украина слишком далеко от нас отошла...”

Тым часам музычны фэстываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” працягваецца. Каб сустрэцца з суайчыньнікамі-беларусамі, я рушу ў так званы “Горад майстроў” – на адмыслова адведзеную пляцоўку, дзе майстры ды мастакі спрабуюць прадаваць свае творы. Праўда, дубровенцы відавочна шкадуюць грошай на прыгожыя гліняныя цацкі ды разьбяныя дошкі. Самадзейны мастак, зь якім я размаўляю, гатовы намаляваць партрэт або шарж усяго за адну тысячу рублёў. Але ахвотных няма.

(Мастак: ) “Народ бедны зусім! Я зь Менску прыехаў. Народу шмат, а працы мне няма”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы спадзяваліся грошы ў Дуброўне заробіць?”

(Мастак: ) “Я звычайна на ўсе сьвяты прыяжджаю. Вось быў фэстываль у Горадні -- там зарабіў. Добрае было сьвята – і народу было весела, і я там шмат шаржаў намаляваў…”

(Карэспандэнтка: ) “Параўнайце, як народ у Горадні жыве, дзе вы былі на мінулым фэстывалі, і як тут”.

(Мастак: ) “Няма ніякіх параўнаньняў! Там, у Горадні, народ багаты. А тут…Чым бліжэй да Расеі, тым яно, бачыце, бядней…”

Пакуль пра ідэйна-мастацкія вартасьці фэстывалю са сцэны разважае Мікалай Пашынскі – начальнік абласнога ўпраўленьня культуры ды ганаровы грамадзянін Дуброўна, нехта з тутэйшых жыхароў карыстаецца з интэграцыйнага сьвята па-свойму.

(Спадарыня: ) “Зьбіраю во бутэлькі на хлеб – няма на хлеб грошай”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык што, атрымліваецца, што адны сьвяткуюць, а другія працуюць?”

(Спадарыня: ) “Атрымліваецца, што так”.

Тых, хто працуе ды не зважае на тое, што ў цэнтры гудзе сьвята, аказалася досыць шмат. Варта было прайсьціся па вузенькіх дубровенскіх вуліцах, каб пераканацца: куды больш карысным заняткам людзі лічаць працу на ўласных гародах.

(Спадарыня: ) “Я й на сьвяце, і працую. І парашутыстаў глядзела, і сьвята ўсё чую…”

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, у Дуброўне шмат народу жыве са сваіх участкаў?”

(Спадарыня: ) “Многа, канечне”.

(Карэспандэнтка: ) “Дапамагае гэта выжыць?”

(Спадарыня: ) “Канешне, так бы не працаваў!”

Па другі бок плоту скародзіць бульбу суседка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці сапраўды на цяперашні заробак у Дуброўне пражыць немагчыма?”

(Спадарыня: ) “Я на пэнсіі, дык і ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці своечасова ў Дуброўне пэнсіі плацяць?”

(Спадарыня: ) “Вось была затрымка ў мінулым месяцы, а ў гэтым месяцы – добра ўсё было. І ў красавіку – пасяўная была, дык дзён на 5, пэўна, затрымалі”.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якіх жа грошай фінансуецца гэтае сьвята, вы ня ведаеце?”

(Спадарыня: ) “Сьвята, дык гэта я не ведаю, а вось на добраўпарадкаваньне гораду перад сьвятам дык даслалі нейкую паперку, каб па тры тысячы заплаціў кожны ў Дуброўна. Па хатах паперы гэтыя разносілі”.

Ну, няма ў Дуброўне занадтага сьвяточнага ажыятажу!

З боку падаецца, што тут жывуць спакойныя ды разважлівыя людзі, якія зусім ня прагнуць абрабляць занядбаныя расейскія палі ў пэрспэктыве дзяржаўнага аб’яднаньня ды перадусім дбаюць пра ўласную гаспадарку.

Гадоў 5 таму надумаліся пабудаваць у Дубровенскім раёне атамную электрастанцыю. Дык усё Дуброўна паднялася супраць. Людзі пісалі скаргі ў газэты, да самога Лукашэнкі, толькі што мітынгі на вуліцах ня ладзілі…

І дагэтуль нядобрым словам памінаюць тую АЭС, якую, дарэчы тут будаваць так і не наважыліся.

(Карэспандэнтка: ) “Паслухайце, я калісьці чула, што ў Вас тут, у Дубровенскім раёне, атамную электрастанцыю меркавалі будаваць?”

(Спадар: ) “Казалі”.

(Карэспандэнтка: ) “І што?”

(Спадар: ) “Я тады на аўтобусе працаваў, дык езьдзіў міма. Яны там нешта шукалі, месца выбіралі… Тады казалі, што і працоўныя месцы будуць, і пасёлак там пабудуюць. Ай!… А там нешта “перайгралі” чыноўнікі, як кажуць. Атам – ён увогуле ня трэба! Усе хворыя людзі, усяго хапае – рак, іншыя хваробы… Хаця й няшмат, але й Віцебскай вобласьці хапіла Чарнобылю таго. Лепей зрабіць млын, як раней былі, вятрак такі – і няхай круціць, сьвятло дае!”

Калі мой выпадковы суразмоўца усур’ёз загаварыў пра вятрак-вяртушку, мне раптам падалося, што я ўжо чула недзе гэткі во народны гумар ды ўжо сустракала гэткіх вясёлых ды шчырых людзей… Ураджэнец Дубровеншчыны, драматург Аляксей Дудараў называў іх у сваіх творах “чудзікамі”.

(Спадарыня: ) “А як жа! У нас усе ведаюць Аляксея Дударава, ён жа наш, дубровенскі! Во ёсьць тут вёска Кляны, адкуль ён родам, дык там палова Дударавых… І творы свае ён з нашых людзей пісаў! О, пра нашых людзей столькі цікавага напісаць можна!”

…І нездарма, напэўна, у назьве вядомага дудараўскага фільму “Белыя росы” так і чуецца “беларусы”…
XS
SM
MD
LG